Kitabı oxu: «Валошкі на Замкавай гары»
Наталля Карповіч
Аповесць.
Валошкі на Замкавай гары.
Частка 1. Пачатак.
Андрусь сядзеў на валуне самай высокай гары наваколля, якая мела назву - Вялікая. Ён любіў прыходзіць сюды, мог гадзінамі сядзець і назіраць з вышыні за краявідамі. Сэрца яго перапаўнялася радасцю і шчасцем ад свядомасці, што ён чалавек, які жыве ў прыгожым міры і адчувае сябе часткай вялікага космаса. Але разам з тым, мае і свой надзейны космас, які складаецца з яго сям’і - жонкі Марты і трох дачок: Зоські, Адэлькі і Стэфкі. Мае сваю хату, якую з дапамогай бацькі і шматлікіх сваякоў пабудаваў перад жаніцьбай. Рабілі яго шчаслівым і ўпэўненым у будучыні і добрыя адносіны з людзьмі. Месца, дзе яны пражывалі было размешчана паміж дзьвюх рэчак: вялікага Нёмана і вытокаў рэчкі Валоўкі. Мясцовасць была выдатнай для жыцця. Тут былі: і лясы, і палі, і балоты, выгулы для жывёл і шмат азёраў. Менавіта ў гэтай мясцовасці і жыло племя лютаў. Люты адрозніваліся ад іншых плямёнаў Нёманскага краю. Яны былі дабразычлівымі і працавітымі. Люты навучыліся жыць разам і разам з тым асобна сваімі сем’ямі. На характар лютаў уплывалі прыгожыя краявідамі навокал. Ну ці можа чалавек быць не радасным і не шчаслівым, калі такая прыгажосць вакол. Асаблівай увагі заслугоўвалі палявыя кветкі. Тут табе і: гарлачыкі, і рамонкі, і люцікі, і пралескі, і першацвет, і кісліца, і макі. А сонечныя дзьмухаўцы, а чабор, а ландышы і шмат яшчэ кветак, якіх не пералічыць, радуюць вока і такія мілыя сэрцу. Але Андрусю найбольш падабаліся валошкі, якіх шмат было акурат на ўлюбёнай гары. Валошкі для Андруся ўвасаблялі сабой колер чыстага неба, празрыстай сіні рэк і зялёнай травы. Яны выклікалі самыя светлыя пачуцці.
Па праўдзе імя Андрусь было яму не родным, а прыстала да яго з дзяцінства. Але Андрусю падабалася, было гучным. А сапраўднае яго імя было Мендог, падобнае да імя бацькі, які зваўся Меўкольд. Бацька спачатку крыўдаваў, але з цягам часу змірыўся. Андруся вельмі паважалі ва ўсім наваколлі і прыслухоўваліся да яго. Андрусь адмыслова нічога для гэтага не рабіў, але яму было ганарова, што людзі з павагай да яго ставяцца і падпарадкоўваюцца яму.
З валуна Вялікай гары, Андрусь мог бачыць амаль усё вакол. Найбольшую ўвагу прыцягвалі горы: Лысая і Святая. Асабліва цікавіла Святая гара. Там было свяцілішча. Люты прыходзілі маліцца багам, а асабліва богу Пяруну, якога лічылі галоўным. На гары рос дуб і быў камень, ці валун незвычайнай формы, якому пакланяліся. Валун быў абвязаны белым рушніком з вышытымі на ім старадаўнімі сімваламі сонца, дабрабыту і ураджаю. Перад валуном было невялікае вогнішча, там заўсёды гарэў агонь. Абараняў гэтае месца знахар, ці калдун Саўка. Ён невядома адкуль узяўся і невядома колькі было яму гадоў. Саўка быў поўны, мажны, з доўгімі чорнымі валасамі. Жыў калдун не на самой Святой гары, а ў яе падножжа.
А на Лысай гары не раслі дрэвы і трава была выцьвітшая, як апаленая. Узбіраліся на яе толькі самыя адчайныя хлопцы і хоць з імі нічога дрэннага потым не рабілася, але да Лысай гары ставіліся з апаскай.
Апошнім часам Андрусь пачаў адчуваць невытлумачальную трывогу. Усё было добра і непакоіцца не было чаго, але прыгнятала пачуццё прыбліжэння нечага невядомага і страшнага. Паддавалі трывогі і паводзіны калдуна. Ён маліўся, з заклапочанасцю і трывогай паглядаў на неба.
І калі Андрусь ужо збіраўся сыходзіць з Вялікай гары, пачалося. Спачатку выразна адчуўся нейкі незвычайны гул, як быццам тысячы буслоў шэпкам клякочуць. Потым у небе з’явіліся агні, а дакладней круглай формы незразумелыя аб’екты, якія набліжаліся і павялічваліся ў памерах. Нічога падобнага ў сваім жыцці Андрусь не бачыў. На нейкую хвіліну Андрусь падумаў, што гэта набліжаецца сам бог Пярун. Але бог Пярун, па ўяўленню лютаў ездзіў па небу на вогненым залатым вазку, запрэжаным крылатымі рысакамі. Хаця чаго Пяруну прылятаць, ахвяры богу люты спраўна прыносяць, святы агонь увесь час гарыць. Аб’екты набліжаліся і стала зразумела, што гэта не бог Пярун, а нешта зусім іншае. Андрусь ускочыў з валуна, на якім сядзеў, але застаўся нерухома стаяць. Бачыў Святую гару і калдуна, які спачатку моцна званіў у звон адмысловым сігналам трывогі. А потым, распластаўшыся на зямлі, маліўся. Толькі праз некалькі хвілін Андрусь апамятаўся і яго ахапіў страх, але не за сябе, а за Марту, за дачок і за ўсіх лютаў. Спрацаваў генетычны код лютаў, мужчына павінен бараніць сваіх родных і свой край ад ворагаў. А гэта відавочна былі ворагі, толькі пакуль незразумелыя. Андрусь кулём скаціўся з Вялікай гары і стрымгалоў паімчаўся да сваіх. Людзі пачулі трывожны звон калдуна і хоць вартавыя званы, размешчаныя з усіх бакоў маўчалі, ўсе пачалі дзейнічаць складна і хутка па вякамі ўсталяваных правілах. Жанчыны і дзеці хуценька збіраюцца, бяруць з сабой цёплую вопратку і запас хлеба, які заўсёды ў кошыках трымаюць у чырвоным куце. Абавязкова бяруць адмыслова сплецены абутак - лыжвы, каб хадзіць па балотам. Іх плялі з тонкай лазы, рабілі сетачкай, упляталі шырокія лісты адмысловых траў, каб не прамакалі і не давалі магчымасці дрыгве засмактаць. Лыжвы рабілі большымі па памеры з скуранымі завязкамі. Абувалі толькі тады, калі ўжо прыбягалі да адмысловай сцежкі, каб па ёй дабрацца да выратавальнай выспы на Чорным балоце. Балотаў вакол было шмат, але для хованак выбралі самае вялікае. На выспе было ўсё загадзя падрыхтавана: пабудаваны хаткі, каб схавацца ў непагадзь, вырыты ў адмысловых ямах месцы для вогнішчаў, каб прыгатаваць ежу. І галоўнае - на выспе Чорнага балота была крыніца.
Хто ў час нападу быў бліжэй да паселішчаў дапамагаў жанчынам і дзецям пераправіцца на выспу Чорнага балота, а ўсе астатнія збіраліся каля схованык зброі. Узброіўшыся, ваяры шыхтаваліся і выходзілі насустрач ворагу. Кіраваў усім Андрусь. Ён мог імгненна прыняць правільнае рашэнне, каб акружыць і знішчыць ворагаў. Калі рашэнне па стратэгіі бітвы было прынята, Андрусь і сам вельмі мужна біўся. Рэдка хто адважваўся нападаць на лютаў, бо далёка разнеслася слава пра ваяроў лютаў. У паўсядзённым жыцці люты вельмі лагодныя, дабразычлівыя, спакойныя, працавітыя, любяць гандляваць, файна спяваюць і таньчаць, жыццялюбы. Але калі нападаюць захопнікі, люты ператвараюцца ў грозных ваяроў, становяцца лютымі да ворагаў. Маюць неверагодную моц мужнасці і лютасці, не знаюць стомы, пакуль не заб’юць апошняга ворага.
Андрусь імчаўся да сваёй хаты, хаця быў упэўнены, што Марта зробіць усё правільна і своечасова. Андрусю вельмі пашчасціла з жонкай. Такога кахання, калі дыхаць цяжка, захоплівае дух і сэрца лётае недзе ў паветры, ў Андруся з Мартай не было. Было хутчэй сяброўства і глыбокі давер і павага. Як быццам дзве паловы аднаго чалавека. Адно было дрэнна і спачатку вельмі непакоіла Андруся, Марта не нарадзіла сына, а толькі дачок. Што яна толькі не рабіла: і малілася, і піла адмысловыя загавораныя напоі, і нават ноччу на працягу трох дзён хадзіла ў доўгай і шырокай спадніцы на Святую гару. Там трэба было сядаць на валун, спадніцай пакрываць яго і маліцца. Але нічога не дапамагала, нараджаліся выключна дзяўчынкі. І Андрусь змірыўся, узяў прыклад са свайго бацькі, які змірыўся з імем Андрусь. Дзяўчыны, вядома, лепш па хатніх справах, але былі выпадкі з жыцця, калі ваяры слабелі ў баю і на дапамогу прыходзілі жанчыны і разам перамагалі. Андрусь ужо з маленства вучыў сваіх дачок ваеннай справе. Найлепш атрымлівалася ў малодшай Стэфкі, яна мела ваярскі талент.
Андрусь прыбег да сваёй хаты і ўбачыў Марту з дзяўчынкамі з кошыкамі хлеба і з лыжвамі, гатовымі ўцякаць. Марта з дзецьмі і з іншымі кабетамі пабеглі ў бок Чорнага балота. А Андрусь заскочыў у хату, на галаву насунуў шапку, якая належала Андрусю па агульнаму рашэнню лютаў, як галоўнаму ваяру. У шапцы быў ушыты янтарны камень і на ёй красавалася арлінае пяро. І хутка пашыбаваў да галоўнага збора ваяроў недалёка ад вытокаў рэчкі Валоўкі. Там ужо амаль усе сабраліся і былі гатовыя да бою. Праўда былі разгубленыя, таму што акрамя Андруся ніхто ворага не бачыў. Андрусь патлумачыў, што гэтым разам вораг прыйшоў з неба і прыляцеў на бліскучых круглых чоўнах, ці талерках. Многія не паверылі і не дзіва ў такое паверыць. Андрусь прапанаваў ісці на выведку з дабраахвотнікамі. Такіх назбіралася восемь чалавек, разам з Андрусём рушылі асцярожна. Тое, што ўбачылі, павергла ўсіх у шок, некаторыя шчыпалі сябе, не верылі сваім вачам. Дзве вялікія бліскучыя круглыя талеркі, падсвечаныя знізу агеньчыкамі бязгучна завіслі над Вялікай гарой і Лысай гарой. На Лысай гары нешта рабілі дзве істоты. Яны былі як быццам людзі, але вельмі высокія, мелі вялікія галовы, вялікія вочы. Адзін дайшоў да сярэдзіны Лысай гары, нечым тыркнуў у паверхню гары і відаць застаўся задаволёным, бо падняў галаву, падаў рукой знак і талеркі прыйшлі ў рух. Пачалі апускацца на Лысую гару. Пасля прызямлення талерак, агеньчыкі згаслі, адчыніліся дзверы, неяк дзіўна самыя ў сабе і з кожнай з іх выйшлі істоты, такія ж як тыя двое, што стаялі на Лысай гары. Уразіла аддзенне, выглядала як шэрая бліскучая скура. Трымалі ў руках некалькі скрыначак, з адных наводзілі прамяні света на Святую гару, а ў другія бліскучыя скрыначкі глядзелі і нешта адмяркоўвалі. У нейкі момант Андрусь паглядзеў на Святую гару і аслупянеў ад убачанага, ажно мароз па скуры пайшоў. Святая гара была, але на ёй больш нічога не было. Знік вялікі дуб і святы валун, і званы і сам калдун. Андрусь падумаў, што калі істоты з неба перамаглі нашага бога Пяруна, дык можа яны і самыя богі. А істоты ўжо перамясціліся на Вялікую гару, прычым яны маглі падымацца і перамяшчацца, націскаючы нейкія гузікі ў сабе на скуры. Выкарыстоўвалі прылады, як быццам светавыя промні магутнай сілы. Адны на Вялікай гары рабілі ямы, ці глубокія раўчакі ў трох месцах: вялікія і шырокія па цэнтру і малыя з дзвюх бакоў. Другія магутнымі светавымі промнямі разрэзвалі Святую гару на кавалкі, як быццам нажом рэзалі сыр. Трэція гэтыя кавалкі рабілі гладкімі і роўнымі. А чацвертыя пераносілі па паветры апрацаваныя кавалкі Святой гары і укладвалі іх у падрыхтаваныя раўчакі. Прычым выглядала, што валуны самыя перамяшчаліся па паветры. Стала зразумела, што істоты будуюць нешта з камянёў на Вялікай гары. Спачатку укладвалі вялікія кавалкі валуноў - гэта быў падмурак, потым меньшыя - гэта сцены, а дах зрабілі таксама з камянёў, але выпільвалі доўгія роўныя каменныя пласціны, як дошкі. Камяні былі раўнюткімі і выдатна падганяліся адзін да аднаго. Праз нейкі час істоты пабудавалі тры каменныя будынкі. Адзін вялікі на сярэдзіне Вялікай гары, які і заняў большую частку. Магчыма яны там збіраліся жыць. Дзве другія атрымаліся дзіўнай канструкцыі. Выглядалі як высокія каменныя слупы, тоўстыя ў нізе і вузкія ў версе з завостранымі бліскучымі пікамі, якія адразу пачалі ззяць і іскрыцца. Потым істоты перамясціліся ў каменны дом. Відаць пайшлі адпачываць. Людзі стаялі ў разгубленнасці і амаль у аняменні. Па загаду Андруся двое засталіся назіраць, а ўсе астатнія рушылі да ваяроў, якія чакалі вестак. Толькі адзін Андрусь змог нешта ўцямнае патлумачыць. Сказаў, што з неба з’явіліся дзіўныя і страшныя істоты, падобныя да людзей. Маюць сакрэтную і магутную зброю, якой могуць рэзаць камень і перасоўваць прадметы і самыя перасоўваюцца па паветры, як па зямлі. Могуць лётаць па паветры на сваіх чоўнах. Пакуль вялікай шкоды істоты не нарабілі, акрамя разбурэння Святой гары і недзе знік святар. Істоты знішчылі Святую гару, перамаглі бога Пяруна, яны знешне падобныя да людзей і разам з тым вельмі адрозніваюцца. Можа гэта не людзі, а самыя богі прыляцелі. Таму Андрусь прапанаваў не разыходзіцца і назіраць. Наступны дзень не прынёс яснасці, толькі ўмацоўвалася ўяўленне, што істоты богі. А адбывалася вось што. Істоты зайшлі ў свае чоўны і пачалі аблётваць наваколле. Рухаліся нізка і павольна. Як быццам аглядалі свае ўладанні. Вельмі часта прызямляліся, выходзілі з лодак і са сваіх скрыначак свяцілі промнямі ў зямлю. Спыніліся каля Чорнага балота. Спачатку свяцілі промнямі, а потым выпусцілі слуп віхру, які зрабіў глубокую яму ў балоце. І з гэтай ямы пачала біць фантанам чорная жыжа. Як быццам з Зямлі выпускалі кроў. Потым віхор закруцілі наадварот і яма знікла, балота зраўнялася, толькі на паверхні заставалася чорная і бліскуя пляма. Было відавочна, што істотам не спадабалася мясцовасць, былі незадаволеныя. Потым вярнуліся на Вялікую гару, дзе і заставаліся доўгі час.