Kitabı oxu: «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства»

Şrift:

© Грушэцкі А., 2022

© Козел В., ілюстрацыі, 2022

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2022

* * *


У госці да бабулі і дзядулі

Машына запаволіла хаду, з’ехала з шашы на жвіроўку, і колы зашамацелі па пяску, уздымаючы невялікія аблачынкі пылу. Кіроўца зірнуў у люстэрка і заўсміхаўся. Там, на задніх сядушках, круціліся ў сне яго сын і дачка. Мужчына павярнуўся да жонкі, што сядзела побач і прамовіў:

– Бач ты, як угайдала ў дарозе!

– Дарога была нагэтулькі доўгай, што я сама ледзь не заснула.

– Але ўжо відаць хаткі нашай вёскі, – падбадзёрыў ён жонку.

– Урэшце прыехалі. Час будзіць соннае каралеўства!

– Сапраўды, а то мае бацькі падумаюць, што мы іх дарэшты замарылі.

– Гэй, соні! – павярнулася маці да сваіх дзетак. – Прачынайцеся, пад’язджаем!

Дзеці, пацягваючыся, расплюшчылі вочы і зірнулі ў акенцы. Вёска была невялікай. Дамы ў ёй – прасторныя, падворкі – шырокія. А дом нашых герояў вылучаўся нават на тле ўсіх іншых – ён быў найвялікшы. Не палац, але і не проста так сабе хатка. Старым было сумна жыць удваіх у такой сядзібе, і яны пачуваліся шчаслівымі, калі да іх прыязджалі дзеці і ўнукі. Так адбывалася і цяпер. Яны з вялікім нецярпеннем чакалі сваіх родных.

У дзяўчынкі было надзвычай прыгожае імя – Мілана. Відаць, нездарма. Яна выглядала мілай і прывабнай, рыхтык юная каралеўна. Сёлета на раённым школьным конкурсе прыгажосці сярод аднагодкаў яе абралі найпрыгажэйшай. І цяпер яна везла паказаць улюбёным дзядулю і бабулі свой шыкоўны прыз – інкруставаную каменьчыкамі дыядэму, нібы дыяментамі, зіхоткімі і пераліўнымі.

Ды і хлопец Янка быў не зломак які. На школьным імправізаваным рыцарскім турніры ён так бліскуча выступіў, што выйграў адзін з галоўных прызоў – хоць і пластмасавыя, але амаль праўдападобныя рыцарскія даспехі – нагрудныя латы, шалом, шчыт і меч. Так файна размаляваныя срэбнымі і залатымі фарбамі, што кожны хлопчык ягонага ўзросту пазайздросціў бы гэткім. Здалёк іх і насамрэч можна было прыняць за сапраўдныя.

Словам, прыемных неспадзяванак бабулі і дзядулю ад іх улюбёных унукаў мусіла ставаць. Праўда, самі Ян з Міланай тады яшчэ не ведалі і нават не здагадваліся, якія сюрпрызы і прыгоды чакаюць іх наперадзе. Але на ўсё свой час.

Бацька пад’ехаў да брамы, прыпыніўся і націснуў на гукавы сігнал. Курачкі, якія павольна шпацыравалі ўсцяж дарогі, падскочылі, закудахталі і кінуліся бегчы, лопаючы крыламі. Дзверы машыны адчыніліся, і ўсе, пацягваючыся, выйшлі, стомленыя доўгім вандраваннем.

– Іду, іду, – пачуўся радасны голас бабулі ў двары за плотам.

За брамкай паказалася ўсхваляваная і светлая ад шчасця бабулька. Пачуўся грукат завалы варот, якія спяшаўся расчыніць дзядуля.

– Мае даражэнькія! Ну ўрэшце! Як жа я рада вас бачыць, – не магла нацешыцца бабуля гасцям.

– А хіба ж ты адна?! – паказаўся з-за брамкі і дзед. – Мы абое шчаслівыя вас сустракаць! Ледзь дачакаліся, родныя!

– Дзякую, мае дарагія… нашы дарагія, – выправіўся бацька. – Мы таксама радыя, што да вас выбраліся. Самі разумееце, раней не маглі – праца.

– Вядома ж. Ну, і колькі мы зможам цяпер пабыць разам?

– Ды ўвесь месяц. Нам, – зірнуў бацька на жонку, – разам пашчасціла ўзяць адпачынак.

– О, то проста выдатна! – пляснула ў ладкі задаволеная бабуля. – І як там нашы ўнукі, дайце я імі палюбуюся, цэлы год не бачыла.

Янка і Мілана, таксама задаволеныя сустрэчаю з роднымі, падышлі і абняліся з бабуляй і дзядулем.

– Аёй, як выраслі, і не пазнаць! – пахвалілі іх старыя.

– Так, растуць дзеткі, як на дражджах, – пагадзілася маці.

– Сапраўдныя рыцар і каралеўна! – усміхалася бабуля.

– Менавіта так! – раптоўна ўсхвалявалася маці, нібыта нешта ўзгадала. – Нам жа ёсць чым пахваліцца! – звярнулася яна да мужа.

– Там, у багажніку, – узгадаў бацька дзяцей. – Я зараз адчыню.

Бацькі пачалі нешта шукаць. А дзеці пры гэтым трохі ганарліва заўсміхаліся. Матуля зашамацела пакетамі, нешта дастаючы, і паклікала дзяцей да сябе.

Пакуль яны чынілі нешта таемнае за адчыненым вечкам, бацька дастаў з машыны новую тэлескапічную вуду, яшчэ запакаваную, і з шырокай усмешкай на твары скіраваў да старога.

– Вось, тата, – звярнуўся ён урачыста да свайго бацькі, – табе! Як і абяцаў. Лаві шмат вялікіх!

– Вой! – узрадаваўся такому падарунку стары. – Якая шыкоўная! Ну, дзякуй, сынку, дагадзіў старому! Ай, добрая вуда! – ён памахаў ёю, нібы ўяўляючы, як будзе яе закідваць.

– Прыемна, што табе даспадобы. Доўга абіраў найлепшую.

– Дзякуй, дзякуй. Дарагі падарунак.

Урэшце з-за машыны выйшлі Янка з Міланай. У дзяўчыны на галаве ззяла незвычайна прыгожая дыядэма. Ды сама Мілана свяцілася ад шчасця і гонару не меней за ўпрыгожанне. А побач з ёй стаяў юны рыцар у шыкоўна пафарбаваных даспехах.

Бабуля так і пляснула ў далоні ад замілавання. Але дзед… Усе пачулі, як ён упусціў вуду, і ад нечаканасці яны нават скалануліся, зірнулі на старога. Ён, здаецца, нават спалатнеў без дай прычыны і знерухомеў.

– Бацька, ты чаго? – першы запытаўся тата. – Ты з твару зблажэў, нібы здань пабачыў.

– Я-я… – ледзь прамовіў той. – Не, нічога, – паспрабаваў ён адвесці ўвагу ад сябе.

Тут і бабця зірнула на яго.

– Ты ў парадку? Можа, што з сэрцам?

– Ды не, – супакоіў ён сваю жонку. – Усё добра. Проста спякотна нешта сёння, хадземце ў хату.

Усе здзіўлена зірнулі на неба. Так, неба было пагодным, ясным, але наўрад ці можна было назваць сённяшняе надвор’е спякотным. Досыць цёплым – так, але не болей за тое. Аднак усе, хоць і бачылі, што дзеду ніякавата, паслухалі яго.

– Усё, не хвалюйцеся, са мною ўсё добра, кажу я вам, – супакоіў яшчэ раз усіх дзед. – Пэўна, стаміліся з дарогі? Зараз бабуля вам гарбаты запарыць.

– Так, сапраўды, – пагадзілася тая. – Будзеце піць?

– Ды не кепска было б, – не адмовілася маці. – Доўга ехалі, дзецям варта пад’есці.

– Вось і выдатна, адразу стаўляю імбрычак. У мяне ёсць найсмачнейшае малінавае сочыва. Хатняе, сама варыла, – пахвалілася бабця. – Любіце такое?

– Любім! Любім! – весела закрычалі Янка і Мілана. – Асабліва тваё, бабуля.

– Вось і выдатна, – расчулілася яна. – Я і бліноў да вашага прыезду напякла.

Бабуля скіравала на кухню, а дзед з вудай рушыў у камору. Дзеці ў ёй ніколі не былі, ды і не звярталі на гэты пакойчык аніякай увагі. Але чамусьці менавіта цяпер гэтая камора зацікавіла Янку. Ён праводзіў дзеда вачыма да самых дзвярэй. А калі той адамкнуў іх і зайшоў унутр, хлопец ажно выцягнуў шыю.

Дзед паставіў вуду і хутка вярнуўся. Яго позірк на імгненне сустрэўся з зацікаўленым позіркам унука. Стары толькі сціпла ўсміхнуўся, замкнуў дзверы і пайшоў да стала. Праходзячы каля Янкі, ён правёў рукой па яго галаве і паляпаў па плячы.

– Вой, добрая ж у вас гарбата! – пахваліла маці сваю свякроўку. – Ды з гэткімі смачнымі блінамі! М-м-м, – пахітала яна галавой, атрымліваючы асалоду. – Тое, што трэба з дарогі.

– На здароўе. Пазней вам нечага больш уежнага насмажу, можа, бульбы з салам і яйкамі ці з грыбамі.

– У мяне ўжо слінкі пацяклі, – сказаў тата. – Як уявіш водар тваёй смажанкі, дык адразу апетыт разгараецца.

– Гэта вам не ў вашым горадзе! Харчуецеся немаведама чым. Вунь як схуднелі. Ну нічога, я тут за вас вазьмуся, неўзабаве ў мяне да людзей станеце падобныя! – жартавала бабуля.

Усе пад’елі, падзякавалі бабулі за смачны пачастунак і сталі раскладваць свае рэчы па пакоях.

Янка, праходзячы паўз камору, паглядзеў уважліва на дзверы, нібы імкнуўся знайсці хоць нейкую шчыліну. Што ж такое ў ёй? Чаму дзед яе гэтак старанна замкнуў?

– Слухай, Мілана, – ціха звярнуўся да сястры. – А ты хоць раз бачыла, што там?

– Дзе?

– У каморы.

– Не, – матлянула яна галавой. – Ды і навошта? Напэўна, рознае халусце. Што там можа быць цікавага?

– Але чаму тады дзед заўжды яе замыкае?

– Мо яму там і ёсць што каштоўнае, але мне ўсё адно.

– Ат, – махнуў рукой Янка, разумеючы, што яе гэта не цікавіць.


Рыбалка. Таямнічы падарунак. Аповед пра продкаў

Наступнага дня дзед з Янкам вырашылі парыбачыць. Дзеду карцела выпрабаваць новую вуду, і ён пабудзіў унука.

– Ну што, рыбак, не перадумаў? – жартам запытаўся дзядуля.

– Не, мы ж дамовіліся.

– Слушна. Ранкам рыба сама лепей бярэцца, прынамсі ў нас. Так што ўставай, хутка снедай і хадзем.

– А Мілану не будзем будзіць?

– Ды не, хай спіць. Прагне сёння з сяброўкамі сустрэцца, даўно не бачыліся.

– Ага, пахваліцца, – усміхнуўся Янка.

– Мо і так. Чаму б і не пахваліцца, як ёсць чым? Яна ў вас ужо як каралеўна. Ды яшчэ з гэтай каронай!..

– Дыядэмай, – выправіў унук.

– Хай сабе і так, я ў гэтым не знаюся.

– Я, прызнацца, гэтаксама. Каб не сказалі, мо і не ведаў бы.

– Так. Наш мужчынскі клопат – ваяваць, працаваць ды бараніць кволых і жанчын. А красавацца – гэта ўжо іх прывілей. Ды і няхай, калі ёсць чым. Галоўнае, каб пры гэтым яшчэ на нас ды на гаспадарку не забываліся. А там хай сябе цешацца, калі ім даспадобы.

Янка ўсміхнуўся з дзедавых разважанняў.

– Ну, унучак, мыйся, снедай ды выходзім. Рыба цяпер таксама будзе снедаць, тут мы яе і падловім.

Хлопец вомігам быў гатовы, не мінула і пяці хвілін.

– Дзеда, я ўсё! Можам ісці.

– Выдатна! Я толькі вуды вазьму.

– Дапамагчы?

– Дапамажы, калі ўжо гэтак карціць.

Вуды дзед захоўваў у той самай каморы, у якую так марыў зазірнуць Янка. І вось цяпер стары папраставаў менавіта туды, узяўшы з сабой і ўнука.

Хлопца перапоўніла хваляванне. Няўжо ён урэшце зможа зазірнуць? Ды не проста зазірнуць, а ўвайсці туды ды даведацца, якую ж таямніцу дзед хавае, што заўжды замыкае камору? Можа, ён там трымае паляўнічую стрэльбу ці яшчэ што, чаго іншым не варта ведаць і бачыць?

Янка пераступіў парог каморы, нават крыху стаіўшы дыханне. Шырока расплюшчыўшы вочы, ён зацікаўлена агледзеў увесь пакойчык. І чаго толькі тут не было! Аднак сярод розных побытавых рэчаў ды іншага рыштунку большую ўвагу да сябе прыцягваў вялікі стары куфар з люстэркам, што вісела над ім. Масіўны драўляны куфар быў акуты жалезнымі пласцінамі і замкнёны на важкі навясны замок. Люстэрка ж было агромністае – вышэй за Янку. Яно вісела ў мярэжыстай драўлянай раме з разьбянымі буйнымі ўзорамі, а ўгары рамы пышыўся майстэрскі выразаны вялікі герб. Быў ён у выглядзе шчыта, над якім узвышаліся рыцарскі шалом з каронай і вялікае пышнае пер’е. Шчыт і шалом таксама атачала складаная разьба. А ў самім шчыце была выразаная падкова, рагамі скіраваная долу. Над ёй крыж. Такі самы вісеў і паміж яе рагамі. Відаць, люстэрка было вельмі старое, час не пашкадаваў яго. Выступаў адно верхні крыж, а на месцы падковы і ніжняга крыжа было пустое паглыбленне. Як быццам крыж ды падкову выламалі са шчыта.

Пакуль Янка так уважліва разглядаў гэтае цікавае і загадкавае люстэрка, дзед узяў усё неабходнае і працягнуў унуку вуду, якая прызначалася яму. Але Янка захапіўся разглядваннем люстэрка і не заўважыў, што дзед яму падае. Стары гэта прымеціў і на пэўны час знерухомеў. Ён пазіраў то на Янку, то на люстэрка, у ягоных вачах з’явіліся смутак і задуменнасць, нібыта нарынулі на яго нейкія старыя ўспаміны раптам. Янка адчуў пільны позірк дзядулі і павольна павярнуў галаву.

– Дзед, а што гэта за люстэрка? – запытаўся хлопчык з непрытоенай цікаўнасцю.

– Гэта… – дзед і жадаў нешта сказаць, ды нешта стрымлівала, нібыта тое люстэрка захоўвала таямніцу. – Гэтае люстра яшчэ ад майго дзеда.

– Уга! – не мог стрымаць захаплення і здзіўлення хлопец. – Такое старое?!

– Так, Янка, так. І люстэрка, і куфар – усё спадчына па ім.

– А тое, што ў куфры?

– Часткова. Нешта засталося яшчэ ад яго, а так рознае.

– Як цікава! А што ў куфры?

– Нечага цікавага амаль няма. Так, старыя рэчы. Але… – раптам дзед змяніўся ў твары, пра нешта задумаўшыся.

– Што, што? – пацікавіўся хлопец, гледзячы на яго вачыма, якія ажно палалі.

– Ёсць там нешта… Ужо нават і не ведаю, ці варта табе казаць?

– Так, так, варта, дзеду! Ну скажы, што? – усхадзіўся заінтрыгаваны Янка, ледзь не падскокваючы.

– Не ведаю, мо і варта. Усё ж такі насамрэч тое датычыцца цябе, – уздыхнуў дзед.

– Мяне? – схамянуўся хлопец.

Дзед моўчкі нахіліўся і прасунуў руку за куфар, за якім вісеў ключ, адамкнуўшы замок і адкінуўшы дзверцы, стары прамовіў:

– Так. Не ведаю як, але, мяркую, менавіта цябе. Ну, магчыма, яшчэ і тваёй сястры.

Хлопцу ад такой неспадзеўкі нібы мову заняло. Гэтыя словы вельмі насцярожылі яго, і ён моўчкі назіраў за дзедам.

А той пачаў па чарзе выцягваць з куфра ягонае змесціва. Падкову, яшчэ нешта і яшчэ… Затым дзядуля зачыніў вечка і сеў на куфар, трымаючы ў руках нейкія рэчы.

– Вось, – прамовіў дзед і працягнуў нешта Янку. – Мой дзед мне некалі наказаў, каб я, як прыйдзе час, перадаў гэта сваім унукам.

– А што там?

– Што да чаго, я і сам не ведаю. Шчыра кажучы, я даўно ўжо і забыўся на ўсё гэта. І ўспомніў толькі цяпер, калі пабачыў цябе ў рыцарскіх даспехах і з якім захапленнем ты глядзіш на гэтае люстэрка. Дзед мне загадаў ніколі яго не выкідаць і перадаць гэтыя рэчы вам. Пэўна, час надышоў.

– А навошта ўсё гэта нам?

– Не ведаю, – пацепнуў ён плячыма. – Мой дзед сказаў, што як прыйдзе час, вы самі здагадаецеся, што і навошта.

І ён працягнуў рэчы ўнуку, якія той уважліва ўзяўся разглядаць. То былі невялічкая падкоўка, крыжык, таксама невялікі і прыгожы кулончык на скураным матузку.

Кулончык больш за ўсё прыцягваў да сябе ўвагу. Гэта быў дзіўнага фіялкавага колеру напаўпразрысты незвычайны каменьчык у дэкарацыйнай асадзе. Нельга было сказаць, што гэта цьмяны кавалак глянсаванага шкла. Так, гэта быў менавіта невядомай Янку пароды каменьчык – такога ён ніколі не бачыў. І вакол каменя па беражках былі выбітыя невядомыя знакі, падобныя да старажытных загадкавых надпісаў. Магчыма, нават руны.

Хлопчык пільна разглядаў загадкавы медальён і надпісы на ім.

– Мяркую, – перапыніў яго разважанні дзед, – гэтае ўпрыгожванне болей надасца Мілане. А вось рэшта хутчэй датычыць цябе.

– Думаеш, гэта проста ўпрыгожванне? – запытаўся хлопец, не адрываючы позірку ад кулона.

– Зусім не, – прамовіў стары. – Проста выконваю загад дзеда. Выканаў – і цяпер больш спакойны. А што там да чаго, вырашайце самі. Напраўду, я ўсё ж думаю, што гэта проста ўпрыгожванне. Не ведаю, каштоўнае ці не. Старыя цацкі.

– Дзіўна.

– Магчыма. Але, – успомніў дзед, па што насамрэч яны сюды зазірнулі, – лепей мы гэта ўсё пакуль пакінем, каб не згубіць, а потым, бліжэй да ад’езду, возьмеце з Міланкай свае падарункі. Добра?

– Так.

– Ну вось і дамовіліся, – усміхнуўся дзед і ўскудлаціў унукаву чупрыну, забраў у яго рэчы і паклаў у куфар.

– Ну што, цяпер на рыбалку? Рыба ўвесь дзень чакаць не будзе, – і ён працягнуў хлопчыку ягоную вуду.

– Гайда! – з радасцю пагадзіўся Янка.

Яны выйшлі з хаты і скіравалі да ракі, што цякла непадалёк ад дому. Янка ніяк не мог супакоіцца. Яму дужа карцела парыбачыць з дзедам, і ў той самы час ён ніяк не мог забыцца на тыя таямнічыя рэчы, якія ажно зачаравалі юначы розум.

Незаўважна дапялі да месца, дзе любіў рыбачыць яго дзед. Тое быў дужа маляўнічы куток, асабліва такім выдатным ранкам. Лёгкая смуга стаяла над ракой, а ценькія прамяні сонца яе фарбавалі ў таямнічы памаранчава-барвовы колер. Было крыху прахалодна, асабліва паблізу вільготнага берага, але ўсё гэта такім чароўным ранкам зусім не заўважалася. Ды і пасля гарачага сняданку вудалі пачуваліся ўтульна.

– Вось і прыйшлі, – прамовіў дзядуля. – Маё ўлюблёнае месца.

– Разумею. Тут надзвычай прыгожа, – пагадзіўся Янка.

– А яшчэ тут найлепей бярэ, асабліва цяперака.

– А чаму?

– Бо рыба снедае, і прыхавацца тут ёсць месцайка, – паказаў ён на карэнне дрэў, якое сыходзіла проста ў ваду. – У гэтым месцы рыба торкае заўжды добра, даспадобы ёй тут.

– Ага! Значыцца, рыба нам сёння забяспечана?

– Анягож! Сумаваць дакладна не давядзецца, абяцаю!

Яны паставілі рыбацкія зэдлікі і пачалі раскладаць рэчы. Вуду дзед разгортваў так асцярожна, нібы тую выштукавалі з крышталю. Але ж якая файная яна была! Відаць, тата Янкі доўга яе абіраў і аддаў за яе немалыя грошы.

– Добрая вуда! – не мог нацешыцца стары. – Такой дакладна ні ў кога ў нашай вёсцы няма. Дый што там у вёсцы – у наваколлі не знойдзеш! Ну, паглядзім, як яна ў справе.

Дзед замахнуўся, і з лёгкім свістам гачок паляцеў далёка ў раку, размотваючы за сабою лёску. Шпулька вуды закруцілася хутка-хутка, але так ціха, што яе звычайнага ляску стары амаль не пачуў.

– Ну, з такой вудай мы сёння пэўна вернемся з рыбай, – задаволена прамовіў дзед. – А ты, юны вудаль? Закідвай! Ці не развучыўся яшчэ? – падахвочваў ён унука.

– Я? Не-а! – пахітаў Янка галавой.

У яго, безумоўна, не было гэтулькі досведу наконт рыбацкай навукі, як у дзеда, але вудай малец ужо ўмеў карыстацца. Хай сабе і не як праўдзівы рыбак, але досыць добра і спрытна. Хлопец замахнуўся і таксама закінуў гачок у раку.

– О, малайчына! – пахваліў яго дзед. – Добры рыбак!

– Ну дык ёсць у каго!

І яны, задаволеныя сабой, распачалі лавіць рыбу. Пэўны час гэта адцягвала разважанні Янкі. Але, гледзячы на павольную плынь ракі і на паплавец, які калыхаўся на воднай роўнядзі, думкі самі сабой вярталіся да хлопца.

– Дзеду! – паклікаў ён.

– Ну чаго, Янка?

– Слухай, а што гэта за шалом такі са шчытом быў над люстэркам? Да герба так падобна.

– Дык гэта і ёсць герб, – усміхнуўся стары.

– Цікава! А ён проста так там вісіць ці чыйсьці?

– Гэта герб тваіх продкаў!

– Маіх продкаў? У нас што, быў свой герб? – шчыра здзівіўся хлопец.

– Наш род належаў да гэтага герба і карыстаўся ім.

– Гэта як?

– Даўней, калі рыцары збіраліся на вайну і аб’ядноўваліся пад адной харугвай з гербам, за вайсковыя заслугі іх сем’ям мог надавацца герб. Ім яны потым карысталіся. Такім чынам многія шляхецкія сем’і займелі падобныя гербы. Наш род пайшоў ад сапраўдных рыцараў.

– Але ж!

Янка быў гэтак здзіўлены, гэтак усхваляваны, што мог бы выпусціць вуду і не заўважыць таго.

– Ашалець можна! – не мог ачомацца хлопец. – А чаму я нічога дагэтуль не ведаў?

– Папраўдзе, гэтага нават твой бацька не ведае. Я пра тое асабліва ні з кім не размаўляў.

– А чаму?

– Ну як табе патлумачыць? Не тыя часы былі, скажам так.

– У сэнсе?

– Калісьці за такое маглі і выправіць куды, у Сібір ці яшчэ што горай. Хаця твой бацька і нарадзіўся ўжо ў больш вольны час, але ўсё адно лепей было не распавядаць пра сваё паходжанне.

– А цяпер што?

– Ужо можна і не хаваць. Але каму гэта цяпер цікава?.. – сумна прамовіў дзед.

– Мне! – гарэлі вочы хлопца. – Вельмі! Гэта ж так істотна ведаць, – кім былі твае продкі. Асабліва калі гэтакія. Я дагэтуль пра рыцараў толькі ў кніжках чытаў ды фільмы пра іх глядзеў. А цяпер разумею, што ў маім родзе былі рыцары! Цікава ж!

– Шчыра кажучы, мяне вельмі цешыць, што цябе гэта так уразіла, – павесялеў дзед. – Можа, у цябе атрымаецца болей даведацца пра нашых продкаў. Я стары ўжо. А ў вас, маладых, усе магчымасці сёння на тое ёсць. І архівы, і бібліятэкі вунь якія, і гэтае, як яго…

– Сеціва? – падказаў хлопец.

– Ага, яно самае. Вось дзе рэч, кажуць, цудоўная.

– Усё, што пажадаеш, можна знайсці, – пагадзіўся Янка. – Трэба будзе ў вольны час, як вернемся, паглядзець. Магчыма, што і знайду.

– Мо што і мне потым апавядзеш.

– Абавязкова, дзеду.

– О! – раптоўна гукнуў дзед, і Янка павярнуўся ў той бок, куды глядзеў дзед. – Торкае, глянь ты, торкае!

– Ага, – адразу з імпэтам пералучыўся Янка на іншае. – Глянь ты, і сапраўды, бярэ! Ды і добра, відаць жа. Гэтак цягне, няйнакш, вялікая рыбіна.

– Так, давай, давай! – дзед шмаргануў вуду і закруціў шпульку.

Урэшце над воднай плынню паказалася і сама рыбіна, якая выскачыла на імгненне з вады, спрабуючы вызваліцца ад гачка. Яна была не з дробных. Галоўнае цяпер, каб яна не сарвалася.

– Падхватнік, Янка, хутчэй падхватнік! – крычаў дзед, падцягваючы рыбу, якая ўпарта супраціўлялася.

Хлопец кінуў сваю вуду і скокнуў па падхватнік. Дзед падвёў рыбу бліжэй да берага, а хлопец яе ўдала падхапіў. Ён ледзь выцягнуў рыбіну на бераг, ажно той падхватнік прагнуўся.

– Глядзі, глядзі! – раптоўна гукнуў дзед. – Хапай вуду, і ў цябе бярэ!

Хлопец кінуўся ратаваць сваю вуду, якую рыбіна магла сцягнуць за сабою. Янка падсякаў яе і падцягваў гэтак, як вучыў дзед. Рыба пачала весці з боку ў бок, але хлопец усё бліжэй падцягваў яе да берага. Лёска напіналася, як струна, але гэта адно падахвочвала хлопца. Яшчэ крыху намаганняў – і ягоны ўлоў на беразе.

А далей яны толькі і паспявалі, што выцягваць згаладалую рыбу, і за колькі гадзін ужо мелі болей чым зайздросны ўлоў. Такога Янка і не мог уявіць.


Нечаканая разгадка. Чароўная краіна

Дахаты нашы рыбакі вярнуліся надта шчаслівыя і з багатым уловам. Вядро, амаль поўнае рыбы, Янка ледзь перанёс праз парог і з грукатам бухнуў на падлогу. Яго перапаўняў гонар мужчыны-здабытніка, які з лішкам выканаў свой гаспадарскі абавязак карміцеля сям’і. Следам за ім ужо больш сціпла ўвайшоў дзед і ціха паставіў вуды і рэчы ў кут.

– Вось! – пахваліўся Янка. – Ледзь данеслі!

– Матка Боска! – радасна пляснула ў ладкі бабуля. – Ну вы і малайцы!

– Але ж, сапраўдныя рыбакі! Здабытнікі! Гэта ж трэба, гэтулькі рыбы налавілі! – падтрымаў сваіх родных тата і папляскаў сына па плечуку. – Ну, дай пацісну табе руку!

І той з гонарам, але ў той самы час і ўсхвалявана працягнуў яе бацьку.

– Ды што вы, – прамовіў збянтэжаны ад пахвалы хлопец. – Я ж з дзедам. Каб не ён…

– Слушна, Янка, – падтрымаў такое імкненне да справядлівасці бацька. – Славай трэба дзяліцца з тымі, хто дапамагаў яе дасягнуць. – Ну, тата, – звярнуўся ён ужо да свайго бацькі, – вы мяне ўразілі, нават перасягнулі самога сябе. Мяркую, Янка надоўга запомніць такую рыбалку!

– Толькі куды ж мне цяпер усю гэтую рыбу падзець? – прамовіла бабуля.

– Частку можам засмажыць альбо ў печы згатаваць, – прапанавала маці. – А рэшту сёння возьмем з сабой у госці. Будзе выдатны падарунак.

– Якія госці? – крыху здзівіўся Янка, і не таму, што было шкада з кімсьці падзяліцца, а таму, што нечаканымі былі навіны пра выправу на госці адразу па прыездзе.

– Цётка твая нас усіх сёння да сябе паклікала, даўно не бачыліся.

– Вой, матуля, я сёння так стаміўся і не выспаўся… Можна я ўдома застануся?

– Яна ўсіх паклікала, – крыху разгубілася маці.

– А з іншага боку, мо няхай ён дома застанецца? – падтрымаў сына бацька. – Мяркуй сама: іншыя дзеці нават прыблізна яго ўзросту туды дакладна не прыйдуць. Што ён там рабіцьме? Будзе сядзець і глядзець на нас, слухаючы сумныя дарослыя разважанні?

– Во! – далучылася да размовы і Мілана. – А можна тады і я ўдома застануся? Што я там адна буду рабіць? Я лепей сябровак сваіх адведаю, даўно не бачыліся. Мяне ўжо суседка Марыська клікала да сябе, Янку таксама.

– Мяне? – здзівіўся Янка.

– Не, цябе запрашаў ейны брат, твой прыяцель, – патлумачыла Мілана. – Я сказала, што ў цябе ёсць рыцарскія даспехі, а яна пра гэта апавяла брату, той вельмі хацеў іх пабачыць.

– Але ж! Я толькі ўчора заявіўся, а ўжо аднавяскоўцы ведаюць з чым.

Усе адразу ж засмяяліся з такой серыі навін.

– А што? – як нічога ніякага працягнула Мілана. – Я ёй пахвалілася сваёй дыядэмай і тваімі даспехамі. Ёй з братам дужа цікава на іх паглядзець. Пэўна, яны такога яшчэ ніколі не бачылі.

– Добра, вазьму з сабой.

– Можа, так для вас будзе лепей, – пагадзілася маці.

– Анягож! – падтрымаў тата. – Ім з сябрамі будзе куды весялей, чым з намі.

– А вы? – звярнулася мама да свёкра. – З намі пойдзеце? Не стаміліся?

– Я? Вядома ж, пайду. Мне ж рыбалка не ў цяжар была. Мне ж гэта хутчэй за звыклую забаўку.

– Ды і я таксама не тое што стаміўся, – быццам стаў апраўдвацца Янка, – проста не выспаўся, прачнуўся ж рана…

– Ніхто ж нічога не кажа, – супакоіў яго дзед. – Гэта мне, старому, ужо з рання не спіцца. А вам, вядома, проста неабходна высыпацца.

Дарослыя пераапрануліся і сабраліся выходзіць з дому. Але ўжо ў апошні момант дзед заўважыў, што вуды ён так і не прыбраў у камору.

– Во дзе ёлупень стары! – пакпіў ён сам з сябе. – Зусім вылецела з галавы.

– Ай, бацька, – звярнуўся да яго тата Янкі, – прыйдзем – прыбярэш. Выходзім.

– Не-не-не! – заўпарціўся дзед. – Рэчы заўжды мусяць быць на сваіх месцах. Пагатоў новая вуда, дарагая такая! А ты кажаш, каб яе вось так кінуў? Ды мне ж супакою не будзе, увесь час у гасцях буду думаць, як яна там.

– Добра. Толькі хутчэй, калі ласка. А то нас, пэўна, ужо чакаюць.

– Я зараз, хуценька.

Дзед падхапіў кінутыя рэчы і пашыбаваў з імі да каморы. Ён адамкнуў дзверы, усё паставіў, выйшаў і зачыніў дзверы. А затым падняў руку, каб замкнуць іх, мяркуючы, што ключ у замочнай шчыліне, і на імгненне знерухомеў, спрабуючы нешта ўспомніць.

– Дзіўна, – прамармытаў ён.

Ключа ў дзвярах не было. Стары пачаў аглядаць свае кішэні, але і там было пуста.

– Нічога не разумею, – прамовіў ён.

– Што такое? – запыталася жонка.

– Ды ключ, дакладна ж памятаю, што пакінуў яго ў дзвярах. Падаецца ж, не вымаў. Ці не? Мо ў каморы паклаў дзе? – выказаў ён здагадку і зноў пачаў шукаць.

– Ды хадзем ужо, проста прычыні дзверы. Што можа здарыцца з тваёй каморай за паўдня?

Але дзед нічога не адказваў, яго цяпер болей хвалявала пытанне, куды ён падзеў ключ.

– Ай, тата, і сапраўды, – карцела ўжо выйсці і бацьку Янкі, – проста прычыні дзверы. Дзеці ўдома, калі што – затэлефануюць. Нам жа тут недалёка ісці, гэта ж не ў суседняю вёску ці яшчэ куды.

– Ну добра, добра, – без асаблівай радасці змушана пагадзіўся дзядуля.

Ён проста прычыніў дзверы, яшчэ колькі секунд памуляўся каля іх, не маючы ахвоты пакідаць дзверы незамкнёнымі, а потым рашуча махнуў рукой і ўрэшце скіраваў з усімі да выйсця. Не ведаў ён тады, да чаго гэта ўсё можа прывесці. Хоць недзе там, у глыбіні, нешта тачыла яго. Ну, значыцца, лёс такі. Што наканавана…

Янка не бачыў усяго гэтага. Яго змарыла пасля ранняй рыбалкі і перакусу, і ён ужо амаль без сіл паваліўся на ложак. А Мілане, хоць тая і бачыла ўсё, гэта было не надта цікава.

Дарослыя ўрэшце сышлі, і дзеці засталіся адны ў доме. Янка пасапваў, а сястрычка тым часам пайшла збірацца на госці да сяброўкі. Яна ведала, што там будзе прысутнічаць і сябра яе брата, таму жадала выглядаць як мае быць. Дзяўчына пачала перабіраць адзенне, каб абраць, які строй болей пасуе да дыядэмы. Пакуль яна ўпрыгожвалася, Янка паспеў крыху адпачыць. Устаў ён поўны сіл. Цяпер можна хоць на госці, хоць на пошукі прыгод. А як вядома, хто шукае прыгодаў, той заўжды іх знойдзе. Ці яны яго…

Янка, злёгку пацягваючыся, выйшаў са свайго пакоя. Выйшаў і знерухомеў. Першае, што прыйшло яму да галавы было тое, што ён яшчэ працягвае спаць. Перад ім стаяла сястра, але цяпер яна была падобная да юнай каралеўны, нагэтулькі яна змянілася. Так і карцела прамовіць: «Ваша Вялікасць!»

– Што? – запыталася Мілана, хоць і сама здагадвалася, што ўразіла брата.

– Ты… ты… – пачаў падбіраць ён словы. – Ну проста як каралеўна.

– Я да таго і імкнулася, – задаволена ўсміхнулася яна.

– Нават не ведаю… Разумею, у горадзе. Але тут… Ці не занадта шыкоўна? – спытаў брат.

– Ну ў вёсцы, і што? – не пагадзілася з такімі разважаннямі Мілана. – Дзяўчына ўсюды мусіць імкнуцца выглядаць годна.

– Маеш рацыю. Але ж і мне цяпер трэба будзе выглядаць адпаведна.

– Вядома ж. Мужчына таксама абавязаны сачыць за сабой.

– Так, – зноў пагадзіўся Янка. – Каб не думалі, што нейкі няўдаліца, які і сябе дагледзець не ў стане. Бо які ж з яго тады толк?

– Можа, мне тады апрануць новыя даспехі? Будзем дакладна тады як каралеўна і яе мужны рыцар-ахоўнік.

– Мне ідэя даспадобы. У такіх строях нам не будзе роўных, – сказала сястра, ужо ўяўляючы, як яны будуць уражліва выглядаць збоку.

Янка вярнуўся ў пакой і хутка пераапрануўся.

– О, выдатна! – пахваліла Мілана. – Так нашмат лепей.

– Ага! – захоплена пагадзіўся Янка. – Табе яшчэ б да такога выгляду… ым-м-м, – нешта прамычаў ён, нібыта разважаючы, ці варта ёй нешта сказаць, ці не.

– Ды што, што? Кажы, – заінтрыгаваная, змушала яна.

– Не, не магу. Баюся, пакуль нельга.

– Ды што? Кажы, як пачаў. Абяцаю – нікому ні слова.

– Дзядуля мае табе падараваць адзін ну вельмі прыгожы кулон. Ды нагэтулькі прывабны і цудоўны, што я такіх і не бачыў. Нават таямнічы.

– Файна як! – усхвалявалася ад радасці і прыемнай неспадзеўкі Мілана. – А чаму таямнічы?

– Разумееш, ён выглядае дужа незвычайна. Я такога колеру камянёў і не сустракаў. А яшчэ на ім надпісы нейкія незразумелыя выбітыя.

– Уга!

– Дык і гэта не самае дзіўнае.

– А што яшчэ можа быць? – усё болей захаплялася сястра.

– Яго ды колькі іншых рэчаў нашаму дзядулю ягоны дзед загадаў перадаць менавіта нам. Уяўляеш? Наш прапрадзядуля!

– Дзіўна, – прамовіла зачараваная такой навіной Мілана. – Гэх, хутчэй бы той кулончык пабачыць. А яшчэ б надзець на сябе, – марыла яна. – Разам з маёй дыядэмай як бы ўсё глядзелася…

– Вядома, ва ўсім харастве… – уявіў і Янка. – Шкада толькі, што дзед усё гэта замыкае.

– Так, – уздыхнула сястра. – А дзе замыкае?

– Тут, – хітнуў брат галавой на дзверы каморы.

– Ту-ут? – адразу ж з нейкай хітрынкай перапытала Мілана.

– Сама ж ведаеш, яна заўсёды замкнёная. Дзед за гэтым строга сочыць. Таму давядзецца чакаць, пакуль ён сам тыя падарункі нам не дастане.

– Ды не, мо і не давядзецца, – радасна ўсхвалявалася дзяўчына.

– Не зразумеў? – матлянуў галавой Янка.

– Глядзі! – і яна хутка наблізілася да дзвярэй каморы, націснула на клямку і лёгка штурхнула дзверы. Як жа здзівіўся хлопец, калі дзверы расчыніліся.

– А-а-а… – не мог падабраць ён словаў. – Як гэта?

– Вельмі проста, – усміхнулася Мілана брату. – Ты ніколі не здагадаешся.

– Не-а, – закруціў Янка галавой.

– Усе ўжо меліся выходзіць, як дзед заўважыў, што забыўся прыбраць вашы вуды і рэчы ў камору. Адамкнуць ён яе адамкнуў, нават усё туды і прыбраў. А вось куды ключ у гэтым паспеху паклаў, забыўся. Трэ было выходзіць, вось і сталі яго падганяць. Урэшце ён не вытрымаў, махнуў на ўсё рукой і пайшоў.

– Ачмурэць. Але ведаеш, усё адно браць без ягонага дазволу…

– Дык браць я і не збіралася. Бясспрэчна ж, нельга.

Яна ўздыхнула. У яе вачах адбіўся смутак, так карцела пабачыць упрыгожванне.

– Гэх, – прамовіла яна, – во каб зірнуць хоць бы адным вочкам!

– Мяркую, што толькі зірнуць можна. Гэта ўсё ж нас тычыцца, – не мог утрымацца і Янка.

Дзеці ціхенька ўвайшлі ў камору. Мілана паглядзела на куфар і прамовіла:

– Вялізны які! Старадаўні, відаць.

– Так, дужа старадаўні.

– Слухай, а люстэрка якое цікавае! Проста шыкоўнае! Пэўна, таксама з тых часоў?

– Вядома. Такое ж старое, як і куфар!

– А як ты яго адамкнеш? На ім вунь які замок!

Хлопец з усмешкай прасунуў руку за куфар, дастаў ключ, адамкнуў замок і падняў вечка.

– Аёй, колькі тут усяго?! – дзівілася Мілана.

– Ага, але ўсё не так цікава, як вось гэта, – і ён выцягнуў тое, што прызначалася ім ад прапрадзеда. Крыж і падкова, безумоўна, не так уразілі дзяўчыну, як таямнічы кулончык. Рукой яна адразу ж пацягнулася па яго. Вочы загарэліся, дзяўчынка зачаравалася ўпрыгожваннем. Неверагоднага фіялкавага колеру каменьчык зіхацеў ад святла лямпы ўсімі бакамі, а паўпразрыстасць надавала яму яшчэ большай прыгажосці і таямнічасці. А як бы ён магічна засвяціўся на яскравым сонечным святле!

– Ашалець! – не ўтрымала эмоцый Мілана. – У жыцці не бачыла анічога прыгажэй. Што гэта за камень, цікава?

– Каб я ведаў! Я сам нічога падобнага не бачыў.

– А што яшчэ нам наш прапрадзед перадаў? – дзяўчына зірнула на іншыя падарункі, якія ў параўнанні з кулончыкам зусім не ўражвалі. – Можаш пакінуць сабе, – пажартавала яна. – А я вазьму толькі яго, – любавалася дзяўчына ўпрыгожваннем. – А можна я яго надзену? Так карціць!

– Калі ласка. Хто табе забараняе? Пэўна ж, ён табе быў прызначаны.

– Выдатна! – усцешылася яна. – Дзякуй!

– Ды няма за што. Тут вунь і люстэрка ёсць. Можаш адразу і паглядзецца.

Мілана апусціла вечка куфра і, нядоўга думаючы, надзела на сябе матузок з кулончыкам.

– Цуд! Мне так пасуе! Праўда?

– Так, безумоўна. Асабліва з тваёй дыядэмай – ну проста каралеўна!

– Дзякуй!

І яна зрабіла невялікі рэверанс, нібыта і сапраўды была каралеўнай.

– А што ты будзеш рабіць са сваімі падарункамі? – без асаблівай цікаўнасці запытала Мілана.

– Я не ведаю, навошта яны наагул. З кулончыкам зразумела, яго хоць можна надзець. А тут што і да чаго, паспрабуй здагадайся.

– Проста так ён бы іх не пакінуў, – тут ужо і Мілана задумалася. – Дай зірну.

Янка працягнуў сястры падкоўку і крыжык. Дзяўчына пачала разглядаць іх.

– Цікава. На першы погляд, нічога такога ў іх няма.

Мілана зноў зірнула на сябе ў люстэрка, прызадумалася і раптам заўважыла старадаўні герб, па-майстэрску выразаны на верхняй частцы асады.

– Слухай, – зацікаўлена запыталася яна ў брата, – а гэта што?

– Наш родавы герб.

– Родавы герб? У нас быў свой герб?

– Некалі. Даўно, – адказаў Янка і ўважліва паглядзеў на выяву.

– Так, зачэпка ў ім! – узрадаваўся хлопец. – Як жа я адразу не здагадаўся?! Слухай, ты проста геній.

– Ты пра што? – не зусім разумела сястра.

– Дай сюды, – папрасіў ён назад свае падарункі. – Зірні на герб. Бачыш?

– Герб як герб… Аёй! – выгукнула яна, урэшце нешта таксама заўважыўшы. – На ім не стае крыжа і падковы. Але калі іх адламалі, чаму назад не прымацавалі? Навошта іх зламанымі трэ было захоўваць? Ды яшчэ нам перадаваць?

– Вось гэта мы і высветлім.

І хлопец, трымаючы свае падарункі ў руцэ, узлез на вечка куфра. Найперш ён прымерыў крыж, які дакладна запоўніў выемку. Значыцца, менавіта там ён быў даўней. Янка замацаваў яго трывала.

– Надаецца! – задаволена прамовіў ён.

І адразу ж па каморы праляцеў лёгкі ветрык. Зусім кволы, але ў зацішнай каморы яго можна было адчуць.

– Скразняк? – выказаў здагадку Янка. – Табе не падалося?

– Так. Я нешта таксама адчула.

– Дзіўна. Скуль ветру тут узяцца? Добра, не будзем зважаць на дробязі.

Янка ўзяў падкоўку і старанна прымацаваў яе. І так моцна прыціснуў далонню, што крыж неверагодным чынам нібыта выехаў з рамы.

– Што за глупствы? Я ж яго надзейна замацаваў!..

Янка крыху абурана ўзяўся за крыжык. Але той ужо не вымаўся. Ён нібыта вісеў на нейкім цвіку ці на шрубе.

– Не зразумеў, – прамовіў Янка. – Як гэта так?

Ён пацягнуў крыж мацней і заўважыў, што той круціцца. Янка, не ўсведамляючы, да чаго гэтая цікаўнасць можа прывесці, пачаў паварочваць крыж.

І тут люстэрка непрыемна ляснула. Наступным імгненнем уся яго паверхня ўкрылася танюткім павуціннем расколінак. Янка і Мілана не на жарт злякаліся, што зараз яно разляціцца па ўсім пакоі дробнымі аскепкамі, крануўшы і іх. Абое ў спалоху затулілі твары рукамі і адвярнуліся.

Але аскепкі не разляцеліся, а проста з шамаценнем і звонам абсыпаліся долу. І было б зразумелым, каб шкло абрынулася аскепкамі на куфар і падлогу. Але ж яно знікла некуды ў асаду, што было вельмі дзівосна.

Янка і Мілана павярнуліся, зірнулі на зніклае люстэрка і, нічога не разумеючы, пераглянуліся міжсобку.

– А дзе?.. – разгублена запыталася Мілана. – Шкло… Ці хоць бы аскепкі.

Янка пацепнуў плячыма. Ён паглядзеў на пустую асаду, а потым моцна-моцна заплюшчыў вочы і паматляў галавой, нібыта пабачыў нешта такое, чаму вочы не давалі веры.

– Што за…

Потым хлопец падняў руку і паспрабаваў дакрануцца да таго месца, дзе яшчэ колькі хвілін таму было люстэрка. Там дакладна мусіла нешта ж быць – ці сцяна, ці дыхта. Хоць нешта. Але замест таго яго рука проста трапіла ў нейкую пустэчу.

– Што за… – ізноў паўтарыў ён, не ведаючы нават, што і думаць.

Мілана стаяла з разяўленым ротам. Яна таксама адмаўлялася верыць сваім вачам. Янка тым часам выцягнуў руку з пустэчы, затым ізноў апусціў яе туды, сам сябе правяраючы.

– Што там? – запыталася сястра.

– Пуста. Відаць, там схаваны патаемны пакой. А мо і які патаемны ход.

– Хто б мог падумаць?!

– Так.

– І што, там зусім нічога-нічога не відаць?

– Святло, падаецца, удалечыні бачу, але нічога не разгледзець. Трэба спраўдзіць.

І Янка паспрабаваў рукой абмацаць пустэчу. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагу, стоячы на вечку куфра, і паляцеў у цемру. Мілана адразу ж ад спалоху заверашчала. Але неўзабаве ўцяміла, што трэба нешта тэрмінова рабіць, і ўскочыла на куфар. Дзяўчына перахілілася праз край люстэрка і пачала клікаць брата, беспаспяхова водзячы рукой у цемры.

– Янка, Янка! Дзе ты, братачка?

Дзяўчына была не на жарт спалоханая. У яе нават прамільгнула страшэнная думка аб страце брата. Мілана роспачна паклікала яшчэ раз:

– Янка, Ян! Дзе ты?

– Я тут, Мілана! – прыцішана пачулася недзе ў глыбіні.

– Ян? – не паверыла яна сваім вушам. – Як ты там? З табой усё добра?

– Так, ідзі сюды! Тут так прыгожа!

– Куды? Я нічога не бачу.

– Проста скачы долу. Дай веры, усё будзе добра!

– Ну добра. Глядзі, калі што.

Дзяўчыну крыху адольвалі сумневы, але голас брата гучаў так упэўнена, так пераканаўча. Яна закінула нагу, падцягнулася і… скочыла ў цемру.

Мілана апынулася на невялічкай горцы, якою плаўна з’ехала долу. Яна вылецела праз пройму і раптам пабачыла неверагодна прыгожы сонечны лужок. Дзяўчына нават не адразу асэнсавала, што трэба падняцца, нагэтулькі была шакаваная. Паволі ўздымаючыся, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма.

– Дзе гэта мы?

– Каб жа я ведаў.

Мілана зірнула, адкуль яны сюды трапілі. Гэта быў стары вялізны разгалісты дуб з шырокім ды глыбокім дуплом. Яно было не такім вялікім, каб у яго з лёгкасцю пралез дарослы, але дастатковае, каб прасунуўся хто іх узросту.

– Пачакай! – пачала разважаць яна. – Калі гэта патаемны ход, дык дзе ж тады дом?

– Д-дом? – прамовіў Янка і сам зразумеў, што нешта тут не зусім лагічна.

– Так! Насамрэч мы з’ехалі проста з маленькай горачкі. Пагадзіся, гэтага замала на тое, каб так далёка апынуцца ад дома і каб яго не бачыць.

– А яно ж напраўду так. А дзе ж дом? Што за цуд?

І тут увагу Міланы прыцягнула іншае.

– Глядзі! – паказала дзяўчына на брата. – А што гэта з тваімі даспехамі сталася?

– А што з імі не так? – не разумеючы, прамовіў Янка і адчуў, што даспехі ў некалькі разоў пацяжэлі. Ён узняў руку, і ад здзіўлення хлопцу ледзьве мову не заняло: цацка сталася сапраўдным жалезным мячом. Хлопец папляскаў далонямі па сабе і адчуў грукат лат.

У подзіве ён зірнуў на сястру.

– А з табой што?

– У сэнсе? – крыху перапалохалася сястра і схапілася за галаву.

– Твая дыядэма… Як яна цяпер зіхціць! Ды і адзенне змянілася…

Мілана зняла дыядэму і агледзела яе. Гэта было каштоўнае ўпрыгожванне з дыяментамі, што зырка зіхацелі. Ды і сукенка стала па-каралеўску шыкоўнай.

– Нічога не разумею, – круціла галавою Мілана. – Дома няма, мы незразумела як пераўвасобіліся. Што з намі здарылася? Што ўсё гэта значыць?

– Ды і дзе мы? Падаецца, у нашай ваколіцы ніякіх нават і блізка падобных мясцін няма. Прынамсі я такіх дакладна не бачыў.

– Чакай, – паспрабавала разважаць Мілана. – Мы трапілі сюды праз тое люстэрка.

– Ну так. Ускочылі ў яго і цяпер тут, у гэтым дзіўным месцы.

– Ну, братка, не хачу цябе палохаць, але, баюся, мы трапілі з табой у…

– Залюстрэчча… – нечакана разам прамовілі яны.


Знаёмства з чароўным каралеўствам і яго дзіўныя жыхары

Дзеці чулі пра Залюстрэчча ў казках, але трапіць у яго самім… Ці маглі яны пра такое нават марыць?

– Як такое магчыма? – ледзь дыхаючы, спытала Мілана. – Гэта ж проста неверагодна.

Тым часам на дуб, праз які яны тут з’явіліся, прыляцела сарока. Яна ўселася на сук і пачала з цікаўнасцю іх разглядаць. Дзеці зірнулі на птушку і адвярнуліся. Сарока як сарока, хоць і не так часта яны трапляюцца на вочы.

– Я ўжо і сам не ведаю, ува што цяпер верыць, – разгублена адказаў Янка. – Не, я чытаў казку «Аліса ў краіне цудаў», глядзеў з захапленнем фільм «Дзясятае каралеўства». Але патрапіць у тую краіну самому… Такое ў галаве не ўкладаецца. Ушчыкніце мяне! Можа, я сплю?

– Ушчыкніце тады і мяне.

– Цікава, што гэта за месца?

– Ну, дзіўныя людзі! – пачулася ўгары.

Яны ўзнялі галовы, але там, апрача сарокі, нікога не было. Янка і Мілана здзіўлена пераглянуліся і зноў паднялі галовы.

– Вандруюць у нашым каралеўстве і нават не ведаюць, дзе яны, – данеслася ізноў.

– Сарока размаўляе? – уразілася Мілана.

– Вядома ж, размаўляе, – прамовіла сарока, нібыта была здзіўленая такім пытаннем. – А якія ж сарокі, на вашую думку, яшчэ бываюць? Хіба што нямыя, – працягвала размаўляць з імі балаболка, крыху пакрыўджаная іх заўвагай. – Во народ, во людзі! З якога, цікава, каралеўства, вы да нас завіталі, што гаманкіх сарок не бачылі? Фы, – чмыхнула незадаволена яна і, саскочыўшы з галіны, некуды паляцела.

– Во цуд, – толькі і прамовіла дзяўчынка.

– Мажліва, цыркавая, – выказаў здагадку ейны брат. – Хутчэй за ўсё з нейкага цырка. Муштраваная, – упэўнена выказаўся ён.

– Так, – пагадзілася сястра. – Не, мне трэба прысесці. Нешта ў мяне ад усяго гэтага галава закруцілася.

Яна запрыкмеціла непадалёк ад дуба вялікі камень, падышла да яго і памкнулася была прысесці. Але нечакана пачула перасцерагальнае сыканне.

– Асцярожна, змяя! – гукнуў Янка, пабачыўшы, як з-за каменя паднялася галава паўзуна, і кінуўся да сястры.

– Так, асцярожна, пані! Глядзіце, на што сядаеце, – даляцела з-за каменя.

Мілана стаяла, вылупіўшы вочы і не верачы ім. Ужо і змяя размаўляе з ёй! Янка таксама заўважыў гэта і замарудзіў свой рух, гледзячы на змяюку, нібы зачараваны.

– О, каралеўна! – змяніла змяя тон, выказваючы пашану да Міланы. – Прабачце, не адразу пабачыў, што вы каралеўская асоба. Шчыра перапрашаю.

Змяя размаўляла. Гэта быў пан Вуж, – звычайны вуж, на галаве якога жаўцелі плямкі, нібы намаляваныя вушкі.

Вочы Міланы зрабіліся вялікія-вялікія, і раптам усё некуды паплыло. Янка ледзьве паспеў падхапіць яе. Колькі дзяўчына была ў непрытомнасці, цяжка сказаць. Калі яна ачомалася, пабачыла твар брата.

– Урэшце! Дзякуй Богу, ты ачуняла! А то мы перахваляваліся.

Мілана сціпла ўсміхнулася і стомлена павярнула галаву, пасля падхапілася і прыціснулася да брата. Побач з ёй, крыху прыўзняўшыся ад зямлі, гайдаўся Вуж. Яго пыска і напалохала дзяўчыну. Ён незвычайна ўсміхаўся, амаль па-чалавечы.

– Не пужайся, – супакоіў яе Янка, – ён добры.

І Вуж пры гэтым, нібы пацвярджаючы, хітнуў галавой, не перастаючы дзіўна ўсміхацца. Здавалася, што ён разумее ўсё, што кажа Янка. Ці не цуд?

– Мне тут наш новы знаёмы апавёў… – пачаў гутарку хлопец.

– Які знаёмы? – перапыніла яго сястра, не зусім разумеючы, пра што гаворка.

– Вось ён, Вуж.

І змейка ізноў весела і спагадна кіўнула галавой.

– Ты жартуеш? А, разумею, ты спрабуеш мяне павесяліць. Слухай, Янка, я страціла толькі прытомнасць, а не розум. Так, ён вельмі пацешны, нават дзіўны, але я ведаю, змеі не размаўляюць.

– Як гэта не размаўляюць? Што за навіна?! – знікла ўсмешка з пыскі Вужа.

– А-а-а! – спалохана залямантавала Мілана. – Змяя размаўляе!

І яна хутка схавалася за Яна. Дзяўчына ўся трэслася ад перапуду. Такога яна яшчэ ніколі ў жыцці не бачыла ды нават не чула, што такое бывае. Мілана адчувала, што яшчэ не з’ехала з глузду і што гэта не сон: «Усё адбываецца насамрэч, а не падаецца», – ад гэткіх думак ёй станавілася яшчэ горай.

– Не лякайся, сястрычка, – паспрабаваў ізноў супакоіць яе Янка. – Я сам напачатку быў крыху здзіўлены і спалоханы. А потым пагаманіў з ім. Высветлілася, што тут усе жывыя істоты размаўляюць.

– Як гэта? Ты жартуеш? Ці такое бывае?

– Здаецца, тут бывае.

– Прабачце, цудоўная каралеўна і высакародны рыцар, але вы сапраўды нейкія… – падбіраў ён словы, не жадаючы іх пакрыўдзіць ці выказаць непавагу. – Словам, як не з нашага каралеўства, не з нашых зямель. Вы так дзіўна ўсё кажаце. Прабачце, але ж адкуль вы? Я сустракаў усіх высакародных асоб падчас святочных імпрэз, але вас бачу ўпершыню. Упэўнены, вы дакладна не згэтуль.

– Мы… мы… – задумаўся Янка, разважаючы, як лепей адказаць, што прыдумаць.

– А якое гэта каралеўства? – перапыніла яго Мілана.

– Вядома ж, каралеўства Сварга! – з гонарам азваўся Вуж.

– А хто гэта? – запыталася Мілана.

– Ды ніхто. Папросту так каралеўства называецца. Як жа вы тут вандруеце, калі нават не ведаеце, дзе вы?

– Ды мы выпадкова сюды трапілі, – адказаў Янка.

– Заблукалі, ці што?

– Можна і гэтак мовіць.

– Во, у нядобры ж час вы сюды трапілі, – з сумам уздыхнуў Вуж.

– Што так?

– Ды яшчэ гадоў колькі таму тут было адно з самых квітнеючых каралеўстваў, а цяпер… – і Вуж зноўку ўздыхнуў.

– А што з ім здарылася?

– Як, вы не ведаеце?

– Не, адкуль? Мы ўпершыню тут.

– Пэўна, вы з надта далёкага каралеўства, – прамовіў Вуж.

– О, гэта так! – пацвердзіў Янка.

– Яшчэ не гэтак даўно, недзе гадоў дваццаць таму, гэтымі землямі кіраваў мудры і добры кароль. І ўсе яго любілі і шанавалі, бо ён клапаціўся пра сваё каралеўства, як ніхто іншы. Усяго сябе аддаваў дзеля дабрабыту гэтай зямлі, і дбаў, каб кожны ягоны насельнік жыў добра. Але невядома, скуль і як з’явіўся чорны вядзьмак Волх. Ніхто не ведае, адкуль ён прыйшоў, некаторыя кажуць, што з самога Лукамор’я. Яму ўдалося выклікаць давер у нашых жыхароў, а потым ён падлабуніўся і да караля. Волх зачараваў яго сваім штукарствам, а калі налучыўся момант – атруціў, а ўсім сказаў, што гэта нехта з каралеўскай аховы ўчыніў. І паабяцаў усім разабрацца з гэтым. Ды так незаўважна для ўсіх і замацаваўся на стальцы.

– А што ж каралеўская ахова?

– А што ахова? Народ паверыў новаму каралю, які ашуканствам захапіў уладу. А ахова, разумеючы, што ўсе падазрэнні на іх, хутка разбеглася.

– Яны што, збаяліся?

– Не ведаю. Мо хто і спалохаўся, а можа, хто і расчараваўся ў жыхарах каралеўства за тое, што яны паверылі ў ману, ды з той крыўды і сышлі. Пра што тут казаць, калі сышоў нават улюбёны волат караля – Вярнігара. Ён мог горы руйнаваць, падымаць і кідаць вялізныя камяні. Гэта быў наймагутнейшы волат…

– Уражвае!

– Так, моцы ён надзвычайнай.

– І што, ён так і не пажадаў вярнуцца?

– Не. Нават калі жыхары і самі ўжо зразумелі, кім ёсць гэты чорны вядзьмак, і пайшлі да Вярнігары прасіць, каб той дапамог пазбавіцца ад Волха, ён не стаў з імі і размаўляць, а толькі сышоў невядома куды.

– А чаму, пане, вы кажаце, што Волх – чорны вядзьмак? Ён што, насамрэч нейкі чарадзей?

– Мажліва, і не самы магутны, але дакладна надзвычай хітры і падступны.

– А што ён можа? На што здольны?

– Волх валодае чароўным кіем, з дапамогай якога выклікае такія рэчы, што і ў начных немарасцях вы не бачылі. Таму яму ніхто не можа даць рады.

– Дык атрымліваецца, уся ягоная моц у тым кіі? – выказаў здагадку Янка.

– Ха! Каб так. Аднойчы адзін з ягоных блізкіх паплечнікаў адважыўся паўстаць супраць яго – завалодаў кіем, які паспрабаваў скіраваць супраць свайго гаспадара.

– І?

– Ды нічога не атрымалася. У ягоных руках гэта быў не болей чым звычайны кій.

– Значыцца ім можа карыстацца толькі Волх?

– Падобна на тое.

– А што здарылася з тым паўсталым набліжаным?

– Яго чакала жорсткая расправа. Волх яго кінуў сваім верным дзікам. Гэта было жахлівае відовішча. Яны растапталі і разадралі паўстанца жыўцом.

– Верныя дзікі?

– Так. Волх сабраў вакол сябе багата лютых і драпежных істот – дзікоў, ваўкоў, крумкачоў, ваўкалакаў…

– Ваўкалакаў? Яны сапраўды існуюць? Пярэваратні? – здзіўлена перапыніла Мілана.

– О, гэта надта крыважэрныя істоты. Адны з найстрашнейшых істотаў, якія яму прыслугоўваюць. Яны больш драпежныя за ваўкоў, не грэбуюць у ежы нічым. Ды нярэдка і на людзей нападаюць, асабліва на маладых. А тое і на дзяцей. Тыя яшчэ пачвары!

– Жах які…

– Яшчэ не жах. Тыя монстры не ядуць сваіх ахвяраў, а высмоктваюць з іх кроў, мазгі, чым амалоджваюць сябе. І ніхто не можа процістаяць ім.

– А як жа гэтыя пачвары выглядаюць? Як іх распазнаць?

– Не вельмі цяжка. У адрозненне ад ваўка ён мае вакол шыі белы пасак, а праз поўсць на тулаве месцамі відаць і ягонае чалавечае цела. І вочы ў яго чалавечыя, а вые ён не па-воўчы, а нібыта скавыча і плача.

– Так, нешта ўжо ніякавата. І што, ніяк нельга ім даць рады?

– Іх толькі пабачыш, ужо карціць уцякаць, як мага далей.

– Зразумела, чаму вашага Волха ніхто не можа адужаць.

– Калі вы думаеце, што гэта ўсе істоты, якія яму прыслугоўваюць…

– Што, яшчэ ёсць нехта?

– З найбуйнейшых гэта Цмок.

– І яны тут існуюць?

– Насамрэч яны не такія і злосныя, хоць і з рознымі характарамі сустракаюцца. Але чаму гэты Цмок выступае на баку Волха, ніхто не ведае. Звычайна цмокі нікому не падпарадкоўваюцца. Пэўна, у Волха нешта ёсць, што змушае таго слугаваць яму.

– Ведаць бы што.

– О, тады гэта надта падважыла б магутнасць ведзьмака.

– Скажыце, пане Вуж, – звярнулася з павагай да змяі Мілана, – няўжо ва ўсім каралеўстве Сварга няма ніводнага мудраца, у якога можна было б атрымаць адказы на тое, як можна даць рады чарадзею і даведацца пра Цмокавы сакрэты. Хоць нехта ведае гэтыя таямніцы?

– Мудраца?.. Зрэшты, ёсць у нас адзін такі мудры Пугач.

– Гэта ўжо цікава.

– Але… Не любіць ён ні з кім размаўляць.

– А што так?

– Замкнёны ён, як пустэльнік. Разумееце?

– Занадта разумны, каб весці размовы з простымі людзьмі?

– Так, – зразумеў жарт Вуж. – Нешта накшталт таго. З людзьмі не любіць размаўляць, ды і ні з кім наагул. Ведае, калі не ўсё, дык дужа багата, а вось гутарыць пра тое ні з кім не мае ахвоты.

– А мо не так спрабавалі завесці з ім гаворку? – запыталася Мілана.

– У сэнсе? – не зразумеў Вуж.

– Можа, усе прыходзілі да яго толькі з пытаннямі, як да бяздушнага даведніка? А ён жадае, каб да яго прыйшлі проста шчыра паразмаўляць, як да цікавага сябра і суразмоўцы.

– Авохці мне! – здзівіўся Вуж такому нечаканаму падыходу. – А ведаеце, мажліва, вы і маеце рацыю. Усе прыходзілі да яго адно таму, што ім усім было нешта трэба, але ніхто не прыходзіў да яго проста на госці, па-сяброўску. Паспрабуйце, а раптам з вамі ён падзеліцца сваімі ведамі…

– А як жа нам трапіць да яго?

– Я завяду вас, калі жадаеце, – зычліва прапанаваў Вуж.

– О, як гэта велікадушна з вашага боку, – усцешыліся Мілана з Янкам. – Мы будзем вельмі ўдзячныя.

– Ну што вы, – збянтэжыўся Вуж. – Калі ў вас нешта атрымаецца, гэта нам самім на карысць.


Падарожжа да мудрага Пугача. Каралеўскі замак

Вуж іх адразу папярэдзіў, што падарожжа будзе доўгім і цяжкім. Але ў той самы час яно абяцала быць і цікавым. Шлях пралягаў непадалёк каралеўскага замка, які Янку і Мілане надта карцела пабачыць. І яны паставіліся да гэтага падарожжа, як да вясёлай прыгоды, а не як да нечага цяжкага і небяспечнага.

Дзеці апошні раз зірнулі на дуб, праз які тут апынуліся, агледзелі наваколле, спрабуючы яго запомніць. І рушылі ў дарогу.

Вуж, нягледзячы на свае памеры, досыць спрытна плазаваў, і Янка з Міланай за ім ледзь паспявалі. Дуб заставаўся ўсё далей і далей, а неўзабаве і лес пачаў радчэць. Урэшце ён скончыўся, і кампанія апынулася на ўскрайку. Перад вачыма дзяцей паўстаў неаглядны абшар палёў сярод невысокіх узгоркаў. І бясконцы-бясконцы далягляд. І дзесьці амаль на даляглядзе ўзвышаўся Каралеўскі замак. Які ж ён быў вялізны! А таксама па-свойму прыгожы і непараўнальны з іншымі. Ад яго так і веяла моцай і веліччу. Страшна было падумаць, што ўсё гэтае хараство належыць ліхому чарадзею, якога язык не паварочваўся назваць каралём.

– Нішто сабе! Які ж ён прыгожы! – у адзін голас захоплена прамовілі брат з сястрой.

– Так, – пагадзіўся Вуж. – А быў бы прыгажэйшы, каб не ўсе гэтыя пачвары, якія цяпер у ім балююць на чале з Волхам.

Янка прыгледзеўся болей уважна і пабачыў, што недзе непадалёк замка, у полі, шмат людзей нечым займаюцца.

– А што гэта там робяць? – запытаўся ён.

– А, гэта? – угледзеўся Вуж. – Гэта, хутчэй за ўсё, зняволеныя апрацоўваюць палеткі нашага караля, так бы мовіць.

– Зняволеныя?

– Так. Вунь бачыце, наўзбоч замка яшчэ адна такая спаруда, таксама замак, толькі меншы. Досыць далёка ад каралеўскага, але ж абрысы разгледзець можна. Гэта вязніца, – цяжка ўздыхнуў Вуж.

– Вязніца? Такая вялікая?

– Так, на жаль. За колішнім каралём столькі зняволеных не было, ды і вязніца знаходзілася ў іншым месцы, значна меншая. Сядзелі там сапраўды вінаватыя.

– А цяпер?

– Цяпер у вязніцу можна трапіць нават за тое, што кепскае сказаў пра новага караля ці яшчэ нешта такога кшталту.

– Як жа вы тут жывяце, калі нават нельга тое, што думаеш, казаць? – здзівіліся Янка і Мілана ад такога дзікунства.

– Так, вельмі цяжка цяпер стала.

– Ды няўжо няма ў вас рыцараў, якія б маглі адужаць гэтага злоснага караля?..

– Рыцары? Ха! Вядома ж, ёсць!

– Дык дзе ж яны?

– Дзе-дзе?! Вунь там яны і ёсць, – кіўнуў Вуж у бок вязніцы. – У турме, у самых жорсткіх варунках. Волх усё робіць, каб зламаць іх дух. Каго з іх вынішчыў, а каго не, дык робіць усё, каб яны зайздросцілі тым, хто загінуў.

– Ну і парадкі тут у вас.

– Яшчэ тыя, – ізноў цяжка выдыхнуў Вуж.

– А няўжо яны не могуць учыніць бунт ды вызваліцца з-за кратаў?

– Ды не ўсё так проста. Іх адмыслова пасадзілі ў розныя камеры, каб не мець магчымасці размаўляць міжсобку. Апрача ваўкалакаў і іншых пачвар, іх пільнуе і Цмок. Таму ўцячы адтуль да смерці падобна.

– Ну не ведаю, што лепей: памерці вольным ці жыць пад прыгнётам?

– На жаль, дух жыхароў нашага некалі славутага каралеўства амаль зламаны. Усе супраць новага караля, але ў іх не стае духу, каб сабрацца разам, даць адпор яму ды ягоным пачварам і ўрэшце зрынуць яго. Магчыма, няма таго, хто аб’яднаў бы ўсіх ды павёў на змаганне пад сваім камандаваннем. А пакуль усе запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках.

– А хто асноўныя яго паслугачы?

– Не ведаю. Але… Вунь бачыце ў полі зняволеных? Прыглядзьцеся. Наўзбоч іх такія адметныя буйныя чорныя фігуры.

– Так, бачу, – прамовіў Янка.

– Гэта яго верныя ваўкалакі. Адзін такі можа раскідаць адразу з дзясятак звычайных людзей.

– Сапраўды, з такім сам-насам не дасі рады.

– Ха! Не тое слова.

– Яны не толькі моцныя. Яшчэ і хуткія, і спрытныя. Таму гэтыя зняволеныя, што працуюць на палетках, нават і не спрабуюць уцячы. Гэта проста бессэнсоўна.

– Гэх, каб ведаць, чым, – махнуў рукой раззлаваны такой несправядлівасцю Янка, – з радасцю дапамог бы.

– Мы дапамаглі б, – выправіла яго сястра, – мы!

– Дзякуй і на добрым слове, ужо прыемна, – лагодна ўсміхнуўся Вуж.

Яны яшчэ крыху пастаялі, са шкадаваннем і абуранасцю назіраючы за працай зняволеных жыхароў каралеўства, пакуль Вуж не нагадаў:

– Ну што, хадзем да Пугача?

– Так! – рашуча выказаўся Янка, якога пачалі захлістваць эмоцыі. – Цяпер я дакладна адчуваю, што трэба да яго ісці.

– Не паспрачаешся. Тады рушым у дарогу! А шлях некароткі, Пугач далёка забраўся ад усіх.

– А што так?

– Ды хто ж яго ведае. Можа, каб не назалялі. Я ж казаў, не дужа ён ахвочы да размоў.

– Зразумела.

– Толькі крочым пакуль узлескам. Хавайцеся крыху за дрэвамі, каб вас гэтыя вартаўнікі не пабачылі. Бо ад іх уцячы амаль немагчыма.

– Дзякуй за параду. Не хацелася б адразу трапіць да іх, так і не пабачыўшы вашага каралеўства.

Яны крочылі сцярожка, хаваючыся за стаўбурамі дрэў, імкнучыся ісці ціха, неўпрыцям, каб ніводная галінка не трэснула пад нагамі. І ўсцяж яны паглядалі на поле, пільнуючыся, каб ваўкалакі іх не заўважылі.

Праточвацца праз лес было нялёгка. На ўскрайку ён быў вельмі зарослы, багаты на разгалістыя дрэвы з густымі хмызнякамі. Хмызнякі штораз даводзілася абыходзіць, і гэта забірала не толькі моц, але і час. Не хацелася б трапіць да Пугача ў цемры. Тут і так было досыць страшна, а прабірацца скрозь начны цёмны лес ніхто не марыў. Ды і затрымлівацца ў гэтым каралеўстве непажадана. Што падумаюць іх бацькі? Да цемры варта б вярнуцца дадому.

Урэшце небяспечныя палеткі засталіся далёка за спінай, лес скончыўся, і непадалёк паўстала невялікая вёска.

– Ну ўсё, – наказаў Вуж, – далей ісці пакуль не раю. Трэба тут пачакаць.

– Чаму? – не зразумелі яго падарожнікі.

– А вы зірніце на сябе.

Брат з сястрой перазірнуліся.

– За вярсту відаць, што вы нетутэйшыя і да таго ж не звычайныя вандроўнікі.

– А-а-а, – зразумелі яны, што мае на ўвазе Вуж. – І што вы прапануеце?

– У гэтай вёсцы жыве мой стары сябра. Я завітаю да яго, можа, атрымаецца нешта ўзяць вам з адзежы, каб вы не так прыцягвалі да сябе ўвагу. Лепей, калі прыпадобніцеся да тутэйшых. Вельмі ж вылучаецеся ўва ўсіх гэтых даспехах і каралеўскіх строях.

– Так, маеце рацыю. Няварта прыцягваць да сябе ўвагу.

– Я паспрабую як мага хутчэй, а вы схавайцеся, каб вас ніхто не пабачыў.

– Добра, мы стоімся і паспрабуем быць не заўважнымі.

І Вуж, спрытна выгінаючыся, хутка папоўз да хаты свайго знаёмага. А Янка з Міланай схаваліся за разгалістым хмызняком і, прысеўшы, пачалі разглядаць вёску.

Яна выглядала як сапраўднае сяло: драўляныя хаты, падворкі з курамі ды каровамі. Але ўсё ж яна нечым рознілася ад іх роднай вёскі, нагадвала сярэднявечную…

Толькі некаторыя хаты былі з каменнымі падмуркамі. Пэўна, яны належалі заможным жыхарам, бо выглядалі досыць багата, мелі вялікія падворкі. Асноўная ж частка складалася са звычайных зрубаў, многія былі з саламяным дахам. Складалася ўражанне, што ў гэтай мясцовасці лютых і марозных зім не бывае, бо ў такіх халупах людзі папросту не вытрымалі б маразоў.

Неўзабаве недзе ззаду пачулася храбусценне галіны. Было чуваць, як нешта хутка набліжаецца. Дзеці адсунуліся амаль у глыб хмызняку і азірнуліся. Нейкі сабака, магчыма, бадзяжны, высалапіўшы язык, бег у іх бок. Але, на шчасце, ён пабег далей да вёскі, не звярнуўшы на іх аніякай увагі.

– Фу-ух, – уздыхнула, спалоханая Мілана. – Так і завалу сэрца можна атрымаць.

– Ага, – пагадзіўся з ёй братка, – я сам спужаўся.

І яны, усміхнуўшыся адно аднаму, павярнулі ў бок вёскі і працягнулі чакаць Вужа.

Мінула яшчэ колькі часу. Дзеці пабачылі, як нейкі мужчына з ладным скруткам набліжаецца да іх, а побач паўзе Вуж.

Дайшоўшы да ўскрайку вёскі, незнаёмец прыпыніўся і агледзеўся. Напэўна, правяраў, бачыць яго хто-небудзь ці не. Пераканаўшыся, што яго не заўважылі, ён рушыў далей ужо значна хутчэй.

Незнаёмы з Вужом наблізіліся да хмызняку, спыніліся каля Янкі і Міланы.

– О, рады вітаць у нашых землях, юная каралеўна і высакародны рыцар, – прамовіў незнаёмец.

– Дзякуй, шаноўны, але мы не… – нешта захацеў адказаць ці патлумачыць Янка, ды Мілана неўпрыцям пхнула яго ў бок.

– Мы так удзячныя за вашы прывітанні і пашану, – дагаварыла замест брата дзяўчына.

– Мне Вуж апавёў, што вы жадаеце застацца незаўважанымі. Я тут сабраў некаторыя рэчы. Спадзяюся, яны вам нададуцца. А яшчэ прыхапіў крыху ежы і пітва. Як я разумею, вы доўгі час былі ў дарозе і, напэўна, згаладаліся.

– О, як тое дарэчы. Гэта так з вашага боку… – хацеў падзякаваць Янка за адзежу і за пачастунак, але незнаёмец яго перапыніў.

– Ды што вы, што вы, не варта падзяк. Для мяне вялікі гонар дапамагчы вам.

– Але ўсё адно шчыры вам дзякуй. Ваша дапамога нам цяпер дарэчы.

Незнаёмец схіліў галаву.

Юныя падарожнікі развязалі вузельчык і разгарнулі скрутак. Адразу смачна запахла едзівам. Дзеці ўдыхнулі, але пакуль адклалі харчы ў бок. Іх болей цікавіла прынесеная адзежа, ад якой залежала іх небяспека. Хто ведае, каго яны яшчэ тут сустрэнуць? І быць падобнымі да мясцовых жыхароў было вельмі істотна, бо адрознівацца – значыць, звяртаць на сябе ўвагу.

У скрутку дзеці знайшлі ёмістую торбу, некалькі простых кашуляў з бавоўны і – найгалоўнейшае – плашчы-накідкі. Тое, што трэба.

Мілана з Янкам хуценька пераапрануліся, а свае строі паклалі ў торбу. Дыядэму дзяўчына ахайна загарнула ды схавала на дно, каб яе ніхто не пабачыў.

Вуж агледзеў іх з ног да галавы і задаволена прамовіў:

– Во! Іншы выгляд. Цяпер вас ужо ніхто не пазнае і не зверне ўвагі. Цяпер варта падмацавацца, а тады можна і рушыць у дарогу.

– Вы чытаеце нашы думкі, – усміхнуўся Янка. – Я ад усіх гэтых прыгодаў і свежага паветра ўжо галодны, як воўк.

– Ну, гэта яшчэ не так страшна, – падбадзёрыў мужчына. – Абы не як ваўкалак. Вось гэтыя пачвары сапраўды ненажэрныя.

– Што вы, ратуй, Божа! – адмахнуўся Янка. – Бачылі мы ўжо гэтых драпежнікаў. Не найлепшыя ўражанні.

– Так, няма нам ратунку ад паслугачоў новага караля. Ай, ды і які ён кароль, – з непавагай да ўладара адмахнуўся мужчына. – Лічы, сам сябе і абвясціў ды пасадзіў на сталец. Мінулі часы добрых і высакародных каралёў. І, на жаль, канца-краю гэтаму не відаць, – падагульніў ён засмучана.

– Не адчайвайцеся, – паспрабавала падняць яго дух Мілана. – Трэба верыць у лепшае. Дабро заўжды ўрэшце перамагае ды святкуе.

– Вашы б словы, юная каралеўна… – уздыхнуў ён. – У глыбіні душы я таксама ў гэта веру. Не можа ж так быць, каб увесь час ліха кіравала. Павінен жа і яму некалі прыйсці канец?! Павінен жа нехта яго спыніць і пакараць?! Так, высакародны рыцар? – звярнуўся мужчына да Янкі.

– Бясспрэчна. Справядлівасць заўсёды перамагае, бо сіла ў праўдзе! – цвёрда і рашуча выгукнуў Янка.

У ім ужо віравала нянавісць да гэтага злоснага караля-самазванца, расло жаданне расправіцца з гэтым прыгнятальнікам.

– Чую голас і словы сапраўднага рыцара, – захапіўся такім адказам мужчына. – Вам бы яшчэ гэтай рашучасці перадаць нашым жыхарам і вярнуць яе нашым зняволеным рыцарам – ніякі злы вядзьмак нам бы не быў страшны. Наадварот, усе яго падлізнікі і паслугачы ў страху разбегліся б.

– Паверце, каб я мог, зрабіў бы ўсё, што ў маёй моцы, каб зрынуць ды пакараць яго.

– Веру, высакародны рыцар, шчыра веру, – ад усяго сэрца прамовіў мужчына. – Ну што ж, – працягнуў ён пасля невялікай паўзы, – разумею, што ў вас яшчэ шмат сур’ёзных планаў, не магу вас затрымліваць.

– Што вы! – усміхнулася Мілана.

– Насамрэч у мяне багата спраў. Маю ж працу ніхто за мяне не зробіць. Прашу прабачэння, – схіліў ізноў галаву незнаёмец, – але змушаны вас пакінуць. Не хачу лішніх пытанняў.

– Трэба – значыцца, трэба, – з разуменнем адказаў Янка. – Яшчэ раз шчыры дзякуй за вашую шчодрую паслугу.

– Як яшчэ чым змагу вам дапамагчы, звяртайцеся. Бывайце.

– Усяго вам найлепшага, да пабачэння, – ветліва развіталіся з ім Янка з Міланай.

І незнаёмец хуценька заспяшаўся дадому.

– Падумаць толькі, – выказалася Мілана, – якія шчырыя і зычлівая людзі тут жывуць.

– Гэта насамрэч так, – азваўся Вуж. – Жыхары нашага каралеўства вельмі добрыя. Але яны дужа запалоханыя за апошнія гады, усяго пільнуюцца. Таму, як заўважыце косыя позіркі ў свой бок, не перажывайце. Хутчэй за ўсё, гэтыя людзі ці істоты проста вас перасцерагаюцца. Адно таму і глядзяць на вас недаверліва.

Pulsuz fraqment bitdi.

Yaş həddi:
12+
Litresdə buraxılış tarixi:
18 fevral 2022
Yazılma tarixi:
2022
Həcm:
182 səh. 21 illustrasiyalar
ISBN:
978-985-581-420-8
Müəllif hüququ sahibi:
Четыре четверти
Yükləmə formatı:

Oxşar kitablar