Kitabı oxu: «Шмат шуму з нічога»
(c) Завішаў Леанід, пераклад з англійскай мовы, 2026. Перакладзена паводле лічбавага выдання: Shakespeare, William. Much Ado About Nothing. Пад рэдакцыяй Б. Моват і П. Верстайна (Folger Shakespeare Library / Folger Digital Texts).
Дзейныя асобы
ЛЕАНАТА, губернатар Месіны
ГЕРА, яго дачка
БЕАТРЫСА, яго пляменніца
БРАТ ЛЕАНАТА
МАРГАРЫТА і УРСУЛА, прыдворныя дамы Геры
ДОН ПЕДРА, прынц Арагонскі
ГРАФ КЛАЎДЫЁ, малады пан з Фларэнцыі
СІНЬЁР БЕНЕДЫКТ, шляхціц з Падуі
БАЛЬТАЗАР
СІНЬЁР АНТОНІА
ДОН ХУАН, брат Дона Педра
БАРАЧЫО і КАНРАД, слугі Дона Хуана
ДОГБЕРЫ, галоўны канстэбль у Месіне
ВЭРЖЭС, памочнік Догберы
ДЖОРДЖ ВУГАЛЬ, кіраўнік начной варты
ПЕРШЫ ВАРТАЎНІК
ДРУГІ ВАРТАЎНІК
ПАНАМАР
АЙЦЕЦ ФРАНЦЫСК
ПАСЫЛЬНЫ ДА ЛЕАНАТА
ПАСЫЛЬНЫ ДА ДОНА ПЕДРА
ПАЖ
Музыкі, Паны, Слугі, Сын брата Леаната
АКТ 1
Сцэна 1
(Уваходзяць Леаната, губернатар Месіны, Гера, яго дачка, і Беатрыса, яго пляменніца, з Пасыльным.)
ЛЕАНАТА (з лістам). З гэтага лісту даведаўся я, што Дон Педра Арагонскі прыбывае гэтай ноччу ў Месіну.
ПАСЫЛЬНЫ. Ён ужо зусім блізка, калі я яго пакінуў, ён быў не далей за тры лігі адсюль.
ЛЕАНАТА. Колькі дваран вы страцілі на гэтай вайне?
ПАСЫЛЬНЫ. Лічаныя адзінкі, і нікога знатнага.
ЛЕАНАТА. Перамога вялічнейшая ўдвая, калі пераможца вяртаецца дадому без страт. Вядома мне, што Дон Педра аказаў вялікі гонар аднаму маладому фларэнтыйцу па імені Клаўдыё.
ПАСЫЛЬНЫ. Гэта цалкам заслужана з яго боку, і гэтак жа адзначана Донам Педра. Ён праявіў сябе вышэй за ўсе спадзяванні, асабліва ўлічваючы яго ўзрост: маючы аблічча ягняці, здзяйсняў подзвігі льва. Ён настолькі перасягнуў усе чаканні, што з вашага боку нельга і чакаць ад мяне апісання, як менавіта.
ЛЕАНАТА. У яго ёсць дзядзька, тут, у Месіне, які будзе гэтаму надзвычай рады.
ПАСЫЛЬНЫ. Я ўжо перадаў яму лісты, і мне здалося, яны выклікалі ў яго такую вялікую радасць, што яна нават не здолела застацца досыць стрыманай, каб не праявіцца слязьмі.
ЛЕАНАТА. Ён што, заплакаў?
ПАСЫЛЬНЫ. Ды яшчэ як.
ЛЕАНАТА. Шчодры прыліў шчырасці. Няма твараў больш праўдзівых і шчырых за тыя, што абмыты такімі слязамі. Наколькі ж лепш плакаць ад радасці, чым радавацца чужому плачу!
БЕАТРЫСА. Скажыце, калі ласка, а сіньёр Фехтавальшчык вярнуўся з вайны ці не?
ПАСЫЛЬНЫ. Мне невядомы ніхто з такім імем, пані. Пэўна, у нашым войску не было такога чалавека, ані сярод афіцэраў, ані сярод салдат.
ЛЕАНАТА. Каго гэта ты маеш на ўвазе, пляменніца?
ГЕРА. Мая кузіна мае на ўвазе сіньёра Бенедыкта з Падуі.
ПАСЫЛЬНЫ. А, дык ён вярнуўся, і такі ж вясёлы, як заўжды.
БЕАТРЫСА. Ён расклеіў тут, у Месіне, свае афішы і выклікаў самога Купідона на спаборніцтва ў стральбе. Але дзядзькаў блазан, пабачыўшы гэта, заступіўся за Купідона, і выклікаў Бенедыкта на дуэль з дзіцячымі стрэламі. Скажыце на міласць, колькіх ён забіў і з’еў на гэтай вайне? Ну, хоць скажыце, колькіх забіў? Бо я сапраўды абяцала з’есці кожнага, каго той пазбавіць жыцця.
ЛЕАНАТА. Праўду кажучы, пляменніца, нешта надта ты прыдзіраешся да сіньёра Бенедыкта, ды ён яшчэ з табой разлічыцца, вось пабачыш.
ПАСЫЛЬНЫ. Ён выдатна вызначыўся ў гэтай вайне, пані.
БЕАТРЫСА. Пэўна, харчы вашы запляснелі і ён дапамагаў іх знішчыць. Ён адважны ваяка па частцы ежы, ды страўнік у яго сапраўды гераічны.
ПАСЫЛЬНЫ. Ды і мужнасці салдата яму не пазычаць, пані.
БЕАТРЫСА. Пані, можа, і не пазычаць! А перад мужчынамі ён як?
ПАСЫЛЬНЫ. Сярод паноў ён пан, сярод мужчын – мужчына,
да краёў напоўнены высакародствам і цнотай.
БЕАТРЫСА. Вымушана пагадзіцца, напоўнены ён вышэй за край – проста нейкае чучала набітае! Вось толькі чым ён там напоўнены… Ну, усе мы людзі.
ЛЕАНАТА. Не зразумейце маю пляменніцу памылкова, шаноўны спадар. Паміж ёй і сіньёрам Бенедыктам ідзе свайго роду вайна жартаў. Варта ім толькі сустрэцца як адразу пачынаецца славесная перастрэлка.
БЕАТРЫСА. На жаль, карысці яму ад гэтага ніякай. Пасля нашага апошняга бою чатыры з пяці ягоных розумаў1 ледзь ногі павалаклі, і цяпер кіруе ім толькі адзін. Калі гэтага астатку яму будзе досыць, каб не памерці ад холаду, няхай ганарыцца тым, што пакуль адрозніваецца ад свайго каня. Бо гэта апошняе, што дазваляе яму звацца разумнай істотай. А хто ўвогуле зараз яго таварыш? Ён жа кожны месяц заводзіць сабе новага пабраціма.
ПАСЫЛЬНЫ. Хіба такое магчыма?
БЕАТРЫСА. Прасцей простага, сваё слова ён носіць як фасон капелюша: яно зменіцца адразу, як толькі майстар прыдумае новую форму.
ПАСЫЛЬНЫ. Я бачу, пані, гэты шляхціц дакладна не ў спісе вашых любімчыкаў.
БЕАТРЫСА. Вось яшчэ! Калі б ён там неяк з’явіўся, я б спаліла гэты спіс разам з уласным кабінетам! Ды ўсё ж, хто зараз ягоны пабрацім? Няўжо няма ніводнага маладога рубакі, які б выправіўся разам з ім да Абрама на піва?
ПАСЫЛЬНЫ. Ён амаль заўсёды разам з найвысакародным Клаўдыё.
БЕАТРЫСА. Божа, ды ён жа прычэпіцца да яго як хвароба! Зараза гэтая чапляецца хутчэй за халеру і адразу ж зводзіць хворага з глузду! Божа, уратуй высакароднага Клаўдыё! Бо лячыцца ад гэтага “Бенедыкта” – выляцець у трубу.
ПАСЫЛЬНЫ. З вамі, пані, я б лепей застаўся сябрам.
БЕАТРЫСА. Так і зрабіце, добры сябар.
ЛЕАНАТА. Ну, вар’яцтва табе, пляменніца, дакладна не пагражае.
БЕАТРЫСА. Не, хіба толькі калі напячэ ў студзені.
ПАСЫЛЬНЫ. А вось і Дон Педра.
(Уваходзяць Дон Педра, прынц Арагонскі, Клаўдыё, Бенедыкт і Дон Хуан, незаконнанароджаны брат Прынца.)
ПРЫНЦ. Шаноўны сіньёр Леаната, няўжо вы самі шукаеце лішняга клопату? Па ўсім свеце зараз бягуць ад выдаткаў, а вы прагнеце іх.
ЛЕАНАТА. У вашым абліччы, клопат ніколі не наведваў мой дом, Ваша Міласць. Бо звычайна, калі клопат адыходзіць, пасля яго прыходзіць спакой. Але калі ад’язджаеце вы, надыходзіць смутак, і шчасце развітваецца з намі.
ПРЫНЦ. Вы вельмі ахвотна прымаеце гэты абавязак. (Паварочваецца да Геры) А гэта, я разумею, ваша дачка.
ЛЕАНАТА. Яе маці штораз казала мне тое самае.
БЕНЕДЫКТ. Ці ж вы так сумняваліся, сіньёр, што ажно запытваліся?
ЛЕАНАТА. І не думаў, сіньёр Бенедыкт, бо вы тады яшчэ пад стол хадзілі.
ПРЫНЦ. Вось табе і на, Бенедыкт! Адразу відаць, што ты за мужчына такі. Зрэшты, сіньёра ўся ў бацьку. Віншую вас, пані, бо вы – жывы партрэт свайго шаноўнага бацькі.
(Леаната і Прынц адыходзяць убок.)
БЕНЕДЫКТ. Калі Леаната і ёсць яе бацька, яна б ніяк, нават за ўсю Месіну, не захацела б насіць яго галаву на сваіх плячах, хай яны і падобныя, як дзве кроплі вады.
БЕАТРЫСА. Дзіва ды й толькі, сіньёр Бенедыкт: вы ўсё нешта балбочаце, а вас ніхто не слухае.
БЕНЕДЫКТ. Няўжо гэта вы, спадарыня Пагарда! І вы ўсё капціце неба?
БЕАТРЫСА. Хіба ж Пагарда можа памерці, калі ў яе ёсць ідэальны харч – сіньёр Бенедыкт? Ды вокам кінуўшы на вас, нават сама спадарыня Любасць ператварыцца ў пагарду.
БЕНЕДЫКТ. Тады Любасць ваша – проста здрадніца. Аднак факт тое, што пані ўсе ад мяне без розуму, акрамя вас, канешне. І з радасцю я б змякчыў сваё каменнае сэрца, але далібог – не кахаю я нікога.
БЕАТРЫСА. Якое ж гэта шчасце для жанчын! Інакш зваліўся б на іх галовы такі шкодны кавалер. Хвала Богу і майму халоднаму розуму, тут нашы густы супадаюць. Я хутчэй буду слухаць брэх сабакі на варону, чым мужчынскія клятвы ў каханні.
БЕНЕДЫКТ. Дазволь Божа, ваша міласць застанецца пры гэтым перакананні. Прынамсі, нейкі спадар пазбегне нялёгкай долі – падрапанага да крыві твару.
БЕАТРЫСА. Такую фізіяномію, як у вас, нават кіпцюрамі горшай не зробіш.
БЕНЕДЫКТ. Ну, з вас выйшла б выдатная настаўніца папугаяў.
БЕАТРЫСА. Птушка, што спявае на мой лад, значна лепшая за скаціну, што малоціць як вы.
БЕНЕДЫКТ. Каб жа мой конь нёсся так, як малоціць ваш язык, і быў такім жа няўтомным! Але спявайце далей, дзеля Бога, а я сваё адспяваў.
БЕАТРЫСА. Вечна ты ўцякаеш, нібы старая кляча. Ведаю я твае замашкі з даўніх часоў.
(Леаната і Прынц выходзяць наперад.)
Прынц. Вось і ўсё, Леаната. Сіньёр Клаўдыё, сіньёр Бенедыкт, мой шаноўны сябар Леаната вас усіх сардэчна запрашае. Я папярэдзіў яго, што застаемся мы не менш за месяц, а ён шчыра спадзяецца, што неяк пашанцуе і справы нашыя затрымаюць нас на даўжэй. Я гатовы паклясціся, ён не крывадушнічае – запрашае ад чыстай душы.
ЛЕАНАТА. Калі і паклянецеся, мілорд, клятвы не парушыце. (да Дона Хуана) Дазвольце прывітаць вас, мілорд. З нагоды вашага прымірэння з прынцам, вашым братам, я гатовы выканаць перад вамі ўвесь свой абавязак.
ДОН ХУАН. Дзякуй вам, я няшматслоўны, але дзякуй вам.
ЛЕАНАТА. Прашу вас, ваша міласць, праходзьце.
ПРЫНЦ. Вашу руку, Леаната. Мы пойдзем разам.
(Усе выходзяць акрамя Бенедыкта і Клаўдыё.)
КЛАЎДЫЁ. Бенедыкт, ты заўважыў дачку сіньёра Леаната?
БЕНЕДЫКТ. Не заўважыў, але я паглядзеў на яе.
КЛАЎДЫЁ. Хіба яна не сціплая маладая пані?
БЕНЕДЫКТ. Ці ты пытаешся ў мяне, як і належыць сумленнаму чалавеку, каб я адказаў у якасці добрага сябра? Альбо хочаш ты, каб адказаў я паводле свайго звычаю – як адкрыты тыран для ўсяго іхняга полу?
КЛАЎДЫЁ. Не, прашу цябе, гавары са мной як добры сябар.
БЕНЕДЫКТ. Мусіць, па праўдзе, на мой розум, яна занадта нізкая для высокіх кампліментаў, занадта смуглявая для светлай пахвалы, і занадта непрыкметная для вялікай славы. Адно толькі магу сказаць я ў яе карысць: каб была яна інакшая – была б непрыгожай. А такая, як ёсць, яна не ў маім гусце.КЛАЎДЫЁ. Ці здаецца табе, я жартую? Скажы шчыра: як яна табе?
БЕНЕДЫКТ. Ты яе, што, купіць надумаў, што гэтак заўзята пытаешся?
КЛАЎДЫЁ. Да хіба за ўсе багацці свету можна набыць такі дыямент?
БЕНЕДЫКТ. Ага, і футуральчык да яго ў прыдачу. Але скажы, ты гэта сур’ёзна? Ці блазнуеш ты, маўляў, Купідон – выдатны паляўнічы2, а Вулкан – знаўца-цясляр3? Ну жа, у які лад цябе прымаць, каб спявалі мы разам?
КЛАЎДЫЁ. Для мяне яна – наймілейшая з усіх жанчын, каго давялося мне калісьці пабачыць.
БЕНЕДЫКТ. Мне пакуль шанцуе бачыць без акуляраў, і нічога падобнага я і блізка не назіраю. Вось яе кузіна, калі б у тую не ўсялілася шалёная фурыя, зацьміла б яе прыгажосцю, як першае мая апошні дзень снежня. Але, спадзяюся, ты яшчэ не надумаў ажаніцца, так?
КЛАЎДЫЁ. Ды я нават уласнай клятве б здрадзіў, хоць і прысягаў ніколі не жаніцца, абы толькі Гера пайшла за мяне.
БЕНЕДЫКТ. Няўжо да гэтага дайшло? Хіба няма ва ўсім свеце мужчыны, які не марыць нацягнуць на галаву рогі? Няўжо не дадзена мне ў гэтым жыцці пабачыць шасцідзесяцігадовага халасцяка? Ну, калі ж табе так хочацца нацягнуць ярмо на шыю, насі потым яго адбітак і марнуй нядзелі ва ўздыхах. Глядзі, Дон Педра вярнуўся па цябе.
(Уваходзіць Дон Педра, прынц Арагонскі.)
ПРЫНЦ. Які ж такі сакрэт устрымаў вас, што вы дагэтуль не прыйшлі да Леаната?
БЕНЕДЫКТ. Я б дужа хацеў, ваша светласць, каб вы мяне прымусілі расказаць.
ПРЫНЦ. Загадваю табе імём тваёй вернасці!
БЕНЕДЫКТ. Чуеце, графе Клаўдыё, я здольны маўчаць як рыба, і хацелася б мне, каб вы ў гэта верылі. Але клянуся сваёй вернасцю – звярніце на гэта ўвагу, сваёй вернасцю! – Ён закаханы. У каго? Ну, гэта ўжо справа вашай Міласці. Глядзіце, які кароткі яго адказ: У Геру, малую дачку Леаната.
КЛАЎДЫЁ. Калі б гэта было праўдай, можна было б сказаць і так.
БЕНЕДЫКТ. Сапраўды, як у той старой казцы, мілорд: “Усё не так, ніколі не было так, але барані Божа, каб яно спраўдзілася.”
КЛАЎДЫЁ. Калі мае пачуцці раптам не знікнуць, то барані Божа, каб усё склалася інакш.
ПРЫНЦ. Амэн, калі сапраўды яе кахаеш, бо гэтая пані вартая найлепшага.
КЛАЎДЫЁ. Вы гэта кажаце, каб падлавіць мяне, мілорд.
ПРЫНЦ. Клянуся гонарам, я кажу толькі тое, што думаю.
КЛАЎДЫЁ. Клянуся праўдай, мілорд, я сказаў тое, што думаў.
БЕНЕДЫКТ. А я, мілорд, клянуся дзвюма сваімі праўдамі і двума ганарамі, што і я сказаў тое, што думаў.
КЛАЎДЫЁ. Адчуваю я – кахаю яе ўсім сэрцам.
ПРЫНЦ. Вядома мне – яна вартая твайго кахання.
БЕНЕДЫКТ. А тое, што я не адчуваю, як можна яе кахаць, і мне не вядома, чым яна такая вартая – перакананне гэтае з мяне агнём не выпаліш. І за яго я гатовы памерці на кастры.
ПРЫНЦ. Ты заўсёды быў зацятым ерэтыком, які ваюе з прыгажосцю.
КЛАЎДЫЁ. І ніколі не мог даказаць сваю правату нічым, акрамя сваёй наймацнейшай упартасці.
БЕНЕДЫКТ. За тое, што жанчына мяне зачала – я дзякую ёй; за тое, што выхавала – таксама ёй найніжэйшая падзяка. Але насіць рогі на сваім ілбе і красавацца імі перад усім светам – не, тут ужо няхай даруюць мне жанчыны. Каб не крыўдзіць ніводную сваім недаверам, я выбіраю не давяраць ніводнай. І гэта найлепшы канец: буду жыць халасцяком.
ПРЫНЦ. Яшчэ да таго, як памру, я ўбачу, як пабледнееш ад кахання.
БЕНЕДЫКТ. Ад злосці, ад хваробы ці ад голаду, мілорд, але ніяк не ад кахання. Калі вы дакажаце, што сэрца маё сыходзіць крывёй ад кахання хутчэй, чым я папаўняю яе віном4 – выкаліце мне вочы пяром баладніка, і павесьце мяне над дзвярыма бардэля замест шыльды са сляпым Купідонам.
ПРЫНЦ. Ну, калі ты калі-небудзь здрадзіш гэтай веры, будуць складаць пра цябе анекдоты.
БЕНЕДЫКТ. Калі гэта здарыцца, засуньце мяне ў драўляны гарлач5, як ката, і страляйце ў мяне з лука. А калі хто пацэліць – няхай паціснуць яму руку, няхай імя яму будзе Адам6 і славіцца ён няхай як найлепшы лучнік.
ПРЫНЦ. Ну, час – найлепшы суддзя. З часам нават самы дзікі бык прывыкае да ярма.
БЕНЕДЫКТ. Дзікі бык, можа, і прывыкае. Але калі неяк Бенедыкт разумны надзене гэтае ярмо, здзярыце з быка рогі, прыбіце іх да майго ілба, а пасля вялічэзнымі літарамі, як на стайнях пішуць пра каней, напішыце пра мяне: “Выдатны конь напракат”, і ўпэўніцеся, каб пад шыльдай маёй абавязкова дадалі: “Тут вы можаце ўбачыць Бенедыкта жанатага”.
КЛАЎДЫЁ. Калі такое некалі станецца, ты ад рэўнасці звар’яцееш як бык у перыяд гону7.
ПРЫНЦ. О, ну і наклікаў ты на сябе бяду! Калі Купідон не распусціў увесь свой калчан у Венецыі8, ты бліжэйшым часам затрасешся ад кахання.
БЕНЕДЫКТ. Ну, у такім выпадку, мне застаецца чакаць хіба што землятрусу.9
ПРЫНЦ. Ну, час усё расставіць па месцах. А пакуль, шаноўны сіньёр Бенедыкт, накіруйцеся да Леаната. Засведчыце яму маю павагу і перадайце, што я ні ў якім разе не прапушчу вячэру, бо, сапраўды, ён зрабіў вялікія прыгатаванні.
БЕНЕДЫКТ. Ну, для такога важнага даручэння ў мяне, мусіць, і хопіць розуму. І на гэтым даручаю вас…
КЛАЎДЫЁ. …апецы Бога. Пісана ў маім доме, калі б ён у мяне быў…
ПРЫНЦ. …шостага ліпеня. Твой сардэчны сябар, Бенедыкт.
БЕНЕДЫКТ. Ну, досыць жартаў, панове, досыць. Тканіна вашай гаворкі часам аздоблена чужымі абрэзкамі, ды і тыя каруначкі прыметаны на жывую нітку. Перад тым як зноў высмейваць мудрасці мінулага, зазірніце, панове, ва ўласнае сумленне. На гэтым я вас пакідаю. (Ён выходзіць.)
КЛАЎДЫЁ. Мой гаспадару, ваша высокасць можа зараз зрабіць мне вялікую ласку.
ПРЫНЦ.
Маю прыхільнасць накіроўвай сам.
Пакажаш як – і ты пабачыш хутка:
Яна найлепшым стане табе вучнем,
Каб кожную ласку для цябе зрабіць.
КЛАЎДЫЁ.
Ці мае Леаната сына, пане?
ПРЫНЦ.
Акрамя Геры – нікога няма.
Яна адзіная для бацькі спадчынніца.
Ці закахаўся ты, шаноўны Клаўдыё?
КЛАЎДЫЁ.
О, мілы пане, як ішлі ў бой мы
На гэтую вайну, што ўжо мінула,
Я кінуў на яе жаўнера вокам.
Яна мне любай стала, але рукі
Былі крывавай вельмі справаю заняты.
Але цяпер вярнуўся я, і думкі,
Што пра вайну былі, сышлі адразу,
А замест іх набеглі мяккія жаданні,
І шэпчуць мне яны пра прыгажосць той Геры,
Што прыпала да сэрца ў даваенны час.
ПРЫНЦ.
І вось ты ўжо як кожны закаханы,
Замест гаворкі – нібы кніга слоў.
Калі кахаеш Геру – беражы пачуцці,
А я дамоўлюся і з ёй, і з яе бацькам.
Каб ажаніць цябе з той Герай слаўнай,
Ці ж не для гэтага скажы мне, браце,
Ты так прыгожа пачаў плесці казкі?
КЛАЎДЫЁ.
Як ладна вы спрыяеце каханню!
Чытаючы па твары гэту боль!
Каб не здалося вельмі ўжо раптоўным
Маё захапленне, я гэтую прыхільнасць
Загладзіць захацеў прамовай доўгай.
ПРЫНЦ.
Навошта мост, шырэйшы за раку?
Найлепшы дар – у тым, што неабходна.
Што падыходзіць – тое і дарэчы.
Ты закахаўся – знойдзем табе лекі.
На маскарадзе шумным сёння ноччу
Тваю я ролю на сябе прыму,
І да цудоўнай Геры накіруюся,
Каб ёй адкрыць, што я – твой Клаўдыё.
Адкрыю сэрца перад ёй умомант,
І ў палон яе вазьму прамовай моцнай,
Маім гарачым словам пра каханне.
Пасля і з бацькам я яе звяжуся,
І ў выніку стане яна тваёй.
Ну, добры сябар, пачынаем працу!
(Яны выходзяць.)
Сцэна 2
(Уваходзіць Леаната, сустракаючы старога, свайго брата.)
ЛЕАНАТА. Што чуваць, браце? Дзе мой пляменнік, твой сын? Ці падрыхтаваў ён тую музыку?
БРАТ ЛЕАНАТА. Ён цалкам пагружаны ў гэтую працу. Але, браце, магу табе паведаміць такія дзіўныя навіны, якія табе і не сніліся.
ЛЕАНАТА. Яны добрыя?
БРАТ ЛЕАНАТА. Ну, гэта ўжо як час пакажа, але вонкава яны выглядаюць прывабна, і абяцаюць толькі добрае. Адзін з маіх людзей падслухаў паноў Педра і Клаўдыё, калі тыя прагульваліся па густой заценістай алеі майго сада. Маўляў, прынц прызнаўся Клаўдыё, што кахае маю пляменніцу, тваю дачку, і хоча адкрыцца ёй сёння ноччу падчас танцаў. І калі яна адкажа згодай, той плануе скарыстацца момантам і адразу прасіць у цябе яе рукі.
ЛЕАНАТА. А хлопец той, які табе гэта сказаў, хоць пры розуме?
БРАТ ЛЕАНАТА. Так. Кемлівы, востры на розум хлопец. Зараз пашлю па яго, зможаш сам яго распытаць.
ЛЕАНАТА. Не, не, ні ў якім разе не. Будзем лічыць гэта мрояй, пакуль яно не спраўдзіцца. Але я ўсё ж папярэджу дачку, каб тая была падрыхтавана да адказу, калі нейкім чынам вестка праўдзівая. Схадзі да яе, распавядзі ёй пра гэта.
(Уваходзяць сын Антоніа, музыка і слугі.)
ЛЕАНАТА. Ну, хлопцы, вы і самі ведаеце, што рабіць. – О, прашу прабачэння, ласкавы пане. Ступайце са мной, мне спатрэбіцца ваша майстэрства. – Дарагі пляменнік, будзь уважлівы ў гэты гарачы час.
(Усе выходзяць.)
Сцэна 3
(Уваходзяць Дон Хуан, незаконнанароджаны брат прынца, Канрад, яго паплечнік.)
КАНРАД. Якога ліха, мілорд, чаму вы гэтак бязмерна сумны?
ДОН ХУАН. Прычына, што яго спарадзіла, не мае меры. І сум мой такім чынам таксама бязмерны.
КАНРАД. Вам варта прыслухацца да розуму.
ДОН ХУАН. А калі і прыслухаюся, якая мне ад гэтага палёгка?
КАНРАД. Няхай і не кароткачасовы ратунак, але прынамсі нейкае цярпенне.
ДОН ХУАН. Дзіўлюся я з цябе. Ты, будучы, як сам кажаш, народжаным пад Сатурнам10, усё ж спрабуеш лячыць маральнымі павучаннямі маю смяротную хваробу. Я не здольны хаваць таго, хто я ёсць. Я мушу быць змрочным, калі ёсць на тое прычына, і не ўсміхацца на чужыя жарты; есці, калі маю апетыт, і не чакаць, пакуль мне дазволяць; спаць, калі хіліць у сон, і не турбавацца пра чужыя клопаты; смяяцца, калі я шчаслівы, і нікому не ліслівіць, ці дагаджаць.
КАНРАД. Так, але вам не варта выяўляць тое напоўніцу, пакуль вы цалкам не станеце гаспадаром сваіх учынкаў. Яшчэ зусім нядаўна вы ішлі супраць свайго брата, і ён яшчэ ледзь вярнуў вам сваю ласку. І ў гэтай ласцы немагчыма вам пусціць сапраўдныя карані, калі самі не створыце для гэтага добрае надвор’е. Таму вам самому трэба падрыхтаваць глебу дзеля будучага жніва.
ДОН ХУАН. Я хутчэй буду пустазеллем у плоце, чым ружай у яго ласцы. Маёй крыві бліжэй быць пагарджаным усімі, чым будаваць з сябе кагосьці, каб скрасці нечую любоў. І ў гэтым, няхай мяне і нельга назваць сумленным чалавекам, але нельга адмаўляць, я – адкрыты ліхадзей. Давяраюць мне, толькі надзеўшы наморднік, і выпускаюць на волю, толькі закаваным у кайданы. Таму пастанавіў я не спяваць у сваёй клетцы. Не было б намордніка, я б кусаўся; не было б кайданоў, я б дзейнічаў па ўласнай волі. А пакуль – пакіньце мяне такім, які я ёсць, і не трэба спрабаваць мяне перарабляць.
(Уваходзіць Барачыо.)
ДОН ХУАН. Што чуваць, Барачыо?
БАРАЧЫО. Я толькі што адтуль, з вялікай вячэры. Прынца, вашага брата, Леаната прымае па-каралеўску, і ў мяне для вас ёсць звесткі пра будучае вяселле.
ДОН ХУАН. Ці атрымаецца з гэтага збудаваць нейкае ліха? І якім трэба быць дурнем, каб ажаніцца з трывогай?
БАРАЧЫО. Да вось, гаворка ідзе пра правую руку вашага брата.
ДОН ХУАН. Хто, сам непараўнальны Клаўдыё?
БАРАЧЫО. Менавіта ён.
ДОН ХУАН. Выдатны маладзёнак. І на каго ж гэта ён вока паклаў?
БАРАЧЫО. Дык на Геру, дачку і спадчынніцу Леаната.
ДОН ХУАН. Вось дык сакавіцкае кураня11! Дзе ты гэта пачуў?
БАРАЧЫО. Я быў наняты ў якасці абкурвальніка пакояў.12 Дык вось, я пракурваў адзін сыры пакой, уваходзяць пад руку прынц і Клаўдыё, у вельмі сур’ёзнай размове. Я тут жа схаваўся за габелен і там пачуў, як яны дамовіліся, што прынц сам сватаецца да Геры, а пасля аддасць яе графу Клаўдыё.
ДОН ХУАН. Ну што ж, хадзем хутчэй туды. Гэта здаецца выдатнай ежай для маёй злосці. Гэты малады выскачка прысвоіў сабе ўсю славу за маю паразу. Калі я змагу хоць неяк паламаць ягоныя планы, я буду лічыць сябе самым шчаслівым чалавекам. Вы абодва верныя людзі і гатовыя мяне падтрымаць?
КАНРАД. Да самай смерці, мілорд.
ДОН ХУАН. Хадземце на гэтую вялікую вячэру. Іхняя радасць тым большая, што я разбіты. Калі б толькі іхні кухар быў маіх думак! Ну што, хадзем паглядзім, дзе там можна прыкласці руку?
БАРАЧЫО. Мы стаім за вамі, мілорд. (Усе сыходзяць.)
У сярэднявечнай і рэнесанснай псіхалогіі “пяць розумаў” (five wits) – гэта пяць унутраных разумовых здольнасцяў чалавека: здаровы сэнс, уяўленне, фантазія, здольнасць да развагі і памяць. Іх супрацьпастаўлялі пяці цялесным пачуццям (зроку, слыху, нюху, смаку і дотыку), бо менавіта “пяць розумаў” лічыліся галоўнай адзнакай разумнай істоты. Беатрыса іранізуе, што пасля іх папярэдняй сваркі чатыры з пяці розумаў Бенедыкта былі знішчаныя, а адзінага ацалелага ледзь хапае на тое, каб не памерці ад холаду і хоць чымсьці адрознівацца ад свайго каня
[Закрыть]
У антычнай міфалогіі Купідон (Эрас) часта адлюстроўваўся з завязанымі вачыма, што сімвалізавала слепату кахання. У арыгінале Шэкспір выкарыстоўвае выраз “hare-finder” (паляўнічы, які высочвае зайцоў па слядах), што патрабуе выключнай пільнасці. Сцвярджэнне, што сляпы бог можа быць добрым следапытам, – гэта відавочны абсурд, якім Бенедыкт падкрэслівае непраўдападобнасць слоў свайго сябра.
[Закрыть]
Вулкан (у грэчаскай міфалогіі Гефест) – бог агню і апякун кавалёў, які працаваў выключна з металам. Называць бога-каваля выдатным цесляром (майстрам па дрэве) – гэта наўмыснае перабольшанне абсурду. Бенедыкт выкарыстоўвае гэты вобраз, каб паказаць, што Клаўдыё відавочна жартуе і гаворыць поўную бязглуздзіцу.
[Закрыть]
У эпоху Шэкспіра панавала гумаральная тэорыя медыцыны, паводле якой любоўныя перажыванні і сумныя ўздыхі высушваюць арганізм і літаральна забіраюць кроў з сэрца. Чырвонае віно разглядалася як галоўны сродак для аднаўлення жыццёвых сіл і папаўнення страчанай крыві. Гэтай метафарай Бенедыкт іранічна падкрэслівае, што яго сэрца зусім не пакутуе ад кахання.
[Закрыть]
Адсылка да жорсткай сярэднявечнай забавы ў Англіі: жывога ката саджалі ў кошык, драўляны бочачак або скураную бутлю (bottle), падвешвалі на галіну дрэва і практыкаваліся ў трапнай стральбе з лука па гэтай рухомай мішэні. Бенедыкт клянецца, што гатовы стаць такой мішэнню, калі калі-небудзь закахаецца.
[Закрыть]
Маецца на ўвазе Адам Бел (Adam Bell) – знакаміты разбойнік і лучнік са старадаўніх англійскіх народных балад, які дзейнічаў у Інглвудскім лесе і па папулярнасці стаяў у адным шэрагу з Робін Гудам. У часы Шэкспіра яго імя стала намінальным для абазначэння непераўзыдзенага стралка, а паляпванне па плячы са словамі “Ты – Адам” было вышэйшай пахвалой за трапны стрэл.
[Закрыть]
Каламбур, пабудаваны на англійскім прыметніку “horn-mad” – адначасова “люты, раз'юшаны як бык” і “ашалелы ад здрады жонкі” (ад традыцыйнага ўяўлення пра “рогі” раганосца). У беларускім перакладзе захаваны вобраз раз'юшанага быка, які перадае сэнс арыгінальнага жарту пра страх Бенедыкта быць ашуканым у шлюбе.
[Закрыть]
У англійскай літаратуры эпохі Шэкспіра Венецыя мела ўстойлівую рэпутацыю горада пачуццёвых асалод, любоўных прыгод і знакамітых куртызанак. Кажучы, што Купідон мог расстраляць там увесь свой калчан, дон Педра іранічна намякае на гарадскую распусту і папярэджвае Бенедыкта, што калі ў бога кахання засталася хоць адна страла, яна неўзабаве пацэліць у яго.
[Закрыть]
Гульня слоў, заснаваная на англійскім дзеяслове “quake” (“трэсціся”). Адказваючы на словы Прынца пра тое, што ён хутка “затрасецца” ад кахання, Бенедыкт парыруе згадкай пра землятрус (earthquake), падкрэсліваючы, што яго ўлюбёнасць такая ж рэдкая і неверагодная з'ява.
[Закрыть]
У астралогіі эпохі Шэкспіра Сатурн лічыўся “халоднай” планетай, якая выклікае меланхолію, панурасць і злосць. Пра чалавека, “народжанага пад Сатурнам” (born under Saturn), казалі, што ён мае цяжкі, замкнёны і пахмурны характар. Дон Хуан здзіўляецца, што Канрад, які сам знаходзіцца пад уплывам гэтай змрочнай планеты, бярэцца лячыць чужую злосць маральнымі павучаннямі.
[Закрыть]
У англійскай мове эпохі Шэкспіра выраз March chick (“сакавіцкае кураня”) быў пагардлівай мянушкай для занадта юнага, хуткаспелага і наіўнага чалавека, які паводзіць сябе як дарослы, але яшчэ не мае жыццёвага вопыту. Дон Хуан выкарыстоўвае гэтую метафару, каб зняважліва паказаць маладосць і неразважлівасць Клаўдыё, які так паспешліва вырашыў ажаніцца.
[Закрыть]
У Еўропе XVI–XVII стагоддзяў пасада абкурвальніка пакояў (у арыгінале perfumer) была звычайнай з'явай пры дварах і ў багатых маёнтках. Праз адсутнасць вентыляцыі і каналізацыі зачыненыя пакоі хутка набіралі вільгаць і затхлы пах, а таксама лічыліся крыніцай хвароб. Каб ачысціць паветра перад прыездам знатных гасцей, пакоі абкурвалі дымам ядлоўцу, размарыну, ладану ці духмяных эсэнцый.
[Закрыть]