Sadece Litres-də oxuyun

Kitab fayl olaraq yüklənə bilməz, yalnız mobil tətbiq və ya onlayn olaraq veb saytımızda oxuna bilər.

Kitabı oxu: «Скрыпка беларуская», səhifə 3

Şrift:
 
 
 
Мушу ўзяцца да работы,
Мушу мець мазоль на знак,
Мушу ліць і я так поты,
Каб прызналі, што радак.
Дайце, жнейкі, серп займісты,
Дайце гострую касу,
Зьмяту зь нівы хлеб зярністы,
З травы белую расу.
Дайце хусту мне пікову,
Кіньце беленькі фартух,
Зраблю фарбу я цянёву,
Вас змалюю ў адзін дух.
Толькі шкода – фарб замала,
Трудна будзе рысаваць.
Няма ж такой, каб блішчала,
Няма ж пэндзьля дзе дастаць,
Што маршчынкай на паўціне
Ценем лёгкім сьлед вядзе,
Адным змахам па хусьціне
Твар адбіў бы, як ў вадзе.
Зраблю квачык з мархавеньня,
З розных ягад фарб націсну,
З грудзей вырву сноп пламеньня,
Жывой крові каплю пырсну —
I спрабую, мо змалюю
Нашу Касю, мо счарую,
Вочы – неба, броў – чарненька,
Гараць шчокі, з губ – маліны…
А мая жа ж ты міленька!
Не спаткаў такой дзяўчыны,
З такім жарам, з такім спрытам.
А галоўка, як бы жытам,
Як пшаніца каласамі,
Залаціцца над грудзямі.
Доўгі косы вянком ўюцца,
Зубы белыя сьмяюцца.
Стан танюткі, як былінка,
Ну і Кася, ну дзяцінка!
Як царэўна, як багіня!
Як нарцыса, як вяргіня!
Як лілея на Дунаю,
Як пралеска сярод гаю;
Цьвіце Кася на ўсю вёску
Зоркай яснай. Каб хоць крошку,
Каб якіх яшчэ дзьве фарбы,
А то скупа, мала барвы.
Мархавеньне ў руках мнецца,
Квачык мой на часьці рвецца,
Сіл ня стане гэткім летам
Змаляваці. Пайду сьветам,
Мо больш фарбаў там націсну,
Мо ў артысты пэндзаль сьвісну.
Вось тагды-то я спрабую —
Ўсіх, суседзі, вас змалюю!
 

1902—1903

МАЕ ДУМКІ

 
Хацела б быць зярном пшаніцы,
Упасьць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца, безь мятліцы
Даць хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела б быць я рэчкай быстрай,
Абегчы родны край!
Дзе напаіць, а дзе скупаць,
А дзе ўтуліцца ў гай,
То зашумець, то зашаптаць,
То спаць ў салодкім сьне,
То зноў сарвацца, зноў гуляць,
Агнём кіпець у дне.
Ды так разгрэцца i сьпяніцца,
Каб ў неба хваляй здаць,
Ўкрасьці сонца, зноў спусьціцца
Й больш сьвета людзям даць.
Прыгарнуць усё ў дарозе,
Каплю шчасьця, долі ўліць,
Думаць ўсюды аб народзе,
Родны край усюды сьніць,
То рассыпацца расою
Па галінках, па лісткох,
То абняцца так зь зямлёю,
Каб ніхто разьняць ня мог!
Альбо ветрам абярнуся
Ды над сьветам пралячу,
Цёмным віхрам закручуся
Ўверх на месяц заскачу.
З усёй сілы і размаху,
Як крэсівам, ў зьвёзды дам,
Сыпне іскраў сноп ад страху,
Задрыжыць аж месяц сам:
«Хто ты, скуль ты, чаго хочаш,
Чаго выеш i шуміш?
То празь сьлёзы нам рагочаш,
То гарыш весь i дрыжыш?»
– Я – пасланец, вецер буйны,
Прыляцеў на суд вас зваць!
У нас цёмна, край наш хмурны,
Ад цямноты людзі сьпяць.
Я там біўся, я там віўся,
Я ім хаты паламаў,
A ўсё ж такі не дабіўся,
Каб народ свой голас даў!..
 

1905—1906