Kitabı oxu: «Галоўны герой памірае ў канцы»

Şrift:

Балкоўскі, А. І.

Б20 Галоўны герой памірае ў канцы / Андрэй Балкоўскі. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2026. — 188 с. ISBN 978-985-581-860-2.

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2026

Прысвячаю гэты зборнік сваім універсітэцкім выкладчыкам, дзякуючы якім я знайшоў сябе і свой аўтарскі стыль пісьма.

Дзякую ўсім сваім блізкім сябрам, якія верылі ў мяне і чыталі гэтыя творы ў іх першапачатковым выглядзе.

Дзякую маці і бацьку за вялікую любоў і падтрымку.

Спіканон

Неаэкспрэсіяністычная проза

I. Саламянае сэрца

Сэрца маладой аленіхі забілася хутчэй, калі яна адчула шоргат апалага лісця за сабой. Жывёла павярнула шыю ў бок дзікіх кустоў і, затоена дыхаючы, замёрла на адным месцы. На сваю бяду, аленіха прыйшла шукаць сюды спелыя ягады і саладзейшую кару — у кустах прыхаваўся сапраўдны драпежнік.

Сэрца Спіканона не білася, калі ён назіраў за істотай. Па яго жылах не цякла кроў, а значыць, і ў саламяным сэрцы не было ніякай неабходнасці. Яно адказвала толькі за дастатковую натуральнасць формы голема ў параўнанні з чалавечай формай. Прытым сэрца саламянага голема было вельмі прыгожым, створаным сапраўдным майстрам сваёй справы з соцень малюткіх каласкоў і зярнятак, якія таксама складалі і ўсе ўнутраныя органы Спіканона.

Драпежнік накінуўся на сваю зда бычу з манеўрам рысі. Спіканон па ва ліў аленіху на сырую зямлю і імгнен на забіў, а затым упіўся ў яе мякаць сваімі іголкамі-пазногцямі. Голем разглядаў тушу і не мог асэнсаваць, што такі ж бруд, магчыма, завернуты ў кожны дзейсны механізм, як і ў яго самога. Скончыўшы ўсе прыгатаванні, Спіканон закінуў тушу істоты сабе на плечы і павольна пасунуўся да роднай вежы.

Каля хаты раскацістым гаўканнем голема сустракаў празорлівы шчанюк — такі ж самы канструкт, толькі на парадак ніжэйшы за Спіканона і без вачэй. Добраму сабаку нюх верны шлях паказвае, таму малы Рыцын ніколі не гараваў пра адсутнасць зроку, тым больш што і не было чым гараваць. Пах свежага мяса шчанюк пачуў яшчэ за вярсту адсюль, але толькі цяпер, калі Спіканон узбіраўся на каменны ганак, абвясціў вяртанне голема свайму гаспадару.

— Выдатнае паляванне, Спіканон, — павітаў чарадзей сваё стварэнне, — кладзі яе да печы, я згатую нам шыкоўную вячэру.

Голем пакорна зрабіў тое, што сказаў яго бацька, — Мейстар Цырман, знакаміты на ўсё наваколле чараўнік і знахар. Туша жывёлы з’ехала з моцных плячэй Спіканона і глухім ударам абвалілася на жалезную падлогу ля распаленай печы. Спіканон заглянуў унутр: абвугленыя галавешкі пранізвала ярка-ружовае полымя.

Пакой быў адначасова і кухняй, і сталовай, і гасцёўняй: каля печы віселі розныя загатаваныя травы і грыбы, у цэнтры размяшчаўся пышны стол з тасёмчатым абрусам, а па краях і на кожнай сцяне красаваліся розныя артэфакты мінуўшчыны або вядомыя карціны. Праз паўднёвую частку з падлогі і да столі каля сцяны ўздымалася драўляная лесвіца з незлічоных ступеняў. На наступным паверсе быў ужо ўласны пакой Мейстара, а ўнізе жыў і бавіў час Спіканон разам з Рыцынам.

Мяса выдатна засмажылася ў печы, і голем падхапіў гаршчок са стравай з дапамогай рагача, паставіў на прыпечак. Затым акуратна ўзяў гарачы кавалак і пераклаў на срэбнае блюда, не адчуваючы ніякага болю.

— Страва гатова, Мейстар Цырман, — загаварыў ён прыгожым юнацкім голасам.

— Нясі яе сюды, мой хлопча, і раздзялі са мной сённяшнюю вячэру, — з гэтымі словамі Мейстар разліў у шклянкі чыстага чырвонага віна.

Голем паставіў перад чараўніком страву і сам сеў каля яго. Мейстар пачаў прагна адрываць ад мяса кавалкі і жаваць іх, смажаніна хрумсцела ў яго на зубах.

— Аддасі вось гэтую костку Рыцыну. Хай крыху папрактыкуецца перагрызаць галёначныя косткі, яму яшчэ спатрэбіцца.

Мейстар паклаў самую большую костку ў далонь голема, і яны чокнуліся шклянкамі, чараўнік запіў страву віном, а Спіканон проста заліў яго сабе ў рот і нічога не адчуў. Яму толькі падумалася, што зараз гэтая вадкасць будзе блукаць па ўсіх яго кішках.

— Мейстар Цырман, а ў мяне ёсць такое ж унутры, што я бачыў, калі разбіраў тушу істоты?

— У адрозненне ад Рыцына, я стварыў цябе ў поўнай адпаведнасці з млекакормячай істотай — чалавекам. Ты — мой сапраўдны сын, Спіканон, і я вельмі ганаруся тым, якім ты атрымаўся.

— Але я не буду чалавекам, Мейстар, калі я нічога не адчуваю. Мне не знаёмы ні боль, ні голад, ні перажыванні. Я таксама не ведаю, што такое сон.

— Бо ўсё проста, мой хлопча, ты звышчалавек. Ты — істота, пазбаўленая ўсіх хібаў простых людзей. І павер мне, у іх такіх хібаў вельмі шмат. І яны ненавідзяць адзін аднаго праз хібы. Яны гатовы забіваць адзін аднаго, каб адчуць сябе крыху лепш і на хвіліну пазбавіцца думак аб сваёй недасканаласці. Ты ніколі не будзеш такім, Спіканон.

Вячэра скончылася, і чараўнік падняўся ў свой пакой. Голем спаліў рэшткі ежы ў печы, пасля чаго патушыў яе і пайшоў да сябе. Травяны шчанюк адказна ўзяўся за гвалтаванне косткі: ён як мог стараўся пракусіць яе сваімі моцнымі сківіцамі, але гэта не адразу атрымоўвалася. Рыцын заносіў костку над галавой, уздымаючы невялікую зялёную шыю ўверх, пасля чаго кідаў яе на драўляную падлогу і таптаў лапамі. Спіканон толькі назіраў за гэтым усю ноч, пакуль на раніцу сабаку ўсё ж не ўдалося пракусіць костку і раздрабніць яе напалову. Пасля гэтага Рыцын сціх і сеў на заднія лапы.

II. Сустрэча

Мейстар выйшаў са свайго пакоя каля паловы шостай раніцы. Ён выглядаў бадзёра і быў поўны сіл.

— Будзе дзень — будзе і рыба, — з усмешкай прагаварыў чараўнік. — Схадзі на возера, мой хлопча, ды злаві нам сёння якога карася, а мы з Рыцынам будзем цябе чакаць.

Спіканон пакорліва ўстаў і выйшаў за дзверы. Лясное возера прываблівала сваёй таемнасцю. Яно было бязмоўным, але ў той жа самы момант давала саламянаму голему

нейкія знакі, якія той ніколі не мог дакладна расшыфраваць. Пляск вады, палёт матыля над чаротам, сакатанне невядомых насякомых у пясчаным кар’еры, — усё гэта жыло суцэльным арганізмам, і Спіканон заўжды з павагай адносіўся да возера, як да роўнага з сабою суразмоўцы. Але на гэты раз з возерам адбылося штосьці новае.

На процілеглым баку берага стаяла чалавечая постаць. Дзяўчына. Голем бачыў яе кучаравую светлую галаву і чырвоныя каралі на шыі.

На сукенцы вышыты кветкі: валошкі, гартэнзіі, касач і цюльпаны, — усе сплятаюцца між сабой унізе і чароўна прарастаюць вышэй. Яна не бачыла яго, займалася нечым са збанком у руках каля самай вады, магчыма, спрабавала вылавіць прыбярэжных малькоў. Спіканон прайшоў ускрай берага зусім бясшумна і спыніўся за некалькі крокаў ад яе. Ён упершыню бачыў чужынку так блізка.

Мейстар засцерагаў голема ад кантактаў з людзьмі. Яны неслі небяспеку адным толькі сваім існаваннем і маглі пашкодзіць. Знахар прадказваў, што аднойчы людзі дабяруцца да вежы і паспрабуюць знішчыць яе, як вада знішчае хаткі мясцовых жывёл падчас паводкі. Спіканон не мог уявіць, што гэтае боскае стварэнне здольнае на такое. Нечакана яна павярнула галаву і ўскрыкнула ад жаху, павалілася на зямлю.

— Не бойся. Я цябе не пакрыўджу. — Спіканон рабіў усе магчымыя высілкі, каб падацца больш бяспечным для яе, але голас яго заставаўся ўсё такім жа манатонным, як і заўжды.

— Што ты такое?! — крычала дзяўчына, спрабуючы адначасова падняцца і адпаўзці далей.

— Я — голем, канструкт, стварэнне Мейстара Цырмана. Не бойся. Калі б я сапраўды жадаў за біць цябе, то ўжо мог бы зрабіць гэта раней.

Дзяўчына змоўкла. Яна дрыжэла ад нечаканасці і спалоху, спрабуючы лепш ацаніць суразмоўцу. На дзіва, голем выглядаў вельмі прывабна: апрануты ў зялёную кашулю і саламяную шляпу, — строй па апошняй модзе, як звычайна апранаюцца ў гарадах. Твар мілавідны, складаны, створаны з безлічы маленькіх саломінак, у якія можна было доўга ўзірацца. Ён не выглядаў на звычайную саламяную ляльку, а быў напоўнены чалавечай прыгажосцю і натуральнасцю, такую дзяўчына бачыла толькі аднойчы на старонцы каштоўнай бацькавай кнігі пра невядомую ёй краіну. Яе позірк ссунуўся ўніз, праз ільняныя цёмна-рудыя штаны да самых ступняў. Голем быў босы. Яго ногі толькі нагадвалі чалавечыя, а па-сапраўднаму не былі настолькі ж натуральна паўтораны, як само аблічча зверху. І яна зноў зніякавела.

— Як цябе завуць? — спытаў голем, тым самым зноў падахвоціў яе да таго, каб паглядзець у яго вочы, вымазаныя ў блакітную фарбу.

— Зіна, — нязграбна адказала дзяўчына і дабавіла: — А ў цябе таксама ёсць імя?

— Імя маё Спіканон. Уставай, я сапраўды не збіраюся цябе чапаць.

З гэтымі словамі голем працягнуў Зіне сваю сухарлявую, але моцн ую руку. Яна ўхапілася за руку і змагла падняцца, Спіканон дапамог дзяўчыне працерці сукенку ад пылу і пяску, стрэсці іх з прыгожых кветак на тканіне. У гэты момант голем знаходзіўся твар у твар з ёй, ён стараўся запомніць вобраз, прачытаць усе асаблівасці знешнасці. Блакіт вачэй, прамяні каштанавых брывоў, сузор’е рабацінак на пераноссі і пад вачамі, — усё разам прыцягвала ўвагу, як выдатны пейзаж. Чырвоныя каралі на шыі адцянялі прыгажосць яе твару, акрэслівалі яе натуру.

— Што табе тут патрэбна? — папытаў Спіканон.

— Ды вось, прыйшла адпачыць троху ад хатніх спраў, а разам з тым хацела б налавіць малькоў для свайго катка Пятрушы. Ён вялікі ласун.

Зіна змоўкла, аб чымсьці задумалася, гледзячы на голема, а затым дадала:

— А ў цябе ёсць нейкая хатняя жывёла?

— Нельга сказаць, што ў мяне і што гэта жывёла, бо ён такі ж самы канструкт, як і я. Але ў Мейстара ёсць сабака па мянушцы Рыцын, — Спіканон адказваў вельмі дакладна і канкрэтна, каб нічога не перашкаджала дзяўчыне атрымаць прыдатны адказ на яе пытанне.

Зіна ўсміхнулася і развяла рукамі:

— Ах, каты ніколі не ладзяць з сабакамі. Паміж імі заўжды ёсць нейкія спрэчкі і нязгоды, якія цягнуцца з заснавання Сусвету — мне так бацька расказваў.

— А хто твой бацька? Навуковец ці чарадзей?

— Не, стараста нашай вёскі, — рассмяялася дзяўчына, і шчокі яе наліліся ружовасцю, — у яе назва яшчэ такая — Коні. І бацьку заў жды называюць за гэта вершнікам, як бы жартуюць. Але ён праўда добры кіроўца, хаця і надта строгі.

— Калі лічыць майго Мейстара бацькам, то ён не строгі. Ён толькі клапоціцца пра нас з Рыцынам, бо мы яго адзіныя ўдалыя стварэнні пасля дзясяткаў абыякавых гамункулусаў. Я нават бачыў аднаго такога ў слоіку каля ложка Мейстара, калі прыбіраў пакой. Ён быў нежывы.

— Жах які! — Зіна зморшчылася і перавяла погляд на возера, у якім пляскаліся малькі.

— Давай я дапамагу табе злавіць іх, — прапанаваў голем, і дзяўчына кіўнула ў знак згоды.

Спіканон закасаў калошы на нагах і асцярожна палез у ваду. Малькі як бы не адчувалі яго прысутнасці і нядбала гойдаліся паміж яго шчыкалаткамі. Голем браў іх рукамі так проста, быццам суніцы з куста ў самы ягадны летні сезон, і складаў іх у Зінін збанок.

— Ну ўсё, дастаткова! — пасміхаючыся, спыніла яго Зіна. — Хопіць Пятрушу, а то аб’есца і не захоча з хаты выходзіць. Дзякуй!

Спіканон вылез на бераг і перадаў дзяўчыне збанок, напоўнены малькамі. Яго ногі прамоклі і размяклі, але голем працягваў непахісна на іх стаяць.

— Я вельмі спужалася цябе спачатку, Спіканон, але ты аказаўся нядрэнным ча… — Яна зноў зазірнула ў яго намаляваныя блакітныя вочы. — Нядрэнным суразмоўцам! Я папытаюся дазволу ў бацькі, тады, магчыма, ты зможаш прыйсці да нас у госці, калі пажадаеш.

— Прыемна. А куды трэба будзе ісці?

— Вось ад гэтага возера па прамой, — Зіна дапамагала сабе рукамі, паказваючы накірунак, — і тады завярнуць налева, пакуль не ўбачыш царкву, а за ёй мая хата. Але не прыходзь проста так. Я пакіну на гэтым месцы запіску, калі бацька дазволіць табе прыйсці альбо не.

— Дамовіліся.

На развітанне прыгажуня абшчапіла Спіканона і прытулілася да яго саламянага цела. Ад нечаканасці голем нават хіснуўся і збянтэжыўся, ледзь змог утрымацца на нагах. Дзяўчына адчула пах саломы з дзяцінства, калі яна гуляла ў пуні і валялася на мяккіх цюках сена. Адчуванне было прыемным і пяшчотным.

Вяртаючыся да вежы з забітым карасём у руках, Спіканон упершыню ў жыцці адчуваў у сабе нейкае незразумелае пачуццё. Яно сыхо дзіла аднекуль з грудзей і напаўняла яго натуральна цяплом, якое ён не адчуваў, калі дакранаўся да гарачага мяса з печы. Цяпло пульсавала ў ім і закранала кожную саломінку, кожны пучок травінак яго саламянага сэрца.

III. Размова

Зіна вярталася дамоў ва ўзнёслым настроі ад сустрэчы з големам. Яна зайшла ў вёску, павіталася са знаёмымі жанчынамі, перахрысцілася каля царквы і пакланілася ёй, высыпала на ганку злоўленых малькоў і па клікала Пятрушу. Дымчата-шэры кот вылез аднекуль з-за вугла і, задаволена муркаючы, прыняўся за ласунак.

Зіна зайшла ў хату. Гасціная, як і заўжды, стракацела рознымі каштоўнасцямі накшталт саматканых паясоў і ручнікоў на камодзе, квяцістага дывана на падлозе, а таксама калекцыі стэкаў для коней, якія ганарова былі развешаны на дошцы каля бацькавага пакоя.

— А, прыйшла нарэшце! — данёсся звонкі мужчынскі голас. — Ну і дзе ж ты была паўдня, нават не паснедаўшы?

— Тата, я толькі на возера схадзі ла па рыбак, — няёмка адказвала дзяўчына, — сустрэла там хлопца, ён мне дапамог налавіць…

— Хлопца?! — голас набліжаўся. — Ён з нашай вёскі?

— Не… Дакладна не, тата… З процілеглага боку лесу.

— Ах, вось яно што! — з дзвярэй паказаўся Базыль — бацька Зіны. Мужчына з калючай малой барадой, месцамі ссівелай. Чорныя бровы яго былі ўжо нахмуранымі і цяжка налягалі на павекі. Аблыселую галаву прыкрывала барвяная папаха, а нема ладое цела — шарсцяны кажух с прышпіленым медалём. Зіна зразумела, што бацька толькі нядаўна вярнуўся з раённага савета і яшчэ не паспеў пераапрануцца.

— Тата, ён добры аказаўся. Завуць Спіканон. Добры ветлівы хлопец. Можна ён прыйдзе да нас у госці?

— Ты зусім звар’яцела, дачка, як твая маці? — Базыль перайшоў на крык. — А ты ведаеш, хто жыве на тым баку? Я табе скажу — чарнакніжнік Цырман, які крадзе нашых навароджаных дзяцей і саджае іх у заспіртаваныя слоікі сабе на пацеху. І няма ў Цырмана ніякіх добрых хлопцаў, толькі ўсялякія інструменты для атруты, мардавання і гвалту — вось чаго ён жадае для нашай вёскі. І каб пасля гэтага я дазваляў табе бачыцца з гэтым вырадкам?! Як ты там кажаш?

— Спіканон, тата! — выціснула праз сілу Зіна, стрымліваючы слёзы. — Ты паслухай, што гэта ўвогуле?! Ці гэта сапраўднае мужчынскае імя? — стараста канчаткова разлютаваўся і выхапіў адзін са стэкаў. — Распранайся!

Зіна залілася слязьмі. З вялікімі высілкамі яна сцягнула праз галаву сваю прыгожую, у кветках сукенку і кінула яе на зямлю, чакаючы пакарання ад Базыля ў адной бялізне. Першы ўдар прыйшоўся па яе правай руцэ каля пляча, і дзяўчына ўскрыкнула ад болю. Затым россыпам панесліся новыя ўдары. Праз плач Зіна спрабавала прасіць у бацькі прабачэння, маліла яго перастаць, але яе прыгожае белае цела працягвала атрымоўваць пякучы боль з кожным новым ударам. Зіне ўдавалася толькі інстынктыўна прыкрываць рукамі свой прыгожы твар, у якім голем разгледзеў пейзаж. Што б ён мог убачыць у ім зараз?

Зіна праляжала ў слязах дзве, а можа і тры гадзіны. Дзяўчына працягвала, усхліпваючы, стагнаць і дрыжэць. Яна ляжала ў сваім пакоі, і твар яе быў напалову ўтоплены ў мокрую падушку. У галаве роіліся супярэчлівыя думкі, якія ні ў што не выцякалі — толькі перамешваліся і ссыпаліся адна з адной, як бруд з пяском. Але ўсё ж нешта ўдалося выхапіць з гэтага бруду. Зіна выхапіла яе навобмацак, нягледзячы, куды працягвае рукі. Вось што яна злавіла: прыгожыя блакітныя вочы нечалавечай істоты, складаны твар і цела з пахам свежага сена. Верагодна, яна больш ніколі не стрэнецца са Спіканонам, але цяпер Зіна адчула, як моцна закахалася ў яго. Трэба было б усё роўна занесці пісьмо з адмовай да возера. Каб ён ведаў. І разумеў. Але гэтага кахання не павінна было быць. Яно няправільнае. Бацька ўжо выбраў ёй выбранніка: Ганчарова Уладзіка, сына заможных бацькоў з суседскай вёскі, і яны ўжо прыязджалі дамаўляцца наконт вянчання.

Зіна перастала ўсхліпваць, сцішылася і нацягнула на плечы посцілку. Бацька ж увесь час стараўся для яе, шкадаваў, рабіў усё для лепшага і нябеднага жыцця. Яна разумела, што ён любіць яе, што гэта неабходна, каб былі заўжды ахова і парадак, і гэта тычыцца як хаты, так і ўсёй вёскі. Бо калі парадку не будзе ва ўласнай хаце, то што ж тады станецца з іншымі хатамі, з людзьмі, з царквой? Зіна перавярнулася на спіну, намацала пальцамі чырвоныя каралі на шыі. Базыль ніколі не шкадаваў для дачкі ніякіх сродкаў, абы толькі яна была шчаслівай і радавалася свайму жыццю. Што ж з ёй здарылася?

— Зіна, хадзі вячэраць! — пачула яна родны звонкі голас. — Досыць табе ўжо.

Дзяўчына хутка злезла з ложка, апранулася ў хатняе адзенне і выйшла да бацькі на кухню. Базыль па-гаспадарску ліў у драўляныя кубкі гарачае малако, а з патэльні, якая ўжо была на стале, ветліва пазірала на Зіну смажаная яечня з каўбасой. Зіна села за стол і з прагным апетытам пачала есці.

— Ой, дачка мая… — Стараста сеў насупраць і ўзяў у левую руку кубак з малаком: — Не дам я цябе гэтым зладзеям на разарванне. Ніякія іх злыя насланні не нашкодзяць табе, чуеш мяне?

— Дзякуй, тата, — расчулена адказала Зіна.

— Я адпраўлю да гэтага подлага чарнакніжніка Цырмана нашых дужых мужыкоў. Яны з ім расправяцца і з яго хеўрай.

Зіне стала крыху не па сабе, было складана праглынуць кавалак стравы, што стаяла ў горле. Яна ўзяла ў рукі кубак і амаль цалкам выпіла ўсё малако.

IV. Развітанне

Тым часам Мейстар Цырман задаволена смакаваў кожны кавалачак выдатна прыгатаванага карася, пакуль Рыцын гуляў каля яго ног з адрэзанай рыбнай галавой, а Спіканон праціраў пыл з насценных карцін. Голем загледзеўся на адну: на ёй былі намаляваны маладыя, якія ехалі ў карэце, і іх твары знаходзіліся зусім блізка адзін да аднаго, як быццам яны шапталіся вуснамі да вуснаў.

— Мейстар Цырман, можна папытаць, а што вось гэтыя людзі робяць на карціне?

Чараўнік спыніўся есці, занесены кавалак падсмажанай рыбы застыў у паветры. Мейстар азірнуўся на сваё стварэнне:

— Ты ніколі раней не звяртаў на яе ўвагі, Спіканон. Штосьці адбылося?

— Проста адкрыў яе для сябе. Ніколі не ўглядаўся так зблізку.

— Ты пытаеш, што яны робяць? — Чараўнік устаў з-за стала і падышоў да Спіканона, каб лепш разгледзець карціну. — О, Спіканон, яны кахаюць адзін аднаго. Вось гэта яшчэ адно непатрэбнае адчуванне, ад якога я цябе пазбавіў, калі ўкладаў у твой нежывы рот паперку з ажыўляльнымі словамі.

— Праз што яно непатрэбнае?

— Ты вельмі няўцямны, мой хлопча, але я скажу табе. Акрамя мяне на свеце жыў яшчэ адзін вельмі значны Мейстар і паважаны філосаф па прозвішчы Дэкарт. І ён вывеў самую дакладную ідэю: усе зямныя з’явы і стварэнні не што іншае, як механізмы. Набор простых звёнаў, якія ствараюць у суцэльнасці складаны аб’ект. Зірні вось на гэтую карэту, — Цырман правёў доўгім указальным пальцам па колах і восі між імі, — карэта не можа ехаць без кожнага з колаў, а колы не павязуць гэтых дурных істот без восі, калі ім будзе няма за што зачапіцца. І менавіта па гэтым прынцыпе я стварыў цябе, Спіканон. Ты сатканы з тысяч розных каласоў і бадыля, якія самі па сабе не азначаюць нічога, а ўсе ра зам ствараюць маё найлепшае вынаходніцтва! І вось уяві сабе, што да гэтай карэты нехта вырашыў дадаць яшчэ некалькі балтоў па перыметры кузава або падфарбаваць шкло ў вясёлкавы колер — гэта бязглуздзіца. І людзі называюць яе каханнем.

— А што яны адчуваюць, калі кахаюць?

— Не злуй мяне. Гэта бессэнсоўныя пытанні, Спіканон, табе не абавязкова ведаць адказы на іх. Тым больш калі ты нават не адчуваеш агню пекла пры гатаванні стравы, то што ўжо казаць пра такое невыяўнае пачуццё, як каханне?

— Але, Мейстар, сёння я ўпершыню пачуў унутры сябе нешта, аднак я не магу зразумець, чаму і адкуль яно ўзялося.

— Гэта проста немагчыма, мой хлопча, — адрэзаў чараўнік. — Ты — механізм і не можаш быць іншым. У тваёй прыродзе такога ніколі не будзе.

З гэтымі словамі Цырман вярнуўся да стала, рэшткі вячэры вытрас на падлогу да Рыцына, які з захапленнем узяўся жваць і віляць сваім сплеценым у касу хвастом. Чараўнік падняўся да сябе, не кажучы ні слова, і Спіканону стала неяк няёмка ад таго, што яго размова з Мейстарам так і не наладзілася.

Цямнела. Голем праводзіў апошнія некалькі гадзін у думках і разважаннях, якія не краналі яго дагэтуль. Пакоі былі ўжо добра прыбраны, і заставалася толькі ўсесціся разам з Рыцынам і марнатраўна бавіць час на першым паверсе вежы, пакуль не прачнецца Мейстар і не дасць новае заданне на дзень. Спіканону не хацелася знаходзіцца тут, яго цягнула да возера. Пачасаўшы галаву шчанюка, голем выйшаў за дзверы і асцярожна спусціўся па прыступках уніз. У яго не было асаблівых спадзяванняў наконт Зіны, яны бачыліся толькі адзін раз, проста, магчыма, яна б магла дапамагчы яму зразумець гэтае адчуванне з чалавечага погляду. Мейстар быў таксама чалавекам, але ўсімі намаганнямі ён стараўся схаваць гэтую хібу ў сабе ці хоць аддаліць яе на другі план.

Ноччу лес быў зусім непадобны да таго, якім яго ведаў Спіканон падчас рыбалкі ці палявання на звера. Здалёк даносіўся непрыемны роў дзікіх жывёл, свяцілі рудыя агні, ногі спутвала слізкае карэнне, а над галавой праносіліся крумкачы. Спіканон працягваў ісці, бо ў яго не было адчування страху. Яго вяло толькі гэтае незразумелае адчуванне цяпла ўнутры, якое пачынала пульсаваць тым мацней, чым бліжэй ён падыходзіў да возера. Паступова чорных дрэў на шляху станавілася ўсё менш, і голем выйшаў на паляну каля возера.

Сонную цішыню гэтага месца парушала толькі стракатанне насякомых. Вада стаяла нерухома і нагадвала люстэрка, што адбівала зорнае неба. На другім беразе Спіканон убачыў палку, моцна ўткнутую ў зямлю, на якой была прымацавана нейкая паперка і віселі прыгожыя чырвоныя каралі. Спіканон прайшоў ускрай берага і адной рукой зняў каралі, а другой запіску. Канешне, пісьмо было адрасавана яму.

«Мы не зможам больш сустрэцца з табой, Спіканон. Тата не дазволіў».

Пульсацыя ў целе змянілася рэзкім болем. Што гэта ўвогуле? З ім штосьці не так? Чаму ён адчуў боль, калі нават не быў пакалечаны? Спіканон мацней сціснуў каралі і паглядзеў у цёмную бездань глухога лесу, куды адыходзіла Зіна падчас іх першай сустрэчы. Спіканону не заставалася больш нічога, акрамя таго, каб вярнуцца назад.

Амаль выбраўшыся з лесу, Спіканон затаіўся. Нейкія істоты стаялі каля вежы, трымаючы ў руках факелы і сякеры. Іх было чацвёра, і самы меншы, у бура-зялёнай накідцы, скамандаваў ламаць дзверы. Бандыты пачалі з усяго размаху секчы драўляныя дзверы сякерамі, вострыя кліны ўпіваліся ў дошкі і вынырвалі з трэскамі і часткамі драўніны. Унутры забрахаў шчанюк, на трэцім паверсе загарэлася святло. З акна выглянуў Цырман і грозна закрычаў:

— Што вам, ідыётам, ад мяне патрэбна?! Што вы сюды лезеце?

— Нас сюды прыслаў стараста Базыль, бо абрыдла ўжо нашай вёсцы цярпець тваё існаванне, чарнакніжнік! — з не меншай пагрозай адказаў кіраўнік у накідцы, размахваючы над галавой факелам.

Рэзка яго галаву абхапіў нехта ззаду і з адметным хрустам звярнуў разбойніку шыю. У той жа момант астатнія тры чалавекі зламалі дзверы і прарваліся ўнутр, дзе на іх выскачыў раззлаваны Рыцын. Шчанюк наскочыў на твар самага першага і пакусаў яго сваімі наточанымі клыкамі. Другі бандыт паспрабаваў адняць Рыцына, але Спіканон падабраўся да яго і моцным ударам адправіў на падлогу ў беспрытомнасці, затым падхапіў яго факел і пачаў біць ім трэцяга бандыта, пакуль той праз гвалт і брудныя словы не памёр ад болевага шоку.

Па лесвіцы спусціўся Мейстар Цырман і бегла прааналізаваў сітуацыю.

— Дзеткі мае, з вамі ўсё ў парадку? — занепакоена спытаў ён.

Pulsuz fraqment bitdi.

Yaş həddi:
16+
Litresdə buraxılış tarixi:
22 oktyabr 2026
Yazılma tarixi:
2026
Həcm:
70 səh. 1 illustrasiya
Müəllif hüququ sahibi:
Автор
Yükləmə formatı:

Oxşar kitablar