Kitabı oxu: «З табой я дома. Кніга пра тое, як кахаць адно аднаго і заставацца вернымі сабе»

Şrift:

Дзецям: Назару і Веры. Для нас з татам вы заўсёды будзеце пра каханне


Фото Владимира Шатрова

© Примаченко О.В., текст, 2022

© Ракицкая Т., перевод на белорусский язык, 2025

© ООО «Издательство «Эксмо», 2025

А хто не палае, калі гаворыць пра каханне…

 
незакаханаму жыць нашмат прасцей,
чым таму, хто кахае:
 
 
глядзіць адкрыта, не патанае
ў маркотных спевах,
не знаходзіць у іх сябе;
 
 
у клубок скруціўшыся,
не просiць жаласна і бяссільна:
«пакахай мяне, пакахай»;
 
 
незакаханы лёгкі, гуллівы, вясёлы, прывабны;
незакаханы жартуе, спявае, паводзiць сябе нахабна,
 
 
у меру спіць і есць, лічыць свабоду
дарам, вышэйшым за ўсё.
 
 
незакаханы ідзе да нялюбага з белым сцягам.
так і жыве: браніраваны, куленепрабівальны;
 
 
незакаханы непаражальны і недасягальны,
пакуль не сустрэне
бліжэйшае моцнае пачуццё.
 
Ксенія Жалудова

Калі мне было крыху больш за дваццаць і я толькі-толькі выйшла замуж (першы раз), мне ў рукі трапіла кніга, якая перавярнула мае ўяўленні пра каханне. Дзіўна, але гэта быў не падручнік па сямейнай псіхалогіі і не мемуары, у якіх аўтар раскрывае сакрэты доўгага шчаслівага шлюбу. Гэта быў раман пра кар’еру, які ўслаўляў амбіцыйнасць, моцнае творчае эга і асабістую адказнасць, – «Крыніца» амерыканскай пісьменніцы і філосафа Айн Рэнд.

Менавіта там я сустрэла словы, якія мне моцна запомніліся: «Каб сказаць: “Я цябе кахаю”, – трэба навучыцца вымаўляць “я”»1.

Мне спатрэбілася шмат гадоў, каб зразумець навошта.

Калі ты юны, аб каханні ты маеш уяўленне ў асноўным з урокаў літаратуры, песень тыпу «адзінокі голуб на карнізе за акном» і музычных кліпаў. Медыякультура падае нам каханне як вечныя пакуты ў прыгожай абгортцы з эфектам драмы. Не маючы альтэрнатывы, засвойваеш менавіта гэта: каханне – не пра ціхую радасць, а пра «жарсна сварыцца, расставацца і вяртацца», і чым ярчэйшыя ў адносінах эмоцыі, тым больш яно «шчырае». І мы настолькі захапляемся сілай пачуццяў, напружаннем парываў, эфектнымі жэстамі, што губляем з поля зроку саміх сябе – са сваімі межамі, каштоўнасцямі і глыбіннымі патрэбнасцямі.

Аддаючы занадта шмат увагі паказному глянцу і эмацыянальнай мішуры, мы рэдка задаём сабе важнае пытанне: «Што гэтае каханне са мной робіць?» Якім чалавекам я станаўлюся ў гэтых стасунках? Што адбываецца з маімі марамі, жаданнямі і мэтамі? Якія задачы і выклікі паўстаюць перада мной – і як я на іх адказваю?..

І толькі з узростам і досведам пачынаем нешта разумець пра каханне. Напрыклад, тое, што ў «мы» з’яўляецца каштоўным кожнае «я». Кожны з нас – палова любых адносін, не чацвярцінка, не акрайчык.

Мы ўваходзім у каханне з паўнавартасным правам ствараць яго нараўне з партнёрам, далучаць да яго сваё бачанне «правільнасці» і прыгажосці, жывіць яго сваёй сілай.

Нездарма другі загаловак гэтай кнігі: «Як кахаць адно аднаго і заставацца вернымі сабе». Калі беззваротна згубіцца ў «мы», здрадзіўшы сабе і сваёй непадобнасці, то можна атрымаць усё што хочаш, акрамя кахання: ад эмацыянальнай залежнасці да поўнай страты сябе ў іншым.

Але што мы ведаем пра сваё «я» ў юнацтве? У лепшым выпадку – што яно ў нас ёсць, але яго ніхто не разумее.

Калі ты толькі-толькі вучышся кахаць, маючы ў запасе не вельмі шчаслівую бацькоўскую гісторыю і сумнеўныя павучанні сваякоў, то ўказальнікаў, з якімі можна звярацца ў дарозе, няма. Узрост малады, кар’ера толькі пачынаецца, думкі аб дзецях пужаюць, а бацькі па-ранейшаму бацькі – зазіраюць праз плячо, што ты там у сшытку сваім выводзіш, і незадаволена бурчаць, убачыўшы выпраўленні. Паступова накрывае ўсведамленнем сур’ёзнасці абставін: прывітанне, адказнасць; прывітанне, быт; прывітанне, сумныя дарослыя пытанні.

Мы сталеем, сутыкаемся з цяжкасцямі – і толькі тады пачынаем нешта разумець пра тое, чым з’яўляецца каханне менавіта для нас – вычышчанае ад шалупіння прыгожых карцінак і ілюзій.

Раз-пораз праходзячы праз складаныя пачуцці горычы, крыўды, смутку і расчаравання, мы ўсведамляем, што нам не падабаецца ў адносінах, і перастаём заплюшчваць на гэта вочы. Перастаём пераконваць сябе, што нам гэта толькі здаецца, што трэба яшчэ крышачку пацярпець – і атрымаецца змяніць партнёра, «перамагчы» яго слабасці сілай свайго кахання. Мы заўважаем свае адрозненні ад іншага, рознасць уяўленняў аб будучыні, несупадзенне ў марах і мэтах, часам – сексуальную несумяшчальнасць. Часта гэтыя адкрыцці непрыемныя і балючыя, але менавіта яны дапамагаюць нам даведацца, хто мы.

Вяртаючыся да думкі Айн Рэнд: «я» трэба навучыцца гаварыць, каб прыняць на сябе адказнасць за словы «Я цябе кахаю», сказаныя іншаму.

Калі ты ведаеш сябе, то ведаеш, што можаш прапанаваць партнёру, і не абяцаеш немагчымага, не цешыш яго марнымі надзеямі, не падманваеш і не хітруеш.

Калі ты ведаеш сябе, то ясна ўяўляеш, у чым можаш пайсці ў адносінах на кампраміс, ад чаго гатовы ў сабе адступіцца, а ад чаго не адмовішся ніколі – таму што гэта пра самае важнае ў табе, пра тваю сарцавіну.

Калі ты ведаеш сябе, то бачыш у каханні і вялікі дарунак, і ўдзячную працу, але ніяк не алтар, куды давядзецца прынесці ўсё самае каштоўнае – у чаканні, што ахвяру палічаць вартай і цябе не пакінуць.

Калі навучаешся гаварыць «я», то разумееш, што стаіць за словамі «Я цябе кахаю» – і наколькі дорага яны каштуюць.

Але ўсё гэта прыходзіць з часам – а калі вучышся кахаць, то рабіць глупствы і трапляць у няёмкае становішча не толькі можна, але і важна.

Бо калі не зрабіць крыва, калі не памыліцца ад усёй душы, не пашкадаваць потым, не сербануць горкага, то як можна нешта зразумець? Пра сябе, пра іншых, пра каханне? А ніяк. Толькі спрабуючы. Не ведаючы броду, лезці ў воду – нават калі страшна і матулька наказвала не хадзіць.

Таму што там, на другім беразе, мроіцца дом з высокім ганкам і разьбянымі аканіцамі, і здаецца, што менавіта ў ім душа знойдзе спакой. І гэтая вера такая вялікая і важная, што без яе не проста нельга – без яе немагчыма. Менавіта да гэтага дома мы ідзём, калі ступаем на дарогу кахання, – мы шукаем таго, каму зможам нарэшце сказаць: «З табой я дома».

Але, калі не ведаеш, што шукаеш, шлях становіцца бессэнсоўным. Памятаеце, як у дыялогу Чашырскага Ката і Алісы? Калі ўсё адно, куды хочацца трапіць, то тады і ўсё адно, куды ісці. І дом на другім беразе, той самы, з высокім ганкам і разьбянымі аканіцамі, застаецца тужліва стаяць і трухлець з цягам часу.

Таму галоўная мэта гэтай кнігі – дапамагчы вам асэнсаваць: да якога «дома» вы ідзяце? Пра якое ён каханне для вас? Пра якія адносіны?

Для мяне – пра тыя, у якіх не даводзіцца хавацца, блытаць сляды, прыкідвацца кімсьці іншым і трымаць абарону. Пра адносіны, у якіх не глядзіш партнёру ў рот, шукаючы ўхвалення, не амартызуеш сабой, не жывеш у пастаяннай трывозе. Не вылузваешся са скуры, імкнучыся кожны дзень быць найлепшай версіяй сябе, апраўдваць чаканні, не прад’яўляючы сваіх, – і не баішся абрыдзець і надакучыць.

Знайсці з кімсьці дом – не тое самае, што знайсці яго ў іншым чалавеку, прыйсці да яго з усімі сваімі клункамі і сказаць: «Што ж, душа мая, буду цяпер у табе жыць, павыганяю прэч усіх тваіх тараканаў, аздоблю вокны новымі фіранкамі». Не, «дом» – гэта дакладна не пра гвалт і спробы кагосьці пад сябе перарабіць.

Знайсці з кімсьці дом – значыць ведаць, што можна «проста, мудра жыць, глядзець на неба і маліцца Богу», разам старэць, слухаць, як падаюць яблыкі ў садзе, займацца каханнем і любімай справай. Саграваць адно аднаго цяплом, не згараючы дашчэнту, – але і не скнарнічаць, не таргавацца за кожную спаленую запалку, быццам яна апошняя.

Я напісала гэтую кнігу для таго, каб нагадаць: любыя адносіны ўнікальныя. Няма прапісных ісцін – ёсць жыццё, адлюстраванае ў мільёнах гісторый, сэрца, якое б’ецца і дабіваецца свайго, і каханне, якое «ніколі не перастае», хаця і часта спрабуе.

Тое, аб чым вы тут прачытаеце, – не столькі падказкі псіхолага пра тое, як кахаць адно аднаго і заставацца вернымі сабе, колькі аўтарскі погляд і вопыт, прасеяныя праз сіта самых розных стасункаў. Вы знойдзеце тут думкі, якія адгукнуцца, і радкі, якія захочацца прамінуць. Гэта нармальна: той, хто не прайшоў тысячу міль у вашых чаравіках, не можа ведаць, што падыходзіць менавіта вам. Слухайце сябе.

Не мае значэння, колькі доўжацца вашы адносіны, узаконеныя яны ці не, – але варта ўлічваць: калі я дзялюся ўласным поглядам на тую ці іншую праблему, я раблю гэта зыходзячы з вопыту гетэрасексуальных адносін, двух шлюбаў, аднаго разводу і выхавання дваіх дзяцей ад Сашы – майго мужа.

Мой досвед не з’яўляецца ні паказальным, ні ўзорным: я прыводжу яго не для прыкладу, на які трэба раўняцца, а для ілюстрацыі, як можа быць у тым ліку, – то-бок гэта альтэрнатыўны варыянт, а не «правільны». Бо каб быць шчаслівымі ў каханні, зусім не трэба прытрымлівацца нейкіх правіл – спрабуйце і, памыляючыся, засноўвайце свае.

Звярайцеся з унутраным компасам, з уласнымі ўяўленнямі аб «нармальнасці» і верце сабе – больш, чым каму-небудзь.

«З табой я дома» – кніга пра тое, як адносіны пачынаюцца, развіваюцца і заканчваюцца. Пра цудоўны час закаханасці і цяжкасці, якія рэдка каму ўдаецца абысці. Пра душэўныя пакуты расстання і боль разводу. І пра адзіноту, якая «файная рэч, калі ёсць каму сказаць, што адзінота – файная рэч».

Гэтая кніга не падобная на папярэднюю «Пяшчотна да сябе» – хаця б таму, што наладзіць камфортныя стасункі з іншым чалавекам апрыёры больш складана, чым з сабой: гэта іншы сусвет, са сваімі каштоўнасцямі і мэтамі, якія выбіраеце не вы. Партнёр можа чагосьці проста не хацець – і гэта карта, якая крые любыя вашы добрыя намеры.

Калі лейтматывам першай кнігі была пяшчота да сябе, то ў гэтай давядзецца сустрэцца і з пяшчотай, і з радасцю, і з расчараваннем, і з болем. Таму што каханне неадназначнае – гэта прыгожае і складанае палатно з самых розных эмацыянальных станаў. Больш за тое, у любоўных стасунках ёсць свае стадыі развіцця, і на кожнай з іх мы адчуваем рознае і па-рознаму сябе паводзім.

Па традыцыі ў маім тэксце будзе шмат асабістага, але, як паказвае вопыт, часам адно толькі веданне, што нехта праходзіў праз тое ж, што і ты, і адчуваў тое самае, што і ты, прыносіць палёгку.

Я спадзяюся, што мая кніга стане крыніцай важных адкрыццяў і дазволіць пад новым вуглом паглядзець на праблемы, якія непакояць, – а то і ўвогуле падкажа іх рашэнне. А калі, перагортваючы апошнюю старонку, вы адчуеце, што пачалі з большым цяплом ставіцца да сябе і свайго партнёра, радасці маёй як аўтара не будзе канца.

Якімі б ні былі вашы адносіны (нават калі іх няма зусім), заставайцеся на сваім баку і не адмаўляйцеся ад праўды сваіх пачуццяў. І памятайце: што б ні адбывалася, у вас заўсёды ёсць права імкнуцца да такога кахання, якое будзе рабіць вас шчаслівымі.

«З табой я дома» напісана з павагай да вас, вашых стасункаў і рашэнняў, выбараў і няпростых пуцявін. Прасякнута пяшчотай да стану «ў пошуку», верай у лепшае – да статусу «ўсё складана». Я напісала яе, каб данесці як мага большай колькасці людзей простую думку: калі ласка, шануйце тое, што ёсць, і таго, хто побач.



Таго, хто застаецца з вамі ў самыя цяжкія часы і няхай не заўсёды, як вам здаецца, вас разумее, але выбірае ісці па жыцці разам і працягвае любіць вас нават тады, калі вы самі сябе не любіце.

Таго, з кім можна шмат гадоў запар рабіць надзвычай нудныя рэчы – складаваць на балконе трохлітровыя слоікі і зімовыя шыны, купляць костачкі для баршчу і шапачку для басейна – і пры гэтым не хацець збегчы.

Шануйце таго, з кім за шчасце – быць дома. Пераплятацца нагамі ў сне і генамі ў семені, насіць адно аднаго пад скурай, пад сэрцам, у самым вясёлым і ў самым паганым настроі памятаць, што пярсцёнак на вашым безыменным – не проста кавалак металу, а пушчаны ў зямлю корань. І больш не трэба «хутчэй, мацней і вышэй». Хочацца застацца тут – і пачаць свой шлях у глыбіню.

Вольга Прымачэнка,
чэрвень 2021 года

На парозе кахання

Колькі хочаш шукаць, столькі можна

загадалі аднойчы: як будзем жыць чыста, як будзем жыць шчыра;

як нам будзе светлае назаўсёды, жывая вада і каляровыя сны;

як прачнёмся раніцай з сэрцамі, ліпкімі ад вясны.

Ксенія Жалудова

Аднойчы спазнаўшы, што такое каханне, мы ўжо не можам забыць, як добра і прыемна ў гэтым пачуцці: як у ім лёгка і бязважка, як соладка думаецца па начах, як хвалюе чаканне сустрэчы. Хочацца атуліць увесь свет – і кружыцца, кружыцца.

Мы запамінаем гэты стан душы – і сумуем па ім, калі адносіны заканчваюцца. Калі няма каму больш сказаць «кахаю», няма каго абняць моцна-моцна. Цела яшчэ доўга памятае цяпло іншага і знемагае ў палоне ўспамінаў. Нядзіўна, што, калі новае каханне не прыходзіць гадамі, выпадковыя сяброўскія абдымкі могуць выклікаць мора слёз – так прарываецца на паверхню туга па ласцы і дотыку. Таму што якімі самастойнымі і крутымі мы ні былі б, якія грандыёзныя мэты перад сабой ні ставілі б, «мы не ведаем, што рабіць з іншымі сусветамі. Нам не трэба іншых сусветаў. Чалавеку патрэбен чалавек…»2.

Жаданне кахаць і быць каханымі, мець з кімсьці блізкія стасункі, будаваць сям’ю – глыбока нармальная патрэбнасць.

Мне асабліва хочацца нагадаць пра гэта тым, хто адзінокі і ў сваёй адзіноце адчувае сябе няўтульна: хацець кахання – не сорамна. І вы маеце права шукаць так доўга, як вам спатрэбіцца.

Ёсць агульнавядомая прыказка: «Тваё ад цябе не ўцячэ», – і мноства гісторый пра тое, як людзі сустракаюць вялікае каханне пры самым недарэчным збегу абставін, зусім выпадкова. Таму здаецца, што ў жыцця сапраўды «ёсць на нас план» і яму лепш не перашкаджаць, не лезці пад руку са сваімі рашучымі дзеяннямі.

Аднак балюча бачыць, як шмат цудоўных, добрых і шчодрых на каханне людзей жывуць з уключанай лямпачкай рэжыму чакання, але нічога не робяць: разлічваюць, што каханне прыйдзе само, бо калі «даволі доўга ляжаць у кірунку мары» – усё абавязкова здарыцца.

Дасціпна пра гэта сказаў рыліў-тэрапеўт3 Яўген Палякоў, апісваючы выпадак кліента, які наракаў, што ніяк не можа сустрэць тую «адзіную», каб стварыць сям’ю: «Калі б ён жыў у тайзе, у сяле, у якім некалькі дамоў, то такая праблема была б рэальнай, але ён жыве ў Маскве, дзе, акрамя яго, ёсць яшчэ мільёны людзей. Адразу ўзнікае пытанне: ён шукае дзяўчыну ці хаваецца ад яе?»4

Гэта вельмі добрае пытанне, і сумленны адказ на яго дазволіць прывесці сябе ў раўнавагу. Падсвяціць, дзе вы з сабой шчырыя, а дзе хітруеце.

Абсалютна нармальна раптам высветліць, што вы шчаслівыя самі з сабой.

Са сваім катом ці сабакам, у сваёй прафесіі. У вас усё добра – прынамсі, вы адчуваеце сябе ў сваім жыцці камфортна і радасна, усё адпавядае вашым жаданням, нідзе нічога не цісне, не раздражняе.

Але калі вы сапраўды хочаце знайсці шчасце з іншым чалавекам, то для пачатку трэба з ім сустрэцца. А значыць, нешта для гэтага зрабіць. Пайсці на творчы вечар або працоўную канферэнцыю, паспрабаваць не збягаць з банкетаў і афтэрпаці, паехаць з сябрамі на лецішча, нават калі там камары і вы нікога не ведаеце. Асабліва калі вы нікога не ведаеце – любую магчымасць сустрэць новых людзей можна расцэньваць як шанц і запрашэнне да прыгоды.

У якасці натхняльнай ілюстрацыі раскажу рэальную гісторыю.

Мая сяброўка Лена развялася, маючы на руках чатырохгадовую дачку і аднагадовага сына. Маленькі правінцыяльны горад, праца-дом. За спінай ужо шапталіся, што нічога ёй не свеціць, «каму такая патрэбная». Але Лена не страціла надзею, а завяла анкету на сайце знаёмстваў – і сярод прадказальнага смецця і прапаноў сустрэцца на адну ноч раптам прыйшло паведамленне ад невядомага, але сімпатычнага Дзімы: «Я цяпер у іншай краіне па рабоце. Вярнуся праз паўтара месяца – і ў нас будзе з табой сям’я і дом».

З таго часу прайшло больш за дзесяць гадоў – і ў іх сапраўды «сям’я і дом». З Дзімы атрымаўся цудоўны бацька, дзеці яго неверагодна любяць і называюць татам, а мая сяброўка вельмі шчаслівая. (І так, яны пажаніліся.)

Люблю гэтую гісторыю! Яна рэальная, яна жывая, і яна пра тое, што ніколі не трэба здавацца і лічыць развод, узрост ці адзіноту праклёнам.

Памятаю, маёй трыццацігадовай незамужняй сяброўцы (божа, усяго трыццаць!) пажадалі на дзень нараджэння «менш перабіраць», маючы на ўвазе, што яна занадта прыдзіраецца да мужчын – «гэтак жа і адной застацца можна». Я ж перакананая: перабіраць можна столькі, колькі хочацца. Калі вас раздражняе чужы смех, ці пах, ці хцівасць, ці тое, як чалавек расцягвае словы, – яно ж нікуды не дзенецца. А будзе раздражняць, і раздражняць, і раздражняць.

Калі я ішла на першую сустрэчу з будучым мужам, у галаве трымала спіс важных для мяне ў мужчыне якасцей – я сабрала яго з досведу папярэдніх няўдалых адносін. Я ведала, што хачу, каб у мужчыне было (і чаго не было), і магла аргументаваць для сябе кожны пункт. У жарце «з узростам спатканні ўсё больш нагадваюць сумоўі» мала смешнага, калі табе дваццаць восем і развод за плячыма. Я не збіралася марнаваць яшчэ хоць колькі-небудзь часу на «ніхто нічога нікому не вінен»: да таго моманту я ўжо нагулялася ў модныя, «зручныя» сучасныя адносіны – дзе як бы і разам, але насамрэч не – і хацела старых, нямодных, несучасных і нязручных, звязаных абавязкамі, адказнасцю і бытам. Нават калі не атрымліваецца зноў і зноў і «час ідзе», выбіраць – можна.



Ведаць, чаго ты хочаш, – нармальна. Гаварыць пра свае жаданні – не сорамна. Пагаджацца на сустрэчы (і потым з іх уцякаць) – таксама можна! Як і памыляцца, і расчароўвацца, і мяняць меркаванне. Памылка ў адносінах – частка натуральнага працэсу росту, цана вопыту. Не пазбаўляйце сябе права памыліцца! Нічога страшнага, калі вы расчаруецеся ў чалавеку (ці ён у вас). Усё – вопыт. Затое з кожным разам вы будзеце ўсё лепш разумець, што вам трэба ад адносін і што вы самі можаце даць іншаму чалавеку.

Памятайце: ніхто не павінен верыць у вас за вас. Вера ў сябе – гэта ваша зона адказнасці, ваша праца і клопат. Пайсці на спатканне, завесці анкету на сайце знаёмстваў, пагадзіцца, калі сяброўка пакліча на тусоўку, дзе будуць іншыя людзі і, магчыма, давядзецца размаўляць…

Рабіць усё гэта – толькі вам. Але і вам, у рэшце рэшт, быць шчаслівымі. Таму перабірайце, спрабуйце, расчароўвайцеся, але абавязкова працягвайце.

Няхай страх застацца ў адзіноце не абмяжоўвае вашы рухі і тым больш не прымушае з жахам глядзець у будучыню. Не малюйце яе змрочнымі фарбамі, не апраўляйце жалобнай аблямоўкай, не запальвайце перад ёй памінальную свечачку. Акрамя адносін, у свеце ёсць шмат іншых рэчаў, якія здольныя надаць жыццю сэнс. Пакуль у вас ёсць сілы і здароўе, укладвайцеся ў тое, што вас натхняе, інвестуйце ў сваю адукацыю, эксперыментуйце, ідзіце да людзей, глядзіце па баках, дзівіцеся прыгажосці і складанасці гэтага свету. Няхай вам ніколі не будзе з сабою сумна. Няхай той час, пакуль вы знаёміцеся і выбіраеце, запомніцца вам як адзін з самых захапляльных у жыцці.

Не мае значэння, калі гэты перыяд вас нагоніць – у дваццаць, трыццаць восем ці шэсцьдзясят чатыры, і не мае значэння, колькі разоў ён паўторыцца.

Калі адчуваеце, што каханне вартае таго, каб чакаць, – не выходзьце з гульні, працягвайце пошукі.

Праз шмат гадоў вы будзеце ўспамінаць гэты час з непрытоеным задавальненнем і пяшчотай.

Вось убачыце.

У пошуках «свайго»

але якімі б мы ні блукалі крывымі,

кожны раз вяртаемся да агульнай прамой.

абдымі мяне,

абвясці мяне,

растлумач мяне

мне самой.

Ксенія Жалудова

У кнізе журналісткі і псіхатэрапеўта Лоры Готліб «Мне патрэбны самы лепшы»5 я сустрэла адсылку да цікавага даследавання Пола Амата, амерыканскага сацыёлага. У 1980 годзе ён разам з калегамі запусціў дваццацігадовае даследаванне, падчас якога яны назіралі за развіццём сямейнага жыцця дзвюх тысяч людзей, каб зразумець, што прадвызначае магчымы развод.

Як і чакалася, распадаліся тыя шлюбы, у якіх муж і жонка пастаянна спрачаліся і скандалілі, але многія пары выходзілі за межы гэтага шаблону – партнёры ў іх у цэлым ладзілі паміж сабой, а прычыну разводу тлумачылі так: «Я не адчуваў, што расту ў гэтых адносінах як асоба» або «Мой муж добры чалавек, але не мая “палавінка”».

Праз пяць гадоў Амата звязваўся з тымі, хто развёўся, пытаў, наколькі яны задаволеныя сваім жыццём, і параўноўваў іх адказы з вынікамі, атрыманымі ў пачатку даследавання. І ведаеце што? З пункту гледжання статыстыкі яны былі менш шчаслівыя.

Людзям здаецца, што калі ў нейкі момант яны пачынаюць адчуваць сябе ў шлюбе адзінокімі, то гэта паказчык таго, што каханне «скончылася» і ў адносінах «больш няма чаго лавіць». Яны сыходзяць, а потым зноў пачынаюць стасункі з надзеяй, што на гэты раз усё будзе па-іншаму: «Вось цяпер я ўжо дакладна знайду сваё». Як жа яны здзіўляюцца, калі і ў наступных адносінах у іх здараюцца перыяды «адзіноты ўдваіх». Аказваецца, гэта адбываецца не таму, што зноў не пашанцавала, – «ім самотна таму, што людзям наогул уласціва адчуваць сваю адзіноту»6.

І нават калі вы сустрэнеце «свайго» чалавека (што б вы ні разумелі пад гэтым паняццем), вы ўсё адно калі-нікалі будзеце адчуваць сябе самотнымі.

Гэта нармальна, гэта натуральна, ад гэтага нельга засцерагчыся. Выходзіць з адносін толькі таму, што аднойчы ўвечары вы адчулі побач з партнёрам пустэчу, – вельмі паспешнае рашэнне. Адзін дрэнны дзень не азначае дрэннае жыццё.

Так, адзіноту складана трываць – і таму мы імкнёмся яе пазбягаць, запаўняючы прастору іншымі людзьмі. Як з паўзамі ў размове: мы гатовыя абмяркоўваць любыя тэмы, абы не заставацца ў цішыні. Мы кажам: «Ага». Мы кажам: «Угу». Мы кажам: «Ну і справы!» – і абмяркоўваем надвор’е і корм для кошкі.

З паўзамі ў каханні гэтаксама: пасля расстання мы з зайздросным імпэтам шукаем, у каго б закахацца, і пераносім сардэчную тугу аб ідэальным партнёру на першага стрэчнага.

У вас жа дакладна ёсць прыяцелька, якая ў пачатку чарговых адносін клянецца, што ніколі ні з кім падобнага не адчувала? Што гэта «бомба», «космас» і «знос даху»? Што ён – той самы? Вось толькі вы не спяшаецеся ў гэта верыць: восем яе папярэдніх раманаў пачыналіся гэткім жа чынам, а потым заканчваліся – усе як адзін.

Але калі зняць белае паліто – а ў каго не так? Сустракаеш чалавека – і не можаш пазбавіцца ад адчування, што гэта лёс: настолькі вы адно аднаго дапаўняеце. Вам камфортна, лёгка і бяспечна разам, як з сябрам дзяцінства. Здаецца, далей будзе толькі лепш. Хочацца, каб менавіта так і было.

Эйфарыя ад знаёмства працягваецца пару дзён. Потым на вахту заступае страх: страх неўзаемнасці, страх здацца дакучлівымі, страх ацэнкі. Страх рашэнняў не на вашу карысць, страх неабходнасці далейшых крокаў, страх непрыемных адкрыццяў. Нарэшце, страх таго, што чароўны пылок асыплецца – і такі неверагодны Іншы акажацца звычайным, з непрыемным пахам з рота, з плоці і крыві. І звычкі ў яго будуць недарэчнымі, і густы – дзіўнымі, і наогул: злы жарт з вамі згуляла паўночнае святло, а ранішняе сонца бязлітаснае і не сыпле кампліментамі.

І зноў заные пад рэбрамі туга аб тым, сваім, «сапраўдным», які ўсё яшчэ недзе ходзіць і «не здарыўся», – ён супадае з табой па краях, думае гэтак жа, як і ты, яго цела хочацца кранаць і цалаваць, а прозвішча – з гонарам насіць, каб калі-небудзь перадаць дзецям.

Але гэта шкодны стэрэатып, што сапраўды «твой» чалавек (а не той, хто выпадкова прыбіўся да твайго жыцця) здольны ўсё зразумець, прыняць і дараваць. Маўляў, што б ты да яго з’яўлення ні нарабіла, ён па ўмаўчанні стане на твой бок, раздзеліць твае інтарэсы і планы на будучыню, бездакорна ўвойдзе ў тваё жыццё, спадабаецца бацькам і сябрам. Прыйдзе і возьме цябе ў свае надзейныя, моцныя рукі, і з гэтага імгнення і да канца вы будзеце разам. Хай разбураюцца гарады, сыходзяць на дно акіянаў кантыненты – вы будзеце назаўсёды, назаўсёды.

Вы спытаеце: а ў чым тут шкода? Справа ў тым, што, пакуль мы чакаем такога, мы рэдка задумваемся аб будучых стасунках з пазіцыі: «А што партнёру змагу даць я?» Са сваімі шалёным графікам і трыма камандзіроўкамі ў тыдзень, доўгім спісам патрабаванняў і чаканняў, мэтамі і амбіцыямі, у рэалізацыі якіх трэба калі не дапамагаць, то хаця б не блытацца пад нагамі? Што, акрамя абстрактных «пяшчоты і кахання», якія ідуць у стартавым пакеце па ўмаўчанні?

Ці захачу я лячыць чужыя раны, якія засталіся ад мінулых адносін, – ці мяне саму трэба вяртаць да жыцця безумоўным прыняццем і каханнем? Чым я змагу ахвяраваць дзеля іншага чалавека, якімі звычкамі і інтарэсамі, – а што буду абараняць да апошняга? Якія адносіны мне цяпер наогул патрэбныя – працяглыя, з разлікам на агульных дзяцей і дом, або ненадакучлівыя, гарэзлівыя, лёгкія, не звязаныя грандыёзнымі планамі і абавязкамі?

Я веру, што шукаць трэба не «сваю другую палавінку», а чалавека, з якім вы супадаеце вобразамі Дома – уяўленнямі пра тое, дзеля чаго патрэбныя сур’ёзныя, працяглыя адносіны, што вы гатовыя ў іх укладваць і што, згодна з вашымі чаканнямі, павінен укладваць партнёр.

Важна не беззаганнае супадзенне характараў, а тое, як вы абое збіраецеся вырашаць праблемы на доўгай дыстанцыі.

Збягаць пры першых цяжкасцях, бразнуўшы дзвярыма? Ці рабіць выгляд, што ўвогуле імі памыліліся? Або адкрыта гаварыць: «Х’юстан, у нас праблемы. Давай вырашым, што будзем рабіць. Галоўнае, не хвалюйся, Х’юстан, – мы справімся»?

Калі адносіны для вас пра дом, а не пра пакой у матэлі на адну ноч, шукайце таго, хто таксама шукае дом. Хто разумее паміж імі розніцу. Хто хоча паўлітровыя шампуні і любімую зубную шчотку на паліцы, а не аднаразовыя гігіенічныя наборы з таннага пластыку і змылак у цэлафанавым пакеціку.

Калі вы абое цэніце і шануеце свой Дом, вам не страшныя ні рамонт, ні адключэнне гарачай вады сярод зімы, ні патоп, учынены суседзямі. Што б ні здарылася, вы станеце поплеч, возьмецеся за анучы, вёдры, тазікі і малярны скотч – і адолееце любую бяду.

Таму што разам вы значна мацнейшыя, чым па адным.

Пра каханне «назаўсёды»

а час ідзе незалежна ад таго, ці дазваляеш яму ісці:

так аднойчы разумееш, што толькі ў маўклівасці мову можна знайсці,

наканаваных сустрэнеш, нават калі не хацеў сустракаць,

і згубіш – нават калі хацеў захаваць.

Ксенія Жалудова

Аднойчы, многа рамантычных глупстваў назад, на абшарах інтэрнэту я натрапіла на фразу, якой наступныя дзесяць гадоў неўсвядомлена мерала ўсе свае пачуцці і адносіны: «У жыцці бывае толькі адно вялікае каханне, усе папярэднія – спроба пяра, а ўсе наступныя – бег наўздагон»7.

Дзіўна, як у дваццаць гадоў хочацца верыць, што каханне – гэта назаўсёды.

Міф пра каханне на ўсё жыццё прыгожы, але гэта міф – такое каханне хутчэй выключэнне, чым правіла. Прытым незразумела, чаго ў падобных стасунках больш – таго самага «вечнага кахання» або проста звычкі, агульных дзяцей, ляноты штосьці мяняць і страху больш нікога не сустрэць.

Я даведалася – праз шмат гадоў, – што тая цытата на самай справе няпоўная. У арыгінале яна заканчваецца фразай, якую рэдка выкарыстоўваюць у інтэрнэтных падборках цытат пра каханне, бо лічаць няважнай, але менавіта ў ёй, на маю думку, і змяшчаецца галоўнае: «…каханне – гэта цяпер або ніколі».

І чаму такія важныя словы бессаромна хавае ў цень рамантычная мішура, якая ім папярэднічае? Без гэтага фінальнага акорда можна падумаць, што каштоўнасць мае толькі міфічнае «вялікае каханне», якое «абавязкова» здараецца ў жыцці кожнага з нас – галоўнае, не прапусціць. І атрымліваецца, што калі цяпер вашы адносіны неяк не вельмі, то «вялікае каханне» або наперадзе, або… ужо было.

Але фраза «каханне – гэта цяпер або ніколі» расстаўляе ўсё па месцах. Яна пра тое, што жыць і кахаць трэба тут і цяпер, не задумваючыся, што гэта: спроба пяра або бег наўздагон. Ставіцца да кахання як да чыставіка, а не чарнавых накідаў; як да магчымасці стварыць нешта новае, а не спрабаваць паўтарыць поспех бліскучага рамана з мінулага. Калі кахаеце кагосьці, не параўноўвайце свае пачуцці з мінулымі сувязямі і не гадайце, ці чакае вас наперадзе нешта лепшае. Самыя важныя адносіны – тыя, у якіх вы прачнуліся сёння раніцай. Добра марыць у дзень вяселля пра тое, як вы састарыцеся, трымаючыся за рукі. Але гарантый няма. Ні ў чым, ніколі, і асабліва – у такой тонкай матэрыі, як каханне.

Каханне – гэта сапраўды цяпер або ніколі.

Гэта простае, зразумелае жыццё без драм і спецэфектаў, у якое вы, як у дом, штодня прыносіце па жменьцы друзу, будаўнічай вапны, чырвонай цаглянай крошкі, смаляной стружкі – і тады пад нагамі цвярдзее зямля, а вы становіцеся вышэйшымі.


Калі ласка, не ўзвальвайце на сваё каханне цяжар «цяпер гэта назаўсёды», а на партнёра – абавязак замяніць вам увесь свет. Звычайна так бывае, калі чалавек уступае ў адносіны з думкай, што на гэтым яго місія сталення завершана: «Ну ўсё, вяселле згулялі, можна расслабіцца!» І тады ён перастае расці, нечаму вучыцца, кудысьці рухацца. На жаль, такое каханне можа мець непрыемны фінал: калі партнёр раптам вырашыць пакінуць вас, то ўсё, з чым вы застаняцеся, – гэта вясельныя фотаздымкі і абсалютная непрыстасаванасць да самастойнага жыцця.

Стасункі, створаныя выключна дзеля стасункаў, адбіраюць шмат часу і сіл. Калі замкнуцца на сваім саюзе і кожны вечар прапаноўваць партнёру «пагаварыць пра тое, што паміж намі адбываецца», каханне ператворыцца ў бясконцы прыём у псіхааналітыка і вы будзеце размаўляць, размаўляць, размаўляць – замест таго каб жыць.

Не бойцеся, што каханне можа калі-небудзь скончыцца – «хто баіцца раней, чым трэба, той баіцца больш, чым трэба»8.

Няхай вас не турбуе тое, на што вы не можаце паўплываць (курсы валют, пандэмія, эмоцыі, якія ўзнікаюць у іншых людзей наконт вас), – інакш лёгка страціць розум.

Тое, што вам хочацца акрэсленасці, стабільнасці, гарантый і ўпэўненасці ў каханні, – цалкам нармальнае жаданне. Толькі яго ніхто не можа выканаць – ні каханы чалавек, ні жыццё.

Каб непакой пра будучыню не азмрочваў сучасны момант, нагадвайце сабе быць у кантакце з тым, што адбываецца. Працуйце з кантэкстам і абставінамі: вам цяпер добра, бяспечна, цёпла з чалавекам? Калі адказ «так», пераключайцеся на іншыя задачы. Вернецеся да гэтага пытання, калі нешта зменіцца.

Варажыць, а ці назаўсёды вашы адносіны, – гэта як, засяліўшыся ў новую кватэру, увесь час думаць: ці не затопяць вас суседзі? Ці не кінуць чужыя дзеці запалку на балкон? Ці не будуць паскудзіць на акно птушкі? І можна так ад усяго гэтага перанервавацца, што, калі якая-небудзь варона сапраўды запэцкае падаконне, вы сядзеце пасярод кухні, расплачацеся і з горыччу выдыхнеце: «Я так і ведала!»

Беражыце сябе і замест таго, каб думаць пра тое, што яшчэ не здарылася, проста жывіце.

Нельга застрахавацца ад таго, што партнёр можа вас разлюбіць. Магчыма, вы пражывяце разам усё жыццё, магчыма – расстанецеся наступнай восенню. Будзе як будзе.

Але хіба гэта вартае таго, каб не кахаць?

Неўзаемнасць

…здаецца, кожнаму тут патрэбны хтосьці,

такі, як ты,

але не ты.

Ксенія Жалудова

Добра памятаю сваё першае спатканне з будучым мужам: я настолькі стамілася хадзіць на бессэнсоўныя сустрэчы, што ў свае дваццаць восем зняверылася ў існаванні «нармальных» свабодных мужчын. Мне хацелася хутчэй даведацца, у чым праблемы канкрэтна ў яго, і паехаць дадому чытаць кніжку. Я была ўпэўнена: з ім таксама абавязкова нешта будзе не так.

Па дарозе ў кафэ я трапіла пад дождж, але нават не збіралася хавацца, каб яго перачакаць. Такая і прыйшла: мокрая, аблезлая, з падцёкамі тушы на твары і прылепленай да ног спадніцай. Страчваць не было чаго: я ж ведала, што ў наступны раз мы сустрэнемся ніколі, таму… Навошта прыкідвацца?

Аднак на спатканні я зразумела, што, у адрозненне ад іншых маладых людзей, гэты мне сапраўды сімпатычны, – і мая натуральнасць некуды знікла. Я пачала тарахцець, спрабуючы зрабіць уражанне і спадабацца. Напэўна, канчаткова я дабіла б мужчыну-інтраверта, які сядзеў перада мной, калі б залезла на стол, падабрала спадніцу, выставіла нагу наперад і выгукнула: «А цяпер – полька!»

Трэба аддаць належнае: ён да апошняга трымаўся малайцом, пакуль я, наступіўшы на горла свайму ўнутранаму верабейку-сацыяфобу, прыкідвалася асобай, цікавай ва ўсіх адносінах. Пра тое, што я ўмею быць нармальнай, муж даведаўся значна пазней.

Тады ж мне здавалася, што сустрэча прайшла цудоўна і працягу быць. Але…

Ці патэлефанаваў ён мне на наступны дзень або хаця б праз тыдзень? Не. Ці думала я тады ў кафэ, што ён – «той самы»? Безумоўна. Ці было мне балюча, калі я ўсвядоміла, што «не зачапіла» яго? Яшчэ як. І гэты выпадак навучыў мяне многаму.

Так я зразумела, што «нармальныя» яшчэ засталіся, але гэта зусім не азначае, што такая «нармальная» я абавязана камусьці падабацца проста па ўмаўчанні, таму што «калі не я, то хто».

Мне спатрэбіліся месяцы, каб прыняць гэтую думку.

Сустракаеш часам чалавека – і ўсё пры ім: і шырыня плячэй, і ўсмешка, і ямачкі на шчоках, і рукі такія, што цалаваць бы іх і цалаваць. Вось толькі гутаркай за кавай усё і заканчваецца, няхай і «вечар быў выдатны, дзякуй».

І ты застаешся сам-насам з непрыгожай і невясёлай думкай: што са мной не так?

На спатканні смяяліся, усміхаліся, здавалася, усё прайшло найлепшым чынам, але чалавек больш не тэлефануе і не піша. Як гэта растлумачыць?

Адносіны, што не склаліся, звычайна прыгнятаюць пытаннямі без адказу і пакідаюць пасля сябе непрыемны смак, як у недаспелай хурмы: кіслы і даўкі. У які момант усё пайшло наўскасяк? Што вы сказалі не так? Навошта вы ўвогуле гэта сказалі?

Тлумачэнняў можа быць шмат, але праўду ведае толькі той, хто не патэлефанаваў і не напісаў. Таму важна не накручваць сябе і не разгортваць махавік думак кшталту: «Я нікому ніколі не спадабаюся і памру ў адзіноце».

Прычыны неўзаемнасці могуць быць самымі рознымі.

Магчыма, чалавеку здалося, што вы «дарагія ў абслугоўванні». Не ў сэнсе грошай, а ў сэнсе эмоцый. Чалавек шукаў роўныя і спакойныя «хатнія» адносіны, а тут раптам ураган у спадніцы-пачцы і кедах або тайфун у пінжаку ад куцюр – з амбіцыямі і напорам, якія збіваюць з ног. Ён зразумеў, што яму давядзецца бясконца выходзіць з зоны камфорту і рабіць рэчы, якія ён ніколі не рабіў, каб хаця б адпавядаць, – і вырашыў нават не ўблытвацца.

Часам прычынай можа стаць агіда на ўзроўні цела: раздражняе чужы смех, голас, пах – і хочацца адсунуцца далей, каб выпадкова не дакрануцца.

Бывае, што не здарылася сексуальная «хімія» – унутры па-сяброўску цёпла, але па-дзелавому роўна. І чалавек вырашае спыніць зносіны, каб не даваць беспадстаўных надзей, калі адчувае, што на вашым баку інтарэс якраз не сяброўскі. У яго ўяўленні больш міласэрна будзе не працягваць знаёмства, чым разбіваць вам сэрца.

Іншы раз у такіх выпадках яшчэ кідаюць класічнае: «Ты вельмі добры (добрая), але…» Заканчэнне фразы можа быць розным: «але не для мяне», «але я яшчэ не адышла ад папярэдніх адносін», «але мне цяпер не патрэбны сур’ёзныя стасункі», «але я нічога не магу табе прапанаваць».

З аднаго боку, лепш адразу даведацца, што вам не могуць адказаць узаемнасцю, – не давядзецца падманвацца наконт перспектыў і працягваць праяўляць ініцыятыву, не разумеючы, чаму яна заўсёды аднабаковая. А з другога – горкая праўда прыносіць боль, сустрэчу з якім неўсвядомлена хочацца адкласці, таму лагічна, што спытаць пра пачуцці адкрыта і атрымаць адказ – страшна.

Калі праўда ўсё ж такі прагучала («Прабач, але ў нас нічога не атрымаецца»), вось як можна пражыць неўзаемнасць беражліва да сябе:

✓ Не экстрапаліруйце прыватны выпадак на ўсё наступнае жыццё: вас пакінуў адзін чалавек, а не ўсе людзі свету. Не, гэта не назаўсёды. І так – вы яшчэ будзеце шчаслівыя.

✓ Пражывіце журбу аб тым, што не здарылася, не саромейцеся даць волю слязам і добра выплакацца.

✓ Не расцягвайце агонію марнымі пошукамі «знакаў», што вы нешта няправільна зразумелі ў чужым «не» («А раптам гэта ўсё ж “так”, але пазней?»). Існуе англійская прымаўка: «If he wants, he will», – якую можна перакласці так: «Калі мужчына хоча – ён зробіць». Не суцяшайце сябе марнай надзеяй, што ён проста не разгледзеў, якая вы класная, разумная і смешная. Хутчэй за ўсё, ён выдатна ўсё разгледзеў, проста вашы клас, розум і гумар – не тое, што яму трэба (у дадзены момант ці ўвогуле).

✓ Не ідзіце крыжовым паходам на свае «недахопы» з мэтай неадкладна іх выправіць («А вось была б я больш зграбная, усё атрымалася б…»). Жыццё заўсёды пра цяпер, а не пра гіпатэтычную будучыню. Не факт, што вы спадабаліся б у іншым памеры адзення, і не факт, што ў іншым памеры вам быў бы патрэбны гэты чалавек.

✓ Не абясцэньвайце сваю сімпатыю («Падумаеш, не вельмі і хацелася, мне і адной добра»). Гэта нармальна – зачароўвацца кімсьці і хацець цяпла і адносін. І нармальна – адчуваць смутак, калі сімпатыя неўзаемная.

✓ Памятайце, што з вамі ўсё ў парадку. З вашай патрэбнасцю быць каханымі – таксама. Так, не атрымалася з жаданай рэальнасцю – але рэальнасць вам нічога і не павінна. І прызнаць гэта – значыць стаць яшчэ крыху больш дарослымі.

Працягвайце верыць, што ўзаемнае каханне абавязкова будзе. Ніколі не стаўце на сабе крыж і іншым не дазваляйце.

Часам мы праходзім праз неўзаемнасць зноў і зноў, нібы затрымліваючыся ў адным і тым жа сцэнарыі, і працягваем несці свае далікатныя пачуцці тым, каму яны не патрэбныя.

Чаму мы так робім?

Адна з прычын: таму што не верым, што нас увогуле можна кахаць.

Мы да гэтага не прывыклі, мы не ведаем, як гэта – быць каханымі. Так бывае, калі бацькі не пазнаёмілі нас з безумоўным прыняццем, і, як бы нам ні хацелася адчуць сябе «вартымі» кахання, сярод нашых звыклых схем – толькі неўзаемнасць. Сустракаючыся з сімпатыяй у свой адрас, мы палохаемся: нам незразумела, што з гэтым рабіць. Гэта настолькі незвычайна, што ўспрымаецца як злы жарт ці падман. Затое мы дакладна ведаем, як быць нялюбымі, – і раз за разам шукаем тых, хто будзе нас пакідаць. Разарваць гэтае заганнае кола дапаможа праца па фарміраванні здаровай самаацэнкі і змене ўстановак, вынесеных з дзяцінства.

Другая і, бадай, самая папулярная прычына таго, чаму мы трымаемся за неўзаемныя адносіны: таму што насамрэч узаемнасці баімся. І пакуль чалавек недасягальны, ён для нас асабліва прывабны.

Пра яго можна фантазіраваць, ідэалізаваць яго і, не маючы магчымасці праверыць фантазіі на справе, атрымліваць ад неўзаемнага кахання рэальнае задавальненне. Задавальненне кахаць ідэальнага прыдуманага чалавека. Улюбляцца ў такога больш бяспечна: звычайна ўслед за гэтым нічога не трэба рабіць, акрамя «кахаць і пакутаваць». А ва ўзаемных адносінах часта бывае нязручна, складана і шмат працы – па прыціранні, пазбаўленні ад ілюзій і прыняцці адрозненняў.

Калі вы пазналі ў гэтым апісанні сябе, перш за ўсё спыніцеся і падумайце: гаворка ідзе сапраўды аб неўзаемнасці (чалавек свабодны і «ў актыўным пошуку», проста выбірае не вас) ці аб яго недасягальнасці? І калі аб недасягальнасці, то якая ў гэтым для вас схаваная выгада? У чым вы нават сабе баіцеся прызнацца? Вось прыклады такой схаванай выгады:

✓ няма неабходнасці ажыццяўляць дзеянні – прызнавацца ў каханні, абмяркоўваць будучыню, з’язджацца і ўладкоўваць побыт;

✓ наяўнасць зручнай адгаворкі для ўсіх, хто спрабуе вас з кім-небудзь пазнаёміць і выцягнуць «развеяцца» («Мне ніхто не патрэбны, маё сэрца ўжо занятае іншым, і гэта сур’ёзна»);

✓ сублімацыя энергіі нераздзеленага кахання ў творчасць і працу: пакутуючы, вы асабліва добра пішаце, малюеце, лепіце з гліны ці закрываеце здзелкі, а гэта прыносіць і прызнанне, і даход;

✓ магчымасць не мяняцца і ні пад кога не падладжвацца: не ўлічваць інтарэсы партнёра ў саюзе немагчыма, хочаш не хочаш, а давядзецца ў нечым ісці на кампраміс, як мінімум – ахвяраваць часам, які вы прывыклі прысвячаць толькі сабе;

✓ жаль да сябе і легалізацыя самаразбуральных паводзін: чалавек з чыстым сумленнем разыходзіцца на ўсю моц, таму што няма для каго весці здаровы лад жыцця і ўвогуле: ён пакутуе, яму можна, «зразумейце і даруйце»;

✓ пакуты як сэнс з-за адсутнасці іншых сэнсаў: з нераздзеленым каханнем жыць не так тужліва, як наогул без яго, асабліва калі ў вас багатая фантазія;

✓ кантроль: у адносінах з партнёрам кантраляваць тое, што адбываецца вакол, атрымліваецца толькі напалову, а ў каханні, якое выключна ў галаве, чалавек усёмагутны: так, калі ў рэальным жыцці партнёр можа вас пакінуць, то ў прыдуманым – ніколі.


Раз-пораз пражываючы неўзаемнае каханне, можна з часам увогуле страціць цікавасць да пошуку адпаведнага партнёра. Такога, з якім добра і цёпла. Вырашыць, што «не лёс», і больш нават не спрабаваць.

І тут мне ўспамінаецца карцінка, дзе гутараць два кацяняцi. Адно плача: «Мяне ніхто не любіць!» А другое яму кажа: «А ты ва ўсіх спытаў?»

Дык вось: пакуль вы «не ва ўсіх спыталі», нават не думайце апускаць рукі і адчайвацца. У свеце любові хопіць на ўсіх.

У пагоні за Няўлоўным Джо

потым ён скажа: ніколі цябе не кахаў,

ніколі не ведаў,

ніколі не гуляў з табой дапазна,

не размаўляў з табой да відна;

ты сама ўсё прыдумала

і нясеш адказнасць адна.

Ксенія Жалудова

Адносіны з Няўлоўным Джо ў псіхалагічнай літаратуры называюць контрзалежнымі. Іншымі словамі, гэта адносіны з чалавекам, які пазбягае прывязанасці, чалавекам, якому «ніхто не патрэбны».

Няўлоўны Джо як агню баіцца адчуць, што для яго хтосьці важны і дарагі – а значыць, можа ўплываць на яго эмоцыі і пачуцці: не толькі радаваць і прыносіць задавальненне, але і хваляваць, расчароўваць, рабіць балюча, ды і наогул чагосьці ад яго хацець – ад выканання просьбы «Патэлефануй, калі дабярэшся дадому» да слоў «Я цябе кахаю». Для «няўлоўнага» гэта азначае страту свабоды, бо магчымасць ні ад кога не «залежаць», нікому нічога не абяцаць, не быць звязаным ні з кім абавязкамі – гэта святое.

Ты яму сэрца і гару падарункаў, а ён: «Слухай, ну міла, вядома, але не трэба было». І пайшоў па сваіх справах.

За фасадам такога стаўлення хаваецца велічэзны ўнутраны страх пачуццяў, прычына якога звычайна тоіцца ў перажытым болі: чалавек так баіцца зноў сутыкнуцца з нечым падобным, што імкнецца пазбягаць любых стасункаў, калі яны больш складаныя, чым тэлефонныя размовы.

Часта паводзіны Няўлоўнага Джо здаюцца нелагічнымі і непаслядоўнымі. Учора вы правялі цудоўны вечар, расказвалі адно аднаму пра дзяцінства і мінулыя няўдалыя сувязі, а сёння на ваша паведамленне, напоўненае цяплом, пяшчотай і падзякай за ўчарашні давер, ён адказаў: «Ок» ці «Не трэба было столькі распавядаць, набалбатаў лішняга», – і недарэчны дзіўны смайл у канцы. Не адказаць наогул, зрабіўшы выгляд, што нічога не было, – для яго таксама звычайная справа.

Такія паводзіны – як выліты на галаву цэбар ледзяной вады. Пачынаеш сутаргава ўспамінаць дэталі гутаркі, каб даць падобнай рэакцыі хоць нейкае апраўданне: «Я нешта не тое сказала? Чымсьці пакрыўдзіла?» Не знаходзіш. Разгубленасць расце. Колькасць адпраўленых паведамленняў таксама: «Што здарылася? Можа, трэба пагаварыць? Давай у абед сустрэнемся і ўсё абмяркуем». Але гэта толькі павялічвае дыстанцыю, таму што Няўлоўны Джо баіцца блізкасці.

«Не будзем пра гэта», «Усё, забыліся, праехалі», «Нармальна ўсё, не тлумі сабе галаву». І справа не ў тым, што ён хоча пабыць адзін, – гэта ўстойлівая сістэма адказаў на любое запрашэнне да шчырай размовы. Няўлоўны Джо шкадуе, калі паказвае слабіну і «агаляецца», і, каб хоць крыху суцішыць сорам перад самім сабой, выбудоўвае межы яшчэ вышэйшыя і мацнейшыя.


Але аднойчы ўбачыўшы, якім непасрэдным, адкрытым, кранальна безабаронным ён можа быць, мы ўжо не здольныя пра гэта забыцца – і робім усё магчымае, каб «заслужыць яго давер». Каб ён зразумеў, што ад нас не трэба хавацца, мы не зробім яму балюча, мы «не такія», як тыя, з кім ён сустракаўся раней: «Добра, калі ты так хочаш, я буду задаваць менш пытанняў. Мы будзем радзей бачыцца. Я пачакаю, калі ў цябе з’явіцца на мяне час. Не, я не буду цябе ні аб чым прасіць, я ўсё разумею».

Трапіўшы на кручок жадання даказаць, што мы лепшыя за ўсіх, хто быў да нас, «не разумеў» і «мучыў» Няўлоўнага Джо сваёй дакучлівасцю, мы згаджаемся на яго ўмовы – заўсёды быць крыху на адлегласці.

Спачатку гэта здаецца сексуальным, але з часам няпэўнасць («Дык мы разам ці як?») пачынае раздражняць. Ад гэтага рана ці позна стамляешся – ніколі не быць важнай настолькі, каб дзеля цябе перанеслі працу, паездкі «па справах», сустрэчы з сябрамі. Дакучае здавольвацца крошкамі ўвагі і таму заўсёды хадзіць галоднай. Хочацца адчуць пад нагамі цвёрдую глебу і ведаць, што ты гэткая ж каштоўная для партнёра, як ён для цябе, што вам абаім трэба агульная будучыня, а не «ўбачымся, калі ўбачымся, усё, пакуль».

Што рабіць, калі вы закахаліся ў Няўлоўнага Джо?

Спытайце сябе, ці гатовыя вы гуляцца ў такое «каханне», ці ёсць у вас час і жаданне «вызваляць ад чараў» партнёра, ці лепш пашукаць цёплыя і надзейныя адносіны, дзе вам не баяцца сказаць: «Ты патрэбна мне, я хачу быць з табой».

Не думайце, што калі на вас звярнуў увагу такі чалавек – значыць, гэта адзіныя адносіны, якіх вы вартыя, і трэба «браць што даюць». Пазбяганне прывязанасці – гэта яго праблема, а не доказ таго, што больш ніхто і ніколі не захоча атуліць вас цеплынёй і пяшчотай.

Да таго ж няма ніякіх гарантый, што гэтую праблему атрымаецца вырашыць – прынамсі, датуль, пакуль Няўлоўны Джо сам яе не ўсведамляе. Немагчыма зрабіць адносіны гарманічнымі ў адзіночку – гэта заўсёды праца дваіх. Таму лепш адразу вызначыцеся: ці гатовыя вы ўжывацца з «няўлоўнасцю»? Наколькі вы можаце гэта прыняць? Ці такое каханне вы на самай справе хочаце?

Калі для вас ненармальна ўвесь час быць на другіх ролях, не мець магчымасці нічога планаваць і ніколі не атрымліваць увагі ўволю, то Няўлоўны Джо – не той, хто зробіць вас шчаслівай.

Беражыце і шануйце сябе.

Адзінота – не прысуд

суцяшаць сябе:

ёсць сябры, ёсць забавы, работа,

але баяцца кожнага вечара як агню.

божа,

ты беражэш мяне для кагосьці

ці беражэш яго ад мяне?

Ксенія Жалудова

Кажуць, што адзінота – файная рэч, калі ёсць каму сказаць, што адзінота – файная рэч. Мне заўсёды падабалася гэтая фраза, таму што здаваўся блізкім і зразумелым запячатаны ўнутры яе смутак – светлы, поўны надзей і казытлівага чакання.

Справа ў тым, што пры правільна расстаўленых акцэнтах адзінота можа стаць плённым, цікавым і шматабяцальным перыядам жыцця, магутным каталізатарам натхняльных змен. Як вы, напэўна, здагадваецеся, акцэнтавацца для гэтага трэба на сабе, развіваючы і ўмацоўваючы свае апоры ў іншых сферах – здароўя, працы, фінансаў, адукацыі і творчасці. Таму хачу мякка нагадаць:

Калі вы цяпер адзінокія, гэта выдатны час, каб закахацца ў сябе.

Лепш з сабой пазнаёміцца, разабрацца, чаго вы чакаеце ад кахання, як паўплывалі на вас папярэднія адносіны, які дар пакінулі. Калі здаецца, што ніякага, і вы выйшлі з іх, як з зачумленай вёскі, хрысцячыся і радуючыся, што жывыя, то адзінота – ідэальны перыяд, каб аднавіцца і ўключыць рэжым падтрымкі і клопату пра сябе на максімум. (Тэзісна сфармуляваўшы сабе на будучыню, як у такія адносіны больш не трапляць.)

На жаль, ні прыгажосць, ні розум, ні бытавая ўладкаванасць не гарантуюць таго, што да ўзросту, які вы вызначылі прыдатным для пачатку адносін, вы сустрэнеце патрэбнага чалавека. Унутраная гатоўнасць не адыгрывае ў гэтым вырашальнай ролі. Многае залежыць ад выпадку, банальнага шанцавання. Таму, калі вы да гэтага часу адны, хоць многае робіце, каб знайсці пару, і ўжо пачынаеце задумвацца, ці ўсё з вамі ў парадку, супакойцеся: вам пакуль проста не пашанцавала. Няхай у вас няма цяпер партнёра, але затое ёсць яснае разуменне, што вам сапраўды трэба ад адносін. І – што не менш важна – ад чаго дзеля іх вы не гатовы адмовіцца ў саміх сабе.

Не слухайце тых, хто прарочыць вам бедную самотную старасць.

З цікавасцю назіраю, наколькі папулярныя сёння трэнінгі па «абуджэнні ў сабе багіні» і станаўленні «сапраўднай жанчыны» – слабай, кволай, прызначанай несці ў свет прыгажосць, а не авоські з прадуктамі. І веру: гэта не тое, чаму трэба вучыцца і што трэба штучна сабе прывіваць, – стан прыемнай расслабленасці і даверу да свету прыходзіць сам, калі з праграмы «выжываць адной» пераходзіш ва ўмовы парнага жыцця, дзе праблемы дзеляцца на дваіх і таму вырашаюцца хутчэй і лягчэй.

Проста ёсць людзі-словы і ёсць людзі-ўчынкі. Першыя шмат гавораць, будуюць графікі, абмяркоўваюць, удакладняюць, раяцца з маці, сябрамі і шарам-прадказальнікам, звяраюцца з гараскопам і курсамі валют. Другія проста прымаюць рашэнне: жыць – тут і цяпер, рабіць – неадкладна, кахаць – вось гэтага чалавека. І што б ні здарылася, ведаць: з усім можна справіцца, калі не выбіраць сектар «ныць» на барабане, а нешта рабіць.

Як правіла, да трыццаці адзінокая жанчына ўжо наелася таннай рамантыкі. Пакуль нехта з захапленнем віў гняздо, яна працавала. Бралася за самае складанае, з галавой паглыблялася ў новае, атрымлівала трэцюю вышэйшую, разбурала шаблоны, рызыкавала і ішла па-банку. Часам ёй было страшна, самотна і цяжка, але спадзявацца не было на каго: добры чалавек – не прафесія, а прыгожыя вочы не аплацяць рахунак за электрычнасць.

Пажыўшы ў такім рэжыме, пачынаеш шанаваць партнёраў, якія не гуляюць у пошукі сэнсу жыцця да сівізны ў барадзе, а знаходзяць адказ на пытанне «Кім я хачу быць, калі вырасту?» крыху раней. Штодзённасць, руціна, бытавы гумар, цяпло абдымкаў – вось што становіцца ў адносінах па-сапраўднаму важным, а не размовы пра прызначэнне.

Адзінота – не прысуд, не пакаранне і не праклён, не нешта, ад чаго пры любым раскладзе трэба пазбавіцца або што неабходна спрабаваць замаскіраваць, нібы танальнікам прышчык. Адзінота – гэта заўсёды пра тут і цяпер, пры дадзеных абставінах, але гэта зусім не азначае, што назаўсёды. «Нармальных» і «добрых» не разабралі – таму што «нармальныя» і «добрыя» не піражкі.

Не бойцеся спазнаваць людзей лепш. І давайце іншым шанц спазнаць вас.

Як ні дзіўна, але менавіта час дае нам у рукі козыры, а боль вучыць пазбаўляцца ад звычкі спальваць масты. Чым старэйшымі мы становімся, тым больш хочам сапраўднай блізкасці, а гэта немагчыма, калі пры ўваходзе ў любыя новыя стасункі перш за ўсё шукаць вачыма выхад.

Думайце, сумнявайцеся, спрабуйце. Не верце, быццам ёсць толькі адзін варыянт развіцця падзей, адзін чалавек на ўсё жыццё, адна магчымасць, якую нізашто нельга ўпусціць. Таму што гэта не так – і ўпушчаных магчымасцей будзе шмат. Гэта нармальна. Але ісці доўгай дарогай – не тое самае, што ісці няправільнай дарогай. Чым лепш вы ведаеце, куды вам трэба, тым вышэйшыя шанцы, што потым не давядзецца вяртацца ў пачатковую кропку і стартаваць нанова, таму што канчатковы пункт прызначэння нічога не даў, а толькі знясіліў.

Яшчэ адзін важны нюанс, пра які трэба памятаць: мы ўступаем у адносіны не толькі каб разам «дыхаць духамі і туманамі» – усе мы шукаем у адносінах пэўную выгаду для сябе.

Бяспеку, фінансавую стабільнасць, партнёрства, магчымасць нарадзіць дзяцей, знайсці таго, хто будзе нас слухаць і прымаць рознымі, а не толькі ў прыгожай сукенцы. Усё гэта – абсалютна нармальныя жаданні, з якімі важна вызначыцца на старце, задаўшы сабе пытанне: «Чаго я хачу ад адносін?» Менавіта ад адносін у прынцыпе, а не ад канкрэтнага мужчыны ці жанчыны.

Таму што калі раптам выявіцца, што на самай справе ўсё, што вам трэба, у вас і так ёсць або вы лёгка можаце сабе гэта даць, а імкненне завязаць адносіны – гэта толькі спосаб пазбавіцца ад сацыяльнага ціску («Ну калі ўжо замуж, калі?»), то каханне ў вашым жыцці можа яшчэ доўга не з’яўляцца. Менавіта гэты пасыл – «мне і адной добра» – вы будзеце неўсвядомлена трансліраваць свету, сабатуючы любыя магчымасці з кімсьці зблізіцца і знаходзячы гэтаму тысячу апраўданняў, якія гучаць лагічна.

Але калі вы сапраўды хочаце завесці з кімсьці адносіны (і не ў тупік!), то прапрацуйце гэтае пытанне, даследуйце свае ўстаноўкі – магчыма, у вас атрымаецца знайсці тыя, якія замінаюць, «тармозяць», і нарэшце «зняць сябе з ручніка».9

Скачок у невядомасць

мама,

калі ты кажаш

«будзь разумніцай»,

што ты маеш на ўвазе:

не забываць засцерагацца або

ніколі не гаварыць «кахаю»?

Ксенія Жалудова

Калі я была адна, я ўвесь час спрабавала зразумець, над якімі рысамі свайго характару мне трэба «папрацаваць», каб мяне можна было «пакахаць».

Ідэя ўласнай дэфектыўнасці ўзялася не з галавы – інтэрнэт запоўнены артыкуламі пра тое, якой ні ў якім разе нельга быць, калі хочаш адносін: знойдзеш хоць адну прыкмету ў сябе – пішы прапала. Пераняўшы ўсе гэтыя парады, наогул здзіўляешся, як людзі сыходзяцца. Такая рызыка!

Крыху пазней я зразумела, што поспех або няўдачу стасункаў прадвызначае не тое, якія вы ў іх пачатку, а тое, як вы спраўляецеся з цяжкасцямі ў працэсе. Наколькі хутка вы страсаеце з сябе шалупінне, здымаеце карону і сярод тоны смецця і мноства шумаў вылучаеце жывое сэрца іншага – сэрца, якому таксама страшна.

Часта нам здаецца, што спачатку мы такія шчырыя адно з адным, сапраўдныя і адкрытыя – як ніколі раней. Мы быццам здымаем маскі, агаляем сваю сарцавіну і дазваляем іншаму чалавеку дакрануцца да яе. Але вопыт паказвае, што «цукеркава-букетны» перыяд – гэта ўсё ж такі час падману, неўсвядомленага і ненаўмыснага.

Тое, што мы гаворым, як сябе падаём і кім імкнёмся выглядаць у вачах ледзь знаёмага, але сімпатычнага чалавека, звычайна мае вельмі мала агульнага з намі сапраўднымі, таму што голенькімі і ўразлівымі нас «асуджаныя» бачыць (і кахаць) толькі самыя блізкія і родныя, з якімі шмат пройдзена. А першае спатканне – гэта спектакль, магчымасць распушыць пер’е, паказаць прыгожы хвост.

Я зразумела гэта, падняўшы з-за цікаўнасці гісторыю адной з першых перапісак з мужам. Мне хацелася знайсці ў ёй знакі «наканаванага», цень Вялікага Кахання, што маячыла на гарызонце. Аднак я не знайшла нічога, акрамя аповедаў пра тое, якія паспяховыя, самастойныя, самадастатковыя і шчаслівыя ў нас жыцці – адно без аднаго.

Пачынаць адносіны страшна. Яшчэ больш мужнасці трэба, каб даць ім шанц, а не задні ход на першым жа павароце. Сказаць: «Я кахаю цябе», – таксама страшна. Страшна з гэтымі словамі паспяшацца. Але яшчэ страшней з імі спазніцца, зразумеўшы, што паміж вамі ўжо адлегласць у некалькі дзён дарогі, іншыя людзі і дзеці.

Пра што варта памятаць: любая ваша гісторыя кахання будзе ўнікальнай. Няважна, як пачынаюцца або заканчваюцца чужыя адносіны – яны не маюць нічога агульнага з вашымі. Як бляск і раскоша вяселля не ўзаемазвязаныя з якасцю і працягласцю шлюбу, так і намаляваная ў вашай галаве карцінка будучыні – не больш чым ілюзія.

Здорава, што вы нешта сабе прыдумалі пра адносіны. Падрыхтуйцеся, што ўсё можа пайсці не так.

Часта людзі, якія перажылі здраду, выбіраюць «верыць у тое, што нікому нельга верыць», баючыся зноў скурчыцца ад болю ў які-небудзь нецудоўны дзень. Яны прымаюць рашэнне не давяраць, як манахі прымаюць зарок, і нясуць яго, як сцяг маленькай ганарлівай краіны, што аднойчы разбурылі дашчэнту.

Я разумею, што стаіць за гэтым рашэннем, і паважаю перанесены боль, але на доўгай дыстанцыі – такой, як жыццё, – гэтая стратэгія аказваецца недальнабачнай. Вам здрадзіў адзін чалавек, а не ўся планета. Да таго ж вы дакладна ведаеце людзей – рэальных людзей, вашых знаёмых, – якім таксама здрадзілі, а яны не толькі рызыкнулі не здацца, але і сустрэлі новае каханне і цяпер шчаслівыя. Няўжо вы чымсьці горшыя? Чаму вы думаеце, што ў вас не атрымаецца? Чыім голасам гаворыць у вашай галаве гэты страх?

Што б ні здарылася, вы справіцеся. Якая б «цёмная ноч» ні наступіла, праз якія б складаныя пачуцці вам ні давялося прайсці, вы выйдзеце з іх жывымі, умудронымі досведам і з каштоўнымі ведамі пра сябе (няхай і не без сівых валасоў). Таму што «ёсць час працаваць, і ёсць час кахаць – ніякага іншага часу не застаецца»10. Іншымі словамі, каханне дадзена для таго, каб перажываць яго, не перажываючы, чым і калі ўсё скончыцца, ці не будзе марным. Можа, будзе, а можа, і не.

Пакуль не скокнеце, не зразумееце.

Разам

Пра «ідэальныя» адносіны

…кахаеш, верыш: шчасце так блізка і непазбежна,

шчырым смехам казычаш сонечны мяккі бок,

таму што кахаць – гэта сорамна, цёпла, кунежна,

ва ўсе бакі свету, напрасцяк, наўскасяк,

наскрозь, праз зямную вось.

Ксенія Жалудова

Калі мы адважваемся на адносіны, нам хочацца, каб усё было ідэальна – прыгожа і лёгка, надзейна і далікатна. Без непрыемных сюрпрызаў і сварак, раздражнення і недагаворак.

Але, як бы ні было крыўдна, «ідэальныя» адносіны магчымыя толькі ў адным месцы – у нашай галаве. Як толькі яны выходзяць у рэальны свет, карцінка пачынае дрыжэць – і схлопваецца.

Прычына простая: «ідэальныя» адносіны мы заводзім з прыдуманым ідэальным партнёрам у прыдуманых ідэальных абставінах. Аднак гэта не мае нічога агульнага з тым цудоўным хаосам, які і ёсць жыццё.

«Ідэальныя» адносіны не прадугледжваюць памылак, незадаволенасці, крыўдаў і расчараванняў. Яны ўвогуле не прадугледжваюць росту.

«Ідэальныя» адносіны – гэта не дом, а музей, дзе не дазваляецца кранаць рукамі прыгожае, шамацець абгорткамі і гучна смяяцца. Яны не прадугледжваюць развіцця, паколькі змены тояць у сабе парушэнне раўнавагі, крызісы, стомленасць – а ў «ідэальных» адносінах месца для гэтага не адводзіцца. У іх увогуле нельга рухацца, яны жыццяздольныя роўна настолькі, наколькі вы гатовыя ціхенька сядзець на канапе і глядзець у сцяну. Дарэчы, на ёй звычайна вісяць усяго дзве карціны: «Заўсёды» і «Ніколі» – менавіта гэтымі словамі мы часцей за ўсё аперыруем, калі апісваем «ідэальныя» адносіны.

«У ідэальных адносінах партнёр заўсёды…», «У ідэальных адносінах партнёр ніколі…» Бяда ў тым, што, калі ў вас ёсць набор такіх жорсткіх установак, жывы партнёр – той самы, які любіць вішнёвы кампот і кранальна картавіць, – можа так і не здарыцца ў вашым жыцці. Вы маглі б у поўнай згодзе пражыць з ім гадоў восемдзесят, але не разглядзелі яго, а то і зусім адмовілі яму, таму што чакалі ад яго «заўсёды» і «ніколі», а ён, халера, «калі-нікалі», «час ад часу» і «не-не – ды і так».

Часта мы і самі не ведаем, што такое «ідэальныя» адносіны, – замест гэтых ведаў у нас прабел, але ёсць вялікае жаданне яго запоўніць.

Бо здаецца, што, калі пра «ідэальныя» адносіны столькі гавораць, значыць, рэч вартая, «трэба браць» – а ніякія іншыя адносіны браць не трэба.



І тады мы звяртаемся да кніг, фільмаў, падглядаем за чужымі гісторыямі кахання, выхопліваем з іх ідэі – катанне на конях, кава ў ложак, букеты пунсовых руж пад акном – і спрабуем рэалізаваць іх ва ўласным жыцці. Знешне атрымліваецца прыгожанька, але сапраўднай радасці не прыносіць: на коней аказваецца алергія, кава праліваецца на новыя прасціны, а кветкі ўжо на трэці дзень блякнуць і прывабліваюць мошак.

А выклікае пяшчоту і да глыбіні душы кранае іншае – «неідэальнае», такое, што не пакажаш, чым не пахвалішся. Напрыклад, словы «Света, прабач мне, дурню», якія напісаны нязмыўнай фарбай перад пад’ездам і да гэтага часу забаўляюць суседзяў. Або пірог, у які вы выпадкова ўбухалі дзве шклянкі солі – ад хвалявання перад вячэрай з бацькамі. Або спазненне на ўласнае вяселле (калі сёй-той вырашыў, што ведае дарогу значна лепш, чым навігатар).

Збоку ўсё гэта можа выглядаць недарэчна і дзіўна, але ўспаміны аб гэтых момантах грэюць так, што не патрэбныя ніякія батарэі: варта толькі падумаць – і ўжо сагрэўся.

Менавіта ў моманты найбольшай «неідэальнасці» мы шмат разумеем пра якасць нашых адносін.

Падзялюся з вамі гісторыяй, якую расказала мне сяброўка Вера і дазволіла апублікаваць яе ў кнізе.

Аднойчы я напісала ў дзённіку: «У гэтым годзе, калі адносінам споўніцца дзесяць гадоў, мы або павянчаемся, або развядзёмся – у мяне больш няма душэўных сіл укладвацца ў гэты шлюб. Нешта павінна змяніцца, так далей нельга».

А неўзабаве здарылася вось што: дачка прынесла з садка вошай, прычым не адну-дзве – а цэлую процьму. Калі я ўбачыла, як яны варушацца ў яе валасах, мяне ледзь не званітавала ад агіды. Адразу ж паехалі па спрэй у аптэку. Па дарозе ў машыне ў мяне трэсліся рукі і цяклі слёзы. Не ведаю, можа, хтосьці спакойна ставіцца да ўсякіх вошай – ну вошы дык вошы, не трэба драматызаваць. Мне ж было брыдка. Чаму менавіта на нашу салодкую дзяўчынку, цудоўную далікатную прынцэсу напала гэтая дрэнь?

Калі вярнуліся дадому, я пайшла ў пакой пераапранацца і набірацца смеласці. Доўга сцягвала джынсы. Усяляк адтэрміноўвала момант.

А потым адчыняю дзверы пакоя – і бачу праз калідор, што муж стаіць у кухні і апрацоўвае дачцэ валасы. Не зняўшы нават курткі, скінуўшы толькі абутак, адразу ўзяўся за яе. Пакуль я ніяк не магла знайсці ў сабе сілы распачаць гэтую справу, ён ужо апрацаваў паўгалавы. І ласкава так прыгаворваў: «Нейкія маленькія блошкі цябе апанавалі, але іх зусім мала. Мы зараз твае прыгожыя валасы палечым – і яны стануць яшчэ больш прыгожымі, яшчэ больш пушыстымі…»

І ў тую секунду, нібы ў падзорную трубу, я ўбачыла ў канцы калідора ўсё сваё жыццё. Што ўсё, што з намі было, ішло менавіта да гэтага моманту.

Карцінка, як муж стаіць у куртцы і ратуе нашу дачку ад вошай, лягла, нібы апошняя дэталька, якой неставала, у пазл нашага сямейнага жыцця, і я ўбачыла, якое яно напоўненае. Я нарэшце супакоілася. І зразумела, што калісьці зрабіла правільны выбар.

Ён мой мужчына.

Мы разам, і мы сям’я.


У Веры не «ідэальныя» адносіны – у Веры адносіны, у якіх шчасця ўсё ж такі нашмат больш, чым незадаволенасці. Зусім не важна, як гэта выглядае збоку, наколькі гэта падобна на тое, пра што пішуць у кнігах і здымаюць кіно: калі Вера бачыць мужа, яна разумее, што яе дом там, дзе ён. Яны разам ствараюць агульнае, пражываючы звычайнае неідэальнае жыццё, з яго турботамі і клопатамі. І пражываюць яны яго не так, як «трэба», а так, як атрымліваецца ў канкрэтных абставінах, з тым наборам сіл, што ёсць.

У адносінах заўсёды будуць моманты, калі вы будзеце сумнявацца, шукаць адказы, рашэнні і тых, з кім можна параіцца, – гэта нармальна. Але заўсёды памятайце: тэорыя ёсць тэорыя.

Добра разважаць, «як трэба» сябе паводзіць у адносінах, як паводзіць сябе «па-даросламу», – але будзе так, як атрымаецца ў вас дваіх.

Наколькі вы абое будзеце да чагосьці гатовыя (ці не), і наколькі моцна вы ўвогуле захочаце над чымсьці працаваць.

У сітуацыях цяжкіх, складаных, крызісных, калі адольвае роспач, не шукайце, як будзе «правільна», а глядзіце і слухайце, як яно ў вас, як вы цяпер самі, – і дзейнічайце ў залежнасці ад абставін.

У каханні няма інструкцый і гарантый, гэта заўсёды скачок веры, чысты эксперымент. Адзінае, што сапраўды трэба старацца рабіць, – гэта не шкодзіць іншаму і самому заставацца цэлым.

Ратуйце сябе, калі тонеце. Клічце на дапамогу. Шукайце раўнавагу (ці страчвайце яе, калі трэба). Злуйцеся. Пражывайце гора. Плачце. Галоўнае, не ляжыце трупам ля ракі – паўзіце кудысьці ў бок канструктыву. А ідэальныя, «дарослыя» паводзіны пакіньце тэорыяй – не трэба іх на сябе нацягваць, калі ў рэчаіснасці вы нічога такога не адчуваеце.

Не шукайце гатовых варыянтаў, якія падкажуць, што трэба зрабіць, – слухайце сябе і заўважайце, што вы зрабіць хочаце. Чым больш шчырыя вы з сабой, тым хутчэй вы выйдзеце на дарогу, якая ў рэшце рэшт прывядзе вас Дадому.

Туды, дзе вас будуць кахаць з усімі вашымі шурпатасцямі, расколінкамі, сколамі і літарай «р», якую вы не выгаворваеце. І бачыць у гэтым не недахоп, а прыгажосць.

1.Рэнд А. Источник / перевод с английского Д. В. Костыгина. – М.: Альпина Паблишер, 2011.
2.Цытата з к/ф «Салярыс» (1972), знятага рэжысёрам Андрэем Таркоўскім паводле аднайменнага рамана Станіслава Лема.
3.Рыліў-тэрапія (англ. «ізноў перажываць, адраджацца») – гэта псіхатэрапеўтычны метад, сутнасць якога заключаецца ў тым, каб пераасэнсаваць траўматычную падзею з мінулага і разабрацца з яе наступствамі ў сучаснасці.
4.Поляков Е. А. Рилив-терапия. Психотерапевтическое консультирование и глубинная психотерапия. – М.: Академический проект, 2021. – С. 132.
5.Готтлиб Л. Мне нужен самый лучший! Как не испортить себе жизнь в ожидании идеального мужчины / перевод Элеоноры Мельник. – М.: Эксмо, 2020.
6.Готтлиб Л. Мне нужен самый лучший! – С. 290.
7.Бегбедер Ф. Воспоминания необразумившегося молодого человека / перевод Ольги Акимовой. – СПб.: Symposium, 2007.
8.Афарызм прыпісваюць Сенеку.
9.Дапамагчы ў гэтым могуць практыкаванні з раздзела «Практыка» на старонцы 361.
10.Цытата прыпісваецца Како Шанэль.

Pulsuz fraqment bitdi.