Kitabı oxu: «Нелюбімыя гінуць»

Şrift:

Маці Зінаідзе Арсенцьеўне прысвячаю


1

Толькі-толькі бралася на раніцу. Агністы сонечны дыск квола мацаў далягляд, быццам яму нешта перашкаджала вылузнуць з-за яго і ўскараскацца на нябесны блакіт, а мытня ўжо была падобная да мурашніка. Толькі не жвавыя мурашы беглі да аднапавярховых, здавалася, плоскіх будынін, а вужакай сунулася паўкіламетровая чарада рознакаляровых, непаваротлівых, але шумных і смуродных машын. Тыя, хто апынуўся тут трошкі раней, не звярталі ўвагі на зыбліва-барвовы далягляд, на малінава залацістыя промні, якія вяшчалі пра новы дзень, мо таму не спяшалася паказвацца і сонца. Яно ўздымалася паволі, з годнасцю, ад яго, як і ад гэтых людзей, сённяшнім травеньскім ранкам таксама веяла раўнадушным, калючым холадам.

Некаторыя чарадоўцы падсілкоўваліся, расклаўшы прыпасы тут жа, на машынах: хто на капоце, хто на заднім веку багажніка. Яны выглядалі ўважліва-засяроджанымі, напружанымі, гатовымі ў любы момант імгненна завяршыць трапезу і ўціснуцца ў цесныя салоны аўтамашын, прапахлыя чалавечым целам, парфумай і тытунём, каб праз хвіліну-другую, зрушыўшы з месца і праехаўшы ўсяго некалькі метраў, зноў заглушыць рухавікі, перад тым мацюкнуўшы, абняславіўшы ўлады за вядомыя на ўсю Еўропу чэргі.

Ніхто не звярнуў увагу на прапылены «рафік», які пад’ехаў апошнім: змрочныя позіркі скіраваны толькі ўперад, туды, дзе ёсць нейкі рух, адкуль даносяцца галасы, чуецца пералівісты званочак – міліцэйскі свісток. Напэўна, мытня – адзінае месца, дзе гэты свіст слухаюць з задавальненнем, яго тут чакаюць, да яго прыслухоўваюцца, бо ведаюць, што наперадзе, раўняючы чаргу і накіроўваючы машыны да памежнікаў, шчыруе мітуслівы даішнік.

Рухавага міліцыянера ніхто не баіцца, але большасць вадзіцеляў, хутчэй па звычцы, пазірае на яго лісліва, іншыя хітруюць і вітаюцца, быццам з даўнім знаёмым, хоць і бачаць сяржанта ўпершыню. І ўсё ж боязь ёсць: раптам міліцыянер надумае праверыць дакументы і выпхне з чаргі? А гэта, лічы, цэлая гадзіна, а то і больш дарма патрачанага часу.

Дзесьці апоўдні павітаўся з даішнікам і вадзіцель «рафіка». Міліцыянер у адказ імпэтна закруціў паласатым жэзлам і незадаволена крыкнуў: «Праязджай, не затрымлівай».

Памежнік, невысокі хударлявы прапаршчык, з вузкім хваравітым тварам, прастуджана шморгаючы кручкаватым носам, доўга вывучаў дакументы: спярша вадзіцеля, а потым семярых пасажыраў. У «рафіку» ехала шасцёра дзяўчат, прыблізна аднаго ўзросту, ад дваццаці да дваццаці трох гадоў, і трошкі старэйшы, апрануты ў скураны пінжак, джынсы, на нагах белыя красоўкі, чарнявы цыганаваты хлопец, якому з-за ранняй сівізны можна было даць і ўсе трыццаць.

Калі блізка пасаджаныя шэрыя вочкі памежніка натыкаліся на фотаздымак, ён неяк нервова ўскідваў галаву і ўпіваўся імі ў пасажыра, быццам не толькі параўноўваў гаспадара пашпарта з фотаздымкам, але і сіліўся прачытаць ягоныя думкі.

Нарэшце чарга дайшла і да Любы Анікейчык. Паслініўшы палец, прапаршчык важна перагарнуў храбусткія старонкі дакумента, гэтак жа па-начальніцку строга агледзеў Любу і нарэшце з непрыхаваным сарказмам выдыхнуў:

– Усё лепшае вывозім…

– Я еду працаваць па дамове, – сумелася, незадаволена перасмыкнула плячамі Люба, – буду пакаёўкай.

– Падлогу, значыцца, мыць. А мне здалося, што ты артыстка і едзеш у Галівуд, – засмяяўся прапаршчык і, казырнуўшы, паспешліва выйшаў з машыны.

Пасля памежнікаў «рафік» сустрэлі ганарліва-прыдзірлівыя мытнікі, але пасажыры ніякага тавару акрамя асабістых рэчаў не везлі, таму мытнікі цікавасці да іх не праявілі. Нават вялікая чорная аўчарка некалькі разоў лянотна пазяхнула, калі яе праводзіў адзін з сяржантаў па вузкім праходзе паміж крэсламі.

– Праязджай, – паблажліва сказаў старэйшы і, махнуўшы рукой, каб паднялі шлагбаум, скоса зірнуў на шафёра. – Табе сёння пашэнціла.

– Мне заўсёды шэнціць, – весела засмяяўся бялёсы трыццацігадовы Дзмітрый. – Бізнес мой легальны: адвёз, прывёз – і ніякіх праблем. Галоўнае – не заснуць у дарозе.

Польскія памежнікі падаліся Любе маўклівымі і занадта засяроджанымі: ніводнага лішняга слова і руху. Самым гучным у іхняй мітусні быў стук штэмпеля, які абвясціў уезд у межы Польшчы, пасля чаго іх, як надакучлівых і нікому тут не патрэбных людзей, як мага хутчэй справадзілі з мытнай зоны.

І толькі праз паўгадзіны, калі «рафік» ад’ехаў ад мяжы з добрую дваццатку кіламетраў, і Люба, і ўсе астатнія ўздыхнулі з палёгкай. Пачуліся жарты, зашамацелі цэлафанавыя пакеты, пасярод салона на адным з пухлых чамаданаў, які чарнявы хлопец (а ён быў у іх кампаніі за галоўнага) кульнуў набок, зазіхацела пляшка гарэлкі. Каля яе імгненна ўзнік паўлітровы слоік з марынаванымі грыбочкамі, з’явіліся каўбаска, вэнджаніна, марынаваныя гурочкі. Шафёр у люстэрка пажадліва пазіраў на чамадан з пачосткай, цікаваў за манеўрамі маўклівага, падобнага да цыгана хлопца і, сустрэўшыся позіркам з кімсьці з пасажырак, шматзначна, з хцівым агеньчыкам у вачах падміргваў: маўляў, усё ідзе як трэба, можаце не хвалявацца.

– Мо лепш прыпыніцца на перакус? – прапанавала вастраносая дзяўчына, што сядзела на апошнім справа сядзенні, і, прыпаліўшы цыгарэту, з цяжкасцю прачыняючы акенца, ад напругі ажно пачырванеў твар, незадаволена дадала: – Амаль суткі ў дарозе, можна і адпачыць.

– Не насядзелася на мытні? – імгненна абурыўся шафёр, нават твар пачырванеў. – Можаш спаць, жраць, піць, але прама тут, у машыне. Ніхто не перашкодзіць. А ў мяне графік! Я сёння павінен перасекчы нямецкую мяжу.

– Дзмітрый кажа праўду, – глухім, прастуджаным голасам падтрымаў шафёра цыганаваты. – Вось яна, – чарнявы паклаў руку Любе на плячо, – згодна з дамовай абавязана ўжо сёння быць на месцы. Немцы, як вядома, народ пунктуальны: спознішся – могуць і не прыняць. Назад, у Мінск, мы і яе, і кожную з вас, канечне, завязём, але ж за асобную плату, якая, зразумела, будзе ўдвая большая. З Нямеччыны вяртаюцца ўжо багаценькімі…

– Дзяўчаткі, пра які уікэнд вы гаворыце? – пырснула, зайшлася ад смеху дзяўчына, што сядзела за Любінай спінай і да гэтага часу амаль усю дарогу спала. У Мінску яе праводзіла вясёлая, на добрым падпітку кампанія, і суседку з песняй пра «дальнюю дорогу» некалькі чалавек амаль занеслі ў машыну. Не зусім працверазелая, яна з цяжкасцю трымалася на мытні, але цяпер, калі мяжа была пройдзена, усялякая боязь знікла. – Я не першы раз еду і ведаю, што да чаго…

Убачыўшы чамадан з бутэлькай гарэлкі і раскладзенымі на ім закускамі, дзяўчына імгненна змяніла тэму гаворкі.

– Ого, – ускрыкнула яна, – ужо і стол накрыты і, зразумела, за кошт фірмы?.. Ашот, Дзмітрый, а дзе шампанскае? Няўжо зажылілі?

– Наколькі я памятаю, у цябе, Ірына, ад шампанскага жывот пушыць, – выцягваючы з чорнай дарожнай сумкі пластмасавыя кілішкі, спакойна сказаў Ашот.

– Дзяўчаткі, нас рабуюць, за ўсё заплачана, – раз’ятрана, п’яна затупала нагамі Ірына. – А пра пуза не хвалюйся, няхай яно хоць трэсне, але маё – аддай. Я за справядлівасць… Немец і той, перш чым зацягнуць у ложак, шнапсам ці хоць бы півам, але пачастуе…

– Ірка, не баламуць і не пужай дзяўчат немчурой, – падаў голас шафёр. – Ты адна ў нас вандроўніца, астатнія едуць капейчыну зарабляць.

– Ха, вандроўніца? – істэрычна засмяялася дзяўчына. – Скажы лепш – валацужніца… І невядома, хто з нас больш «бабак» заробіць… Я не толькі іх маю на ўвазе, – дзяўчына падхапілася на ногі і, тэатральна раскінуўшы рукі, крыкнула: – Я больш зараблю і за цябе, і за Ашота… Ды што казаць, я больш зараблю за ўсіх вас разам узятых. Паўгода – і трохпакаёвая кватэра ў кішэні… І не загаворвай мне зубы – гані шампуньку.

Гэтая размова, і асабліва шматзначны, бессаромна-істэрычны Ірынін смех, непрыемным халадком закралася ў Любіну душу. Адразу ўзгадалася рослая, як не пад два метры, касцістая, мужчынападобная начальніца аддзела кадраў трамвайнага дэпо, якая, аддаючы працоўную кніжку, брыдка скрывілася і скрозь зубы працадзіла: «Усім вядома, чаго нашы дзяўчаты туды едуць, але ніколі не думала, што і ты – блудніца».

Люба скоса зірнула на суседку, якая ноччу, калі ад’язджалі з Мінска, назвалася Кацярынай, і, сустрэўшыся з ёй позіркам, паспрабавала ўсміхнуцца. Гэткая ж вымучаная, палахлівая ўсмешка кранула і Кацярыніны вусны.

– Мне прапанавалі месца рэпетытаркі музыкі для васьмігадовага хлопчыка, – нясмелым стомленым голасам сказала дзяўчына, – з веданнем рускай мовы.

– А ў мяне кантракт пакаёўкі ў доме, дзе жыве калека… Ён паралізаваны, ногі не ходзяць.

– Хоць бы гэтая «Чарадзейка» не падвяла, – цяжка ўздыхнула Кацярына.

– Фірма надзейная, – упэўнена сказала Люба. – Муж маёй лепшай сяброўкі там за галоўнага.

– Запрашаю ўсіх да нашага стала-чамадана, а ў каго рукі караткаватыя, лічыце мяне афіцыянтам: усё, што пажадаеце, паднясу, – уладна абвясціў Ашот. – Як кажуць, служба службай, а абед па распарадку.

– Баюся я гэтага Ашота, ці не бандыт? – паспешліва прашаптала Кацярына. – Падазрона маўчыць, імя не нашае, хоць і прамаўляе без акцэнту.

– Ён – армянін і ніякі не бандыт, – прыхільна ўсміхнулася Люба, – сяброўка пра яго добра казала, і ў «Чарадзейцы»

Ашот – не апошні чалавек.

– Афіцыянт, – зноў падхапілася на ногі Ірына, – апахмялі даму шампанскім… І бутэрброд хачу з чым-небудзь салёненькім.

Ашот як і не чуў, але шампанскае з сумкі выцягнуў.

– Дай ты ёй бутэльку, няхай нап’ецца ды спіць, – не ўстрымаўся, не паварочваючы галавы, крыкнуў шафёр.

– Правільна, Дзімачка, няхай маё аддасць – і я буду спаць ажно да Берліна.

Атрымаўшы бутэльку, Ірына тут жа яе схавала ў цэлафанавы пакет, але, убачыўшы, што Ашот дастаў яшчэ адну, шампанскае выцягнула і пісклявым голасам пачала кленчыць:

– Ашоцік, міленькі, адкаркуй. У мяне не атрымаецца, стрэліць, і ўсё выльецца, – убачыўшы, што хлопец яе ігнаруе, Ірына рашуча сарвала з бутэлькі бліскучую залацістую фольгу і, хітра пазіраючы на Ашота, прагаварыла: – Шампанскае напаўсухое, ляжала ў цяпле ды яшчэ цэлыя суткі трэслася ў сумцы… Стрэліць, як піць даць стрэліць і ўвесь салон заліе. А на салодкае мух наляціць, вялізных, гнойных, але галоўнае тое, што кожны паліцэйскі будзе чапляцца і прынюхвацца да Дзімкі, на ап’яненне правяраць. Мыць трэба будзе машыну, а на гэта гадзіны дзве часу пойдзе, не менш…

Ашот моўчкі выхапіў з Ірыніных рук бутэльку і, хутка адкруціўшы драцяны хамуток, на нейкі час заціснуў белы корак у далоні. Калі ж прыняў руку, цяпер ужо разам з коркам, над тоўстым рыльцам, невялікім грыбным капялюшыкам, запенілася шампанскае, але ніводнай кроплі долу не адарвалася. Хлопец накінуў на рыльца пластмасавы кілішак, працягнуў бутэльку Ірыне.

– Ірка, табе галаву трэба лячыць, – сказаў ён і зноў вярнуўся да чамадана з закускамі.

Люба палуднавала без усялякага апетыту. Нават некалькі невялікіх глыткоў шампанскага не змаглі не тое што развеяць, нават прыцішыць хваляванне і трывогу, якімі напоўнілася душа яшчэ ў Мінску, калі з ад’язджаючага «рафіка» ў натоўпе на прыпынку ўгледзела цётку Клаву, стрыечную сястру маці. Цётка, калі даведалася, што Люба падпісала кантракт і збіраецца ў Нямеччыну, спярша абрадавалася, але на другі дзень знайшла Любу на працы і пачала ўпрошваць не ехаць. Яна страшыла пляменніцу выпадкамі бясследнага знікнення тых, каго вывозілі, усхвалявана шаптала, што маладых дзяўчат гвалцяць і прадаюць у рабства, а калі расказвала пра тое, што паліцыя часцяком знаходзіць знявечаныя трупы, у якіх адсутнічаюць пэўныя ўнутраныя органы, нават заплакала. Толькі не цётчыны страшылкі парушылі раўнавагу і душэўны спакой, трывожна было ад няведання, што чакае яе ў будучым.

Нечакана машына рэзка ўзяла ўправа, завіскаталі тармазы, некалькі сумак, складзеных у канцы салона адна на адну, ад рэзкага тармажэння зваліліся на падлогу.

За Любінай спінай дзынкнула шкло, і адразу істэрычна залямантавала Ірына:

– Асцярожна, не дровы вязеш… Ледзь бутэльку не разбіла.

– Прыехалі, дзяўчаткі, – заклапочана зірнуўшы ў акно, сказаў Ашот і, кіруючы да выхаду, загадаў: – Сядзіце ціха, як мышы пад венікам, я паспрабую дагаварыцца.

Калі Ашот падышоў да Дзмітрыя, вадзіцель прытрымаў яго за крысо скуранкі і ціха сказаў:

– Не спяшайся, няхай самі падыдуць.

З чорнага трохсотага «Мерседэса», які перагарадзіў ім дарогу і прымусіў з’ехаць на ўзбочыну, выйшлі коратка падстрыжаныя, спартыўнага складу трое хлопцаў і, засунуўшы рукі ў кішэні, няспешна рушылі да «рафіка». Іх адзервянела-зацятыя твары са сківіцамі, якія рытмічна соўгаліся, напэўна, жавалі жвачку, не прадвяшчалі нічога добрага.

– Старыя знаёмыя, – грэбліва ўсміхнуўся Ашот.

– Сёння не праскочылі, – расчаравана ўздыхнуў Дзмітрый.

– Нічога не зробіш, – прачыняючы дзверцы, напружана, з хваляваннем у голасе адказаў Ашот і, саскочыўшы на пыльную ўзбочыну, дадаў: – Раз на раз не прыходзіцца.

– Дзяўчаткі, гэта па нашыя душы, – заявіла Ірына і гучна ікнула. – Толькі яны не душапрыказчыкі, а звычайныя рэкеціры. Рыхтуйце зялёненькія, лепш дробнымі, бо здачы не дачакаецеся. Канечне, Ашот дамовіцца, не ўпершыню, грошыкі ж выграбуць з нашых кішэняў. Ці праўду кажу, Дзмітрый?

– Твой доўгі язык аблегчыць нашыя кішэні не на дзесяць долараў, ён можа пазбавіць нас усяго.

– Не плявузгай, вас не зачэпяць, – Ірына зноў гучна ікнула і, дапіўшы рэшту шампанскага, зласліва зазначыла: – Трэці раз рабуюць у адным і тым месцы, не паверу, што гэта выпадкова. А мінулы раз, дарэчы, не па дзесятцы, а па трыццаць баксаў з носа спагналі. Сёння ж могуць выпатрашыць і ўсе пяцьдзесят.

– Не каркай, Ашота яны паважаюць.

– Грошы яны паважаюць, – прабурчэла Ірына, і ў машыне надоўга ўсталявалася прыгнечаная, напружаная цішыня.

Праз лабавое шкло Люба бачыла, як напачатку спакойна размаўляў Ашот са стрыжанымі хлопцамі. Яны здаліся ёй неймаверна падобнымі, і не таму, што былі апрануты аднолькава, у джынсавыя касцюмы, а больш праз міміку і рухі. Стрыжаныя, панурыўшы галовы і манатонна соўгаючы сківіцамі, нейкі час слухалі Ашота, потым адзін з іх паклаў армяніну руку на плячо і нешта сказаў. Ашот зрабіў крок назад, замахаў рукамі і, раз-пораз азіраючыся на «рафік», пачаў нешта даказваць. Рэкеціры адмоўна захіталі галовамі і, як па загадзе, выцягнуўшы з кішэняў рукі, пагрозліва, сцяной пасунуліся на Ашота. З «Мерседэса» з манціроўкай у руцэ выкуліўся невялікага росту, шчуплы, з доўгімі патлатымі валасамі шафёр. Ён падбег да «рафіка», тузануў дзверцы ад вадзіцеля, і не паспеў Дзмітрый нават уцяміць, што да чаго, як крывая манціроўка ўпілася яму ў шыю пад самай сківіцай.

– Т-ты што, здурнеў? – прахрыпеў Дзмітрый і паспрабаваў ухапіцца за жалязяку. Але патлаты быў напагатове. Манціроўка імгненна падкінула галаву вадзіцеля «рафіка» ўгору, ды так, што вочы ў бедака закаціліся, як у мерцвяка, а рукі канвульсіўна затузаліся.

– Не чапай яго, – закрычала Люба, – мы заплацім, колькі скажаце…

– Мужыкі, мамзелі згодны плаціць, – выскаліў два рады залатых зубоў патлаты і трошкі апусціў руку, даў Дзмітрыю хватануць паветра.

Стрыжаныя, як па загадзе, спыніліся, засунулі рукі ў кішэні і зноў абыякава засоўгалі сківіцамі.

Ашот, ідучы да машыны, нешта імпэтна крычаў, некалькі разоў плюнуў пад ногі, але, залезшы ў салон, сказаў адно:

– Пяцьдзясят баксаў з чалавека…

І Люба, і ўсе астатнія адразу зашамацелі даўно падрыхтаванымі паперкамі, толькі Ірына злосна мацюкнулася:

– Скулу ім, а не пяцьдзясят…

Ашот сабраў грошы, хутка пералічыў, выцягнуў з кішэні сотню за сябе і Дзмітрыя. Потым падышоў да Ірыны і сцішана сказаў:

– Не хапае пяцьдзясят.

– Аддай грошы патлатаму, і няхай Дзімку адпусціць… Ды скажы, што пра недастачу я сама буду гаварыць.

– Рабі як хочаш, толькі ведай, з агнём гуляеш.

– Я ведаю, як за сябе пастаяць, – скідваючы з плячэй плашчоўку, адмахнулася Ірына.

Яна дастала з сумачкі люстэрка, памаду і рашуча падмалявала вусны. Потым выцягнула з валасоў заколку, матлянула галавой, і адразу цёмна-каштанавыя валасы густа рассыпаліся па плячах. За адну хвіліну на вачах агаломшаных пасажыраў Ірына ператваралася з заспанай, не па гадах істэрычнай кабеты ў спакуслівую, кідкую прыгажуню. У наступнае імгненне на падлогу паляцелі мяккія белыя красоўкі, на спінцы крэсла павіслі замытыя да белага джынсавыя штаны, а замест іх Ірына з цяжкасцю нацягнула кароткую чорную спаднічку і бліскучыя, на высокіх абцасах чаравічкі. У яе агромністых аксамітных вачах цяпер палыхалі дзікавата-шальмоўскія ўпартыя агеньчыкі.

– Ну, дзяўчаткі, пажадайце мне ні пуха ні пер’я, – цокаючы абцасамі на выхад, сказала Ірына.

– Ні пуха… – разам выдыхнулі прысутныя, а Дзмітрый, усё яшчэ трымаючыся за сківіцу, прагундосіў:

– Ірка, не ведаю, што ты задумала, але глядзі, не ўлезь к чорту ў балота.

– Ты нас ужо абараніў, цяпер дазволь мне за сябе і цябе, немаўлятку, заступіцца, – праходзячы міма, раскудлаціла вадзіцелю чупрыну дзяўчына і весела, па-блазенску рассмяялася.

Як толькі стрыжаныя ўбачылі дзяўчыну, адразу змяніліся: вонкавай абыякавасці і пагрозлівай засяроджанасці як і не было, на тварах імгненна з’явіліся гуллівыя, з’едліва-пошлыя ўсмешкі, да гэтага абыякавыя, немігатлівыя вочы ажылі, заіскрыліся прагавітым, бессаромным жаданнем.

Ашот, як і стрыжаныя, зразумеў, на што наважылася Ірына, і рашуча пераступіў ёй дарогу:

– Не рабі глупства, я за цябе заплачу…

– Адыдзі, ты мне не муж і не бацька, – як ад надакучлівай мухі, адмахнулася дзяўчына і гучна крыкнула: – Хлопчыкі, ёсць размова, толькі скажыце гэтаму лоху, каб сеў у машыну і не высоўваўся…

Тое, што потым адбылося на вачах дзяўчат, пасажырак «рафіка», не проста іх збянтэжыла, убачанае выбіла з каляіны і неймаверна ўзмацніла страхі, якімі і без таго поўніліся душы. Некаторых паводзіны Ірыны і рэкеціраў прывялі да нервовага зрыву.

Бачачы, як Ірына слізганула ў прачыненую дзверцу «Мерседэса» і як паважна ўслед за ёй залез адзін са стрыжаных, а астатнія, назіраючым за тым, што робіцца ў сярэдзіне, весела, па-блазенску скаліліся і пагойдвалі машыну, першай не вытрымала Кацярына. У яе руцэ няведама адкуль з’явілася небяспечная брытва, пагрозліва бліснула лязо.

– Я ім не дамся, няхай толькі сунуцца…

– Ты што, здурнела?!

Каля Кацярыны імгненна з’явіўся Ашот і, пераціснуўшы дзяўчыне запясце, адабраў брытву.

– Хіба не бачыш, што гэтая гадаўка сама пайшла? – Ашот абвёў пасажырак злым позіркам, секануў паветра рукой. – Ніхто, чуеце, ніхто вас не зачэпіць, калі, канечне, самі таго не пажадаеце!

Праз гадзіну напружанага чакання пасажыры «рафіка» убачылі, як Ірына вылезла з «Мерседэса» і, хістаючыся, няўпэўнена, па-матроску шырока ставячы ногі, пасунулася да «рафіка». Рэкеціры нешта крычалі ёй услед, але дзяўчына нават не азірнулася, толькі падняла рукі над галавой і развітальна памахала. Раптам яна спынілася, быццам наткнулася на нейкую нябачную перашкоду, скінула чаравікі, замітусілася, крутнулася ўправа-ўлева, як пераламалася напалам, і, прыкрыўшы далонню рот, подбегам кінулася да ўзбочыны. Стрыжаныя, убачыўшы, як дзяўчына, стоячы на ўзвале на каленях, ванітуе, зарагаталі, ды так, што здрыганулася шкло ў «рафіку».

У Любы саленаваты камяк перахапіў горла. І адразу, як калісьці ў дзяцінстве, яе імгненна агарнула даўно забытае, запаланіла міжвольнае і амаль непераадольнае жаданне ўцячы адсюль, схавацца, каб нікога не бачыць і нічога не чуць. Яна падхапілася і кінулася да дзвярэй, але ніяк не магла зразумець, чаму ногі не бягуць, а рукі не слухаюцца, не магла зразумець, чаму цяжка дыхаць, а ў вачах ружовы туман.

Калі Люба расплюшчыла вейкі, зыркае сонца балюча сцебанула па вачах. Яна адвярнулася і ўбачыла перапалоханага Ашота, які трымаў каля яе носа ватку. Пахла нашатырным спіртам.

– Ну, дзякуй Богу, – узрадавана ўздыхнуў хлопец і пацёр ваткай Любіны скроні і шыю.

– Дасца ў знакі нам гэтая паездка, – незласліва прабурчэў Дзмітрый. – Адна трахаецца, можна сказаць, прынародна, другая з брытвай кідаецца на людзей, а трэцяя – зусім чокнутая, паміраць уздумала…

– Не балбачы, – рэзкавата сказаў Ашот, – лепш занясі Ірыне вады, няхай прывядзе сябе ў парадак… Ехаць трэба.

Праз некалькі хвілін у машыну цяжка паднялася Ірына. Валасы ўскудлачаныя, на вільготнай кофце расшпіленыя ўсе гузікі, станіка зусім не было, чырвоныя саскі высокіх грудзей задзірліва, быццам наўмысна, былі скіраваныя на Ашота і Дзмітрыя. Хлопцы, як па загадзе, адвялі позіркі, і гэта не засталося незаўважаным Ірынай. Яе перапэцканы памадай твар пераможна засвяціўся.

– Усім фізкульт-прывет, – зычна абвясціла яна, але голас прагучаў фальшыва і здзекліва. – А што гэта нашы дзяўчаткі галовы павесілі, а хлопчыкі вочкі пахавалі? Няўжо паснулі? А мо мяне ганіце? Дык я з таго, чым еду зарабляць грошыкі, таямніцы не рабіла і нікога, зрэшты, не абрабавала. А мо зайздросціце? Усё ж за гадзіну дзвесце баксаў зарабіла, вось гэтых, – Ірына патрэсла над галавой зеленаватымі паперкамі. – Напэўна ж, і вы не цэлкі, маглі б таксама паўдзельнічаць… Толькі я першай паспела…

– І хто цябе толькі нарадзіў? – непрыязна буркнуў Дзмітрый і завёў рухавік.

Ірына быццам толькі гэтага і чакала. Яна зусім скінула кофту, знізу далоньмі яшчэ больш высока прыўзняла грудзі і, усутыч наблізіўшыся да вадзіцеля, прашаптала:

– А ты, Дзімачка, зірні, памацай маё цела, няўжо адмовішся? Толькі не пужайся, дам за так, не за грошы… За іх ты засілішся… А мне жонку і дзетак тваіх шкада… Пагаджайся, пакуль не перадумала, а то аддамся Ашоту, а ён іншы, ён заплоціць, толькі не ў дарозе, усё ж адказвае за маю дастаўку, і не ў Берліне, дзе каштарыс высокі. Ён дачакаецца мяне ў Мінску і завалачэ ў які-небудзь ванючы гатэль з прусакамі…

– Датрахалася, зусім з глузду з’ехала. Гэта ў цябе ў галаве прусакі замест мазгоў, – прабурчэў Дзмітрый і, скрывіўшыся, як ад кіслага, пачаў вырульваць на шашу.

Люба яшчэ не зусім ачомалася ад нечакана нахлынуўшай млоснасці і цяпер, трошкі прыплюснуўшы вейкі, паволі, але без усялякага жадання вярталася ў рэальнасць. Нейкім нязведаным дагэтуль падсвядомым пачуццём яна ўбачыла вакол сябе празрыстую заслону, падобную на вадаспад, якая, здавалася, бараніла ад усяго нядобрага і злога. Люба чула, пра што гаворыць Ірына, бачыла яе голую і ніяк не магла дапяць, чаго дзяўчына торкае свае цыцкі вадзіцелю ледзь не ў самы твар. Яна бачыла, як Ашот укрыў Ірыну плашчоўкай і, прытуліўшы да сябе, правёў міма, чула, як, усаджваючы суседку ў крэсла, ён ціха спытаўся:

– Ты зноў наглыталася калёс?

– І запіла віном, – раўнадушна адказала Ірына і нечакана ўсхліпнула: – Я больш гэтага не вытрымаю…

– Хутка ўсё скончыцца, – пяшчотна сказаў Ашот. – Ты лепш засні.

Гэтае «засні» імгненным неймаверным цяжарам навалілася на Любіны вейкі. Яна міжвольна заплюшчыла вочы і цяпер не толькі ўбачыла вакол сябе серабрыстыя вадзяныя пырскі, але і пачула грукатлівы шум вадаспада, такі жывы і лагодна-пявучы. На душы стала лёгка і спакойна.

Апошняе, што пачула Люба перад тым, як заснуць, былі словы, сказаныя кімсьці з дзяўчат: «Як бы там ні было, а Ірына на нашых вачах за гадзіну зарабіла аж дзвесце долараў!»

За паўгадзіны да нямецкай мяжы Любу раскатурхаў Ашот і забраў пашпарт, які адразу ж аддаў Дзмітрыю.

– Апошняя праверка, – падаў голас вадзіцель і, пералічыўшы пашпарты, павучальна прамовіў: – На мяжы не мітусіцеся, сядзіце спакойна, у немцаў памежнікі і мытнікі працуюць на пару. Машыны шманаюць рэдка, а на людзей і зусім увагі не звяртаюць. Колькі езджу, у салон ні разу не зазірнулі, нават крыўдна…

Пра тое, што адбылося па дарозе на Варшаву, ні Люба, ні хто іншы не ўзгадвалі. Дый навошта? Праз некалькі гадзін іх шляхі разыдуцца, а там у кожнага свой клопат, як кажуць, свая кашуля бліжэй да цела.

Немцы і сапраўды вельмі хутка і без усялякай цікаўнасці да пасажыраў прагледзелі іх пашпарты, тут жа грукнулі штампам, але больш уважліва перабралі дакументы вадзіцеля, нават прымусілі завесці машыну і праверылі на «СО», яшчэ больш уважліва вывучалі страхоўку і зялёную карту. Зрэшты, калі ўсе пытанні былі знятыя, Дзмітрыю вярнулі дакументы, акрамя аднаго – пашпарта.

Малады, зусім юны, прышчаваты памежнік у велікаватай фуражцы, над губамі тоненькая палоска чорных вусікаў, зазіраючы ў салон машыны, на ламанай рускай мове крыкнуў:

– Фройлен Люба Аникейчик, ком цу мир, аусвайс фальшивка…

У Любы быццам нешта абарвалася ўсярэдзіне. Яна падхапілася на ногі, дрыготкімі рукамі пачала збіраць рэчы. На падлогу звалілася сумачка, з якой высыпаліся біжутэрыя, грошы, люстэрка закацілася некуды далёка пад крэсла, на вачах імгненна навярнуліся слёзы, а вусны шапталі адно:

– Як жа ж так, усё было нармальна…

– Ну, ні халера сабе!.. – вырвалася міжвольна ў Дзмітрыя. – Нашу і дзве польскія мяжы праехалі…

– Что ест хольера? – імгненна зрэагаваў памежнік і, зрабіўшы крок да машыны, паклаў руку на руль. – Это ест русский нецензурный брань в меня? Тогда ты в тюрьма!

– Што вы, што вы, якая цюрма? – замахаў рукамі перапалоханы Дзмітрый. – Халера – гэта… гэта як чорт…

– О-о, «чьёрт» моя знает, – твар памежніка расплыўся ў прыхільнай усмешцы, – русский «чьёрт побирай» Европа знает… Но тут, – памежнік зноў стаў сур’ёзны, нават вельмі, і, тыцнуўшы пальцам у нямецкі сцяг, які развяваўся над мытняй, строга сказаў: – Тут вам не «хальера» і не «чьёрт побирай», тут Дойчланд!.. А фройлен своя подпись в аусвайсе не имеет…

Праехаўшы не больш за кіламетр, Ашот запатрабаваў, каб Дзмітрый спыніў машыну каля першага прыдарожнага тэлефоннага аўтамата. Ён выглядаў заклапочаным, доўга шарыў па кішэнях скуранкі, перагарнуў партмане, зрэшты, знайшоў тое, што шукаў, – занатоўнік, перагарнуў некалькі старонак і адразу ж адкінуў, запусціў руку ў дарожную сумку. Зрэшты, твар прасвятлеў, Ашот выцягнуў блакітны сшытак, нешта ў ім прачытаў, скоса зірнуў на Любу. Сустрэўшыся з дзяўчынай позіркам, ён вымучана ўсміхнуўся і нават падміргнуў.

Люба нейкім, як кажуць, сёмым пачуццём адчувала, што размова Ашота па тэлефоне будзе тычыцца яе. Зрэшты, так яно і здарылася. Калі Ашот вярнуўся ў машыну, ён адразу падышоў да Любы і бадзёра сказаў:

– Праз гадзіну будзем на месцы, паціху збірайся. Цябе чакаюць.

– Я гатова, – хвалюючыся, прашаптала Люба і не пазнала свайго голасу. Зноў перахапіла дыханне, яна закашлялася.

– Ну-ну, толькі не ўздумай самлець, – лагодна паляпаў Любу па спіне Ашот, – хворая ты ім не патрэбна… – ён трошкі памаўчаў і, адчуваючы няёмкасць, дадаў: – І чаго цябе з такім здароўем панесла ў свет?

Люба нічога не адказала, але гэтае пытанне ўзяло за жывое. Імгненна, як на экране тэлевізара, перад вачыма прамільгнула яе жыццё. Пасля смерці маці, калі п’яніца-бацька прывёў у хату мачаху, у яе пачалося напаўжабрацкае дзяцінства і гэткае ж юнацтва. На выпускны школьны баль сама перашыла, пераніцавала старую суседчыну сукенку, якая і сёння як парадная ляжыць на дне чамадана. Пасля няўдалай спробы паступіць у інстытут – праца ў трамвайным дэпо. Заробак не дазваляў раскашаваць, ледзь хапала на пражыццё, бо амаль усе грошы аддавала цётчыным знаёмым на разлік за мінскую прапіску. Яна магла спадзявацца толькі на сябе, таму адразу і ўхапілася за прапанову паехаць у Нямеччыну ў заробкі. Няхай пакаёўкай, няхай пасудамыйкай, абы толькі вырвацца з абрыдлай нястачы…

– Я вельмі добра сябе адчуваю, – Люба адштурхнула Ашотаву руку і, злосна зірнуўшы на хлопца, дадала: – І, калі спатрэбіцца, змагу за сябе пастаяць…

– Гэткая ты мне падабаешся, – шчыра засмяяўся Ашот і, падышоўшы да вадзіцеля, гучна сказаў: – У нашага напаўсамлелага верабейкі вырасла дзюбка.

– Хто іх, жанчын, зразумее, – стомлена прабурчэў Дзмітрый. – Спярша дзюбка, а потым невядома адкуль з’явяцца і дзюба, і змяіны зуб…

Ён пазяхнуў і, трымаючы руль левай рукой, правай ухапіў поліэтыленавую двухлітровую бутлю з вадой. Спярша зрабіў некалькі вялікіх глыткоў, потым лінуў вады на галаву, шыю, парослую чорнымі валасамі грудзіну і, страсянуўшы патлатай галавой, выдыхнуў:

– Другія суткі за рулём, хоць бы не заснуць… Ірка, сцерва, падвяла, выбіла з графіка.

– Трымайся, перададзім дзяўчыну і заначуем, – зручней уладкоўваючыся ў крэсле, адказаў Ашот і, выцягнуўшы цыбатыя ногі, заплюшчыў вейкі.

Да скрыжавання, на якім чакалі Любу, пад’ехалі каля адзінаццаці гадзін вечара. Як толькі машына спынілася і Ашот адчыніў дзверцы, у салон цяжкавата і не без дапамогі хлопца ўскараскалася невысокага росту гадоў пяцідзесяці жанчына ў вялізных, на паўтвару, акулярах. Гладка зачэсаныя валасы былі сабраны на патыліцы і прыхоплены ярка-чырвонай шпількай. Жанчына, не вітаючыся, па-руску зняважліва заявіла:

– Я – фрау Эльза, эканомка пана Ганса. Мой гаспадар прасіў перадаць, што за спазненне ён спагоніць з вашай фірмы штраф.

Ашот у апраўданне хацеў нешта сказаць, але жанчына рашучым жэстам рукі перапыніла:

– Не трэба тлумачэнняў, Люба Анікейчык – на выхад!

– Бывай, сяброўка, – абыякава прабурчэла за Любінай спінай Ірына і, шчыльней захутваючыся ў плашчоўку, санліва дадала: – Добра, што гэты славуты нямецкі парадак для мяне пачнецца толькі заўтра…

Люба на развітанне моўчкі паціснула Кацярыне руку, ускінула на плячо дарожную сумку, падхапіла старэнькі чамадан.

Накрапваў невялікі дожджык, і першае, пра што падумала Люба, ступіўшы на зямлю, гэта быў парасон, які наўмысна не ўзяла з сабой з-за зламанай спіцы і зацыраванай у двух месцах матэрыі.

Насупленая і непрыступна халодная фрау Эльза была ў машыне. Яна дачакалася, калі Люба ўладкавалася на заднім сядзенні, і толькі пасля гэтага, прачыніўшы шкло, падала Ашоту аркуш паперы.

– Вазьмі распіску аб выкананні абавязацельстваў, а памер штрафу гаспадар перадасць па факсе.

Сказаўшы гэта, эканомка завяла рухавік і, рэзка развярнуўшы машыну, ажно завіскаталі колы, на вялікай хуткасці рванула з невядомага Любе скрыжавання, толькі мільганула перад вачыма агромністая шыльда-ўказальнік: «Берлін – 40».

2

Высока ў недаступных гарах, там, дзе раздольнае неразгаданае неба ўпала на мёртвыя, пабеленыя снегам каменныя глыбы і, быццам узяўшы іх у палон, ахутала аблокамі, кружыў стары адзінокі арол. Ён бачыў на вымачанай дажджамі, прапахлай смалой і кветкамі зямлі кожны каменьчык, кожную сцяблінку і кусцік, з-за якіх у любы момант мог выкуліцца заяц ці выскачыць з норкі палахлівы сурок, і ніяк не мог зразумець, чаму сёння паляну запаланілі людзі ў чорнай апратцы. Арол быў усхваляваны: жыллё і месца свайго палявання ён не хацеў саступаць ні чалавеку, ні маладому і нахабнаму суседу, які апошнім часам усё часцей і часцей спрабаваў завалодаць багатым на ежу лапікам зямлі. Маладзёну і ў галаву не прыходзіла, што спакушаецца на бацькоўскае, забыўся на тое, што колькі гадоў таму ўпершыню ўбачыў неба з гнязда старога арла.

Айшэ бліжэй за ўсіх стаяла да магілы, і ёй здавалася, што з кожным узмахам рыдлёўкі засыпаюць і яе. У нейкі момант пачало знікаць адчуванне ног, зрабіліся халоднымі, як у мерцвяка, рукі, здранцвела спіна, запаволілася дыханне. Нечакана Айшэ ўбачыла сябе, Лолу, Мусу, Рэната і іншых зводдаль, быццам і не стаяла побач са свякроўю. Свежавыкапаная, вільготная пасля дажджу зямля курэла парай. І раптам – балючы ўдар пад самае сэрца… Другі і трэці былі трошкі слабейшымі, але менавіта яны канчаткова вярнулі з небыцця. Вялікі жывот некалькі разоў скалануўся і стаў неймаверна цяжкім, у гэтую хвіліну Айшэ здалося, што ненароджанае дзіця цягнецца да невялікага пагорачка, хоча развітацца з нябожчыкам. Зноў затахкала ў скронях, гарачая хваля апякла грудзі, зрабілася млосна. Айшэ не магла больш чуць шоргату зямлі пад рыдлёўкамі, не ставала моцы бачыць, як засыпаюць Цімура, яе мужа і бацьку будучага сына. А што будзе сын, ніхто не сумняваўся, бо так сказала Цімурава прабабка – стогадовая Каміла. Айшэ, шукаючы паратунку, узняла вочы і, убачыўшы ў небе арла, ледзь не страціла прытомнасць. «Твая душа назірае за мной, – нячутна прашапталі бяскроўныя вусны, – яна ведае мой грэх… Я не любіла, але ж ты сам вінаваты, ты выбраў свой лёс і распарадзіўся маім…»

Айшэ агортваў нясцерпны страх, душу паланіла пачуццё віны. Супярэчлівыя запознена-бездапаможныя перажыванні, здавалася, на часткі раздзіралі цела, бо так і не змагла дараваць Цімуру насілля і здзеку і нават ніколі не спрабавала гэтага зрабіць. У памяці ў адначассе ўсплылі бяссонныя ночы, поўныя слёз і пракляццяў, узгадала, як неаднойчы глядзела на спячага мужа і жадала яму смерці. І смерць прыйшла… Прыйшла ў самы нязручны момант, прыйшла тады, калі Айшэ збіралася раджаць, калі ў яе акрамя Цімура і ягонай радні нікога не засталося…

– Ты ўся дрыжыш, і дзіцятка расхвалявалася, вунь як тузаецца, – заклапочана прагаварыла Лола і, прытрымліваючы Айшэ пад руку, падвяла да ўчарнелай вузкай лаўкі каля суседняй магілы. – Хоць бы схваткі заўчасна не пачаліся… Табе нельга было сюды прыходзіць.

Голас Лолы данёсся аднекуль здалёк, і Айшэ доўга не магла ўцяміць, што ад яе хоча свякроў, калі тая паспрабавала прымусіць праглынуць заспакаяльную таблетку. Шукаючы ў паднябессі арла, Айшэ ўзняла вочы, але не адразу ўбачыла маленькую кропку.

– Я не любіла, таму ён і загінуў, – сказала Айшэ.

– Мой сын як сапраўдны джыгіт загінуў, абараняючы Радзіму, – холадна, з абурэннем у голасе адказала Лола. – Роду Баджыевых не сорамна за яго, і ты абавязана паводзіць сябе як жонка героя!

Гэтае «абавязана» быццам токам працяло Айшэ. З першага дня знаёмства з Цімурам, а потым і ягонымі родзічамі яна толькі і чула, што ўсім ім нечым абавязана і ў першую чаргу, што яе прынялі ў старажытны багаты род, што яе муж – вядомы ў рэспубліцы чалавек, што за яе заплацілі непамерна вялікі калым.

– Больш нічога я вам не абавязана, – напружана варухнуліся губы Айшэ. – Цімура няма, і я не застануся ў вашым доме.

– Ну-ну, супакойся, дачушка, – упершыню назваўшы Айшэ дачкой, памякчэлым голасам прыхільна сказала Лола і, абняўшы нявестку за плечы, прытуліла да сябе. – Нам больш няма чаго дзяліць акрамя гора… Дый унучак народзіцца, трэба на ногі падымаць…

Пякучыя слёзы жалю да сябе, да свайго лёсу раптоўна накаціліся на вочы, і адразу знікла, быццам растварылася, крыляючая чорная кропка ў небе. Айшэ сілілася зноў убачыць арла, яна хусцінкай выцерла вочы, але птушкі нідзе не было.

– Цімур пайшоў назаўсёды, – выдыхнула Айшэ і, уткнуўшыся тварам Лоле ў плячо, ціха заплакала.

Свякроў не супакойвала. Цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, яна мацней прытуліла нявестку да грудзей, моўчкі гладзіла па галаве і, быццам калышучы немаўля, ціха захісталася. Айшэ не заўважыла, як перастала плакаць і сцішылася. У гэты момант ёй вельмі карцела зноў убачыць арла, але цела здавалася нейкім чужым і бяссільным, яна не магла нават узняць галаву і расплюшчыць вейкі. Устрывожаныя пачуцці, відавочна пад уздзеяннем заспакаяльнага, паціху саступалі месца горка-шчымліваму ўспаміну, які расчульваў і больш не выклікаў брыдкага пачуцця помсты.

Айшэ ўпершыню ўбачыла Цімура яшчэ ў школе, калі да іх запрасілі былых навучэнцаў, тых, хто ў жыцці дабіўся поспеху. На той час Цімур, майстар спорту міжнароднага класа па вольнай барацьбе, чэмпіён Расіі і Еўропы, быў кумірам грозненскіх школьнікаў, ягоны партрэт вісеў на ганаровым месцы побач з партрэтам генерала Дудаева. Дзяўчаты-адзінаццацікласніцы падчас сустрэчы адорвалі кожнага госця кветкамі, і Айшэ выпала паднесці букет Цімуру. Дваццаціпяцігадовы волат быў негаваркі, на ўсіх пазіраў сумнымі вачыма, а ўбачыўшы дзяўчыну, і зусім спахмурнеў. Ён доўга лупіў на Айшэ трошкі вірлаватыя калючыя вочы і, не дачакаўшыся заканчэння вечарыны, сышоў са школы, спаслаўшыся на тое, што ў яго трэніроўка. А праз тыдзень да бацькоў Айшэ завіталі сваты. Цімуру адмовілі, бо бацька і маці марылі, што адзіная дачка-выдатніца пасля школы будзе вучыцца на медыцынскім факультэце Грозненскага універсітэта. Дый ранавата шаснаццацігадовай дзяўчыне замуж. Праўда, была ўмова, па якой Цімур мог разлічваць на жаніхоўства, але не раней таго часу, калі Айшэ будзе вучыцца на трэцім курсе. «Я гэтулькі чакаць не магу», – аблізнуўшы патрэсканыя тоўстыя вусны, прабурчаў жаніх і зірнуў на Айшэ так, што ў дзяўчыны душа напоўнілася холадам і страхам.

Больш за паўгода Цімур нічым не нагадваў аб сабе, і Айшэ супакоілася, пачала лічыць, што ён ад яе адмовіўся. Але гэта было далёка не так. Цімур і сапраўды чакаў, але не трэцяга курса універсітэта, а заканчэння Айшэ школы. Ён нават не дазволіў дзяўчыне дачакацца канца выпускнога балю.

Як толькі Айшэ атрымала атэстат і невялічкі сіні футарал з залатым медалём, ёй перадалі, што на першым паверсе ў фае яе чакае фотакарэспандэнт, які хоча ў ранішні выпуск мясцовай газеты даць здымак медалісткі. Карэспандэнт зрабіў некалькі здымкаў, і Айшэ не заўважыла, як побач з’явілася некалькі дужых хлопцаў і Цімур. Няўдалы жаніх пырснуў у твар нечым прытарна-горкім з блакітнага балончыка, і Айшэ страціла прытомнасць. Апошняе, што засталося ў памяці дзяўчыны, было чорнае начное неба і мутна-жоўтыя шары-ліхтары на алеі каля школы.

Ачомалася Айшэ толькі пад самую раніцу. Яна ляжала на заднім сядзенні машыны пад коўдрай. Зірнула ў акно – вакол лес. Галава кружылася, ногі і жывот былі перапэцканы крывёю, шчымелі ссінячаныя грудзі. Нейкі час Айшэ разглядвала сябе і ніяк не магла дапяць, успомніць, як апынулася сярод лесу ў машыне і чаму голая. Яна ўшчыпнула сябе за шчаку, тузанула за валасы – хацелася верыць, што гэта толькі сон. Калі зразумела, што не спіць, упершыню цела імгненна пакрылася ліпкім халодным потам, яе закалаціла, як у ліхаманцы, затахкала сэрца, вось-вось вырвецца з грудзей. Яна імгненна ўспомніла і школу, і залаты медаль, і фатографа… Калі ж перад вачыма ўзнік Цімураў твар, з грудзей вырваўся дзікі, вар’яцкі крык. Не памятаючы сябе, яна адчыніла дзверцы і кінулася прэч ад гэтай клятай машыны.

Айшэ не паспела зрабіць і некалькі крокаў, як нехта моцны і цяжкі накінуўся ззаду, паваліў на зямлю і, заціснуўшы далонню рот, прашаптаў у патыліцу:

– Я хачу, каб ты была маёй жонкай…

Айшэ пазнала голас Цімура і, баронячыся, што сілы закалаціла рукамі і нагамі. Ён адхіснуўся, на нейкую хвіліну задумаўся і ў наступны момант рашуча і лёгка, як малое дзіця, прыўзняў Айшэ, павярнуў тварам да сябе, перахапіў вольнай рукой рукі дзяўчыны і прыціснуў іх да зямлі за яе галавой. Іх вочы сустрэліся, і Айшэ зразумела, што зараз адбудзецца. Яна істэрычна затузалася, паспрабавала ўкусіць Цімураву далонь, якой ён заціскаў рот, – не атрымалася. Ён наваліўся на дзяўчыну сваім магутным целам, цяжка засоп, і ў наступнае імгненне востры, прыкра-моташлівы боль апёк ніз жывата, ногі звяла сутарга, а ў спіну з кожным рухам насільніка ўсё глыбей і глыбей упівалася нешта вострае і калючае. Айшэ здалося, што боль разарве цела на часткі, яна перастала вырывацца, сцішылася, заплюшчыла вочы.

Айшэ разумела, што некалі стане жанчынай, і з пэўнага часу рыхтавалася да гэтага, але ж нават уявіць не магла, што яе спярша згвалцяць беспрытомную, а потым у лесе, на голай зямлі, на нейкай вострай калючцы пад спінай. Ад бяссілля па шчоках каціліся несупынныя горкія слёзы, на душы было брыдка, інстынктыўна з’явілася прадчуванне непазбежнай імгненнай смерці. «Жыццё скончылася, – тахкала ў скроні, – ну і няхай, лепш памерці, чым жыць з гвалтаўніком».

Час для Айшэ спыніўся. У нейкі момант яна перастала адчуваць боль, думкі пераблыталіся, у вачах усё плыло і мроілася. Убачыла сябе першакласніцай на вялікай плошчы пад мноствам чырвоных сцягоў, з голубам у руках, якога выпусціла, калі праходзіла ўздоўж трыбуны, перапоўненай людзьмі ў чорных аднолькавых гарнітурах. Голуб паляцеў, а Айшэ заплакала, бо ўбачыла спаражненні птушкі на сваёй новай сукенцы, бялюткай, як першы снег… Вось яна, падлетак, купаецца ў Чорным моры, куды прыехала разам з маці і бацькам на адпачынак. Хвалі закалыхваюць, Айшэ чакае самую вялікую і прама ў яе дае нырца. Маці, хвалюючыся, назірае з берага і, калі адведзеныя дачцэ хвіліны купання заканчваюцца, пачынае клікаць, але Айшэ не спяшаецца выходзіць на бераг. Ёй сорамна паказацца на людзях без станіка, а маці не заўважае, што ў дачкі набухлі саскі і вось-вось «адскочаць» грудзі… У наступнае імгненне Айшэ бачыць сябе ў люстэрку ў шыкоўнай бальнай сукенцы, якую справілі бацькі на выпускны вечар. Нечакана яе падхоплівае невядомая сіла і віхрам кружыць у нейкім шалёным танцы…

Айшэ расплюшчыла вочы і ўбачыла сябе, захутаную ў коўдру, на руках Цімура. Прыціскаючы дзяўчыну да шырокіх грудзей, ён некуды спяшаецца. Наўкол лес, позірк Айшэ чапляецца за тоўстыя ствалы дрэў, за хісткія, шумлівыя кроны, праз якія не могуць прабіцца сонечныя промні. «Я не памерла?..» – здзіўлена, са скрухай думае Айшэ і зноў заплюшчвае вочы. Моцы хоць на нейкае супраціўленне больш не было.

Праз некалькі хвілін Цімур асцярожна апусціў дзяўчыну на зямлю і адкінуў коўдру. Айшэ імгненна, быццам ачуняўшы ад цяжкога сну, падхапілася, падцягнула каленкі і, абхапіўшы іх рукамі, сцялася.

– Прашу, не чапай мяне… – ускрыкнула яна і, убачыўшы за Цімуравай спінай невялікае возера, адчайна дадала: – Не то я ўтаплюся…

– Без тваёй згоды я больш ніколі гэтага рабіць не буду, – сцягваючы кашулю праз галаву, будзённа, як нічога і не адбылося, сказаў Цімур. Потым ён рэзкім рухам разарваў на грудзях майку і кінуў яе пад ногі Айшэ. – Ідзі памыйся, і паедзем дадому…

– Дадому? – перапытала Айшэ і зноў адчула, як цела пакрываецца ліпучым потам.

– Ты ведаеш нашы законы і, канешне, разумееш, што ў Грозны мы вярнуцца не можам. Я не хачу, каб твой бацька, як барану, перарэзаў мне гарляк. Цяпер ты – мая жонка, і гэты факт павінна прызнаць і твая, і мая радня.

– Я ніколі не буду тваёй, лепш смерць!.. – крыкнула Айшэ і, падхапіўшыся на ногі, пабегла да вады.

На гэты раз яна аказалася спрытнейшай. Не паспеў Цімур і вокам міргнуць, як Айшэ з высакаватага берага кінулася ў аслоненае густым кустоўем возера. І зноў няўдача – вады было па калена. Жыватом, грудзьмі яна балюча пляснулася аб мелкаводдзе, хуценька ўстала і толькі наважылася бегчы туды, дзе глыбіня, на сярэдзіну, як за спінай прагучаў зняважліва-цынічны Цімураў голас:

– У гэтым возеры яшчэ ніхто не ўтапіўся, – побач з Айшэ пусціла кругі скручаная матэрыя, і агідны голас раздражнёна дадаў: – Вады па калена аж да супрацьлеглага берага, а наўкол, на дзясяткі кіламетраў, лес…

Два месяцы Айшэ жыла ў гарах, у саклі Цімуравага даўно памерлага прадзеда Рэната. Жыла не адна. Цімур абачліва, яшчэ за тыдзень да спланаванага крадзяжу нявесты, прывёз сюды, акрамя ўсяго неабходнага для жыцця, і старую Камілу, бо вельмі разлічваў на дапамогу прабабкі.

Каб сакля стала сапраўдным жытлом, Каміла да прыезду ўнука, наколькі змагла, яе ўладкавала: кожны дзень паліла камін, дзіркі ў якім, каб не ішоў дым у саклю, сама ж замазала глінай, на невялічкіх вокнах памыла шкло і прыладзіла фіранкі. Для нявесткі выбрала самы светлы куток і адгарадзіла яго тоўстай чырвонай плюшавай занавескай, якую разам з матрацамі і коўдрамі прывёз унук. Акрамя хатняга клопату, Каміла вяла сапраўдную вайну з пацукамі, якія трыццаць гадоў, што пуставала будыніна, відавочна, лічылі яе сваім жытлом. Яны зусім не баяліся сухой згорбленай старой і разбягаліся толькі тады, калі старая шпурляла ў іх ці галяком, ці кавенькай. У ход пайшлі прывезеныя Цімурам і пасткі, і атрута, але Каміла была перакананая, што лепш за ўсё дапамагае багун, якім яна кожны вечар абкладвала і падлогу, і ўсе закуткі. Праўда, да ляска, у якім ён рос, было добрых паўкіламетра, але старая лічыла за радасць пахадзіць па мяккім моху, адчуць асабліва свежы, смалісты лясны водар, і таму яна кожным надвячоркам шкрэбла падэшвамі камяністую сцяжынку, напяваючы старую мелодыю, слоў да якой не памятала і сама.

Каміла сустрэла Айшэ як родную. На ўнука ж пазірала непрыхільна і холадна. Часцяком, асабліва калі тое бачыла Айшэ, трэсла перад Цімуравым тварам маленькім сухім кулачком і незадаволена бурчэла: «Ласкай трэба, а не сілай…»

Пасля няўдалай спробы на возеры звесці рахункі з жыццём Айшэ ад свайго рашэння не адступілася. Думкі пра тое, што жыццё ў гарах, у гэтай старой, прасмярдзелай дымам і мышамі саклі не вечнае, што некалі прыйдзецца вярнуцца ў Грозны, прымушалі часцей біцца сэрца. Айшэ нават уявіць не магла сваёй сустрэчы з бацькамі, ведала, што да скону сваіх дзён не зможа выйсці на вуліцу, бо кожны, хто захоча, плюне ўслед. У гэтыя імгненні душа поўнілася невыразным страхам, рабілася млосна, ліпучы халодны пот ручайкамі сцякаў па твары, пёк вочы, істоту напаўняла адчайнае, непераадольнае жаданне скончыць усё разам… Ведаючы, што яе паводзіны кантралююцца, Айшэ наважылася на самае простае: яна адмовілася ад ежы…

Каміла заўсёды была побач. Старая не назаляла, старалася быць непрыкметнай, але ўвесь час трымала дзяўчыну навідавоку, была гатовая ў любы момант прыйсці на дапамогу і хоць чым-небудзь дагадзіць унукавай абранніцы. Каміла, як ніхто іншы, разумела абражаную і зняважаную Айшэ, адчувала яе думкі, здагадвалася і пра зламысны намер, бо і сама некалі перажыла тое ж самае… Але яна любіла ўнука і жадала яму шчасця, таму і рабіла ўсё, каб паміж маладымі найхутчэй наладзіліся адносіны.

Цімур быў злы, хадзіў учарнелы, не мог дачакацца, калі Айшэ прыме яго як мужа. Ён амаль не спаў, не выходзіла з галавы пачутае на возеры: «Лепш смерць, чым быць тваёй жонкай…» Ён шчыра любіў Айшэ і нават думкі не дапускаў, што з дзяўчынай можа нешта здарыцца. І ўсё ж трывога была, і яе ўзмацніла Каміла, паказаўшы на сваіх запясцях пісягі парэзаў, патлумачыўшы, што некалі спрабавала паквітацца з жыццём, калі яе выкраў Цімураў прадзед.

Менавіта рубцы на запясцях Камілы сталі прычынай узнікнення прыхільнасці, даверу і добрых адносін паміж Цімуравай прабабкай і Айшэ. Старая нячутна ўладкоўвалася на край ложка, заўсёды брала руку Айшэ і, слепавата прыплюснуўшы вочы, разглядвала далонь. Потым асцярожна клала руку нявесткі на коўдру і, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, гаварыла: «Чысценькая…»

Айшэ ў нейкі момант не вытрымала, незадаволена спыталася:

– А якая, па-вашаму, яна павінна быць?

– Толькі не такая, як у мяне, – ахвотна адказала Каміла і, закасаўшы рукаў, паказала сінія набухлыя пісягі на сваёй руцэ.

Убачанае ўразіла Айшэ. Яна ўскінула на Камілу вочы, але запытацца не паспела, старая ўжо вяла рэй:

– Я была маладзейшая за цябе, мела гадкоў чатырнаццаць, не болей… Ахмед выкраў мяне ноччу сонную прама з ложка… Каб не крычала, рот завязаў, закруціў у бурку, перакінуў пасярод сядла на кані – і памінай як звалі. Цэлы год, ажно пакуль дзіця не нарадзіла, хаваліся ў гарах. Скажу шчыра: мне з Ахмедам пашэнціла, чалавек аказаўся добры…

– А рукі? – спыталася Айшэ.

– Гэта я напачатку, ён жа на дваццаць гадоў старэйшы быў… Твой Цімур і трыццаці не мае…

– Ніякі ён не мой, – ускрыкнула Айшэ і сцялася, нечакана падумала: а раптам яна ўжо цяжарная?

– Не кажы так, дачушка, – спакойна сказала Каміла і, быццам прачытаўшы думкі Айшэ, дадала: – Я так разумею, што ў вас усё было, а значыць, і дзеці могуць быць…

Айшэ ўсхліпнула, па шчоках пакаціліся буйныя слёзы.

– Ён мяне сілай узяў…

– Цімур зрабіў гэта, бо кахае цябе, – Каміла пагладзіла Айшэ па плячы і стрымана дадала: – Выбару ні ў мяне не было, ні ў цябе няма, гэткі ўжо наш лёс… А есці трэба, – працягвала Каміла, – хочаш, курынага булёнчыку прынясу?

Айшэ згодна кіўнула, выцерла насоўкай вільготныя вочы і нечакана для сябе заснула, упершыню спакойна і моцна.

Праз тыдзень Айшэ пачала хадзіць разам з Камілай у лес збіраць сушняк, дапамагала па гаспадарцы, а праз месяц, калі ў чарговы раз ноччу да яе за занавеску прыйшоў Цімур, яна прыняла ягоныя заляцанні. Старая Каміла не магла нарадавацца, бачачы, што ўсё пачало складвацца як мае быць. Але ж цяпер галоўнае было аб’явіцца Цімуру ў Грозным, павінаваціцца перад бацькамі і раднёй Айшэ, знайсці такіх сватоў, якія змаглі б дамовіцца наконт вяселля і абмеркаваць велічыню калыму за нявесту. Айшэ таксама хвалявалася, але выгляду не паказвала, злосць на Цімура не прайшла, у нейкі момант нават хацела, каб з ім паквіталіся. Праз гэта і пісьмо бацькам адмовілася напісаць, але Цімур і не настойваў, ён ведаў, як памірыць род Баджыевых і Буцуевых. Усё залежала ад велічыні калыму, і Цімур прапанаваў тое, ад чаго бацька Айшэ не змог адмовіцца. Ён купіў у прыгарадзе Грознага трохпавярховы дом і аддаў пяцьдзясят тысяч долараў. Толькі зусім мала пажылі бацькі Айшэ ў новым доме. У першы ж дзень вайны выпушчаная з самалёта ракета ўшчэнт разнесла будыніну, пахаваўшы пад абломкамі і бацьку, і маці. А сёння аднеслі на могілкі і Цімура…

Лола і Айшэ з могілак вярталіся апошнімі. На вузкім, у дзве дошкі ў шырыню, хісткім падвесным мастку праз бурлівы горны ручай прыпыніліся. Лола выцягнула з рукава белую насоўку, на імгненне прыклала яе да вачэй і адразу кінула ў мутную ад дажджоў ваду.

– Кінь і ты, – падтрымліваючы нявестку за локаць, папрасіла Лола, – няхай вада возьме наша гора…

Айшэ як і не чула. Яна, трымаючыся за вяроўкі-поручні, адштурхнула свякроў і, не адрываючы абцасаў ад дошак, пашкрэбла да супрацьлеглага берага, дзе іх чакаў малодшы Цімураў брат Рэнат. Ён дапамог Айшэ ўскараскацца на высакаваты бераг і нечакана, ускінуўшы ўгору рукі, крыкнуў у неба:

– Клянуся Алахам, што прывяду на магілу брата забойцу і крывёй змыю ганьбу, учыненую нашаму роду…

3

Фрау Эльза заехала ў расчынены, добра асветлены гараж, які месціўся пад раскідзістымі вербалозінамі леваруч ад двухпавярховага будынка, і рэзка затармазіла.

– Бяры чамаданчык і чакай мяне на вуліцы, – строга сказала эканомка.

Люба паслухмяна кіўнула і хуценька выкулілася з машыны. На вуліцы яна з асалодай удыхнула водар свежага начнога паветра, які бывае толькі пасля дажджу, і, убачыўшы, што фрау Эльза, не выходзячы з машыны, некаму тэлефануе па сотаваму, адступіла далей ад гаража, каб эканомка не ўбачыла ў люстэрка і не падумала, што яна падслухоўвае размову. Не заўважыла, як апынулася пад густой вербалозінай. У гэтае імгненне, быццам наўмысна чакаючы ахвяру, наляцеў свавольны, разгульны вецер, захістаў кроны дрэў, і не паспела Люба ачомацца, як тысячы халодных пырскаў, быццам з кулямёта, сыпанулі ў твар, аблілі, вымачылі з галавы да пят. Люба выбегла на дарогу і з жахам убачыла, што яе святочная сукенка прыліпла да цела. Першае, што прыйшло ў галаву, – выцягнуць з чамадана кофтачку і накінуць на плечы. Але зрабіць гэта Люба не паспела. Як толькі яна шчоўкнула замкамі і адкінула вечка чамадана, з гаража паспешліва выйшла эканомка і, ускінуўшы руку з чорнай плоскай скрыначкай, падобнай да школьнай гатавальні, націснула на чырвоную кнопку. Нячутна сышліся гаражныя металічныя дзверы. Люба імгненна замкнула чамадан і выструнілася, нават паспела абцягнуць спаднічку. Але фрау Эльза ўсё ж заўважыла, што Люба корпалася ў рэчах, і насцярожана агледзела дзяўчыну.

– Што фройлен дастала з чамадана? – свідруючы дзяўчыну ледзяным, падазроным позіркам, спыталася эканомка.

– Я трапіла пад дождж, хацела выцягнуць кофту…

– Дождж скончыўся дваццаць хвілін таму, – строга канстатавала эканомка. – У нас прынята гаварыць праўду!

– Але ж гэта праўда, – развяла рукі Люба, паказваючы прыліплую да цела сукенку.

Фрау Эльза не паверыла, пакуль сама не памацала тканіну. Потым далонню правяла па гэткіх жа вільготных Любіных валасах і, здзіўлена перасмыкнуўшы плячыма, задумалася. Зачапіўшыся позіркам за чамадан, які ляжаў на асфальце, яна ўжо незласліва, але цвёрда папрасіла:

– Адчыні. Мне добра плацяць, і я не хачу сюрпрызаў…

Люба пакорліва, нават з радасцю выканала і гэты загад, разлічваючы, што цяпер эканомка не будзе перашкаджаць апрануць нешта сухое. Яна нават уявіць не магла, што гаспадар убачыць яе ў вільготнай, прыліплай да цела сукенцы. Што шукала ў чамадане фрау Эльза, Люба дапетрыць не магла, а вось наконт кофты не памылілася: эканомка і сапраўды падала вязаны джэмпер.

Акрамя эканомкі Любу больш ніхто не чакаў. Фрау Эльза правяла яе ў дом з чорнага ўвахода, адразу на кухню. Яна паставіла чайнік, зрабіла два тонкія бутэрброды, якія падсмажыла ў мікрахвалевай печцы, і, падаючы іх на блакітнай талерачцы з жоўтым абадком па краях, быццам між іншым, зазначыла:

– На вячэру Вы спазніліся па сваёй віне, таму толькі гарбата і бутэрброды…

– Ды я зусім есці не хачу, – шчыра адмахнулася Люба.

Яна баялася гэтай строгай жанчыны з калючым позіркам зеленаватых вачэй і спадзявалася найхутчэй апынуцца ў сваім пакойчыку, каб адпачыць і хоць трохі ачомацца з дарогі.

– Я разумею твой стан, – прысмальваючы цыгарэту даўжынёй з аловак і тонкую, як жытняя саломка, сказала эканомка. – Толькі перш, чым цябе ўбачыць гаспадар, я сама павінна праверыць твае дакументы і даць парады, канешне, абавязковыя да выканання. А ты, Люба, еш, а то я падумаю, што ты хворая. Хаця, – эканомка, хітравата прыплюснуўшы вочы, паглядзела на Любу і ўпершыню ўсміхнулася, – падумаць я магу, але пра тваё здароўе высновы будзе рабіць доктар Роберт.

– Дык я ж праходзіла медыцынскую камісію, да дамовы прыкладзена і заключэнне дактароў.

– Пан Ганс давярае толькі доктару Роберту, – пыхнула дымам эканомка і падсунула бліжэй да Любы кубачак з гарбатай. – Ты еш, дзелавыя размовы потым.

– А мой гаспадар, ён тут, ён сёння будзе гаварыць са мной? – захвалявалася Люба.

– Пан Ганс дома, але гаварыць з табой будзе толькі пасля агляду і дазволу на тое доктара Роберта. У гэтым доме хапае хвароб і без тваіх… Зрэшты, я таксама, перш чым трапіць сюды на працу, прайшла праз рукі сямейнага доктара…

Эканомка на хвіліну прымоўкла, у яе вачах зноў мільганулі злыя агеньчыкі, якія з першай хвіліны знаёмства выклікалі ў Любінай душы зябкую трывогу. Убачыўшы, як новая пакаёўка напружана сцялася, Эльза ўспомніла, што дзяўчына трапіла пад нейкі дзіўны, хвілінны дождж і ёй, напэўна, цяпер холадна ў вільготным адзенні. Жанчына падышла да аднаго са шматлікіх шафак, якімі былі аблеплены сцены вялікай кухні, і ўзяла з яго жоўтую бутэлечку.

– Дзве таблеткі аспірыну і гарачы душ табе, мілачка, не пашкодзяць, інакш можаш ніколі не сустрэцца з панам Гансам, а дамову заўтра ж скасуе доктар Роберт.

– І праўда, мяне нешта трасе, – яшчэ больш захвалявалася Люба.

– Тады пайшлі, – хваляванне перадалося і эканомцы, бо яна таксама адчувала сваю віну. – Твой пакой на другім паверсе, праўда, побач з лесвіцай, затое вельмі ўтульны і сонечны.

Пакой паказаўся Любе неймаверна вялікім і сапраўды ўтульным. Ён быў абстаўлены так шыкоўна, што ў дзяўчыны перахапіла дых. Пасярэдзіне высіўся ахутаны з усіх бакоў бялюткім цюлем вялікі ложак. Справа і злева ад яго месціліся трумо, на якіх ляжалі старанна падабраныя пад адзін колер шкатулкі і розных памераў футаралы. Насупраць ложка – секцыя з чырвонага дрэва з мноствам люстэркаў, у нішах блішчэлі экраны тэлевізара і нават камп’ютэра. Падлога ўсцелена варсістым дываном колеру бурштыну, леваруч ад увахода гарбацілася тахта і некалькі мяккіх крэслаў. Але больш за ўсё Любу ўразілі дзве вялікія, пад самую столь, пальмы, якія месціліся бліжэй да адзінага акна, велічынёй ледзь не на ўсю сцяну. На адной з іх сядзела малпа і здзіўлена глядзела на ўвайшоўшых.

– Мне прыйдзецца з ёй жыць? – ускрыкнула Люба і разгублена паглядзела на эканомку.

– Прыйдзецца, куды ж дзецца, – засмяялася фрау Эльза. – У маім пакоі пад гэткай жа пальмай ляжыць леў – і нічога, яшчэ не з’еў.

– Дык гэта – лялька? – па-дзіцячы захоплена ўскрыкнула Люба і, машынальна скінуўшы на ўваходзе ў пакой абутак, што вельмі спадабалася эканомцы, падбегла да дрэва, дацягнулася рукой да малпы і пагладзіла яе па шаўкавістай спіне. – А як жывая!

– Гэта бацькі пана Ганса інтэр’ер заказвалі. У кожным пакоі – ільвы, тыгры, малпы, а ў басейне нават белы мядзведзь загарае на льдзіне з пенапласту. А тут ванная, – эканомка прачыніла дзверы леваруч ад увахода і, не ўваходзячы, пстрыкнула выключальнікам. – Люба, хуценька пад душ і зрабі ваду найгарачэй, як зможаш цярпець, а потым у ложак. Нам хварэць не паложана! Я ж малачка пагрэю аспірын запіць.

«А эканомка не такая ўжо і благая, як напачатку здалося, – застаўшыся адна, падумала Люба. – Мне ніхто ў жыцці не тое што малака, вады не падаў, тым больш у ложак».

Ванны пакой уразіў прасторай, чысцінёй і мноствам люстэркаў. Уключыўшы ваду, Люба хуценька распранулася, задумалася, ці мачыць галаву, бо не менш гадзіны давядзецца затраціць, каб высушыць валасы, але, убачыўшы на століку фен, наважылася і рашуча выцягнула шпількі, якімі падтрымлівалася каса на патыліцы. Яшчэ некалькі хвілін пайшло на тое, каб расплесці касу. Залаціста-саламяныя валасы хвалямі рассыпаліся па плячах і пры першым руху галавы, быццам ім было мулка на спіне, доўгімі кудзеркамі зваліліся на плечы, ахуталі грудзі. «Каб не перашкаджала працаваць, заўтра ж папрашу фрау Эльзу яе адрэзаць», – падумала Люба. Яна звычна дзвюма рукамі адкінула валасы на плечы, узняла вочы і, убачыўшы сябе ў люстэрку ва ўвесь рост, сцішылася, быццам загіпнатызаваная. У непамерна вялікім люстэрку, пры залацістым асвятленні, калі лямпачка не адна, а некалькі і яны не толькі ў столі, а падсвечваюць са сцен, Люба ўбачыла сябе ўпершыню. Нават спалохалася – раптам зойдзе эканомка і ўбачыць яе голую перад люстэркам! Што фрау Эльза падумае? Люба хуценька крутнулася да дзвярэй, накінула засоўку і сарамліва, унікаючы нават зірнуць у люстэрка, стала ў ванну, захінула цэлафанавую фіранку. Але яе быццам магнітам цягнула да зыркага шкла, і Люба наважылася: яшчэ раз зірнуўшы на дзверы, яна стала на варсісты дыванок, зрабіла крок улева і, узняўшы вочы, некалькі хвілін уважліва разглядвала сябе.

Любу заўсёды прыкмячалі, хлопцы ліплі з заляцаннямі, гаварылі пра яе прыгажосць, некаторыя нават кляліся ў любові. Толькі сэрца дзяўчыны было занятае, і не хацелася верыць словам, якія ўжо некалі чула. «Ад прыгажуні Іван не адмовіўся б! – думала яна, а чарговаму лавеласу строга і сур’ёзна прапаноўвала: – Я прыму твае заляцанні паслязаўтра, а заўтра пойдзем у ЗАГС… А каб не перадумаў, давай свой пашпарт сёння… Калі раптам праспіш ці па п’янцы не ўспомніш, будзь упэўнены, я і без цябе ажаню і штэмпель дзе трэба пастаўлю… У мяне там таварышка працуе…» Пасля гэткай прапановы прыліпалаў быццам ветрам здзімала.

Люба далоньмі правяла па высокіх пругкіх грудзях, крутнулася ўправа-ўлева, і адразу веерам рассыпаліся валасы, прыкрылі грудзі, жывот, шаўкавісты чорны трохкутнік між ног. Яны нават люстэрку не жадалі паказваць інтымныя часткі цела сваёй гаспадыні. «І чаму касу ў Мінску не адрэзала?» – услых сказала Люба і, аберуч перахапіўшы валасы на патыліцы, прымерылася, дзе было б лепш запусціць нажніцы.

Канешне, яна хлусіла, сілілася ці то падмануць, ці то пераканаць сябе, бо да гэтай хвіліны нават у думках не дапускала, што некалі наважыцца пайсці ў цырульню. Прычынай быў Іван, які калісьці на спатканнях вельмі любіў расплятаць і асабліва заплятаць касу. Люба верыла ў тое, што валасы памятаюць рукі каханага, памятаюць пацалункі і ягонае гарачае дыханне, бо менавіта праз гэта і сёння Іван часта прыходзіць да яе ў снах. Але ж цяпер усё зменіцца, прыслужніца, якая шмат траціць часу на сябе, наўрад ці задаволіць гаспадароў. А згубіць гэтую працу Люба не магла, не па тое сюды прыехала.

«А мо не чакаць да заўтра? Раней адрэжу – хутчэй адрастуць?» – нечакана прыняла рашэнне Люба і з непахіснай рашучасцю кінулася шукаць нажніцы ў шуфлядах тумбачкі, якая высілася зводдаль, каля самых дзвярэй. Знайшла адразу, але занадта маленькія. Яшчэ раз перагледзела ўсе шуфляды – большых не было. Як запраўскі цырульнік, раз-другі пстрыкнула нажніцамі каля вуха, каб сябе лепш бачыць, усутыч наблізілася да люстэрка і, перакінуўшы валасы на грудзі, узняла руку…

– Люба, адчыні, – раздражнёна крыкнула і адначасова грукнула ў дзверы фрау Эльза. – Так доўга нельга пускаць гарачую ваду!.. Дый халодную таксама!..

Толькі цяпер Люба заўважыла, што ад гарачай вады пакой напоўніўся лёгкім валакністым туманам, шыкоўныя люстэркі запацелі і лямпачкі ўжо не так ярка свецяць. Яна кінула нажніцы на тумбачку, хуценька залезла ў ванну і ўжо адтуль крыкнула:

– Фрау Эльза, яшчэ некалькі хвілін…

Калі Люба выйшла з ваннага пакоя, эканомка размаўляла па тэлефоне, але, убачыўшы дзяўчыну, з суразмоўцам адразу развіталася, склала сотавы тэлефон, сунула яго ў кішэню. Люба зрабіла некалькі крокаў на сярэдзіну пакоя, вінавата зірнула на эканомку і, наткнуўшыся на гнеўныя агеньчыкі ў вачах фрау Эльзы, спынілася. Зноў, як і ў першыя хвіліны знаёмства, душа напоўнілася міжвольным пачуццём страху. Дзяўчына ў прадчуванні нядобрага агледзела сябе, тужэй зацягнула пояс ружовага махровага халата і ў гэты момант, як ёй здалося, зразумела, чаму злуе эканомка.

– Я падумала, што халат для мяне, – разгублена прагаварыла Люба і, чырванеючы, паспешліва дадала: – Раніцай памыю…

Фрау Эльза як і не чула Любіных тлумачэнняў. Яна глядзела на Любу так, быццам бачыла ўпершыню. Позірк эканомкі абмацаў дзяўчыну ад пятак да галавы і раптам пацяплеў.

– У цябе такія доўгія і пышныя валасы? – здзіўлена і нечакана ласкава сказала фрау Эльза. Яна зрабіла некалькі крокаў насустрач, асцярожна, як нешта вельмі каштоўнае, аберуч абхапіла Любіны валасы і, быццам узважваючы, узнёсла ўскрыкнула: – Што за дзіва, ніколі не бачыла такой прыгажосці!.. А які незвычайны колер! Чым ты іх фарбуеш?

– Нічым, – прамармытала збянтэжаная Люба і ў думках ухваліла сябе за тое, што не мыла галавы і не карысталася фенам, бо невядома, як на тое магла адрэагаваць эксцэнтрычная, непрадказальная эканомка. – Фрау Эльза, – няўпэўнена працягвала Люба, – я хачу Вас папрасіць адрэзаць мне касу…

Любіна просьба відавочна ўсхвалявала эканомку, яна нават пабялела з твару. Фрау Эльза нервова адкінула ад сябе Любіну касу і, міжвольна страсянуўшы кісцямі, быццам пазбаўляючыся ад нечага непрыемнага, разгублена спыталася:

– Навошта?

– Яны будуць перашкаджаць працаваць, і дагляд патрабуе часу…

– Глупства! Калі прычына толькі ў гэтым – выкінь з галавы свой намер, – з палёгкай уздыхнула эканомка, і яе вусны скрывіла ледзь улоўная насцярожаная ўсмешка.

Думаючы пра нешта сваё, фрау Эльза зашпацыравала па пакоі, і калі праз некалькі хвілін зноў спынілася насупраць Любы, разгубленасці як і не было, вочы эканомкі пазіралі холадна і ўладна, было відавочна, што яна прыняла нейкае рашэнне.

– Дазволь мне прыводзіць у парадак твае валасы, – сказала фрау Эльза.

Прапанова была настолькі недарэчнай, што Люба ўспрыняла яе як жарт, але фрау Эльза імгненна развеяла сумненні.

– Усё жыццё марыла мець такія валасы, – убачыўшы, як разгубілася дзяўчына, памякчэлым голасам здалёк пачала эканомка. – Кажуць, марыць няшкодна, але ж прыроду не перайначыш, і парыком натуральнае не заменіш…

– Не-не, я сама, – адчайна запярэчыла Люба.

– А калі я вельмі цябе папрашу?..

Любе стала страшна, здалося, што эканомка хоча спакусіць на нешта нядобрае, пра такое чытала ў кніжках, а калі жыла ў Мінску, у інтэрнаце ёй паказвалі дзвюх дзяўчат, пра якіх гаварылі, што яны жывуць як муж і жонка.

– Не думай нічога кепскага, – быццам прачытаўшы Любіны думкі, запэўніла фрау Эльза, – не хацела гаварыць, але ты нагадала Інгрыд, маю дачку… Ты думаеш, адкуль я ведаю рускую мову?

Люба глядзела на эканомку шырока расплюшчанымі, немігатлівымі вачыма, пачуццё страху паціху саступала месца бездапаможнаму адчаю, нечакана прыйшло разуменне таго, што яна на цэлым свеце адна і, калі нешта здарыцца кепскае, ніхто не прыйдзе на дапамогу.

– Адкуль? – машынальна перапытала Люба і нечакана здзівілася: чаму раней ёй нават у галаву не прыйшло запытацца ў эканомкі пра мову, на якой фрау Эльза гаварыла вольна і без усялякага акцэнту?..

– Я руская немка, нарадзілася і сорак гадоў пражыла ў Казахстане, непадалёк ад горада Кустанай, чула пра такі?

Люба згодна кіўнула. Яна не ведала, як далей сябе паводзіць, пра што гаварыць.

– Інгрыд выйшла замуж за казаха і, канешне, са мной на радзіму продкаў не паехала. Цяпер у іх з Русланам трое хлопчыкаў, жывуць бедна, летась наведвала і на свае вочы пабачыла: у суседа ваду з калодзежа і тую купляюць… Але сітуацыя хутка зменіцца, я пабудую новы дом, не горшы за гэты, і мы будзем жыць разам, усім месца хопіць. Для Руслана нават работу прыгледзела…

Фрау Эльза сумна ўсміхнулася і, прыхільна паглядзеўшы Любе ў вочы, роспачна ўздыхнула:

– Асабістае жыццё не склалася: у пяцьдзясят гадоў ні сям’і, ні сяброў… А ты мне глянулася, як дачка… У Інгрыд гэткія ж доўгія валасы, і я заўсёды дапамагала з імі ўпраўляцца.

Чулая душа не заўсёды чуе ману, але яна заўсёды, пры любых абставінах, прагне рабіць дабро. Нечаканая споведзь фрау Эльзы кранула Любіна сэрца, дзяўчыне было сорамна за ганебныя думкі, і, каб найхутчэй паправіць памылку, яна, даверліва зірнуўшы на эканомку, далікатна зазначыла:

– Фрау Эльза, я не супраць Вашай дапамогі, наадварот, буду вельмі ўдзячна. Калі быць шчырай, мне і самой не хочацца адразаць валасы, касу вельмі любіў…

Люба запнулася, вінавата паглядзела на эканомку, але ўбачыўшы, з якой прыхільнасцю фрау Эльза глядзіць на яе, працягвала:

– Касу любіў мой каханы, яна як памяць…

– Вы разышліся, але ты ўсё яшчэ кахаеш яго? – выказала здагадку эканомка.

– Так, – пагадзілася Люба, – інакш…

– Інакш даўно б выкінула касу на сметнік… – скончыла за Любу фрау Эльза і самазадаволена, задзірліва засмяялася: – Ты, як мая Інгрыд, наіўная і зусім непрактычная… Верыш у каханне з першага погляду і з любімым гатова ўсё жыццё пражыць у шалашы.

– Так было раней, – спахмурнела Люба. Ёй было непрыемна гаварыць з малавядомым чалавекам на ўсё яшчэ балючую тэму.

– Канешне, раней, – адразу пагадзілася фрау Эльза, – інакш сюды не прыехала б. Усе мужчыны аднолькавыя, даб’юцца свайго, і памінай як звалі… Мая Інгрыд таксама нарадзілася ад «вялікага кахання», і напачатку яе бацька абяцаў залатыя горы з маннай нябеснай, а як даведаўся, што забрухацела, пра абяцанкі-цацанкі забыўся, стракача задаў: па сённяшні дзень почуту няма… Адна дачку гадавала, вось і сюды за лепшым жыццём падалася… І ўсё дзеля яе. Але цяпер маладыя сваім розумам жывуць, праўда, да таго часу, пакуль, як людзі кажуць, свая вош не ўкусіць… Вось і цябе тая вош укусіла… Прызнавайся, хлопчык ці дачушка засталіся ў Мінску?

– Што Вы, якія дзеці! – усхвалявана ўскрыкнула зніякавелая Люба і запунсавелася. Пачутая бязглуздзіца ўзрушыла, на нейкі момант выбіла з каляіны, нават стала цяжка дыхаць, у роце перасохла, язык зрабіўся цяжкім і шурпатым. Яна аблізнула імгненна сасмяглыя вусны і пажадліва паглядзела на сподак са шклянкай малака, што высіліся на трумо, на вечцы самай вялікай шкатулкі, і сваёй недарэчнай прысутнасцю ўносілі дысгармонію ў мірнае суіснаванне рознакаляровых футаралаў-касметычак.

– Зрэшты, я тут не гаспадыня, – паблажліва ўсміхнулася фрау Эльза і, таксама паглядзеўшы на шклянку, дадала: – А малако, напэўна, астыла…

Люба зразумела, што ёй не паверылі.

– У мяне з Іванам нічога не было… – яшчэ больш заліваючыся чырванню, пачала апраўдвацца дзяўчына, і раптам вочы адкрыліся, яна зразумела, чаму эканомка завяла гаворку пра дзяцей. Люба набрала поўныя грудзі паветра і раздражнёна выдыхнула: – Фрау Эльза, можаце перадаць пану Гансу, што я дамовы не парушыла, дзяцей у мяне сапраўды няма…

– Што ты, што ты, – замахала рукамі, замітусілася зніякавелая эканомка. – У мяне і ў думках не было цябе пакрыўдзіць недаверам…

Яна крутнулася да трумо, абедзвюма рукамі схапіла сподак са шклянкай і, кіруючыся да выхаду, унікаючы Любіных вачэй, кінула:

– Нешта мы забалакаліся, позна ўжо, ты кладзіся, а я зараз падагрэю малако.

Калі фрау Эльза вярнулася, Люба ўжо ляжала ў ложку пад нязвыкла пульхнай і надзіва лёгкай коўдрай. Яна моўчкі прыняла з рук эканомкі шклянку з малаком і невялічкімі глыткамі запіла дзве таблеткі аспірыну. Эканомка, прадчуваючы, што роспыты пра дзяцей насцярожылі новую пакаёўку, цяпер з усіх сіл старалася загладзіць сваю віну. Яна паправіла коўдру, спыталася, ці запаліць начны свяцільнік, на што Люба адмоўна хітнула галавой, і пасля даўгаватага напружанага маўчання, відавочна, думаючы пра сваю Інгрыд і ўнукаў, цяжка ўздыхнула:

– Няўжо і ў Беларусі ўсё так кепска, што вы едзеце сюды і згодны на любую працу, самую цяжкую, непрэстыжную, за якую мала плацяць?

– Вы таксама прыехалі не слёзы ліць па продках, – непрыветна сказала Люба, якой гэтыя надакучлівыя «допыты» пачалі здавацца небеспадстаўнымі.

– Люба, ты злюка, – вымучана засмяялася фрау Эльза і праз хвіліну па-начальніцку строга дадала: – У нас будзе час пра ўсё пагаварыць, а цяпер – спаць, спаць, спаць… Заўтра пабуджу а шостай гадзіне, і памятай пра наш угавор…

Доўгачаканая цішыня і адзінота не прынеслі Любе спакою і жаданага сну. Наадварот, як толькі за эканомкай бясшумна зачыніліся дзверы, журботныя, часта пакутлівыя думкі імгненна запаланілі свядомасць, напоўнілі душу і надарваным болем, і асцярожнай недаверлівай радасцю. Яны (думкі), чапляючыся адна за адну і выхопліваючы падзеі не толькі апошніх напружаных дзён, але і жыцця ранейшага, жыцця вясковага, бударажылі, няўлоўна прымушалі часцей біцца сэрца. Усё яшчэ не верылася, што яна ў Нямеччыне, што ляжыць у гэтым шыкоўным мяккім ложку і, пачынаючы з заўтрашняга дня, пачне працаваць на сябе, на сваю мару… Цяпер яна зробіць усё, каб вярнуцца дадому з грашыма, яна адкрые сваю фірму і, зрэшты, паступіць вучыцца ва ўніверсітэт, на завочнае юрыдычнае аддзяленне з эканамічным ухілам. Люба дакажа і бацьку з мачахай, і мінскай цётцы Клаве, і сяльчанам-верацейцам, і асабліва Івану, што зможа дабіцца ў жыцці большага, чым яны думалі і што прадракалі.

Перад вачыма імгненна ўзнік бацька. Чамусьці Люба заўсёды ўзгадвала яго п’янага і слязлівага. Мо таму, што грубым і злым ён мог быць толькі цвярозы, на падпітку ж заўсёды дачку шкадаваў, амаль заўсёды плакаў, у нечым сябе вінаваціў і ўсё кляўся і абяцаў… Кляўся кінуць піць гарэлку і зноў сесці за руль «МАЗа», каб зарабіць Любе на кватэру ў Мінску. Абяцаў павезці яе з мачахай адпачываць «да сіняга мора», вада якога адразу вылечыць жончыны касцяныя хваробы. Мачаха, якая піла разам з бацькам і сваё п’янства тлумачыла клопатам пра мужа, маўляў, яму менш дастанецца, гэтыя абяцанкі-цацанкі ўспрымала ўсур’ёз і гнеўна крычала:

– Ёлупень, колькі разоў казаць, што ніякага Сіняга мора няма, ёсць Чорнае, туды хачу… Толькі на каго парсюка пакінуць?

– Зацугляю і адвяду на калгасную ферму, – разважліва адказваў бацька. – Федзька-свінар за пляшку гарэлкі дагледзіць у агульным статку.

– Ха, Федзька, знайшоў, каму давяраць, – кідала ўсе свае справы жонка і з кулакамі сунулася на мужа. – Не чапай майго кабанчыка!.. Свінар – сцыкун, ён калгасных прап’е, а нашым закусіць…

Люба наперад ведала, што плануемая курортная ідылія скончыцца звадай, у якой больш за ўсё пацерпіць гадавалы парсючок, і, каб не бачыць і не чуць ідыятычнай бязглуздзіцы, паспешліва сыходзіла з хаты. Чутка, што Фроська зноў збіраецца да мора, імгненна разносілася па вёсцы. Дзятва гарохам высыпала на вуліцу і сядлала штыкетнік уздоўж дарогі, у дарослых таксама знаходзіліся справы ў панадворках. Старыя і малыя ў чаканні дармавога цырка таўкліся непадалёк ад Любінай хаты, ім карцела ў чарговы раз пачуць, а калі пашанцуе – і пабачыць, як расчырванелая дзябёлая Фроська венікам, а здаралася, што і дзяржальнам вілаў, апантана пераконвае мужыка купляць пуцёўку да Чорнага мора, а не да Сіняга. Крыкі, калатнеча і валтузня паміж жонкай і мужам скончацца тым, што яны вывалакуць з хлява худога, косці ды скура, парсючка і сілком пацягнуць яго ў другі канец вёскі да Ванькі-прадпрымальніка, які дасць паўцаны за віскатлівага перапужанага бедака. Потым мачаха купіць у краме новую сукенку, чаравікі, капялюшык і абавязкова модны купальнік. Тут жа аб’явіцца вірлавокі Федзька, які прапануе пакупкі «абмыць», каб даўжэй насіліся, і важная Фроська з дзвюма торбамі, у адной – рэчы, у другой – віно, з капялюшыкам на галаве і ў суправаджэнні не надта цвярозых мужчын вернецца ў змрочную хату. Праз паўгадзіны бацька выцягне з-за печы стары баян, і пачнецца сапраўднае вяселле. Праз пэўны час у краму па віно прыклыпае бацька, потым прысунецца Федзька-свінар, а раніцай аб’явіцца яшчэ п’янаватая Фроська. Яна прынясе купальнік і будзе маліць прадаўшчыцу вярнуць за яго грошы, бо «…рэч не мерала, а парваная гумка – завадскі брак…».

Любе заўсёды было сорамна за бацьку і мачаху, і, нават жывучы ў Мінску, яна панічна баялася Верацей і верацейцаў. Толькі аднойчы, калі ад Івана доўга не было пісьмаў, Люба набралася мужнасці і прыехала дадому. Зайшла ў панадворак і быццам наляцела на нябачную перашкоду, здалося, што нікуды і не выязджала. У хаце натужліва і глуха рыпеў баян, Федзька неўпапад падвываў нешта пра тундру, а мачаха крычала пра сіне-чорнае мора, ажно аконнае шкло трымцела, вось-вось вываліцца. Люба, не памятаючы сябе, кінулася прэч, нявыплаканыя сірочыя слёзы спусташалі, вымывалі з душы апошнія спадзяванні на бацькоўскую калі не любоў, дык хоць бы спагаду. Як незаслужана адлупцаваны шчанюк, не бачачы перад сабой нічога, акрамя пыльнай дарогі, спінай адчуваючы спачувальныя позіркі аднавяскоўцаў, яна, ціха галосячы, бегла да аўтобуснага прыпынку, каб паспець на той самы аўтобус, якім прыехала ў Верацеі. Аўтобус ад’язджаў, але маладжавы шафёр з раскосымі азіяцкімі вачыма, убачыўшы ў люстэрка сваю нядаўнюю пасажырку, прыпыніўся, абачліва адчыніў заднія дзверцы, дачакаўся, калі дзяўчына зойме вольнае месца… Ужо на выездзе з вёскі, каля калгаснага клуба, пад вялізным кустом бэзу Люба ўбачыла зламаную лаўку, і слёзы жалю з новай, здавалася, невычарпальнай сілай хлынулі з вачэй. Не так даўно на гэтай учарнелай лаўцы, абварожаная начным пахам квітнеючага вясновага бэзу, яна ўпершыню адчула на сваіх вуснах нясмелы дотык Іванавых вуснаў і прызнанне ў каханні.

У той прыезд Люба так і не даведалася сапраўднай прычыны Іванавага маўчання, а зламаная лаўка надоўга пасяліла ў душы невыразны загадкавы страх і прадчуванне блізкай бяды. І бяда прыйшла, прыйшла трошкі пазней, яна звалілася на Любу з атрыманай з Верацей паштоўкі…

«Іван у войску ажаніўся…» – дрыжачай і, відавочна, нецвярозай рукой коратка паведамляла мачаха.

У канверце ляжаў яшчэ адзін лісток, пісьмо ад Іванавай маці, у якім цётка Вера катэгарычна прасіла Любу пакінуць сына ў спакоі, не пісаць і не шукаць сустрэч. Яна хваліла нявестку, называла «крутой бізнесмэншай», відавочна, гэтыя словы нехта ёй падказаў, бо ў Верацеях іх Люба ніколі не чула.

Менавіта ў тую хвіліну Люба паклялася ўсімі святымі на свеце, што вернецца ў Верацеі толькі тады, калі даб’ецца ў жыцці поспеху і… пераплюне Іванаву жонку.

4

Расійскія федэральныя войскі акружалі Грозны, і складвалася ўсё намнога горш, чым у першую ваенную кампанію. Сілы былі няроўнымі. Ні прэзідэнцкая гвардыя, ні спешна мабілізаваныя і на хуткую руку зведзеныя ў роты і батальёны жыхары нешматлікіх гарадоў, пасёлкаў і горных аулаў не маглі адкрыта супрацьстаяць рэгулярным войскам. Асабліва цярпелі ад самалётаў, якія, адчуваючы сваю беспакаранасць, метадычна, як на вучэннях, наносілі смертаносныя ўдары спярша па адміністрацыйных будынках Грознага, а потым па дамах, дзе, як потым перадавалі па радыё ды пісалі ў скінутых лістоўках, была наладжана бандыцкая абарона. А калі ўлічыць, што кожны дом быў ператвораны ў крэпасць, то й бамбілі ўсё і ўсіх.

Айшэ са свякроўю жылі ў сутарэнні, перабудаваным і ўзмоцненым пад бамбасховішча, побач плошча Мінутка – цэнтральны пляц Грознага. Сцены, столь, падлога цэментаваныя, неймаверна рыпучыя дзверы абабітыя ржавым жалезам, акон не было. Асвятляўся пакой учарнелай лямпай-газніцай, да якой Айшэ баялася нават дакрануцца, бо патрэсканае шкло ў любы момант магло рассыпацца на шматлікія аскепкі. У сценах было некалькі квадратных адтулін, адкуль цягнула скразняком, і на ноч Айшэ затыкала іх анучамі.

Мужчыны сям’і Баджыевых ваявалі. Айшэ не бачыла свёкра Мусу з самага Цімуравага пахавання, па чутках, ён быў недзе непадалёк ад Ведэно, а Рэнат, Цімураў малодшы брат, абараняў Грозны і чым мог дапамагаў маці і цяжарнай нявестцы. Беды сыпаліся, быццам гарох з дзіравага меха. Нечакана захварэла Лола. Паслізнулася, калі пераходзіла вуліцу, ударылася галавой аб брукаванку і злягла, здарыўся інсульт. Рэнат, які планаваў вывезці жанчын у нейкае іншае, больш бяспечнае месца, цяпер зрабіць гэтага не мог, патрэбна была машына, каб Лола магла ляжаць нерухома. Калі ж ён нарэшце знайшоў «хуткую дапамогу» (па чырвоных крыжах і федэралы не рызыкнуць страляць), горад не змагла пакінуць Айшэ. У адзін з начных налётаў загінулі яе маці і бацька. Бомба трапіла ў новы бацькоўскі дом, куплены Цімурам у лік калыму, і цяпер на яго месцы чарнела глыбокая варонка, напалову запоўненая ржавай вадой з пагрозліва ўзнятымі на дыбкі абгарэлымі бярвеннямі, пакручастымі металічнымі штырамі, каменнымі глыбамі.

Цудам ацалеў разгалісты, таўшчэзны, як абхапіць рукамі, клён, які, учапіўшыся тоўстымі каранямі за край варонкі, усё ж утрымаўся, не рухнуў, хоць яго і добра-такі нахіліла. З аднаго боку дрэва было як згрызенае, з сярэдзіны ствала тырчаў вялізны руды асколак, падобны на зламаны клык дзіка, ад чаго здавалася, што не бомба ператварыла ў руіны трохпавярховае жытло, а злы, шалёны звер, які, спрабуючы выкуліць клён, крышыў, капытамі таптаў зямлю, клыкамі рваў усё, што траплялася на ягоным шляху, ажно пакуль гэтая смертаносная зброя не зламалася.

Жудасную навіну прынёс Рэнат. У першыя хвіліны Айшэ быццам скамянела, яна глядзела на хлопца невідушчымі чорнымі вачыма і не магла ўсвядоміць, што ён гаворыць пра яе бацькоў. Калі, зрэшты, зразумела сэнс пачутага, ухапіла паліто і паспрабавала апрануцца, але ніяк не магла патрапіць у пусты рукаў. Калі паліто выслізнула з рук, падымаць яго не стала, наадварот, адпіхнула нагой і заспяшалася да выхаду. Але Рэнат пераступіў ёй дарогу і нікуды не пусціў. Пасля хвіліннай барацьбы і спробы прарвацца знясіленая Айшэ апусцілася на падлогу і, абхапіўшы галаву рукамі, хісталася, адчайна і доўга галасіла.

Не зважаючы на маленне, просьбы і нават беспадстаўныя пагрозы, Рэнат замкнуў цяжарную нявестку ў пакоі, а ключ схаваў у кішэню. Ён толькі паабяцаў завезці яе да бацькоўскай хаты на машыне, але пазней, калі яна супакоіцца і, галоўнае, калі федэралы зробяць перадых і пакінуць бамбіць Грозны. Рэнат прыходзіў штодзень і, калі ўбачыў, што нявестка звыклася і пачала ўспрымаць смерць бацькоў як здзейснены факт, слова стрымаў. Надвячоркам, калі звычайна самалёты знікалі аж да самай раніцы, ён у суправаджэнні барадатага ўзброенага гвардзейца пад’ехаў на пакамечанай, без шкла, дзверцаў і верху, у некалькіх месцах прастрэленай легкавой машыне і завёз Айшэ на руіны бацькоўскай хаты.

Айшэ ведала, што Рэнат зрабіў усё, каб знайсці астанкі бацькоў і пахаваць іх па-чалавечы, ведала і не магла змірыцца з тым, што не будзе іх магілы, не будзе месца, куды можна прыйсці і з радасцю, і з болем.

– Пасля вайны тут паставім помнік, – быццам прачытаў думкі нявесткі Рэнат.

Айшэ згодна кіўнула, але працягвала рабіць усё па-свойму. Ігнаруючы штохвілінную пагрозу быць заціснутай каменнымі глыбамі, яна з апантанай адчайнасцю сноўдала па руінах, зазірала ў кожны закуток панадворка, праз кожныя пяць хвілін прымушала Рэната і маўклівага гвардзейца абгарэлымі жардзінамі абмацваць дно варонкі, і ў той самы момант, калі зразумела, што трэба вяртацца і вяртацца ні з чым, позірк зачапіўся за клён, за жалезны клык, які наскрозь прабіў дрэва і цяпер у промнях заходзячага мёртвага сонца здаваўся крывавым і жудасна-страшным. Нечакана і клён, і раўнадушнае, нядобрае неба змяшаліся ў адно цэлае, у нешта блакітна-зялёнае, працятае чырвонымі пісягамі, падобнымі на крывавую жалязяку-клык, і адразу зямля захісталася, іржавая вада ў варонцы зарабацілася і нахілілася, вось-вось выплюхнецца вонкі…

Ачомалася Айшэ ад прытарнага паху нашатырнага спірту і холаду ў скронях. Яна ляжала ў машыне на заднім сядзенні, галава ў Рэната на каленях, і ён вільготнай марляй, злітай лякарствам, імпульсіўна цёр нявестцы скроні. Барадаты гвардзеец, аб’язджаючы завалы на дарозе, нервова тузаў рыпучы рычаг пераключэння перадач, нешта злосна мармытаў і раз-пораз кідаў на патрэсканае мутнае люстэрка незадаволеныя позіркі.

Убачыўшы, што Айшэ расплюшчыла вочы, барадач крыкнуў:

– Праз хвіліну-другую няверныя пачнуць артылерыйскі абстрэл, гэты раён ужо тыдзень пляжаць.

– Праскочым, – спакойна адказаў Рэнат і, ласкава зірнуўшы на Айшэ, нечакана ўсміхнуўся: – Ты зусім лёгкая, хоць і не адна…

Гэтыя словы і асабліва нерухомы, быццам каменны, саркастычна-пагардлівы позірк гвардзейца, які ўбачыла ў люстэрку, канчаткова вярнулі свядомасць. Прысаромленая Айшэ падхапілася і рашуча адсунулася далей ад Рэната. Не падымаючы вачэй, яна заправіла пасмачкі валасоў, якія выбіліся з-пад чорнай хусцінкі, і сцішылася.

«Праскочыць», як сказаў Рэнат, яны не паспелі. Нечакана над імі віскнула паветра, і адразу леваруч разарваўся снарад. Як падкошаны рухнуў тэлеграфны слуп, другі снарад падкінуў у паветра абгарэлую легкавушку, трэці ўздыбіў зямлю пад вокнамі агароджанай калючым дротам прыземістай аднапавярховай будыніны.

– Склады прыстрэльваюць, – прыжмурыўшы вочы, па-камандзірску строга вызначыў Рэнат.

– Позна, – выскаліўся гвардзеец. – Два дні, як муку і бочкі з алеем вывезлі…

– Ведаю, што вывезлі, але ж нехта навёў?..

– Ужо няма шакала, іначай не трацілі б снарады на пустое…

Федэралы нечакана змянілі тактыку, самалёты пачалі бамбіць не толькі днём, але і па начах. Адразу ж некуды знік Рэнат, і больш за два тыдні ад яго не было ніякіх вестак. Скончыліся лекі і прадукты, пачаліся перабоі з вадой. Лола правай рукой, якая трошкі шавялілася, быццам немаўля, паказвала на рот і цмокала вуснамі, што азначала: «Хачу піць». Айшэ ўсё цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню па ваду. Страх напаўняў душу, калі яна мацала свой вялікі жывот і, адчуваючы далоньмі моцныя штуршкі, разумела, што хутка прыйдзецца раджаць. У гэтыя адчайныя хвіліны Айшэ з жалем пазірала на Лолу, якая цяпер нічым не магла дапамагчы, узгадвала яе папярэджанні пра тое, што ні ёй, ні Айшэ не выпадае трапіць у рукі федэралаў, бо Муса і асабліва Рэнат займалі значныя пасады ў войску Ічкерыі. Але ж рабіць не было чаго, сама яна не народзіць, дый з Лолай няма сіл упраўляцца. Трэба было неадкладна прымаць рашэнне.

«Калідоры жыцця», па якіх пакідалі Грозны дзеці, жанчыны і нямоглыя старыя, федэраламі ладзіліся ўсё радзей і радзей і толькі ў непагадзь, калі кепскае надвор’е не дазваляла самалётам пакідаць аэрадромы. Спакутаваная чаканнем Айшэ наважылася шукаць дапамогі ў суседзяў, у гэткіх жа, як і сама, заложнікаў вайны, і спрабаваць самастойна вывезці Лолу ў лагер бежанцаў, дзе па чутках была ежа і дактары. Не атрымалася. Планы парушыў чалавек, які ноччу прыйшоў ад Рэната і разам з харчамі і лякарствамі для Лолы перадаў цыдулку, у якой мужаў брат катэгарычна забараняў ёй здавацца на міласць федэралаў і іх прыслужнікаў. Рэнат загадваў чакаць яго, прасіў падрыхтаваць Лолу і быць гатовымі да доўгай і небяспечнай дарогі.

– Колькі трэба чакаць? – прачытаўшы пасланне, спыталася ва ўзброенага чалавека Айшэ.

– Гэта ведае толькі камандзір, – прастуджаным голасам паведаміў вястун і, скасіўшы вока на вялікі жывот жанчыны, паспрабаваў яе супакоіць: – Два-тры дні, самае большае – тыдзень.

– Каб не было позна, – адказала Айшэ і, паклаўшы рукі на жывот, заклапочана дадала: – Перадай Рэнату, што адна я не змагу нарадзіць…

Той ноччу, калі прыходзіў чалавек ад Рэната, да іхняга жытла прыбіўся згаладалы хлопчык, на выгляд гадоў сямі, не болей. Айшэ яго ніколі не бачыла, але было відавочна, што хлопчык хаваўся дзесьці побач, хоць раней нічым аб сабе і не нагадваў. Айшэ на спіртоўцы разагравала бляшанку мясных кансерваў, калі ён, прываблены пахам смажанага, нясмела зашкробся ў абабітыя жалезам дзверы. Напачатку здалося, што гэта пацукі, якія ў сутарэнні лічылі сябе гаспадарамі і амаль не звярталі ўвагі на прысутнасць людзей. Атрута, якую Рэнат калісьці пасыпаў па кутках сховішча, імгненна знікла, але пацукоў не паменела, як швэндаліся па пакоі хвастатыя пачвары, так і швэндаюцца, не было ад іх аніякага ратунку, паўсюль сунулі доўгія морды, паўсюль відаць адбіткі зубоў, нават на жалезным ложку згрызеная фарба. Неяк звечара Айшэ не заўважыла, што спаўзла коўдра з нагі ў Лолы, а раніцай знайшла ўсе пазногці згрызенымі. А самае дзіўнае, што свякроў нават не пачула болю, бо ніякага знаку здаровай рукой не падала, не стукнула, як звычайна, жалязякай па спінцы ложка.

Нехта шкробся звонку. Не без боязі Айшэ прачыніла дзверы і ўбачыла хваравітага, дыстрафічна-худога хлопчыка. Брудны ўчарнелы твар, рукі ў крывавых драпінах, на галаве капа ўскудлачаных агніста-рыжых валасоў, з якіх тырчала пер’е і нешта падобнае на пілавінне. На хлопчыку вісела не па росце доўгае, чырвонага колеру дзявочае зімовае паліто з адарванымі рукавамі і каўняром, з плечыкаў тырчалі пашкамутаная матэрыя і вата, іржавая, быццам абгарэлая, замест гузікаў – страляныя аўтаматныя гільзы, прыкручаныя да матэрыі медна-залацістым дротам. На нагах – старыя вайсковыя паўботы, адзін без шнурка, халява перавязана даўгаватай калмацістай шпагацінай.

– Што табе? – спыталася Айшэ.

Малы не адказаў. Ён умольна глядзеў на Айшэ шырока расплюшчанымі васількова-блакітнымі вачыма і, як спаралізаваная Лола, торкаў учарнелым брудным пальцам у разяўлены рот.

– Ты хочаш есці? Піць?..

У адказ хлопчык толькі шырэй разявіў рот і глыбей засунуў у яго палец. На яе ложку ляжаў рэчмяшок з харчамі, што пакінуў Рэнатаў пасыльны, і Айшэ выцягнула з яго пачак пячэння, першае, што трапілася ў руку, і падала малому. Ён абедзвюма рукамі ўхапіў пачастунак і зубамі пачаў разрываць папяровую ўпакоўку. Бліскучая папера не паддавалася, і Айшэ працягнула руку, каб дапамагчы, але хлопчык зразумеў гэты жэст па-свойму і, баронячы пачастунак, крутнуўся да яе спінай. У гэты момант пачак разарваўся, і пячэнне рассыпалася па падлозе. Хлопчык імгненна плюхнуўся на калені і, мітусліва збіраючы пячэнне, таропка засоўваў яго ў рот, а што не ўлезла, хаваў за пазуху. Айшэ не перашкаджала, яна замкнула дзверы, падсунула бліжэй да свайго ложка адзіную табурэтку і паставіла на яго шклянку з апельсінавым сокам, напалову разбаўленым вадой, які да з’яўлення малога выцягнула з таго ж самага рэчмяшка і мелася выпіць сама. Потым узяла хлопчыка за плечы і, паставіўшы яго на ногі, крутнула тварам да табурэткі:

– Гэта табе.

Хлопчык нават не зварухнуўся, толькі спадылба зірнуў на Айшэ і ў чаканні знерухомеў. Рот у яго быў пусты, пячэнне, відавочна, незаўважна для Айшэ таксама апынулася за пазухай.

– Сок і пячэнне можаш з’есці, – па-руску сказала Айшэ і па тым, як у малога заблішчэлі вочы, зразумела, што ён нарэшце яе пачуў. Ацэньваючы дзіўнаватыя паводзіны госця і назіраючы, як ён, амаль не жуючы, уплятае пячэнне, Айшэ выцягнула з рэчмяшка яшчэ адну бляшанку кансерваў і, адкрываючы яе, спыталася: – Ты нямы?

Хлопчык нават брывом не павёў.

Айшэ тузанула яго за плячо і, калі малы ўзняў на яе свае вялікія вочы, крыкнула:

– Ты не гаворыш?

Хлопчык згодна заківаў, нясмела, як велізарнейшую каштоўнасць, паклаў надкусаную пячэніну побач са шклянкай соку і адчайна запляскаў бруднымі далонямі сябе па вушах.

– І-і не чуеш?.. – здзіўлена ўскрыкнула Айшэ.

Хлопчык уважліва сачыў за яе вуснамі.

– Ты глуханямы?..

Малы, задаволены тым, што яго таксама зразумелі, згодна заківаў галавой.

– Ты можаш чытаць па губах?

Хлопчык задаволена заўсміхаўся і нешта хутка-хутка паказаў на пальцах.

– Дзе ж твае бацькі? – дапытвалася Айшэ.

Хлопчык імгненна спахмурнеў, васільковыя вочы яшчэ больш акругліліся і неяк памутнелі. Патрэсканыя шурпатыя нямыя вусны ўпарта акрэсліліся, ледзь прыкметна задрыжалі. Ён сціснуў кулачкі, адтапырыў вялікія пальцы і, паказваючы, што страляе, істэрычна затрос рукамі каля свайго твару.

– Іх забілі?.. – роспачна ўздыхнула Айшэ і, стомлена сядаючы на край ложка, падсунула табурэтку бліжэй да хлопчыка. – Ты еш…

Айшэ глядзела на маленькага начнога госця і думала пра тое, што да вайны таксама можна прывыкнуць. Невядома як, але ж выжывае гэты сірата, ды й яна прызвычаілася да грукату, стрэлаў і нават забітых. З нейкага моманту штохвілінную небяспеку ўспрымае як непазбежнае, разумее, што прыйдзе час і пакуты скончацца, яна жыве надзеяй, рыхтуецца нарадзіць хлопчыка, і гэта дае сілы. Айшэ прызвычаілася да бамбёжак і ведае, што пасля трыццаціхвіліннай калатнечы будзе гадзінны перадых, і за гэты час трэба агледзець уваходныя ў сутарэнне дзверы і, калі трэба, гукнуць суседзяў, каб адкінулі каменне, а бліжэй да вечара, пасля мінамётнага ці артылерыйскага абстрэлу, трэба вынесці смецце і нечыстоты і яшчэ паспець праз завалы даклэпаць да суседняй вуліцы і прынесці вады. Заўважыла, што з нейкага часу яна з большым хваляваннем прыслухоўваецца да штуршкоў у жываце, чым да выбухаў снарадаў і бомб. Калі над галавой калатнеча, Айшэ заўсёды гуляе са сваім дзіцём, яна ведае, што так супакойвае яшчэ ненароджанае дзіцятка. Яна кладзе руку на жывот і чакае штуршка ў далонь, потым мяняе месца і праз некалькі хвілін зноў чуе «стук-стук». Дзіцятка без слоў разумее маці, яно адчувае яе трывогу і, здаецца, з радасцю прымае няхітрую гульню.

Малы валацужка павольна апусціў рукі, і Айшэ адразу ўявіла, як гэтыя брудныя кулачкі калісьці таксама піхалі жывот сваёй маці і яны таксама без слоў разумелі адно аднаго… Нешта тужлівае падкацілася пад самае горла, з грудзей быццам вырваўся цяжкі, з прысвістам уздых. Айшэ паднялася і няспешна пасунулася да дзвярэй.

У той самы момант, калі яна штукавала над замком, каб выпусціць з пакоя глуханямога хлопчыка, за спінай пачулася металічнае скрыгатанне, гэта Лола падавала знак, шкрэбла металічным трохкутным напільнікам па жалезным ложку. Азірнулася і ўбачыла, як свякроў адчайна праганяе хлопчыка, махае на яго бяссільнай, неймаверна схуднелай рукой, у няветлых, глыбока запалых вачах свекрыві неспакой і пагарда. Малы, відавочна, раней трапляў у падобныя сітуацыі і даўно звыкся са сваёй неласкавай доляй, ён наперад ведаў, што павінен рабіць, каб не гнявіць гаспадынь. Хлопчык вокамгненна крутнуўся да кутка, у якім тулілася сметніца – зялёная, месцамі праржавелая да дзірак скрынка з-пад патронаў з венікам усярэдзіне, – і, ухапіўшы дрэўка, з веданнем справы, не ўздымаючы пылу, пачаў падмятаць падлогу.

Лола запытальна і злосна паглядзела на Айшэ. У адказ нявестка, ледзь стрымліваючы радасную ўсмешку, абыякава перасмыкнула плячыма і ў думках падакарала саму сябе, што не дапетрыла раней, не дадумалася пакінуць бяздомнага валацужку сабе памочнікам. Ён і па ваду збегае, і суседзяў гукне, калі ўзнікне патрэба расчысціць ад камення ўваходныя дзверы, і смецце вынесе…

– Ён будзе нам дапамагаць, – папраўляючы падушку Лолы, сказала Айшэ.

Свякроў адмоўна матлянула рукой, у куточках бяскроўных непаслухмяных вуснаў з’явіліся кропелькі пены. Цяпер гэтак было заўсёды, калі Лола хвалявалася і сілілася нешта сказаць.

– Рэнат прыслаў памочніка, – пайшла на хітрасць Айшэ, – канешне, лепш была б медычка, але ж дзе іх цяпер знайсці… Затое ён глуханямы, і завуць яго… – Айшэ азірнулася на хлопчыка і нечакана для самой сябе сказала: – Рэнат назваў яго Рыжым…

Пачуўшы пра сына, твар Лолы прасвятлеў, вусны задрыжэлі, яна заплюшчыла зліплыя вейкі і неяк адразу абмякла, супакоілася. Айшэ ўкрыла свякроў коўдрай, прытушыла газнічку. Малы скончыў падмятаць падлогу і цяпер, не выпускаючы з рукі веніка, стаяў пасярод пакоя.

– Калі хочаш, заставайся, – сказала Айшэ.

Твар хлопчыка засвяціўся радасцю, ён падсунуў венік пад паху і нешта пачаў паказваць жэстамі рук.

Айшэ, нічога не зразумеўшы, адмахнулася:

– Я мовы тваёй не разумею, дый гэта і неабавязкова, галоўнае, ты будзеш жыць тут і рабіць усё, што я скажу.

Рэнат не аб’явіўся, як абяцаў вястун, ні праз два дні, ні праз тры, ні праз месяц. За гэты час Айшэ яшчэ больш пацяжэла, раздалася ўшыркі, зрабілася нейкай санлівай і нават сама здзіўлялася запаволенай няспешнасці і свайму празмернаму жаданню ўвесь час ляжаць у ложку. Калі трэба было нешта зрабіць на падлозе ці хоць бы падняць упушчаную анучку ці насоўку і побач не было глуханямога памочніка, гэтая дзея ператваралася ў паэтапную працэдуру. Спярша, прытрымліваючыся ложка ці абапіраючыся на падсунутую да патрэбнага месца табурэтку, яна апускалася на калені, рабіла, што трэба, і, адпачыўшы, зноў караскалася ўгору. Цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню сутарэння. Глуханямы хлопчык аказаўся і сапраўды добрым памочнікам, але Айшэ ён нічым не мог дапамагчы, калі яна ўпраўлялася з Лолай: і паварочваць свякроў, і лекамі прамываць пролежні даводзілася самой. Затое ў іх заўсёды была вада, і за гэта цяпер цалкам адказваў хлопчык.

На суседняй вуліцы нейкім цудам уцалела і нават працавала водаправодная калонка. Кволы, без напору струменьчык вады цёк несупынна, і каля яго заўсёды стаяла чарга. Набіралі ваду хто ў што, але кожнаму было адмерана толькі пяць хвілін. За гэтыя хвіліны больш двух літраў з калонкі не выцякала, таму нават падчас артылерыйскіх абстрэлаў, калі снарады падалі далекавата, людзі не разыходзіліся. Іншая справа – верталёты, што завісалі над горадам і з вышыні жывую людскую чаргу маглі прыняць за ўзброеных абаронцаў Грознага. Абвяшчалі паветраную небяспеку не менш за дзясятак сірэн, раскіданых па ўсім горадзе, але здаралася, што спрацоўвалі равуны пасля таго, як бомбы і ракеты ўжо сыпаліся на людскія галовы.

Айшэ і паўгадзіны не магла выстаяць у чарзе да калонкі, але перш чым сысці, заўсёды прасіла, каб яе «пяць хвілін» перадалі рыжаму глуханямому хлопчыку, і праводзіла малога ўздоўж чаргі, каб яго запомнілі. Глуханямы хутка прывык да новага прозвішча-мянушкі, дый не новае яно для яго было. Колькі сябе памятаў, заўсёды Рыжым чужыя клікалі, а часцяком яшчэ і тузалі за агністы чуб. Толькі маці і бабуля ласкава называлі Андрэйкам.

Андрэйка, калі напаўняў чайнік вадой і ліў у яго замест двух літровых слоікаў чатыры, адчуваў сябе сапраўдным героем. Ён хітравата пазіраў наўкол, з твару не сыходзіла прамяністая хітраватая ўсмешка. У гэтыя хвіліны ён вельмі ганарыўся сабой, бо ніхто ў чарзе не ведаў, што ён, як сказала Айшэ, «на чорны дзень» ужо напоўніў вадой пад самую накрыўку адзін бітон, у які ўмясцілася ажно сорак слоікаў, і цяпер носіць у другі. Праз гадзіну ён зноў стане ў чаргу, а потым зноў і так да таго часу, пакуль не прынясе дадому паўнюткія тры чайнікі, і толькі тады ім будзе задаволена не толькі Айшэ, але і хворая гаспадыня, якую ён панічна баіцца. А баіцца таму, што Лола напільнікам шкрабе па металічным ложку, здараецца, у прыцемках ажно сыплюцца іскры, і Андрэйка ўспрымае гэта як папярэджанне, яму здаецца, што гаспадыня яго наўмысна пужае, нагадвае пра «чорны дзень», які настане, як толькі скончыцца вада, і тады старая ўхопіць сваёй зжаўцелай напаўжывой рукой яго за валасы і будзе скрэбці жалязякай па ягоных зубах. Ён думае так, бо аднаго разу, калі хаваўся ў напаўразбураным доме, на свае вочы пабачыў, як звязанага вяроўкамі акрываўленага чалавека барадатыя ўзброеныя дзядзькі спярша білі нагамі, потым гэткім самым напільнікам, як у Лолы, пілілі бедаку зубы, а потым застрэлілі.

Акрамя напільніка ніякай зброі Андрэйка ні ў Айшэ, ні ў Лолы не бачыў, не знайшоў нават пад матрацамі, якія абмацаў, калі Айшэ выходзіла на паверхню падыхаць свежым паветрам. Cталовыя нажы ў разлік не ішлі, бо, каб імі рэзалі чалавека, хлопчык не бачыў, таму і зрабіў выснову, што, як настане «чорны дзень», старая да смерці запіліць яго напільнікам. А каб гэтага не здарылася, трэба цягаць ваду, не ўцякаць жа ад Айшэ, якая корміць і дазваляе начаваць у пакоі, дзе спіць сама. А што месца ягонае на падлозе, дык гэта яшчэ і лепш: унізе не чуваць цяжкага ўдушліва-прытарнага паху, што сыходзіць ад старой гаспадыні, які нават лекі не могуць перабіць. Па начах трывожаць пацукі, але і да іх Андрэйка прывык, ён гатовы трываць усё. Усё, акрамя голаду…

Пасля чарговага артылерыйскага абстрэлу струменьчык вады, што выцякаў з калонкі, зменшыўся напалову, чарга павялічылася, сюды пачалі прыходзіць людзі з больш дальніх вуліц, і цяпер на чалавека адпускаўся толькі адзін слоік. Паціху Айшэ пачала карыстаць назапашаную ваду. Калі Андрэйка ўпершыню ўбачыў, што гаспадыня зачэрпнула з бітона, з ягоных вачэй пакаціліся раптоўныя няўцешныя слёзы. Айшэ спыталася, што здарылася, але жэсты глуханямога расшыфраваць не змагла, дый як зразумець мітуслівую бегатню па пакоі, спробу выхапіць у свекрыві напільнік і выскалены шчарбаты рот, у якім глуханямы пальцам шкрабе па зубах.

– Ты хочаш пачысціць зубы? – каб хоць нешта сказаць, спыталася Айшэ.

У адказ глуханямы амаль істэрычна заматляў галавой, рот яшчэ больш ашчэрыўся, слёзы з новай сілай сыпанулі з вачэй. Бачачы, што Айшэ яго не разумее, Андрэйка ўхапіў чайнік і кінуўся вонкі. Адзінае, што яму заставалася, як ён лічыў у тую хвіліну, гэта больш часу стаяць у чарзе да калонкі.

Той ноччу зноў прыходзіў чалавек ад Рэната, ён прынёс харчы і лекі.

Убачыўшы рэчмяшкі з прадуктамі, Айшэ без слоў усё зразумела і, стомлена апусціўшыся на табурэтку, ціха сказала:

– Я больш тут не застануся… Пайду разам з іншымі ў лагер бежанцаў…

– Ты носіш дзіця героя, а ягоны брат – брыгадны генерал, – пагрозліва працадзіў скрозь зубы агромністы чэчэнец з апаленай і ад таго рудаватай барадой. – Калі шакалы даведаюцца, хто ты, нарадзіць не дадуць… – у пацвярджэнне сваіх слоў і, відавочна, каб быць больш пераканаўчым, ён выхапіў з-за пояса вялізны бліскучы кінжал і, знізу ўверх рассекшы паветра, быццам нешта ўспароўшы, дадаў: – Яны зробяць гэта і выкінуць твайго сына шакалам… Выбірай!

У гэты самы момант прачнуўся Андрэйка. Убачыўшы чэчэнца і настаўлены на Айшэ нож, ён не раздумваючы кінуўся да барадача і ўпіўся зубамі ў ягоную руку. Нож зваліўся на падлогу, барадач ускрыкнуў, відавочна, больш ад нечаканасці, чым ад болю, і імгненна вольнай рукой ухапіў малога за доўгую чыпрыну, узняў у паветра. Страціўшы кропку апоры, Андрэйка закалаціў нагамі, адчайна замахаў рукамі.

– Адпусці яго, – рэзкім, напятым, як струна, голасам цвёрда сказала Айшэ.

Вочы чэчэнца бліснулі злымі, нядобрымі агеньчыкамі.

– Ты спіш з рускім у адным пакоі?

– Ён нам дапамагае…

– Ён вас здасць няверным, – пагрозліва прасіпеў барадач, – Рэнат забараніў табе…

– Мы выжываем тут, у Грозным, а дзе Рэнат, я не ведаю, – адчайна закрычала Айшэ, – праз тыдзень мне раджаць, і мы пойдзем да іх… А наконт малога не хвалюйся, ён глуханямы і, як бачыш, смелы, не хаваецца, як некаторыя…

– З яго атрымаецца добры раб, – адштурхнуўшы ад сябе Андрэйку, выскаліўся чэчэнец, – глухі, нямы, адданы… – ён падняў кінжал, плашмя паклаў на ўкушанае месца лязо і, думаючы пра нешта сваё, змрочным, цяжкім позіркам паглядзеў на малога, які імгненна зашыўся пад дзіравую аўчыну, што адначасова служыла і матрацам, і коўдрай. – Каб гэткім і застаўся, яго яшчэ трэба вылегчаць… Магу зрабіць паслугу…

– Бачу, што ты на большае не здатны, – стрымліваючы гнеў, задзірліва адказала Айшэ і, зірнуўшы на пасыльнага, адразу пашкадавала сваіх слоў. У наступнае імгненне іх вочы сустрэліся, і Айшэ з жахам зразумела, што ваяр не жартуе, ён і сапраўды гатовы ўчыніць здзек над глуханямым. Раней ёй ужо даводзілася бачыць гэткія звярыныя, як памутнелыя, абмярцвела-расшыраныя вочы, што праглі помсты і крыві. Невядомая сіла падхапіла Айшэ на ногі і кінула да хлопчыка. Яна рашуча стала на шляху барадача. – Ты ўжо зрабіў усё, што мог, а цяпер пакінь нас…

Чэчэнец імгненна насупіўся, лоб, пераноссе перасеклі глыбокія зморшчыны, позірк утаропіўся ў вялізны жывот жанчыны, здавалася, ён узважвае, ці варта звязвацца з цяжарнай.

– На хлопчыка па нашых законах ты не маеш ніякіх правоў, – пайшла ў наступ Айшэ, – кранеш яго – будзеш мець справу з Рэнатам.

Імя начальніка на пасыльнага падзейнічала ацверажальна, у яго адразу быццам заслона з вачэй упала. Мармычучы нешта няўцямнае, ён хуценька схаваў кінжал і, унікаючы позірку Айшэ, пасунуўся да выхаду. У дзвярах чэчэнец прыпыніўся:

– Што перадаць камандзіру?

– Перадай, што, калі не вывезе, раджаць пайду да рускіх…

З першых дзён вайны з чатырох гадзін да сямі па няпісаных правілах у Грозным наступала перамір’е. У гэтыя гадзіны Айшэ, расчыніўшы ўсе дзверы, праветрывала памяшканне і пры дзённым асвятленні завіхалася ля хворай Лолы: рабіла ёй кампрэсы, прамывала пролежні, гатавала нешта гарачае. Звычайна разагравала на спіртоўцы тушонку, далівала вады, і атрымоўвалася наварыстая поліўка, адзінае, што свякроў магла яшчэ есці. На гэты час глуханямога выпраўляла на паверхню, часцей па ваду.

У той дзень Айшэ паспела толькі нагрэць вады і кінуць у яе бінты, знятыя з ран свекрыві, як зараўлі сірэны, цяжка затахкалі кулямёты, недзе зусім побач грымнула, ды так, што задрыжэла пад нагамі падлога, у лямпе-газніцы на дробныя аскепкі развалілася ўчарнелае шкло, са столі зацерушыла, пасыпалася тынкоўка. Ці то ад нечаканасці, ці то ад страху ногі Айшэ звяла сутарга, рэзкі боль працяў ніз жывата, яна не змагла дайсці нават да дзвярэй, каб іх зачыніць. Праз хвіліну ў пакой уварваўся віхор пылу і пах серы. «Хоць бы не заваліла ўваход у сховішча», – падумала Айшэ, і адразу ў вачах пацямнела, захісталіся сцены, нясцерпны боль новай хваляй уладарна ўварваўся ў цела, здалося, разарваў на часткі жывот, скроні, прымусіў апусціцца на калені. Яна закрычала, пакацілася па падлозе, але крыку ў гэткай калатнечы ніхто пачуць не мог, нават яна сама, наўкол усё грукатала і рушылася.

Айшэ страціла прытомнасць, а калі расплюшчыла вочы, зразумела, што ляжыць на падлозе з раскінутымі рукамі. Ніякага болю не адчувала, наўкол цішыня, толькі шэры пыл, асядаючы на падлогу, быццам некага карагодзіў у нябачным танцы, і ў гэтую хвіліну Айшэ здалося, што яна чуе шоргат сукенкі, сатканай з пылінак.

Уставаць не хацелася, баялася, што боль паўторыцца, і ад гэтага душа напаўнялася невыразным, нейкім загадкавым страхам. Нешта няўлоўнае быццам падштурхоўвала да імгненных рашучых дзеянняў, і адначасова Айшэ баялася нават паварушыцца, цяпер яна прагла аднаго: цішыні і спакою.

Аднекуль здалёк даляцела: «вжык… вжык… вжык…», але свядомасць не ўспрымала аніякіх гукаў. «Вжык» настойліва і неспакойна стукаўся да яе, вяртаў з небыцця, ажно пакуль Айшэ не зразумела, што гэта Лола падае знак, яна чакае дапамогі. «Жывая», – усцешана падумала пра свякроў Айшэ і паварушыла адной рукой, потым другой. Зноў грымнула, хоць і далекавата, але адразу трывожна ўскалыхнулася набрынялае пылам паветра, імгненна зрушыўся рытм танца, які толькі што прымроіўся.

Айшэ падцягнула пад сябе ногі, пачала паволі ўставаць і раптам адчула штуршкі ў жывот, спярша ціхія, нясмелыя, а праз хвіліну моцныя, нават балючыя. «А пра цябе я зусім забылася…» – абхапіўшы жывот рукамі, шчасліва засмяялася Айшэ. Цеплыня напоўніла грудзі, міжвольныя слёзы радасці пякучымі ручайкамі пакаціліся па шчоках. Неадчэпнае і свавольнае «вжык… вжык» прымусіла Айшэ азірнуцца.

Ложка Лолы на месцы не было, як не было і сцяны, каля якой яшчэ паўгадзіны таму ён туліўся. Праз яшчэ даволі шчыльную завесу пылу ў чорным пагрозлівым прадонні Айшэ ўбачыла толькі жалезную скасабочаную спінку з бліскучымі булдавешкамі па краях і руку свекрыві, падобную на ссохлую галінку, якая з апошніх намаганняў шкрэбла і шкрэбла напільнікам па правай булдавешцы. Востры халадок новай бяды імгненна падкаціў пад самае сэрца, стала горача, ліпкі пот засціў вочы, на сасмяглых вуснах адчула моташлівую, прытарную саленаватасць. Адразу быццам хто старонні чымсьці вострым цюкнуў у патыліцу: «Не даглядзела…»

Айшэ ўстала, зрабіла некалькі крокаў, галава кружылася, было млосна, ногі амаль не трымалі. Напэўна, яна павалілася б, але ў апошні момант паспела ўхапіцца рукамі за спінку ложка і нават дакрануцца да Лолы. Боль у патыліцы не праходзіў, ён пульсаваў і тузаў мышцы, па шыі цякло нешта цёплае. Айшэ, усё яшчэ трымаючыся за ложак, паклала руку на балючае месца і ад гэтага дотыку ажно ўскрыкнула. Яна азірнулася туды, дзе толькі што ляжала, і, убачыўшы невялікую чырвоную пляму і кавалак тынкоўкі памерам з кулак, зразумела, што павалілася і страціла прытомнасць невыпадкова.

З чорнага халоднага прадоння, куды рухнула сцяна і кульнулася палова Лолінага ложка, патыхнула сырасцю, гніллю і мярцвячынай, і адразу запяршыла ў горле, салёная прытарная сліна напоўніла рот, тузануўся жывот.

Айшэ званітавала, і нечакана стала лягчэй, у галаве прасвятлела, боль амаль знік. Яна толькі не магла прымусіць сябе прыняць з патыліцы далонь, баялася ўбачыць кроў. Пад матрацам, там, дзе высілася пакамечаная падушка, Айшэ хавала бінты, якімі карысталася, калі рабіла свекрыві кампрэсы і перавязкі. Не раздумваючы выцягнула велікаваты кавалак матэрыі, вольнай рукой склала яго ў некалькі разоў, хвіліну падумала і ўзяла з аптэчкі мазь Вішнеўскага, якой лячыла Лоліны пролежні. Зубамі скруціла з бутэлечкі накрыўку і вытрасла амаль палову змесціва на бінт. З вялікай перасцярогай і бояззю прыняла далонь, якой прыціскала рану, і адразу ж паклала на балючае месца гатовы тампон. Яшчэ некалькі хвілін пайшло на тое, каб забінтаваць галаву і сцерці з далоні кроў. Перавязку рабіла моўчкі, стоячы за спінкай ложка свекрыві, і Лола не бачыла нявесткі, таму, устрывожаная, зноў узялася за напільнік. Айшэ перахапіла руку хворай і як мага спакайней, нават з ноткамі бадзёрасці ў голасе, гучна сказала:

– Будзем мяняць жытло, тут занадта шмат скразнякоў.

Потым павязала хусцінку, каб свякроў не бачыла бінтоў на галаве, і толькі пасля гэтага паказалася ёй на вочы.

Лола ашалелымі вачыма глядзела на кучу камення, натужліва стагнала, сілячыся нешта сказаць, і торкала напільнікам у пустэчу. На яе ссінелых вуснах больш, чым заўсёды, ружавелася пена.

– Не вытрымала наша сховішча, – выціраючы свекрыві вусны, сказала Айшэ і толькі цяпер заўважыла, што другая спінка ложка заціснута вялізнай каменнай глыбай.

Лола працягвала торкаць рукой у навіслую глыбу, і Айшэ хутчэй адчула, чым убачыла, што камень варухнуўся і ў наступнае імгненне галава свекрыві разам з ложкам хістанулася і папаўзла ўгору. Часу на роздум не заставалася. Айшэ ўхапіла хворую за тулава і сцягнула на падлогу. І якраз своечасова. Дзесьці ў глыбіні, амаль пад імі, бы ў якім ненажэрлівым чэраве, грукатала і сыпалася каменне, быццам правальваючыся ў бяздонную прорву, рушылася нешта вялікае і цяжкае, і адразу глыба, што трымала ложак, таксама зварухнулася, зарыпела і ў наступнае імгненне знікла з вачэй, як яе і не было, а ўслед і Лолін ложак кульнуўся лёгка, быццам пёрка, толькі трывожна дзынкнулі шклянкі з-пад лекаў. І амаль адразу промні зыркага сонца, прабіваючыся праз шчыльную завесу пылу, па-гаспадарску ўварваліся ў пакой, напоўнілі яго сліпучым мітуслівым святлом.

Калі пыл асеў, Айшэ з жахам убачыла, што палова дома разбурана, усё быццам правалілася ў агромністае бяздонне, над руінамі курэў шызы дым, з нетраў даносіліся енкі аб літасці, людскія стогны і крыкі. Столь над галавой пагрозліва прасела і ў некалькіх месцах чарнела крывулістымі расколінамі, у якія папросту мог улезці кулак.

«Зараз рухне і гэтая палова», – застукалі малаточкі ў скроні, і Айшэ, не раздумваючы, пацягнула Лолу да дзвярэй, якія цяпер, матляючыся, рыпелі толькі на ніжняй завесе, і на адным дыханні пераадолела некалькі крутых прыступак. Зноў нешта вострае і балючае рассекла жывот, і зноў сутарга ў костцы сціснула сухажыллі на нагах. Айшэ разам з Лолай як падкошаная рухнула на прыступкі і, абхапіўшы жывот, скурчылася, не заўважыла, як пракусіла губу, і гэты боль быццам перамог, узяў верх над болем у жываце і нагах.

Праз некалькі хвілін палягчэла, толькі прытарна-саленаваты прысмак напоўніў рот. Сплюнула чырвоным, убачыла кроў, і зноў закружылася галава. Узняла вочы і нечакана ўспомніла, што, каб апынуцца на паверхні, трэба пераадолець пятнаццаць прыступак, і адразу імпэту паменела, зразумела: без старонняй дапамогі свякроў не ўратаваць. Узгадала глуханямога. Апошнім часам, каб падыхаць свежым паветрам, яна магла ўскараскацца на паверхню, толькі апіраючыся на плячо хлопчыка, але ж яго не было, мо трапіў, бядак, у каменнае месіва і цяпер недзе ляжыць, расціснуты глыбамі… Дый не памочнік ён у гэтай справе, сам ледзь ногі цягае, трэба шукаць некага дарослага…

Думка, што яны маглі і яшчэ могуць апынуцца пад абломкамі разбомбленага дома, надала Айшэ рашучасці, прымусіла дзейнічаць, штурхала ў плечы, падганяла на паверхню, да людзей, і цяпер было ўсё роўна, хто прыйдзе на дапамогу: рускія ці чэчэнцы, абы толькі вырвацца з гэтай каменнай пасткі-труны. Але ж і Лолу адну боязна пакінуць, што, калі і на самай справе дом рухне, чуваць жа, як нешта над імі рыпіць і варушыцца.

«Добра, што хоць дзверы з сутарэння расчынены», – падумала Айшэ і ў спадзеўцы, што яе нехта пачуе, крыкнула:

– Людзі-і-і!..

Крык атрымаўся слабы, шапялявы і балючы, шкодзіла пракушаная і цяпер неймаверна распухлая ніжняя губа. Яе пачула хіба што Лола, якая адразу расплюшчыла вочы і немігатліва ўтаропілася на нявестку, быццам упікаючы і вінавацячы ва ўсіх няшчасцях.

– Я паклічу некага на дапамогу, – адвяла позірк Айшэ і толькі цяпер заўважыла, што Лола ляжыць на прыступках у адной начной кашулі, на назе няма бінту, відаць, зляцеў, калі кульнулася з ложка, і пальцы, абгрызеныя пацукамі, цяпер кроватачылі. Яна хуценька сцягнула з галавы хусцінку, склала яе ў некалькі разоў і падсунула хворай пад галаву. Калі ж убачыла, што кашуля месцамі намокла і ўліпла ў пролежні, быццам усмакталася, зрабілася горача, адразу перад вачыма прамільгнуў Лолін ложак, і Айшэ з жахам зразумела, што яны засталіся без бінтоў і лекаў.

Апошнія сумненні імгненна зніклі, Айшэ прыняла канчатковае рашэнне: яна павязе Лолу ў лагер бежанцаў. Але ж спярша трэба выкараскацца з гэтага каменнага склепа, які ў любы момант мог стаць ім магілай. Айшэ зрабіла некалькі крокаў па прыступках угору, азірнулася і, цяжка ўздыхнуўшы, вярнулася да свекрыві. Яна не магла пакінуць напаўраспранутую бездапаможную жанчыну адну на гэтай халоднай небяспечнай лесвіцы. Трэба было нешта рабіць, але што? Зноў узгадала глуханямога і пашкадавала, што хлопчыка няма побач. Айшэ паправіла хусцінку, на якой ляжала галава Лолы, хоць патрэбы ў тым ніякай не было, і асцярожна, трымаючыся за шурпатую сцяну, пачала спускацца. Ёй хацелася ўбачыць нядаўняе жытло, хацелася пераканацца ў тым, што яно трывалае і яшчэ можа паслужыць хоць некалькі дзён. Яна спадзявалася на гэта, бо куды ж дзецца з нерухомай Лолай?

«Што, калі Лола нейкі час паляжыць на маім ложку? – разважала Айшэ. – Мне б толькі выбрацца на паверхню… там людзі, яны дапамогуць…»

Айшэ зрабіла некалькі крокаў уніз, але, убачыўшы пакой без сцяны з пагрозліва правіслай столлю, пасечанай чорнымі расколінамі, быццам павуціннем, адразу адмовілася ад задумкі перанесці сюды Лолу. Паспешліва, з затоеным дыханнем, увесь час спалохана азіраючыся і чакаючы, што ў любы момант нешта можа абрушыцца ці абваліцца, Айшэ рыўком сарвала з ложка коўдру, схапіла падушку і, паспешліва вярнуўшыся на лесвіцу, з палёгкай уздыхнула. Цяпер яна зусім па-іншаму ўспрымала і нізкаватую столь у калідоры, і сцены, шурпатыя, месцамі пакрытыя цвіллю, і вузкія прыступкі, на якіх двое не размінуцца… Тут Айшэ чамусьці не адчувала ні боязі, ні жывёльнага страху, які яшчэ хвіліну таму правакаваў патлівасць ва ўсім целе і калатнечу ў грудзях.

Праз некалькі мінут Лола ляжала на прыступках спавітая ў коўдру, быццам немаўля ў пялёнках. Айшэ абвязала сваю галаву хусцінкай, што да гэтага служыла свекрыві падушкай, і, трымаючыся за сцяну, пачала адлічваць прыступкі ўгору. На паверхні, зусім блізка ад дома, нечакана загрукацела, залязгалі гусеніцы.

«Рэнат не прыйдзе, гэта танкі федэралаў», – са скрухай падумала Айшэ, і невыразны, міжвольны страх імгненна агарнуў душу, у грудзях гулка затахкала сэрца. У нейкі момант зямля пад нагамі пагрозліва задрыжэла, а з набліжэннем скрыгатлівага лязгату захісталася, у расчыненыя дзверы нечакана ўварвалася чорнае воблака смуроднага дыму. Айшэ спінай прытулілася да сцяны, заплюшчыла вочы і ў чаканні сцялася. Неяк разам, як па загадзе, незадаволена рыкнулі рухавікі, і адразу ўсё сціхла: ні грукату, ні лязгату. Праз некалькі хвілін пачуліся галасы; Айшэ не памылілася, гаварылі па-руску. Яна ўжо наважылася крыкнуць, падаць аб сабе знак, але голас прапаў, быццам нешта горкае і слязлівае пераціснула горла. Узгадала Рэнатавага пасланца, вялізны крывы кінжал, якім ён страшыў яе, і міжвольныя слёзы закапалі на халодны цэмент.

Побач з уваходам у сутарэнне прайшло некалькі чалавек, і Айшэ спахапілася.

– Гэ-эй!.. – гукнула яна і, ражком хусцінкі выціраючы вільготныя шчокі, зрабіла некалькі апошніх крокаў, што аддзялялі яе ад паверхні. – Дапамажыце!.. – наўздагон вайскоўцам крыкнула Айшэ, але яе не пачулі.

У гэты момант затахкалі кулямёты, зацакаталі аўтаматныя чэргі, дзесьці грымнула раз, другі, трэці, над галавой Айшэ цвіркнулі кулі. Вайскоўцы кінуліся ўрассыпную і імгненна зніклі ў руінах, быццам растварыліся. Айшэ, думаючы пра тое, што наконт вайскоўцаў магла і памыліцца, бо і ў чэчэнцаў форма і зброя рускія, таксама крутнулася да выратавальнага ўвахода ў бамбасховішча.

І тут яна ўбачыла глуханямога. Двухпавярховай будыніны, што яшчэ ўчора высілася насупраць і праз двор якой яны хадзілі наўпрасткі на суседнюю вуліцу па ваду, не было. На месцы дома з зямлі тырчалі рэшткі сцен, на якіх, быццам на нейкім фантастычным шкілеце, застылі неверагодна пакручастыя арматурныя штыры з кавалкамі мураванкі, на месцы цэнтральнага ўвахода засталіся дзве калоны, адна з якіх пагрозліва навісла над тратуарам. Куча камення курэла смуродным дымам, і цяпер частка суседняй вуліцы была як на далоні. Хлопчык стаяў каля калонкі з чайнікам у руках.

– Рыжы… Рыжы… – з усіх сіл закрычала Айшэ і з жахам успомніла, што ён не чуе ні выбухаў, ні стрэлаў, ні яе. І раптам нешта ці ў ёй, ці наўкол змянілася, быццам святла і прасторы паменела, здалося, што ва ўсім горадзе засталіся яны ўдваіх і цяпер усе кулі, наганяючы аскоміну сваім пераможна-гнятлівым посвістам, ляцяць у яе ненароджанага сына і глуханямога хлопчыка. – Што ж гэта робіцца? – загаласіла Айшэ. – Яны ж зусім дзеці…

Выбухі, кулямётныя і аўтаматныя чэргі як нечакана пачаліся, гэтак жа нечакана і перапыніліся. Зрабілася злавесна ціха, і зноў слых улавіў людскія стогны, у доме насупраць пад кучай цэглы адчайна завіскатаў сабака. Айшэ быццам токам працяло, здавалася, нехта нябачны падштурхоўвае ў плечы, не дае часу на роздум, і яна, даволі спрытна падхапіўшы з зямлі даўгаватую палку і мацаючы ёй перад сабой дарогу, каб не трапіць у выбоіны, заспяшалася да глуханямога. Абмінаючы завалы, ішла ў абход і ўвесь час у напружаным чаканні не зводзіла вачэй з рыжай кудлатай галавы, гатовая ў любы момант замахаць рукамі і прыцягнуць да сябе ўвагу, калі той раптам азірнецца. Хлопчык не азірнуўся. Вось ён зняў з носіка калонкі чайнік, паставіў яго на зямлю і адразу ж падсунуў пад струмень вады гарляк пластмасавай бутэлькі.

Ведаючы, што глуханямы будзе набіраць ваду не менш за дзесяць мінут, Айшэ, каб утаймаваць цяжкаватае дыханне і супакоіць празмернае сэрцабіццё, некалькі хвілін пастаяла, абапёршыся на палку, агледзелася. Неба было чыстым: ні самалётаў, ні верталётаў, глухія выбухі чуліся дзесьці далёка за горадам, там жа надрыўна тахкалі кулямёты.

«Напэўна, федэралы сёння адстраляліся», – падумала Айшэ, але, узгадаўшы танкі, заспяшалася, раптам рускія і сапраўды дзесьці побач, разумела, што ў любы момант можа зноў пачацца калатнеча.

Убачыўшы гаспадыню, глуханямы расплыўся вялікай шчарбатай усмешкай і шчасліва торкнуў брудным пальцам на паўнюткі чайнік і некалькі пузатых поліэтыленавых бутэлек.

– Маладзец, – пахваліла хлопчыка Айшэ і раскудлаціла рыжую чупрыну. Малы ажно засвяціўся радасцю і, пстрыкнуўшы гільзай-гузікам, расхінуў паліто, выпнуў жывот, паказваючы, што напіўся вады, колькі хацеў.

– Трэба шукаць новае сховішча, у наш дом трапіла бомба, – сказала Айшэ і здзівілася свайму спакою і будзённасці, быццам тое, што перажыла гадзіну таму, здараецца з імі кожны дзень.

Малы адразу насцярожыўся, спахмурнеў, рукі замітусіліся, нешта жэстыкулюючы.

– Лола жывая, – хутчэй па вачах, чым па жэстах, зразумела нямко Айшэ і з удзячнасцю пагладзіла малога па галаве. Не могучы сказаць, ён сказаў галоўнае: яны засталіся жывыя…

Глуханямы адразу схіліўся над бутэлькамі з вадой і неяк па-даросламу разважліва пачаў нешта штукаваць над імі. Праз хвіліну ён укленчыў і, накінуўшы на шыю адну шпагаціну, потым другую, падсунуў іх пад каўнер свайго безрукаўнага паліто. Толькі цяпер Айшэ здагадалася, што хлопчык звязаў гарлякі бутэлек і збіраецца несці іх, як на каромысле. Яна хацела ўзяць чайнік, але малы незадаволена адштурхнуў яе руку. Праўда, ён толькі і змог, што ўзняцца са сваёй ношай, але ісці з чатырма паўтаралітровымі бутэлькамі на шыі і чайнікам у руцэ нямко не змог. Яго адразу ж захістала, павяло ўправа, і, калі б Айшэ не падтрымала, глуханямы, напэўна, паваліўся бы.

– Возьмем толькі чайнік, – прапанавала Айшэ, бо і сама не хацела занімаць нечым рукі, баялася паваліцца. – Уладкуемся на новым месцы, і адразу ж прынясеш бутэлькі.

Хлопчык, капрызна падціснуўшы вусны, насупіўся, вачэй не падняў і ношу здымаў неахвотна, усім сваім надзьмутым выглядам паказваючы, што гэтае рашэнне яму не даспадобы. Праўда, ваду каля калонкі не пакінуў, аднёс бутэлькі да бліжэйшых руін і прыхаваў, засунуў у цагляную расколіну глыбы-мураванкі, далей ад старонняга вока.

Вярталіся тым жа шляхам, якім Айшэ ішла сюды. Нямко нёс чайнік і часта прыпыняўся, каб змяніць руку. На скрыжаванні павярнулі на сваю вуліцу, абышлі паваленую жалезную тумбу, якая некалі служыла дошкай аб’яў і цяпер недарэчна зіхацела пашарпанымі каляровымі афішамі. Хлопчык, не азіраючыся, наўпрасткі праз дарогу, па завядзёнцы кароцячы шлях, скіраваў да іхняга сховішча. Айшэ, цяжка апіраючыся на палку, пасунулася ўслед, але не паспела зрабіць і трох крокаў, як зноў пачалі страляць, дзесьці ў дварах зусім побач прагучаў магутны выбух, і адразу сцены будыніны, каля якой знаходзіўся хлопчык, раскалоліся, над домам узнялося воблака чорнага злавеснага дыму. У наступнае імгненне дах здрыгануўся, здалося, што ён толькі памацаў канструкцыю на трываласць і, зразумеўшы, хто тут гаспадар, пачаў паволі, але настойліва прасядаць. Адразу ж захісталіся сцены, задрыжэла зямля пад нагамі, пасыпалася каменне… Не памятаючы сябе, Айшэ кінулася да глуханямога і, ухапіўшы малога за паліто, штосілы пацягнула прэч з гэтага пагібельнага месца…

Яна доўга не магла ачомацца, здавалася, нешта цяжкае і неабсяжна вялікае балюча навалілася на цела, сціснула грудзі, ды так, што ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць. У нейкі момант нават прымроілася мора, быццам нырнула ў хвалю і ніяк не можа з яе выплыць. Кожны раз, як толькі галава з’яўлялася на паверхні, новая хваля, накатваючыся, сілком заганяла ў глыбіню, і яна не паспявала хватануць паветра. Мора не адпускала, яно, здавалася, гуляла з ёй у хованкі. Айшэ спрабуе калаціць па вадзе рукамі, нагамі, і не атрымоўваецца, бо не чуе ні ног, ні рук. Паветра небяспечна не хапае, а ёй патрэбен усяго толькі адзін глыток, хоць бы адзін, і тады ў яе хопіць моцы выкараскацца на паверхню, каб вызваліцца з вадзянога палону…

Расплюшчыла вочы, і адразу позірк зачапіўся за раскеўзаныя, як у тумане, абрысы Рыжага. На Айшэ ляжала нешта цяжкае, вялікае і цёплае, а нямко, бязгучна галосячы, тузаў яе за руку. Убачыўшы, што гаспадыня расплюшчыла вочы, глуханямы ўзрадаваўся, слёзы імгненна высахлі, ён асцярожна апусціў яе руку на зямлю і пачаў жэстыкуляваць, відавочна, спрабуючы сказаць нешта важнае. Айшэ глядзела на малечу праз бялюткае воблака туману і нічога не магла зразумець, ні пра што не думалася, у гэтую хвіліну турбавала адно: як вызваліцца ад непамернага цяжару і ўздыхнуць на поўныя грудзі. Убачыўшы, што яго не разумеюць, хлопчык учапіўся рукамі ў тое, што ляжала на Айшэ, заплюшчыў вочы і, сцяўшы зубы, з усіх сіл пацягнуў. Ягоны твар, шыя зрабіліся чырвонымі, і Айшэ імгненна дапетрыла: каб уздыхнуць напоўніцу, трэба дапамагчы малечы. Як толькі вольнай рукой яна ўперлася ў непадатлівую масу, якая ляжала на ёй, адразу зразумела, што гэта чалавек… Яна з цяжкасцю прыўзняла галаву, скасіла вочы і, убачыўшы плямістую зялёную матэрыю, з якой шыюць форму вайскоўцам, зразумела, што здарылася нешта кепскае. Зноў забалеў ніз жывата, толькі цяпер боль быў не рэзкі, а нейкі прытуплены, сутаргавата-скрыпучы, і адразу зашавялілася, нагадала аб сабе дзіця. Гэта надало рашучасці. Імгненна туман у вачах развеяўся, думкі прасвятлелі і, чапляючыся адна за адну, цалкам аднавілі ў памяці апошнія падзеі, у тым ліку выбух і сцяну, якая падала на глуханямога, але вайскоўца не ўспомніла, як ні сілілася.

Часу на развагу і роздум не было, думкі пра дзіця прымушалі дзейнічаць. Айшэ зірнула на глуханямога, і хлопчык, зразумеўшы, што хоча ад яго гаспадыня, пацягнуў вайскоўца за паясны рэмень. Яна ўперлася вольнай рукой у плячо мерцвяка, і нарэшце цела зрушылася, трошкі спаўзло, дыхаць стала лягчэй. Айшэ змагла вызваліць прыціснутую левую руку, трошкі адпачыла і паспрабавала, прыўздымаючы мёртвае цела, знізу выслізнуць з-пад яго. Канешне, каб Рыжы не цягнуў вайскоўца за рэмень угору, наўрад ці тое атрымалася б.

Вызваліўшыся, Айшэ нейкі час сядзела на зямлі і ўтрапёна ўзіралася ў твар чалавека, які, відавочна, выхапіў яе і нямко з самага пекла. Праўда, самому не пашэнціла, праз усю спіну наўскос гузікамі чарнелі тры кулявыя раненні. Твар рускага быў спакойны, быццам ён спаў, па скроні цякла кропелька поту. Вось кропелька трапіла на ружовы крывулісты шнар праз усю даўнавата не голеную шчаку і застыла, не змагла пераадолець гэтую перашкоду.

Pulsuz fraqment bitdi.

3,13 ₼
Yaş həddi:
16+
Litresdə buraxılış tarixi:
05 may 2021
Yazılma tarixi:
2010
Həcm:
320 səh. 1 illustrasiya
ISBN:
978-5-532-92578-6
Müəllif hüququ sahibi:
Автор
Yükləmə formatı:

Oxşar kitablar