Kitabı oxu: «Маё мястэчка Луна-Воля», səhifə 6
Масавыя абурэньні
Пасьля разгрому Паўстаньня ціск на беларушчыну ўзмацніўся шматкротна. 3 І839 г. забаронены казаньні ў цэрквах і касьцёлах на беларускай мове. З 1840 года па ўказу цара тэрмін «Літва» як і «літвін» сталі таксама забароненымі. Адказ беларусаў быў адпаведны. У І845 г. адбылося 207 бунтаў. Расія ўсё больш эканамічна і тэхнічна адставала ад многіх краінаў сьвету. Нарастала небясьпека пераросту сялянскага антыпрыгоньніцкага руху ў рэвалюцыю. Гэта прымусіла расейскага імпэратара Аляксандра ІІ 19 лютага 1861 г. падпісаць Маніфэст і «Палажэньне аб вызваленьні сялян ад прыгоннай залежнасьці», што карэнным чынам зьмяняла іх становішча. Але многія палажэньні Маніфэсту (часовыя абавязкі па захаваньню паншчыны і выплатай аброку, выкуп надзелаў, парушэньні памешчыкамі саміх Палажэньняў 19 лютага) выклікалі масавыя абурэньні. Калі ў 1860 г. на Беларусі адбылося каля 50 сялянскіх выступленьняў, то ў 1861г.—379, а ў 1861—63 гг. пік сялянскіх бунтаў дасягнуў 1100. Сярод бунтаўшчыкоў былі і сяляне Луненскай воласьці.
У І843 г. па Ўказу Ўрадавага Сэнату Луна, якое ў той час належала рымска-каталіцкай царкве, пераходзіць у казённае ведамства. Фальварак складаўся з 2 двароў у в. Луна і ў в. Пілкі.
25 верасьня 1859 г. Віленскі генэрал-губэрнатар зрабіў прадпісаньне Гродзенскаму губэрнатару «Аб правядзеньні неадкладна найстражэйшага дасьледаваньня аб буянскім учынку сялян маёнтка Луна», бо сяляне адмовіліся ад згонаў—выхадаў на ўборку панскага ўраджаю ўсяго працаздольнага насельніцтва, пачынаючы з 12 гадоў. У воласьць былі накіраваны 57 паліцэйскіх. Але звыш 200 чалавек узброілася палкамі і перагарадзілі дарогу паліцэйскім.
Для ўціхамірваньня сялян у ліпеню 1862 г. урад накіраваў роту салдат. Валасны старшыня загадаў забіраць у сялян прадукты харчаваньня, «рэзаць жывёлу». Супраціўленьне луненскіх сялян было зломленае.
Не прынялі ўстаноўчых грамат сяляне вёсак Шчарбавічы, Глядавічы, Стральцы, Жылічы, Камянчаны. У сялян былі адабраны добра ўгноеныя землі, а аддадзены непрыдатныя, на якіх нічога не радзіла. Аб гэтым напісалі скаргу Віленскаму генэрал-губэрнатару ў кастрычніку 1862 г. З-за непісьменнасьці сялян складаў скаргу і зрабіў подпісы за іх нейкі Антоній Багуслаўскі. Праз пяць дзён больш за 100 сялян скасілі частку панскага лугу. 19 кастрычніка 1862 г. ад Віленскага генэрал-губэрнатара Назімава прыходзіць «Адносіна» Гродзенскаму губэрнатару «…аб сходзе сялян Луненскай воласьці Гродзенскага павету аб павялічэньні паншчыны, прысваеньні іх грошай і распрадажы маёмасьці беднякоў памешчыкам». У «Адносіне» распавядаецца на што скардзяцца сяляне «сельских обществ Луненской вол.», што міравы пасрэднік аб’явіў аб адмене згонаў, а летам прымушаў адбываць згонныя павіннасьці звыш вызначанай паншчыны, і штрафуе за невыхады. Што ў 1830 г. зярно з сельскага запаснога магазына (склад для семяннога зерня сялян) было забранае на харчаваньне войска, а грошы 2000 р. забраў памешчык сабе, і хлебны запас папоўнены недастаткова. Скарб 23 сялянскіх гаспадарак распраданы за нядоімкі, бо па прычыне дрэннага ўраджаю і падзяжу ската гэтыя сяляне не змаглі і не адпрацавалі на памешчыка. Толькі ў 1858 годзе ў сялян адабрана 500 дзесяцін зямлі, а эканомія павялічыла грашовыя плацяжы на 1 руб. 46 кап. з двара. Таксама на 1 дзень павялічана баршчына і склала 5 дзён на тыдзень замест чатырох.
Скаргі на гэта міравому пасрэдніку і земскаму спраўніку не далі ніякіх вынікаў і таму сяляне хадайнічаюць аб утварэньні сьледчай камісіі для справядлівага разгляду іх скаргаў. У дакумэнце адзначаецца, што і раней у некаторых вёсках Луненскай воласьці адбываліся беспарадкі з нагоды патрабаваньняў памешчыкаў, якія не адпавядалі Ўстаўным граматам.
Якія былі наступствы скаргі сялян і адносіны Віленскага генэрал-губэрнатара сьведчыць «Рапарт Гродзенскага земскага спраўніка Гродзенскаму губэрнатару аб прымяненьні ваеннай сілы пры ўвядзеньні Ўстаўной граматы ў Луненскай воласьці» ад 25 сьнежня 1862 г. « (…) То, чтобы восстановить порядок и повиновение, тем более во избежание распространения подобных беспорядков и в других местах, я отнёсся к Командиру 3-го батальона Калужского пехотного Его Величества короля прусского полка, дабы в виде экзекуции послать в деревни Каменчаны, Стрельцы, Жиличи, Шкробовичи и Глядовичи на каждый двор (которых всего 150) по два человека и сьверх того устроил в местечко Лунно особый караул из 60 человек, для арестования или же в случае надобности наказания более виноватых и упорных крестьян и на счёт размещения низших чинов при приличном содержании я назначил ежедневного экзекутного платежа по 5-ти копеек на человека и за переход по 1 1/2 копейке на версту и требовал чтобы те же постояльцы непременно тот час доставили ко мне в Лунну каждый своего хозяина и таковыми они всё были собрать, то я сделал им при мировом посреднике соответствующее внушение, заставил быть спокойными и выслушать Уставную Грамоту, а когда это кончилось с желаемым успехом я крестьянам возобновил приказание, чтобы руководствовались и повинности исполняли по Грамоте, а нижних чинов для 11 роты удовлетворить следуемыми деньгами, в чём малейшего сопротивления со стороны крестьян я уже не встретил, а как по местному дознанию моему оказалось: что к означенному неповиновению более всего виновен крестьянин деревни Каменчаны Иван Олизар, который чувствуя свою вину, до прихода моего скрылся, то я предписал приставу Бугардту за возвратом Олизара доставить его за караулом ко мне в Гродно для воздержания его от подобных поступков».
Сяляне яшчэ паспрабавалі паскардзіцца самаму імпэратару Аляксандру ІІ. Але скарга ў Пецярбург не дайшла, а асела ў канцылярыі самага Гродзенскага губэрнатара Івана Галера.
У І859 г. на тэрыторыі, ахопленай Волпай, Росьсю і Луна, адбыўся «цьвярозы» рух, які дасягнуў піку ў гэты час амаль ва ўсім краі. Ішоў працэсу станаўленьня таварыстваў цвярозасьці. Афіцыйныя улады, як сьвецкія, так і царкоўныя выступілі супраць дадзеных арганізацый. Мітрапаліт Маскоўскі Філярэт выказваўся, што хоць сама ідэя цьвярозасьць зьяўляецца доброй, реализация ее раз стварэньне арганізацый парушае прынцып дабраахвотнасьці, а мэта таварыстваў «произвести расстройство в одной из отраслей государственного дохода».

Антыалкагольны плякат
«Кожны мужчына прыпісваўся да вызначанай карчмы, а калі ён не выпіваў сваю „гадавую норму“ – шынкары спаганялі недаатрыманы прыбытак з двароў абшчыны пры дапамозе царскіх чыноўнікаў. Урэшце сялянам надакучыла карміць дармаедаў, і яны не змаўляючыся сталі байкатаваць гандляроў віном» – сьцьвярджае Гісторык Вардугін. Сяляне на сходах прынялі пастановы ў царскіх кабаках віно і гарэлку не купляць. «У нас няма ні п’янства, ні распусты, ні крадзяжу. Хату хоць на цэлы дзень пакідай адчыненай – ніхто трэскі не возьме», – піша пра звычаі нашай мясцовасьці Эліза Ажэшка.
Міністар фінансаў, напалоханы стратай калясальнага прыбытку ў казну, адмысловым загадам забараніў цьвярозьніцкія сходы і наказаў зьнішчыць іхнія пастановы пра ўстрыманьне ад спажываньня алькаголю.
Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне
Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве. Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі.
Эліза Ажэшка
Беларускія, польскія і літоўскія патрыёты рашылі выкарыстаць сытуацыю, каб вызваліцца ад акупантаў. У канцы 1850-х гг. і пачатку 1860-х на Беларусі, у Польшчы і Літве ўзьніклі канспіратыўныя арганізацыі, а з восені 1861 г. падрыхтоўку паўстаньня ачоліў Камітэт у Вільні. Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў называе нашу краіну «самой мяцежной колонией России».
3 верасьня 1861 года Гродна і губэрня абвешчаны на ваенным становішчы (зьнятае 28 кастрычніка 1862 г. і зноў абвешчана 26 студзеня 1863 г.). Яшчэ ў сакавіку 1861 г. з бацькаўскай Якушоўкі з мэтай стварэньня кансьпіратыўнай вызвольнай арганізацыі ў Гародню накіраваўся Кастусь Каліноўскі. Сярод іншых у Гарадзенскую арганізацыю ўвайшлі Валеры Ўрублеўскі, Эразм Заблоцкі, Ян Заржыцкі і Ян Ваньковіч. З ліпеня 1862 года пачынае выпускацца Кастусём Каліноўскім «Мужыцкая праўда» – першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі.
«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля… – зьвярталася газета да простага люду. – За тое, што мы цару 25 лет на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці… А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасьць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасьць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты… Ён-то, перакупіўшы многа папоў… плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў зьлітаваньня над намі».
«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасьць! Нас цар ніц не падмане – не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя – нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам ды бацькам», – заклікае Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе».

Мужыцкая праўда
Шырокую дзейнасьць разгарнуў Кастусь Каліноўскі на Гарадзеншчыне. Валеры Ўрублеўскі, будучы генэрал Парыскай камуны, стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва. У губэрні паўстанцы ўтварылі акругі, адпавядаючыя 5-ці станам. Цывільным кіраўніком Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці. Ян Каменьскі заслугоўвае таго, каб аб ім і яго лёсе было расказана падрабязьней, што будзе зроблена ў аддзельным апавяданьні пазьней.

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г. Карціна Пётры Сергіевіча
Унук паўстанца Язэпа Шамета з в. Дубраўляны (апошні час жыў у Седзянеўцах) успамінаў, што яго дзед быў сувязным паўстанцкіх атрадаў, што ў нашай мясцовасьці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, узброеных драбавікамі, шаблямі, пікамі ды косамі. Пасьля паразы каля Кнышава Язэп Шамет вывез з поля бою параненага паўстанца Жалезьнякоўскага з в. Хамічы, а самому ўдалося пазьбегнуць палону. Мясцовыя сяляне вялікай актыўнасьці ў паўстаньні не праявілі, але калі паўстанца агітатара з в. Камянчаны Івана Алізара арыштавалі, то 30 сялян зьяўіліся ў Луненскае валасное праўленьне, зьбілі старшыню Малашку і вывезьлі ў невядомым накірунку. Але на самой справе «Малашка (Małaszko) Ян, с. Шымона, войт Лунна, быў арыштаваны ў першыя дні сакавіка 1866 г. [? памылка – 1863] за захаванне паўстанчай літаратуры. У той час меў 45 гадоў», гэта значыць – быў паўстанцам.
23 красавіка 1863 у Чарлёне атрад паўстанцаў узяў з канюшні князя Друцкага-Любецкага пяць коней з вазамі і правізіяй, яшчэ два верхавых каня і накіраваўся да Мількаўшчыны. У гэты дзень Луненскі станавы прыстаў бачыў атрад «мяцежнікаў» каля вёскі Дубна, і накіроўваўся ён на Зяльвяны.
Паўстанцкія камандзіры выкарыстоўвалі своеасаблівую тактыку ў час сутыкненьняў з моцнай воінскай камандай: атрад заранёў быў падзелены на невялікія групы па 20 – 25 чалавек і па камандзе начальніка ў час найбольшай небясьпекі «зьнікаў», расьсейваўся, каб праз дзень-другі зноў сабрацца ў назначаным месцы. Частка атраду Лянкевіча (Ляндара) павінна была сабрацца ў лясах каля Мастоў. У атрадзе Вайсковага начальніка Гродзенскага павету Аляксандра Лянкевіча быў Міхаіл Семянчук з в. Шчэчыцы, які ў палоне пазначыў: «у шайку вярбоўшчыкамі людзей дастаўляема не было, але ўсялякі зьяўляўся дабраахвотна».
Невядома, якую пазыцыю ў адносінах да паўстаньня занялі гаспадары маёнтка Луна, але ён не быў абкладзены часовым зборам з маёнткаў памешчыкаў польскага паходжаньня на ўтрыманьне сельскіх каравулаў у пэрыяд з 1 кастрычніка 1863 г. да 1 мая 1864 г. Сельскі каравул у Луна складаўся з дзяржаўных сялян Ваўпянскага і Дубнаўскага вясковых грамадзтваў, якія забясьпечваліся хлебам з запасных абшчынных магазынаў, а грашовыя сродкі выдзяляліся з харчовага і мірскага капіталаў.
22 ліпеня 1863 года Гродзенскі губэрнатар Уладзімір Бобрынскі па прапанове Віленскага генэрал – губэрнатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца «о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки». Аб'ява аб гэтым была надрукавана ў «Гродненских губернских ведомостях» і аддзельнымі публікацыямі.
У І864 г. Паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22.03. І864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У «Лісьце з-пад шыбеніцы» ён пісаў для свайго народу: «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Варта сказаць пра жанчын, якія актыўна, ці ўскосна ўдзельнічалі ў змаганьні, душой і сэрцам падтрымалі яго высокія ідэі.
Пад наглядам паліцыі па Гродзенскай губэрні за спачуваньне Паўстаньню і ўдзел у ім знаходзілася 64 кабеты. Многія жанчыны паехалі ў Сыбір за сваімі мужамі. Некаторыя несьлі гэты крыж разам са сваімі дзецьмі: Канстанцыя Сядлецкая і дачка Сафія, Владычанская Яна з дачкой Вікторыяй, Малевічова Людвіка з дачкою Аляксандраю Лявонія Каменьская з дачкой Марыяй і сынком, які памёр у Сыбіры…
У 1863 г. у Гродзенскую турму былі кінуты 638 чалавек, з іх – 36 жанчын. Найчасьцей – шляхецкага паходжаньня і высокага сацыяльнага статусу: жонка «предводителя дворянства Гродненского уезда» Севярына Ромэра – Тэадора, сёстры Людвіка і Крыстына Нарбуты і інш.
Аб вялікай самаахвярнасьці жанчын і нялюдзкасьці, дзікай жорсткасьці царскай жандармэрыі сьведчыць і тое, што ў турму кінулі жанчын разам з дзецьмі: Казіміра Высоцкая і трое маленькіх дзяцей – Казімір, Мар'яна, Станіслава; Канстанцыя Высоцкая і дочкі Аўгусціна і Тэрэза; Антановіч Канстанцыя з дачкою Юліяй і 4-х гадовым сынам Казімірам і інш.
Ссылалі жанчын і за непасрэдны ўдзел у Паўстаньні: Караліна Станішэўская ў Цвер за збор ахвяраваньняў і перадачы ежы паўстанцам, Багдановіч Эвеліна ў Кастраму – за збор ахвяраваньняў для сем'яў паўстанцаў і шмат інш.
Пратэст жанчын працягваўся і пасьля падаўленьня паўстаньня, набываў цікавыя формы. Кабеты масава пачалі апранаць жалобнае адзеньне з сымбалічнымі знакамі – чорная доўгая сукенка, абшытая чырвонай і блакітнай стужкай, чорны капялюш, на якім знаходзілася спражка герба Паўстаньня. Найбольш распаўсюджана гэтая зьява была ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях.
Пратэст жанчын набыў такі масавы характар, што царскі ўрад быў вымушаны прыняць самыя жорсткія меры і інструкцыі: «Принять меры к прекращению преступных манифистаций, воспретить носить траур и другие мятежницкие знаки… начали эти беспорядки в здешнем крае женщины…».
Ад тых часоў каля в. Мінявічы засталася магіла-курган 40 паўстанцам.

Ушанаваньне Паўстаньня 1863 у Сьвіслачы скончыўся затрыманьнямі
Штогод патрыёты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў. На што ўлады адказваюць затрыманьнямі, арыштамі і штрафамі.

Перапахаваньне парэшткаў удзельнікаў Паўстаньня 1863—64 гадоў
22 лістапада 2019 на Віленскіх могілках Росы адбылася цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага Паўстаньня 1863—64 гадоў.
Ян Каменьскі-паўстанец
Загінем, – добра, але гэты наш крык, крывёю і сьлязьмі сплываючы, застанецца ў паветры, і тым, што пасьля нас прыйдуць, памерці не дасьць, і сонных зрываць будзе з пуховых пасьцеляў, і стане сном чорным і сном залатым народу, і лупцуючым яго да вечнай барацьбы пугай, а тады толькі адгучыць, калі пераможа-ідэя. Эліза Ажэшка «Gloria victis» – «Слава пераможаным»
Цывільны начальнік Гродзенскага павету
У кастрычніку 1862 г. кіраўніком Літоўскага правінцыяльнага камітэту стаў Кастусь Каліноўскі. У канцы сакавіка 1863 г. ён зноў прыяжджае ў Гародню з усімі паўнамоцтвам, і як рэвалюцыйны камісар ваяводзтва.
«Дзяцюкі, – зьвяртаецца К. Каліноўскі да сялян – Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых?» І ў канцы пісьма: «Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Дык сейце ж, Дзяцюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюткім сьвеце. Бог нам дапаможа!!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні.
Каштуе грошы 5».
Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі ствараюць рэвалюцыйны камітэт партыі «чырвоных», аб’ядноўваюць пяць паветаў. Сябрамі камітэта сталі Баляслаў Заблоцкі, Аляксандар Гінтаўт, Ян Ваньковіч, Станіслаў Сонгін, Ян Казлоўскі, Фелікс Ражанскі, Ян Заржыцкі. Камісію апекі ў складзе жаночага камітэта ачольвае Эліза Ажэшка. Гродзенская губэрня дзеліцца на два ваяводзтва – Гродзенскае і Берасьцейская.
Цывільным начальнікам Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці.
Ян Каменьскі названы Эліза Ажэшка «рыцарам з брыльянтавай душой» паслужыў ёй прататыпам Андрэя Карчыньскага ў рамане «Над Нёмнам», а маёнтак Мінявічы названы ў рамане Карчынам, у 1862 г. зьвярнуўся да люду: «Маці Бацькаўшчына прыгавораная да сьмерці, як жа дзецям яе не плакаць… Павер у Міласэрдзе Божае, большае за грахі народу, малю братоў сваіх у поўным зьяднаньні выйсьці на адно поле, поле бітвы, са штандарам са знакам Арла і Пагоні і Міхала Анёла, да адной мэты, якой ёсьць вызваленьне Бацькаўшчыны».

Герб Паўстаньня: Белы Арол – Герб Польшчы, Пагоня – Герб ВКЛ (Беларусі), Сьвяты Архангел Міхаіл – Герб Русі (Украіны)
Вядома пра Яна Каменьскага, што ён нарадзіўся 16 сьнежня 1827 г. у фальварку Камянец пад Заблудавым.
Верагодна, дзед Яна Каменьскага – Міхал Ігнат Каменьскі удзельнік Паўстаньняпад кіраўніцтвам Касьцюшкі (нарадзіўся ў 1758 годзе ў Ленчыцы, памёр у 1815 годзе ў Раскошы) – дывізіённы генэрал Варшаўскага княства. Пасьля заканчэньня кадэцкага корпусу ў 1770—1776 паступіў 1 верасьня 1777 у 5 полк франтавой гвардыі кароннай у званьні прапаршчыка. Пасьля праходжаньня ніжніх афіцэрскіх чыноў ён атрымаў званьне маёра ў 1789. У 1790 стаў падпалкоўнікам. У 1792 годзе ваяваў супраць расейскай інтэрвэнцыі. Ён вызначыўся пад Вішняполем, атрымаў у 1793 годзе званьне палкоўніка 5 палка франтавой гвардыі і стаў кавалерам Крыжа Ордэна Віртуці Мілітары. 10 красавіка 1794 года пасьля ўзнагароджаньня ў баі пад Шчэкацінамі авансаваў у генэрал-маёры. Пад Мацеевіцамі трапіў у расейскі палон. Узнагароджаны Залатым пярсьцёнкам Радзіма Абаронцы Свайму №20. У 1795 дзякуючы намаганьням калегаў ён здабыў свабоду і абгрунтаваўся на ралі. У 1808 годзе служыў у Генэральным штабе Арміі Варшаўскага Княства. У 1809 годзе ваяваў пад Рашынам, за Замосьце, з генэралам А. Ражнецкім заняў Львоў і арганізоўваў там Часовы ўрад. Паддаўся на выхад у поле расейцам, якія як «саюзьнікі» выціснулі яго з Малапольшчы Ўсходняй. У адсутнасьць сіл для абароны вёў з імі партызанскую вайну. У 1810 ваенны камэндант Сядлецкага дэпартамэнту. Удзельнічаў у Напалеонаўскай кампаніі 1812 года, камандаваў коннай дывізіяй V Польскага корпусу Вялікай Арміі. Як камандуючы франтавой аховай Вялікай Арміі пацярпеў паразу пры Раманаве. Камэндант Смаленску. Цяжка паранены падчас баявых дзеяньняў у абароне маршала Аўдзінота трапіў у палон. Вярнуўся з Расеі ў 1814 г. у Сядлецкі дэпартамэнт, бо тут у 1814—1815 гадах арандаваў фальварак Літоўнікі. Памёр 31 сьнежня 1815 года (1 студзеня 1816 года) у Раскошы блізу Бялай, пахаваны пры касьцёле Сьвятой Ганны ў Бяла-Падляскай.
Сын Міхала Ігнацыя бацька Яна Юзаф Каменьскі нарадзіўся ў 1789. У 1806 годзе, як кадэт, паступіў у 2-й Полк Кавалерыі Варшаўскага Княства, у 1807 г. стаў падпаручнікам Француска – Польскай гвардыі, а ў 1808 г. лейтэнантам. Адбыў кампанію супраць Прусіі 1807 г.

Юзаф Каменьскі, удзельнік Лістападаўскага Паўстаньня (1830—31)
У 1812 годзе ён быў ужо падпалкоўнікам 19 Палку Уланаў Літоўскіх, у 1825 годзе – камандзір 4-га Коннага стралковага палку, а ў 1831 г. – брыгадным генэралам. Маршалак Гродзенскага палку, паўстанец лістападавы – брыгадны генэрал, прыгожы бляндын і яго велікавокая прыгажуня жонка Разалія Мразоўская – бацькі Яна Каменьскага – паўстанца – абодва ляжаць у Луне каля касьцёлу.

Ян Каменьскі-паўстанец
Пасьля заканчэньня вядомай гімназіі ў Сьвіслачы і атрымаўшы дадатковую навуку ў Маскве, Ян Каменьскі загаспадарыў уласнасьць у Мінявічах, якая належала яго роду з ХVІІ ст. Двор у Мінявічах стаў месцам кантактаў, складам і кузьняй зброі для паўстанцаў.
Эліза Ажэшка так апісвае паўстанцаў, з каторымі мела непасрэдны кантакт у Кобрынскім павеце: «Мноства постацей і твараў, вялікая разнастайнасьць іх афарбоўкі і выразу. Ёсьць тут сыны дамоў заможных, дзеці дастатку і элеганцыі, з нясьцёртай плямай іх у рухах і адзеньні. Ёсьць маладыя вучоныя, дзеці думкі і ведаў, з не пазбытым іх сьвятлом на чолах і ў вачах. Ёсьць усе амаль лясьнічыя з плячамі шырокімі, позіркамі крыху панурымі, але хуткімі, для пранікненьня скрозь гушчы і змрокі прыстасаванымі. Ёсьць уся моладзь двароў дробнашляхецкіх, шпаркая, сьмелая, з усьмехамі, лёгкімі размашыстымі рухамі. І ёсьць яшчэ некалькі постацяў кволых, найменш выразных, прыдатныя быць ценямі, каторыя ідуць за тымі. Гэтых з мястэчак, дзе-нідзе з вёсак халопскіх, якіхсьці можа дарог памылковых і нешчасьлівых прывялі сюды заклікі, каторыя сонныя душы страсянулі, надзеі будучыні лепшай, каторыя шаром сплылі на злую сучаснасьць».
Гарачы абаронца народнай справы Ян Каменьскі братаўся з засьцянковай (дробнай) шляхтай і быў у добрых адносінах з сялянамі ў сваіх уладаньнях. Але менавіта адзін з халопаў, нейкі Глэмбоцкі, злакоміўся на юдзіны срэбранікі і данёс царскім жандарам, што ў Мінявіцкім двары хаваюць зброю ды адліваюць кулі. Быў арыштаваны 12.VI. 1863 г. (Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік выдаў загад аб узнагародзе за кожнага выдадзенага паўстанца.)
Сьмяротны прысуд
Рота жандараў расейскіх спаліла дом.
Ян Каменьскі «посредник для дел владельцев» нёс службу, як абраная асоба. Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік выкарыстаў дадзеныя яму царом надзвычайныя правы адносна дзяржаўных службоўцаў і выдаў Яну Каменьскаму сьмяротны прысуд, якога ня меў права рабіць для чыноўнікаў цывільнай службы.
«Бацька, прысуджаны да расстрэлу, стаяў ужо прывязаны да слупа, чакаючы на экзэкуцыю, калі ў астатнюю хвіліну надышоў царскі маніфэст, каб што дзясятага асуджанага (была гэта экзэкуцыя вялікай колькасьці паўстанцаў) ад кары сьмерці вызваліць, а выслаць у Сібір на пажыцьцёвую катаргу. Бацька быў тым дзясятым» – пераказвае ўспаміны дачкі Яна Каменьскага Марыі яе дачка ўнучка Яна.
«Бачыла напад пераможцаў, расьпіхваючых усіх ва ўсіх месцах, таптаўшых усё, што было нашым: на рэшткі людзей, застаўшыхся на зямлі, на мову, рэлігію, звычаі.
(…) Ня толькі не перабольшваю, але на чвэрць не магу заключыць тысячнага зьместу той трагедыі, каторая полымем і мячом ударыла ў мае дваццацігадовыя вочы і сэрца» – пісала ў пісьмах Эліза Ажэшка.
Быў тады Ян Каменьскі мужам і бацькам. З Лявоніяй Станіславай з Судзінаў меў дзьве маленькія дачкі: 8-гадовую Янку і 6-гадовую Станіславу. Да роду Сузінаў з Бярасьцейскага ваяводзтва належаў Адам Сузін-геройскі філярэт з ІІІ часткі «Дзядоў» Адама Міцкевіча, якога разам з Тамашам Занам і Янам Чачотам пасадзілі ў цьвердзь за ўдзел у Паўстаньні. Кузінкаю Лявоніі была Марыя з Эйсмантаў Заянчкоўская, знакамітая Галька з опэры Манюшкі.
З цяжкім сумам пакідаў Мінявічы, застаўляючы, па іх канфіскацыі, сям’ю на волю лёсу.
«Чалавек гэты, такім, якім быў у маладосьці, паслужыў мне як вобраз Андрэя Карчыньскага з той розьніцай, што той загінуў, а гэты многа гадоў на катарзе, а затым, там дзесьці ў стэпе», – пісала Эліза Ажэшка.
Аб далейшым лёсе Яна захаваў зьвесткі яго ўнук Станіслаў Дмахоўскі, які жыве ў Варшаве, сын наймалодшай дачкі Яна і Лявоніі Каменьскіх, Марыі. Яна прыйшла на сьвет у Омску, і потым многа расказала сыну аб сыбірскім жыцьці дзеда. Захавалася шмат розных лістоў і фатаграфій. На адной з іх на адваротным баку надрукавана: «Фотография при С-Петербургской тюремной крепости». Значыць праз Пецярбург везьлі ссыльных у Сібір. Ян Каменьскі—кропля ў пятай самай крывавай хвалі рэпрэсій 1863—64 гадоў. Яна ўражвае сваімі маштабамі—128 чалавек былі пакараны сьмерцю, 12 483 адпраўлены на катаргу і пасяленьне ў Сібір, арыштанцкія роты.
Дарога была доўгай. «Адпачывалі ў этапавых турмах у цеснаце, духаце і гразі. Слабыя паміралі ад тыфу ці ад страты сіл, а выжыўшыя былі этапаваныя далей аж да Омска. Сьнежныя завеі і бураны затруднялі рух. Трэба было цягнуцца па глыбокім па калена сьнезе, ледзьве выцягваючы з гурбаноў закутыя ў кайданы ногі.
Кайданы! Колькім беларусам дастаўся такі падарунак ад расейскіх братоў! Насілі іх над халявамі абутку, прымацаваныя рамянём да пояса. Невідочныя для вока, пры кожным руху выдавалі востры, хоць ціхі, звон. Трэба было купіць за свае грошы спэцыяльныя скураныя падкладкі, бо без іх жалезныя абручы да крыві ранілі ногі. Канструктары кайданаў добра папрацавалі. Кайданы давалі магчымасьць працаваць, таму іх ніколі не здымалі».
Захаваліся фатаграфіі Яна Каменьскага ў вопратцы ссыльнага. Высланы быў у Старлітамак, Арэнбургзкай губэрні.

Ян Каменьскі ў катаржнай сярмязе, якой накрылі труну па яго сьмерці
Ян Каменьскі прыйшоў да высновы, што толькі праца, хоць самая цяжкая, адзіны спосаб выжыць. Бо ўмовы жыцьця ў Омскай цьвердзі вялі да згубы здароўя. Таму накіраваньне на цяжкую працу ў саляварню было сустрэта з задавальненьнем. Ранкам усіх, хто працаваў выстройвалі перад кардэгардай на дзядзінцу турмы. Там «кандуктар» дзяліў катаржан на партыі і разьмяркоўваў на розныя работы. І гэта былі найлепшыя хвіліны дня.

Здабыча солі арыштантамі ў Соль-Ілецку
Калі цямнела і канваір зачыняў на засаўку цяжкія дзьверы камэры, калі было ўжо вядома, што ніхто з «начальства» не прыйдзе, камэра пачынала жыць сваім жыцьцём. Вязьні запальвалі свае сьвечкі і кожны пачынаў займацца сваёй справай: латалі адзеньне, плялі кошыкі на продаж, ігралі ў карты.
Паўстанцы ўспаміналі родных, сяброў, Радзіму.
Сярод фатаграфій, якія зьберагае ўнучка Яна ёсьць адна з пабляклым лесам крыжоў. На другім баку дата 4 чэрвеня 1865 г. Тлумачэньне: «Пагост ссыльных у Кунгуры Пермскай губэрні» і два вершаваныя радкі:
1864 год гэты ясна выкажа іх думкі і жарсьці.
Таму ўдзячнасьць Ім братняя, хвала Іх памяці.
Так пражыў Ян Каменьскі цэлыя 7 гадоў. У 1871 годзе кайданы з яго былі зьнятыя і праца катаржніка зьменена на «пасяленьне». Мог цяпер жыць пад Омскам, дазволены быў прыезд сям’і.
Pulsuz fraqment bitdi.